Танцавальны марафон
Шрифт:
Хмара марудзiў. Ён дачакаўся, пакуль гаспадыня напоўнiць вадой кубачак з растваральнай кавай, ад цукру адмовiўся i, прымаючы пахучы напой, спакойна, але цвёрда зазначыў:
– Прапаную памяняцца ролямi. Я, Марыя Васiльеўна, буду задаваць пытаннi, а Вы – адказваць.
Казакова ўзняла на Хмару вялiкiя здзiўленыя вочы. Нечакана ў iх заскакалi няўрымслiвыя, гарэзлiвыя агеньчыкi.
– Паўгадзiны таму Вы былi зусiм iншы!..
– Час мяняе людзей, – буркнуў Хмара i зрабiў невялiкi глыток. Кава была своечасова, яму даўно хацелася прамачыць горла. – Такiм чынам, я хачу ведаць, хто выклiкаў
– Напэўна, той, хто прынёс Iвану грошы…
– Семсот баксаў?
– Семсот… І хто ж гэта? – Казакова неяк здзiўлена паглядзела на Хмару. – Навошта ж даўжнiку было пазбаўляцца ад Iвана? Аддаць, каб праз гадзiну забiць?
– А калi дапусцiць, што вярнулi толькi частку? – загарэўся лейтэнант.
– Выключана, – запярэчыла Казакова. – Напярэдаднi мы сустракалiся, i Iван казаў пра семсот долараў. Ён сядзеў за гэтым самым сталом i радаваўся, як дзiця: лiчыў, што грошы прапалi, аж не – вярталiся, i менавiта семсот… А вось пра даўжнiка змаўчаў, хоць я i пыталася.
– Вядома, што Шапавалаў у той вечар быў з Александровiч.
– Толькi не Галька! – ускрыкнула, замахала рукамi Казакова. – Яна мужыкам даўгi не вяртае, iншым разлiчваецца…
– Нават так? – здзiвiўся Хмара. – Мабыць, Вы Галiну Вiктараўну добра ведаеце?
– Са студэнцкiх часоў, разам у медiнстытуце вучылiся.
– Сябравалi?
– Цяжка сказаць, – Казакова на iмгненне задумалася, спахмурнела. – Быў час, i сябравалi.
– А калi дапусцiць, што новы кавалер Галiны Александровiч быў вiнен Шапавалаву грошы? Быў жа выпадак, што яны пабiлiся. Можа, зусiм i не грошы таму прычынай, а рэўнасць?
– Хто гэта Вам пра рэўнасць наплявузгаў? – пляснула ў далонi сястра Шапавалава. – Цi не плямяш мой?
Хмара насцярожыўся, ён больш не хацеў анiякiх сюрпрызаў ад непрадказальнай Казаковай.
– Суседзi Александровiч упэўнены, што Шапавалаў быў неабыякавы да Галiны Вiктараўны.
– Лухта! – сказала, як адрэзала, Казакова. – Папаўся Сiдоркiн пад гарачую руку… Галька ў сваiм амплуа, любiць зводзiць мужыкоў. І прычына бойкi не ў рэўнасцi, а ў тым, што Александровiч, пакуль Iван быў у рэйсе, залезла ў ложак да ягонага сына. Сцерва яна, а мужыкi морды б’юць адзiн аднаму. Усунуў нос Сiдоркiн не ў сваю справу i атрымаў кухталёў.
– Я зусiм заблытаўся, – цяжка ўздыхнуў лейтэнант. – Шапавалаў што, працягваў сустракацца з Александровiч? У той вечар яна была на месцы трагедыi з iм.
– Нiчога Вы не заблыталiся, – засмяялася Казакова. – Трэба ведаць Гальку, яна спала з iмi ўсiмi i пасля разборак… Напэўна, тым вечарам Сiдоркiна побач не было, вось i крутнулася да Iвана. А праз два днi паляцела на Канары. Вось так, мiл чалавек, жыццё складваецца…
– А што з сябе ўяўляе гэты Сiдоркiн?
– Завуць Сцяпанам, займаецца нейкiм бiзнесам.
У гэты момант у калiдорчыку зацяўкаў сабака, i адразу пералiвам зайшоўся званок. Гаспадыня падхапiлася, машынальна паправiла прычоску i ўжо з прачыненых дзвярэй, па-змоўнiцку прыклаўшы ўказальны пальчык да пульхных вуснаў, гарэзлiва прашаптала:
– Я яго хутка справаджу.
Было зразумела, што завiтаў той, каго чакала гаспадыня, для каго былi падрыхтаваны i шчодрая пачостка, i канапа
З калiдора данесліся прыглушаны мужчынскi бас i пералiвiсты смех Казаковай. Хмара насцярожыўся, прыслухаўся, мiжволi падумалася: а што ён скажа, калi застукаюць на кухнi з кубачкам кавы ў руках? Лейтэнант падхапiўся, зрабiў крок, але адразу ж спынiўся, панура ўставiўшыся на ногi. Праз хвiлiну ён вярнуўся на месца. Рашучасць i пыха знiклi, выветрылiся, як i не было.
«Ну, выкулюся я з гэтай цеснай кухнi, – разважаў Хмара, – тыцну пад нос хахалю Казаковай мiлiцэйскае пасведчанне, заяўлю, што я тут па важнай дзяржаўнай справе. А што далей? Той убачыць мяне босага – i нiякiх слоў не трэба».
Следчы толькi цяпер дапетрыў, чым можа абярнуцца такая неабачлiвая дробязь. Ён напоўнiў кубачак моцнай кавай i, адпiваючы гарачы напой маленькiмi глыткамi, прымусiў сябе супакоiцца i засяродзiцца на галоўным. А яму было над чым падумаць.
«Мiкулiч правы, – разважаў Хмара, – цяпер вiдавочна, што Шапавалаў прыйшоў у клуб „Каму за трыццаць“ не бавiць час, а па справе. Семсот долараў – грошы немалыя, i зразумела, чаму Шапавалаў махнуў рукой на хваробу. Доўг забраў i застаўся з Александровiч. І сапраўды, сцерва, а не баба – круцiла любоў i з Шапавалавым, i з Сiдоркiным, i з Шапавалавым-малодшым. Не сустрэлася б яна тым вечарам з Шапавалавым, як пiць даць, застаўся б чалавек жывы. Але ж якi крымiнал у тым, што нябожчык пацёгся за спаднiцай? Пiў, гуляў, кiнуўся ў шалёныя скокi – i надарваўся. Значыць, Мiкулiч будзе вымушаны паставiць кропку».
– На чым мы спынiлiся? – перапынiла Хмаравы развагi Казакова.
Жанчына выглядала ўзбуджанай, твар трошкi запунсавеўся, выразныя дзiкаватыя вочы iскрылiся жамчужынкамi. Яна не звяртала анiякай увагi на тое, што халат зашпiлены ўсяго на адзiн гузiк – вынiк даўгаватага развiтання з каханкам. Казакова нахiлiлася над сталом, узяла кубачак, прыгубiла i адразу капрызна зморшчылася:
– Фу, цярпець не магу халодную каву!
Хмара зноў убачыў тое, што не павiнен быў бачыць, i, адчуваючы, што чырванее, iмпэтна падхапiўся на ногi, крутнуўся да акна.
– Вы б зашпiлiлiся.
– Аднаму – расшпiлiся, другому – зашпiлiся! – засмяялася жанчына. – Не мужыкi, а нейкi дзiцячы сад. Зрэшты, я ў сябе дома i хаджу як хачу!
Хмара змаўчаў, ён адчуваў сябе вiнаватым у тым, што парушыў планы Казаковай. Але цяпер яго турбавала iншае. Лейтэнант хацеў убачыць чалавека, якi выйдзе з пад’езда, нават прыўзняўся на дыбачкi, але марна – замiналi балконы. У адчыненую фортку было чуваць, як завялася машына, i праз хвiлiну чорны блiскучы «джып» знiк у арцы дома.
– Прыходзiў не той, каго я чакала, – па свойму расцанiўшы маўчанне следчага, паведамiла Казакова i, трошкi счакаўшы, цяжка ўздыхнула: – Вось так усё жыццё…
«Чакала аднаго, клалася ў ложак са мной, у калiдорчыку флiртавала з трэцiм…» – ледзь не вырвалася ў Хмары, але ён своечасова стрымаўся i як мага спакайней зазначыў:
– У вас, Марыя Васiльеўна, не кватэра, а нейкi прытон.
– Што тут, лепш спытайцеся ў свайго калегi маёра Бараны! – iмгненна змянiлася Казакова, голас зазвiнеў, як напятая струна. – І не чытайце мне мараль, сама разбяруся! Шляюцца тут ўсякiя!