Танцавальны марафон
Шрифт:
«Яму што, няма чым заняць следчых? – у думках злаваўся лейтэнант. – Цi мо правярае мае прафесiйныя здольнасцi? Калi так, то ўпустую трацiць час», – злосць штурхала Хмару да самастойных i больш рашучых дзеянняў.
Пакiнуўшы кватэру забытых людзьмi i Богам суседзяў Галiны Александровiч, лейтэнант спярша хацеў паведамiць Мiкулiчу пра бойку з удзелам Шапавалава, але нешта стрымала, напэўна, прынiжанае, задзетае самалюбства. «Мiкулiч загадаў высветлiць сапраўдную прычыну таго, чаму хворы Шапавалаў знаходзiўся на танцах, – разважаў Хмара, наперад пралiчваючы, чым зможа
На вулiцу Кузьмы Чорнага Хмара дабраўся хвiлiн за трыццаць. З матэрыялаў справы было вядома, што па месцы жыхарства Шапавалава быў прапiсаны дваццацiпяцiгадовы сын Сяргей, хоць з бацькам ён i не жыў. Не было сумненняў, што цяпер Шапавалаў-малодшы атабарыцца ў бацькавай кватэры. Хмара не дамаўляўся на сустрэчу, але разлiчваў, што ўдасца пагаварыць не толькi з суседзямi, а i з новым гаспадаром.
Лейтэнанту пашэнцiла. Дзверы ў кватэру адчынiў высокi, неймаверна шырокi ў плячах чарнявы хлопец. Шырока пасаджаныя шэрыя вочы паволi абмацалi Хмару з галавы да пят, на лбе з’явiлася некалькi глыбокiх зморшчын. Вiдавочна, Шапавалаў сiлiўся ўзгадаць няпрошанага госця.
– Я з мiлiцыi, – прадставiўся Хмара. – А Вы Сяргей Iванавiч?
– Угу, – хiтнуў галавой хлопец i разгублена ўздыхнуў: – Цяпер тут жыву.
– Мне трэба задаць Вам некалькi пытанняў, будзем гаварыць тут цi…
– Заходзьце, – спахапiўся Шапавалаў i не тое што саступiў месца, а неяк адсунуў сябе ад уваходу.
«Ну i шафа!» – трошкi з зайздрасцю падумаў пра здаравяка Хмара i з цёмнага калiдорчыка адразу ўвайшоў у пакой. Ад нечаканасцi лейтэнант аслупянеў, ён чакаў убачыць што заўгодна, толькi не вялiзную, ад сцяны да сцяны, штангу, якая манументальна высiлася на двух матрацах. Праваруч, каля дальняй сцяны, стаяў незасланы ложак, каля яго пузацiлiся чатыры блiскучыя чорныя гiры. Больш у пакоi нiчога не было, калi не лiчыць цюлевых занавесак на вокнах i каляровай на ўсю сцяну рэпрадукцыі, прыклеенай скотчам да шпалер, на якой, напяўшы мускулы, застыў лысы волат з тупым выразам на твары.
– Гасцей не чакаў, – прыкрываючы коўдрай ложак, незадаволена буркнуў Шапавалаў i адразу спахапiўся, вiнаватая ўсмешка скрывiла твар. – Мацi хацела пусцiць кватарантаў, а мне патрэбна спортзала… Дом старой пабудовы, столь высокая – тое што трэба.
Хударлявы Хмара з ўсiх вiдаў спорту па-сапраўднаму любiў толькi шахматы, таму захапленне «спортзалай» успрыняў скептычна.
– Не хацеў бы я жыць нiжэй паверхам, – лейтэнант шматзначна некалькi разоў стукнуў нагой па падлозе i адразу перайшоў да справы: – А хачу спытаць толькi аб адным: чаму Ваш бацька пайшоў на танцы, ён жа быў хворы?
– Ведаеце, а пра суседзяў я i не падумаў, – як i не чуў Хмару Шапавалаў. – Лiчыце, што ў мяне могуць быць праблемы?
– Праблемы будуць, калi з вышынi росту гэтая жалязяка грукнецца на падлогу.
– Я думаю пра iншае, – кульнуўся з нагi на нагу Шапавалаў i пачасаў патылiцу. – Я сто дзесяць кiлаграмаў ды штанга дзвесце… Падлога не правалiцца?
– Слухай, Сяргей, – перайшоў на ты Хмара, – тваё жалеза яшчэ прынясе
Пагроза падзейнiчала. Шапавалаў iмгненна падабраўся, цяпер шэрыя вочы глядзелi на лейтэнанта перасцярожлiва i аддана.
«Нешта з гэтым цельпуком не тое, – нечакана падумаў Хмара, – затарможаны i на жалезе сваiм памешаны да ненармальнасцi».
– Не звяртайце ўвагi, – аблiзнуў сухiя, патрэсканыя вусны Шапавалаў, – проста ў мяне хутка спаборнiцтвы, а спортзалу на рамонт зачынiлi. Нешта арэндаваць грошай няма, вось i прыходзiцца круцiцца.
«Ну, хоць нешта нармальнае пачуў», – падумаў Хмара, а ўголас па-начальнiцку строга спытаў:
– Хачу зразумець: чаму бацька пайшоў у клуб «Каму за трыццаць»? Не маленькi ж, у ягоныя гады гэта iнакш як глупствам не назавеш.
– Яго папрасiлi прыйсцi.
– Хто? – насцярожыўся Хмара i адразу ўзгадаў Мiкулiча: што, калi падпалкоўнiк правы?! Раптам i сапраўды смерць Шапавалава не такая ўжо i недарэчнасць? Але ж на падставе фактаў нiякiя версii, акрамя няшчаснага выпадку, не паддаюцца логiцы. А калi ўсё адкiнуць i слепа паверыць Мiкулiчу? Тады адразу напрошваецца выснова, што падпалкоўнiк нешта ўтойвае – ён ведае больш, чым напiсана ў афiцыйных дакументах.
– Гэтага я не ведаю, – адказаў Шапавалаў. – У той дзень я меўся наведаць продка, ён абяцаў даць грошай, але бацька перанёс сустрэчу, сказаў, што яго запрасiлi ў клуб «Каму за трыццаць». Хто запрасiў – не сказаў, ды мяне гэта i не цiкавiла, я заўсёды быў супроць гэтага клуба састарэлых. Адным словам, дахадзiўся стары…
– Не здагадваешся, хто мог запрасiць на танцы Iвана Мiкалаевiча?
– Канечне, здагадваюся, нават упэўнены, – патупiўся Шапавалаў; ён нечакана пачырванеў, вочкi замiтусiлiся. – Бацька толькi да адной жанчыны мог пабегчы хворы…
– Да Галiны Александровiч? – не сцярпеў, спытаў Хмара.
– Да яе, распуснiцы, – кiўнуў Шапавалаў. – Ляжаў бы дома, пiў таблеткi, глядзеў тэлевiзар – i ўсё было б добра. Уцюрыўся на старасцi гадоў, вось i атрымаў.
Шапавалаў хацеў яшчэ нешта сказаць, але прамаўчаў, толькi адчайна махнуў рукой. Хмара расцанiў хваляванне хлопца як належнае i больш роспытамi не назаляў. Зрэшты, ён пачуў тое, што трэба было абмазгаваць. Лейтэнант развiтаўся, але папярэдзiў, што iм яшчэ давядзецца сустракацца.
Ужо ў дзвярах Хмара прыпынiўся, яму здалося, што Шапавалаў штосьцi недагаворвае.
– А цябе нiчога не здзiўляе ў гэтай гiсторыi?
– Здзiўляе, – пагадзiўся Шапавалаў. – Бацька быў чалавек ашчадны, нават сквапны, нiколi вялiкiх грошай з сабой не насiў. А тут раптам у кiшэнi – семсот долараў! Вось гэта i здзiўляе.
Хмара разлiчваў, што размова пойдзе пра Александровiч, але адказ хлопца нечакана насцярожыў, прымусiў паглядзець на падзеi ягонымi вачыма.
«I сапраўды, – падумаў Хмара, – Шапавалаў-малодшы змушае зацiкавiцца: што за грошы былi ў нябожчыка? А менавiта семсот долараў значылiся ў пратаколе вопiсу рэчаў пацярпелага. А на гэта нiхто, акрамя сына, увагi не звярнуў».