Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Яна была падумала, што ў Юзюка дужыя рукi, як у мужчыны: лёгка браў з калёс матку. Стаяў пасля ўпобачкi i атрасаў у яе з плячэй сiвец. Налiха яно каму - сваю хай бы iшоў глядзеў матку, тая, можа, збедавалася, не ведаючы, дзе ён. Ён хацеў i ў яе, Танi, атрасцi з плячэй сена, але яна не далася, адскочыла ад яго.
Тады ён пайшоў распрог кабылу - конi ва ўсiх былi распрэжаны - i прывязаў за лейцы да ляжэйкi, пакратаўшы перад носам у кабылы сена. Не адыходзiўся ад калёс, як дагадзiць збiраўся.
Пайшоў ад iх ён цiха, нiчога не сказаўшы, -
Ёй зрабiлася раптам нечага шкода-шкода... Толькi не Юзюка. Па iм яшчэ нудзi-i-цца...
Зноў загрукала недзе, як у сенцах... Мацi зусiм i не лазiла на гару па журавiны - яна пайшла ў гарод пад раку, стукнуўшы ля варыўнi аб сцяну варотцамi, i жне ля мяжы бульбеўнiк. I на дварэ нiякая не зiма, калi мацi жне i ў хаце расчынена ад гарода акно...
Мацi жне ля мяжы; адгiнаючыся, падымае ўгару доўгi бульбеўнiк i кладзе збоку на гранку. Бульбеўнiк у гародзе высокi, парос роўна з малачаем - Танi добра вiдаць з ложка ў акно; вiдаць нават на зжатых гранках зялёная макрыца - густая, пашалела ў мокрых ад ракi барознах.
Мацi махае i махае рукой, набiраючы з-пад сярпа поўную, як сцiснуць, жменю калiўя, каб адкiнуць яго ад сябе на гранку; трапеча, усё роўна як сохне ў вецер на плоце, у яе на галаве белая хустка.
Зноў грукае ў сенцах, моцна, аж дрыжаць сцены i звiняць у вокнах шыбы. Звiнiць у парозе на лаўцы пад суднiкам парожняе, накрытае белай цадзiлкай вядро.
Танi здаецца, што мацi пяе ў гародзе ля плота. Працяжла, як дзе далёка за ракой на Выганчыку. Песня чуваць праз расчыненае акно. Пасля мацi пяе ўсё мацней i мацней, аж заходзiцца, не сцiхаючы нi на хвiлiну. Здаецца, яна кiнула ўсё на свеце, адно вядзе песню, нават рукамi не махае ў гародзе ля мяжы...
Здаецца пасля, што мацi i не ў гародзе, а ў хаце ля акна ад вулiцы сядзiць, нагнуўшы галаву над сталом, i, узяўшыся ўсiмi пальцамi за iголку, махае i махае рукой - шые. Мацi кожны раз, калi што шые, пяе.
Зноў дрыжаць у вокнах шыбы i звiнiць у парозе пад суднiкам вядро. У хаце нудна-нудна, i ад таго калоцiцца ўсё ўсярэдзiне.
Робiцца, бывае, цiха, тады шумiць толькi ў галаве, усё роўна як дзе над вухам перасыпаецца пясок - сыплецца i сыплецца без аддухi, што дождж.
Пасля пяюць далёка на полi пад Карчаваткамi, жнучы, усе бабы з вёскi згiнаюцца да зямлi з сярпамi ў руках...
З поля, з-пад Карчаватак, вiдаць Дальва: хаты стаяць адна ля адной, дробныя, шэрыя; стаяць недзе за гумнамi ў яме - тырчаць адны стрэхi.
На загуменнi вiдаць Януковы дубы - высокiя, цёмныя; ацiхлi, як памлелi. За дубамi, у тым баку, недзе яе, Танiна, хата.
Цiха. Шапоча пад нагамi ржышча, колецца, абдзiрае да крывi костачкi; за падол, калi нагнешся, набiраюцца дзяды i асцё; i пахне сухая зямля - пылам i ячнай саломай. Зямля ўся жоўтая ад ячменю - ад загумення да самых Карчаватак. Толькi там, дзе яго пажалi
Там, дзе драбнеюць палосы, пад'яснелася; хмары ў тым баку сталi жоўтыя, што аўсяная мякiна ў кучах; там недзе за iмi сонца...
Шастае пад сярпом ссохлы, аж пакорчаны ў каласах, ячмень; трашчыць пад нагамi белае ржышча; шапоча салома, калi вяжаш перавяслам сноп; шашчыць, перасыпаецца сухi цёплы пясок, калi яго зачэпiш пад пырнiкам пальцамi i сыпнеш па ржышчы... I зноў чуваць песня, нудная, цiхая, усё роўна як звiнiць увушшу... Пачынае яе нехта далёка ў кутку, пад самымi Карчаваткамi; пачынае адзiн, адагнуўшыся, мусiць, i стаўшы на загоне - круцiць перавясла, - бо чуваць аж здалёку; тады яму памагаюць усе бабы на загуменнi. Не адгiнаючыся ад зямлi, яны махаюць i махаюць рукамi, кiдаючы жменi ў кучкi па ўсiм полi, каб пасля пайсцi за адзiн раз павязаць iх у снапы. Кратаюцца ў ячменi белыя хусткi, кратаюцца рукi - здаецца, варушыцца ўсё загуменне ад вёскi, да Карчаватак. Баб на полi - што снапоў; заняўшы загоны, яны iдуць у канец, пад лес.
Бабы зацiхаюць толькi ў самых лагах.
На полi тады робiцца пуста. Цёмныя палосы на небе выцягваюцца на ўсё загуменне; шарэе жоўты туляг над Януковымi дубамi, дзе было сонца... Чарнеюць у вёсцы стрэхi - хаваюцца з воч.
Грукнула зноў недзе зусiм блiзка, як усё роўна варотцы ля варыўнi аб сцяну. Зноў зазвiнела ў парозе ля суднiка - мусiць, у хату, да яе, Танi, бегла мацi.
Таня пачула, што ляжыць на зямлi. Было цвёрда, цвярдзей як на мяхах на возе, i калолася спадыспаду ў спiну i ў голыя рукi ля локцяў.
– Бярыся за мяне, дачка... За шыю...
Танi здалося, што над ёй загаварыла, нагнуўшыся, мацi, - прыбегла з гароду з сярпом на плячы. Новы вялiкi серп кiваецца ля галавы i блiшчыць, мокры яшчэ ад бульбеўнiку. Мацi падхапiла яе пад пахi i загадвае Настулiным голасам:
– За шыю бяры... Не бойся...
Даг-даг-даг...
– стукае недзе зусiм блiзка кулямёт, як i на гары ля школы, калi па iх стралялi з вёскi.
Таня варочае галавой, але нiкога не бачыць: нi мацi, нi Насты. Угары толькi адно неба ў доўгiя чорныя палосы i жоўты туляг - далёка над лесам...
Даг-даг-даг...
– зноў грукае нехта ў сенцах у дзверы: Юзюк, мусiць, з двара, каб яны з мацi хутчэй iшлi з хаты.
Схаваўся раптам з вачэй жоўты туляг на небе, дзе было сонца, i Таня пачула, як яе нехта цягне, узяўшы пад пахi, па зямлi i балiць зацягнутая лейцамi нага.
– А-а-а!
– крычыць яна i чуе, што толькi сiпiць.
– Цярпi, дачка... Лавi мяне за рукi...
Над ёй гаворыць Наста. Чуваць нават, як Наста цяжка дыхае, як сапе. Таня тады хапаецца абедзвюма рукамi за яе руку - за локаць...