Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
У вочы ўсмоль лезлi камары, жоўтыя, худыя...
Блiснула сонца, здалося, што стала цёпла ў плечы... Запахла з-пад ног гразёю балота...
Панок агледзеў у багуннiку ля гнiлога белага бярозавага пня, дзе сушэй, чарнiчнiк. Чорных ягад яшчэ не было... Высокi пень пакляваў дзяцел, i на ягаднiку ляжалi белыя камочкi гнiлога дрэва.
Пень трэба будзе ўзяць на падпалку: сухi гнiляк i бяроста стануць гарэць, як смаляк.
Ад крэсiва загарэўся цэр - ад першага разу, пасля затлеўся бярозавы гнiляк, калi Панок скацiў на яго прычарнелы кавалак цэру, маленькi, з гарошыну.
Пасля Панок паклаў на бяросту жменьку
Аднекуль дыхнула халодным ветрам; агонь лiзнуў на зямлi зялёны мох; мох пачарнеў адразу. Прыгнала раптам туман, што з усяго балота. У лазе стала сiне i цёмна, людзi хадзiлi, што ўсё роўна за павучыннем. Туман хаваў з вачэй стажар'е з дзяцьмi i Верку, слаўся пад ногi на траву i ягаднiк. Было вiдаць нават, як раса ад туману кладзецца зверху на рукi, што халодны пыл... Чуваць было, як з лазы пачалi капаць кроплi вады ў балота, што ў раку...
Яловыя лапкi не бралiся гарэць, i Панок, стаўшы на каленi, - каленi адразу зрабiлiся мокрыя, - падзьмуў падыспад у бярозавы гнiляк. Дым адагнала ўбок, i з-пад яго паказалася жоўтае полымя - дыхнула ў шчокi.
Тады Панок адагнуўся i ўгледзеў унiзе ля купiны ў вадзе самога сябе. Вада шырака блiшчала ў траве, як шкло, i ў яе было нацярушана ля самай купiны з краю сасновага рудога шылля. З-пад шылля з цiхай вады глядзеў на Панка чалавек з перагнутым носам i вялiкiмi вушамi. Высака на галаве ў яго, на самай патылiцы, ляжала кепка з пакамечаным брылём, i з-пад яго тырчалi сiвыя валасы, аж белыя. Белыя валасы былi вiдаць i ля вушэй на скронях. Мусiць, ссiвеў ён ужо зусiм за гэтыя днi, калi белыя валасы вiдаць з вады...
Ён пачуў, як бразнула вядром ззаду Верка - хадзiла даiць карову. Аглянуўшыся, убачыў, што дзiця ляжыць разам з усiмi на стажар'i на падушачцы. Верка стаiць ля яго, нагнуўшыся. У адной руцэ ў яе вядро з малаком - знаць зверху на вядры белыя пырскi, у другой - саганок. Невялiкi, чорны, у якiм варылi дома зацiрку на вячэру. Ён не згледзеў, калi Верка пайшла даiць карову, кiнуўшы дзiця i нiчога яму, Панку, не сказаўшы... Дзiця не спала ноччу, будзе доўга цяпер спаць, а Верка згатуе ячную зацiрку на малацэ. Калi ўскiпiць малако, яна адлiе ў бутэлечку i ў жбаночак малому, тады насыпле ў саганок мукi з белай крамнай наўлечкi. Зацiрку зварыць на адным малацэ. Дома яны нiколi на адным малацэ зацiркi не варылi, бялiлi толькi малаком.
Ён пачуў, што яму хочацца есцi, i падумаў, што не лезуць у рот сухары i ад iх яшчэ горшы кашаль.
Цiха замычэла ля кладак у альшэўнiку iхняя карова: пачула дым i людзей - вуглы. Глянуўшы з Лазы на кладкi, Панок убачыў, што карова стаiць навязаная на повад у дробным альшэўнiку, - падласая, вiдаць здалёку, - махае хвастом i, задраўшы галаву, глядзiць у Лазу, дзе людзi...
У Карчаватках у Лазе толькi ў iх адных карова. Кароў усе пакiдалi ля падвод на бары, калi ззаду пачалi страляць. Адзiн ён прывёў карову сюды. У iх жа малое на руках... А ў Веркi зарвала малако. Пабыло i зарвала. Як у Даўгынаве "Жалязняк" браў другi раз гарнiзон - ад таго...
Ён не помнiў,
Саганок стаяў ля агню, уехаўшы ў мох. Быў накрыты вялiкай патэльняй патэльню з саганком, мусiць, нясла цераз крынiцу ў хатулi за плячыма Верка.
"Няскора ўскiпiць малако на такiх дрывах..."
Тапор ляжаў ля стажар'я ў галавах, i Панок, нагнуўшыся, асцярожна падняў яго, каб не разбудзiць дзяцей. Стары, яго ўжо раз накладалi ў кузнi, з чорным у смале тапарышчам, - Панок сек перад самай блакадай жэрдзе ў соснiку, думаў ставiць ад рэчкi ў гародзе новы плот, - тапор быў цяжкi i адцягваў руку. Калi Панок, замахнуўшыся, секануў па елцы ля камля па сухiх суках, тапор зазвiнеў, i па лесе пайшлi адгалоскi. Панок тады ўзяў тапор ля самага абуха...
– Здурнелi Панкi... Што яны робяць...
– загаманiў нехта за iмi ў Лазе. Мужчына. Голасу Панок не пазнаў. Ён не ведаў, дзе цяпер у Лазе хто быў... Лаза вялiкая, а многа хто пайшоў учора, калi пачалi ззаду страляць, адразу цераз усё балота на Баркi.
Ад стажар'я была вiдаць адна Сяргеiха з дзяцьмi - выбрала месца блiзка ля iх.
У Сяргеiхi спалi ўсе покатам, накрыўшыся пасцiлкамi. Калi Панок зiрнуў цяпер у той бок, дзе зноў зарыкала карова, угледзеў, што многа дзе кратаецца лаза, i пачуў, што людзi гавораць адзiн да аднаго шэптам: не ўсе ўчора пайшлi адразу на Баркi...
Нечага баяцца: дыму з вёскi нiхто не згледзiць, усюды туман. Агонь раскладзены пад самай елкай, дым iдзе ўгару па дрэве, хаваючыся ў лапках. Трэба толькi схадзiць прывясцi i навязаць блiжэй карову, а то будзе рыкаць увесь час, гледзячы на стажар'е, дзе Верка, i будуць наракаць людзi ўсёй вёскай...
– Верка...
– сказаў ён, паказаўшы на кладкi...
– Схадзi сам... На зямлю выдаi... Няма ж у нас больш у што даiць... Не выдаiш, то яна будзе нудзiцца i нудзiцца... I тапор вазьмi... Там дзе i лапак насячэш. Мне цяжка адысцiся. Малы ўсё кратаецца. Хоць ты пабудзi вазьмi каторага, каб ганяў камароў... Ныюць i ныюць, галодныя, людзей пачуўшы. Iдзi здаi... На новае месца перавяжы... Абабiла пад нагамi ўсё за ноч... Гразь адна чорная...
Верка гаварыла моцна, на ўвесь голас, як дома; здавалася, яна нiчога не баiцца: нi таго, што з вёскi могуць згледзець дым, нi таго, што рыкае карова... Пасля Веркi ў Лазе пачалi гаманiць i людзi; уставалi. Бразнула блiзка ў некага вядро; кашлянулi...
Тады Панка зноў хапiў кашаль.
Нагнуўшыся да зямлi, да самай травы, ён убачыў, як з-пад ног папаўзла ў траву гадзюка - уцякала... Ён доўга глядзеў у той бок, дзе кратаўся круглец, тады зiрнуў пад сябе. Пачуў, што зайшло ў ногi: быў абуты ў лапцi, i ногi змоклi да калень.
У ногi холадна было ўсю ноч, намоклыя аборы рэзалi костачкi, i ён пераабуваўся аж два разы, перакручваючы анучы сушэйшым хвастом на пальцы... Мусiць, ён прастыў з начы, бо памiнутне б'е кашаль. Перш так не бiў.
Ля Лазы на голым месцы быў высокi круглец, за каленi, i, здавалася, аж гнуўся ад расы. Панок пачуў, як стала свежа ў галёнкi - нанава моклi штаны i лiплi да цела. Ля альшэўнiку, на сушэйшым, дзе тырчала нiзкае куп'ё, расла дробненькая балотная папараць i ценкае зялёнае трысцё. Пад iм на кароткiм белым моху ляжаў леташнi высiвераны сiвы хвошч i шапацеў пад нагамi.