Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
На разводы на мяхi ўзлез Панок; згорбiўся i закашляўся. Варушылася на возе, лежачы, Таня, круцiў у руках лейцы Янук, што вузел усё роўна развязваў. З-за Панковага каня былi вiдаць Боганчыкавы плечы; Боганчык сядзеў у самым перадку i глядзеў на жарабка.
– Не аставацца... Паганяйце... Здалёку ўсё вiдаць... Як на даланi... закамандаваў спераду Махорка, цiха i хрыпата.
Алёша схапiў за лейцы, але коней не пагналi - нi Боганчык, нi Панок. Тады Алёша азiрнуўся i ўбачыў, што Наста толькi цяпер выехала з лесу: змарыўся i астаецца Буланчык. Наста паганяе яго, iдучы ля аглабнi,
Далёка ззаду пачуўся стрэл; па лесе пайшло рэха - зашумела; пачакаўшы, пачалi страляць густа, са звонам, усё роўна што сыпалi з кошыка бульбу ў парожнiя калёсы.
– Не аставацца!.. Не трэба было даваць Буланчыку пiць. Напiўся, вiдаць, у Брадку з лужыны... Намэнчышся цяпер...
– Махорка саскочыў з калёс з лейцамi ў руках, аглядаўся памiнутне назад.
Буланчык iшоў навыцяжку; было чуваць, як Наста сцёбае яго мокрымi лейцамi, калi ён даставаў траву.
Збоку, недзе ля Панковых калёс, азваўся ўзагнаны дзяркач. Зашыкала воддаль дзiкая качка, мусiць, на малых - вяла недзе iх у лес у Брадок, там, дзе, не сцiхаючы, краталася нiцая лаза. За нiцай лазой пад лесам у трысцi стаяў бацян i глядзеў на людзей i на падводы - выцягнуты, натапыраны, гатовы адразу ўзляцець з зямлi.
Ля дарогi на сушэйшым пайшлi белая мятлiца i крапiва, высокая, па самыя ляжэйкi, чаплялася i мачыла расой мяхi. На крапiве ляжала дробнае птушынае пер'е, намокла, папрылiпала да лiсця.
Пад лесам i воддаль ад дарогi вiсеў туман, падняўшыся ад зямлi. Турчэлi недзе далёка жабы; гудзеў дзiкi голуб, ззаду, на Брадку, у тым баку, дзе нядаўна стралялi. Каркалi вароны, рэдка i цiха, - у тумане iх не было вiдаць. Аднекуль дыхнула працiўным гарам ад торфу - хоць захлынiся. Яго, мусiць, прынясло з туманам - недзе недалёка гарэў лес. Пасля запахла травой, сухой, цёплай i свежай, як хлебам-перапечкай.
Неба на ўсходзе стала жоўтае; высака ўгары зрабiлася белае, як удзень. Уперадзе над самай дарогай зачырванеўся лес, i ў тым месцы на небе выскачылi хмаркi - у ружовыя i жоўтыя палосы. Далёка за елкамi паказаўся чырвоны бераг сонца, цьмяны, як уначы веташок: на яго можна было глядзець, не жмурачы вачэй. Здавалася, яно свецiць праз туман, як праз аснаваную жоўтую пражу. Пража мiтусiцца, калышучыся, усё роўна як хто яе, зблэчаную, папраўляе рукамi.
Пасля сонца адразу выбегла на чыстае. Шырокае, сплюснутае, яно адскочыла ад зямлi i, жаўцеючы, стала дрыжаць i пералiвацца, што жалеза агнём, калi яго дастануць у кузнi з горна з-пад гарачага вуголля. Знiклi чырвоныя хмаркi, як згарэлi ўсё роўна. Елкi зрабiлiся вострыя, што iголкi.
Уперадзе на дарозе нiчога не было вiдаць ад сонца. Над логам папоўз угару туман; цяпер ён быў як разасланы збольшага на стале суравы абрус, што накрываў хлеб, вялiкiя круглыя буханкi. Пад iм ля дарогi загарэлiся чырвоныя дудкi ад старога шчаўя - здавалася, i травы iнакшай на лагу не было, адно шчаўе.
Ззаду над самым лесам вiсеў месяц. Яны ўжо ад'ехалi логам далёка, i месяц быў добра вiдаць: белы, што глiнка, пацямнеў толькi збоку, сцiраўся.
Уперадзе цераз дарогу - над Боганчыкавымi калясьмi - пераляцела дзiкая качка - памалу, чуць несла цяжкае валлё, выставiўшы
У нiцай лазе крычаў i крычаў дзяркач. Недзе ў самым кутку над логам зноў глуха каркалi вароны, што ўвосень дома на загуменнi.
Сонца паменшала, пабялела; зверху над iм ляглi, выцягнуўшыся, чорныя тулягi. На лагу было яшчэ больш холадна. Крэплi рукi - не бралi лейцаў - i шчыпала за вушы, як у мароз. З рота iшла пара i вiсела над калясьмi, што кудзеля. Туман падымаўся высока, уровень з лесам, i рудзеў - палосамi.
Тарахцелi калёсы, i скрыпелi драбiны; чыркалi дразды на лагу ў альшэўнiку, i шыпелi сiваваронкi ля дзвюх старых дуплаватых асiн - мусiць, ля гнёздаў.
Моклi, дастаючы да травы, спушчаныя з ляжэйкi ногi; на iх налiпала халоднае насенне ад мятлiцы, дробнае, што аўсюк.
Ззаду калёсы дагнаў Буланчык; выцягнуў шыю i даставаў з-пад меха зайцаў гарох, адвесiўшы губу i бразгаючы цуглямi. З-пад грывы, чорнай i мяккай, што воўна, глядзелi ў бакi вялiкiя i круглыя блiскучыя вочы. Збоку ля калёс па траве, узяўшыся рукой за ляжэйку, iшла Наста; другой рукой яна трымала паднятую вышай калень спаднiцу. З-пад спаднiцы ў яе была вiдаць белая палатняная кашуля - мокрая з самага нiзу ад расы i з дробным насеннем ад мятлiцы. Шчокi ў Насты былi чырвоныя, заружавелiся, што ля печы; яна выцiрала рогам белай хусткi лоб: мусiць, угрэлася, паганяючы Буланчыка.
Алёшу было здалося, што пацяплела на возе. Запахла з дарогi з-пад ног у каня сухiм сенам.
Канчаўся лог. Уперадзе блiзка быў лес - здалёку былi вiдаць чырвоныя, што ад агню, сосны.
Далёка, у канцы логу, з правага боку, была рака; там густа расла лаза усё роўна як зграблi ў вал сухое сена i яно ляжала цяпер ворахам. Над ракой нахiлiлiся старыя вольхi; з-за iх вытыркалiся востранькiя елкi; вiдаць быў i белы дробны бярэзнiк - за ракой. Там было балота.
Пасушэла; дыхнула аднекуль з зямлi духам, што з хаты; запахла сырым пяском, усё роўна як з ям ля вёскi.
Захацелася есцi - блiноў з бульбы, якiя мацi пякла кожную ранiцу, устаўшы такой парой.
Павузела дарога, пачаўся малады, густы сасновы лес. Ён, мусiць, iшоў гарой аж за Пунiшча, адступаючы ад яго, як баючыся; пасля паварочваў пад Дальву i цямнеў здалёку, чорны, што ноч. Там пачынаўся Палiк. З Дальвы да Палiка далёка... З Дальвы туды рэдка хадзiлi.
Ля самай дарогi рос верас, высокi, стары i руды; чапляўся дудкамi за атосы - яны аж звiнелi.
У каляiнах быў пясок, сухi, жоўты i глыбокi; у яго хавалiся колы, i конь iшоў навыцяжку. Ехалi памалу.
На самай гары, справа, дзе недалёка ўнiзе была рака, рос невысокi сасняк; над iм паказалася сонца i пачало калоцца ў вочы. З неба з'ехалi хмары: днём зноў стане пячы сонца, як учора.
Мужчыны пазлазiлi з вазоў i iшлi ля Боганчыкавых калёс. Пярэднi iшоў Махорка. З мяхоў злез i Янук, узяўся за ляжэйку i трымаў у руцэ лейцы. Ззаду зноў не было чуваць Насты - асталася.
З-пад калёс падымаўся пыл, мяккi, як з-пад падсiтка, i лез у горла. Было чуваць, як цiха кашляе Панок: зацiскаў, мусiць, рот.