Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Тады зноў пачалi страляць: i ў канцы вёскi i за ракой на могiлках - ля Сушкава.
На ганак выйшла мацi, несучы перад сабой дзве падушкi, звязаныя рудой пасцiлкай; паклала iх на зямлю, села на парог i стала глядзець на яе, Таню, падпёршы рукой галаву. Глядзела i плакала.
Юзюк вывеў на двор кабылу - кабыла iшла за iм, дрыжучы i хмылячыся; з-пад грывы ў яе блiшчалi вочы; у зубах краталiся i бразгалi цуглi.
– Здарова, матка!..
– загаманiў Юзюк адразу на ўвесь двор.
– А дзеткi... Адкуль жа ты, сынок?
– мацi падымалася з парога.
– А што ж гэта
– Нiчога, матка. Мы цiхачом... Карчаваткi блiзка...
– Юзюк паказваў зубы, смяяўся.
– А вашы, сын? Паехалi, мусiць, калi прыбег... Толькi мы адны i хворыя i апушчоныя...
– мацi стаяла на нагах.
– Нашых ужо чорт не возьме. Калёсы грымелi на загуменнi, аж немцы папужалiся i - назад, за раку... Як мышы - тыц, тыц у кусты... Сам вiдзiў.
– Не трэба так, сын... У вашай жа мацi малыя...
– I малыя i старыя далi драйлозы... Дагонiм. Не плач, матка...
– Ён вёў кабылу на павадку далёка ад сябе, баючыся, каб яна не наступiла на босыя ногi, тая грызла цуглi, секучы падковамi зямлю ля ганка. I зноў Таня падумала, што Юзюк як мужчына. Падумала яшчэ, што ён усё лета босы, а вялiкi ўжо; што i на вечарынкi прыходзiў босы - абуць, вiдаць, не было чаго добрага, а лапцi не хацеў насiць.
Кабыла рвалася з аглабень, i Таня ўчапiлася ў дзве рукi за аброць ля цугляў. Юзюк, задраўшы нагу i ўпёршыся ступнёй у белыя клешчы ад хамута, што меў сiлы цягнуў за супонь. Шырокая чорная супонь з сырамцу - ад яе яшчэ пахла - уядалася яму ў пальцы: яны аж пасiнелi. З-пад босай ступнi ў яго церусiўся на траву пясок.
– Таня...
– Га?
– Дзе матка?
– У хаце. Па хатуль пайшла. Пакуль вынесе, нямогучы...
– Таня...
Яна маўчала, учапiўшыся рукамi за аброць: кабыла аж са скуры лезла.
– Таня... На Палiк пайдзём... Супонь чортава... Сырызна... Не сцягнеш... Таня...
Яна маўчала. Не думала, што ён скажа такое.
– Дугу яшчэ знайшлi!..
– ён ужо аж кiпеў. У яго пачырванелi i рукi i твар: налiлiся крывёю.
– Таня! Я сумысля... Па цябе... На Палiк усе iдуць. Немцы прыйдуць - нойдуць i Карчаваткi... Таня!
– Ён быў памаўчаў.
– Мы з табой будзем, удваiх... Не бойся... Мацi пакiнем з нашымi... Старых не зачэпяць...
З Сушкава немцы стралялi не сцiхаючы, i ён аж крычаў на ўвесь гарод, не могучы засупонiць хамут. Яна маўчала; чула толькi, як гараць шчокi, бы хто надаваў па iх, i думала:
"Што ж гэта... Што ён гаворыць? Кiнуць матку?"
– Таня... З Карчаватак тады пойдзем... калi хочаш... Яшчэ дагонiм усiх. А матка будзе з нашымi, я ж кажу...
– Налiха яно мне куды iсцi...
– Таня i сама не ведала, як у яе гэта зляцела з языка.
Ён быў сцiх, паглядзеў на яе спадылба вялiкiмi вачыма i закрычаў пасля зноў, паказваючы рукой за раку на могiлкi:
– Чуеш?
Таню адпусцiла злосць. Захацелася плакаць.
– Дацямна яшчэ будзем аж за Дзвiнасой... Таня...
Пасля ёй ужо здавалася, што Юзюк нiчога не гаворыць, толькi клiча: Таня... Таня... Нiхто такiм голасам яе нiколi не зваў...
Сцiхла раптам у Сушкаве стралянiна;
– Таня...
Яна больш не падымала на яго вачэй: баялася.
Ён маўчаў, стоячы ля аглабнi пад самай паветкай, i не кратаўся, мусiць, глядзеў на яе, Таню, спадылба.
У вёсцы было цiха. За ракой, дзе нядаўна стралялi, кiгiкала, як шалёная, кнiгаўка, i за гумном, у сасоннiку, ляскаталi па карэннi калёсы.
Бiла аб зямлю падковамi кабыла, дастаючы наверх белую, маленькую, што боб, маладую бульбу. Калi ёй адпусцiлi павады, сцiхла i павярнулася пад паветку да сена, падцялежыўшы калёсы.
Далёка ў лесе зарыкала скацiна, i зноў стала цiха. Пасля за грэбляй, у тым баку, дзе могiлкi, нешта заныла, як пад зямлёй. Заныла i сцiхла. Тады зазвiнела, што пчала, i раптам, ужо над самай грэбляй ля маста, загудзела на ўсю вёску.
Таня ўгледзела "раму", калi тая была над Панковай хатай. "Рама" ляцела нiзка, дастаючы да стрэх, як i ўчора надвечар. Праляцела над самай вулiцай i, скрывiўшыся, заварочвалася ля лесу над ямамi, дзе хавалi на зiму бульбу i дзе ўсходам сонца, калi Янук гнаў у поле скацiну, хадзiлi з рыдлёўкамi партызаны - капалi акопы. Назад ляцела зноў над вулiцай, яшчэ нiжэй. Чорная i дзiравая, як старая засланка ад печы, яна махала крыллямi. У канцы вёскi адразу схавалася з вачэй, звалiлася некуды, як падбiты груган, за лес i там доўга ныла, не сцiхаючы.
Тады ў тым баку, далёка, мусiць, аж у самым Камене за ракой, глуха бухнула, як што цяжкое дзе боўтнула ў ваду; пасля прашумела над загуменнем, як бусел ляцеў на сасну, што стаяла на бульбянiшчы ля лесу, i грымнула на самых ямах. У хаце, было чуваць, дробненька зазвiнелi вокны.
– Та-аня!..
– закрычаў Юзюк, i яна адскочыла ад калёс. Рванула ў аглобнях кабыла, Юзюк, ухапiўшыся за лейцы, падвярнуў яе пад паветку, зусiм падцялежыўшы калёсы: - Матку бяжы бяры! Матку!..
Калi Таня перавалiлася ў хату цераз парог - ударыла, што перуном, мусiць, ля варыўнi на бульбе. Здалося, у сцяну ад Панковага двара. Задрыжалi вокны. Са столi аднекуль на падлогу пасыпаўся пясок.
– Та-аня!..
– крычаў на гародзе Юзюк.
Калi яны выйшлi з мацi на двор, над вёскай зноў зараўла "рама".
Таня глядзела з калёс на дарогу... Тут, дзе яны падымаюцца на гару да школы, кабыле па каленi пяску, i яна iдзе як бы па балоце ў Карчаватках напiнаецца што мага. Ля ячменю, дзе ўбiтая сцежка, утаптана ў пясок трава. Дарогу тут здрабяжылi i конi i людзi: знаць падковы i сляды ад ботаў. Сляды ў маленькiя ямачкi ад цвiкоў: нямецкiя.
Тады Таня зноў падумала, што яна пакiнула дома расчыненую хату i што мацi, нямогучы, устане з ложка i пойдзе зачыняць дзверы. Каб жа яна, зачынiўшы, адразу вярнулася на ложак... А то возьме гальнiк i будзе мясцi ганак. На яго кожную ранiцу скачуць куры, наносяць пяску. Замятай толькi за iмi, стой з гальнiком у руках i не адыходзься, калi не прагонiш з двара на гарод у бульбу, дзе яны капаюцца пад калiўем...