Тартак (на белорусском языке)
Шрифт:
Яна прыцiснулася ля стала да лавы - давала месца; зiрнула, стоячы, у акно. На гародзе было бела ад снегу i ядрана: мусiць, свяцiў месяц. У шыбы бiў вецер - не сцiхаў.
Яна тады пачула, як яе схапiла i пачало трасцi...
Падумала: добра, што накрыла на ложку пасцiлкамi дзяцей, - цяпер да iх не падступiцца...
А людзi ўсё iшлi.
Наста зноў убачыла ў акно, як вiдна ў гародзе; тады згледзела, што цямней робiцца ў хаце: канчаецца карасiна i тухне лямпа.
А людзi ўсё iшлi i iшлi з сяней без сканчонага, грукаючы нагамi ў парозе...
Яе трасло, не адпускала.
Калi Наста адплюшчыла вочы,
Яна падумала адразу, што не ведае, дзе ляжыць, - не помнiць. Высака ўгары застыла белае ад дробненькiх воблакаў неба - было ўсё роўна як пажмаканае палатно.
Ёй было высака пад галаву, i яна бачыла зашыек, што вёў мiж лесу на балота, i край дарогi ля самага маста. Яны былi сiвыя, як ад дыму...
Над самай галавой краталася жоўтая мятлiца, бы на яе хто дыхаў. Усюды было цiха, i Наста падумала адразу, што аглохла. Доўга ляжала, адплюшчыўшы вочы i гледзячы ўгару... Пасля ёй здалося, што чуе, як нехта стогне. Тады зноў пачала слухаць, пакуль здагадалася, што стогне сама...
Калi яна доўга глядзела ўгару, у вачах пачыналi бегаць мурашкi, чорныя, дробныя, што мак, - усё роўна як сыпалiся адкуль зверху. Пасля яна пачула, што спадыспаду яе ўсю коле, як iголкамi, - i рукi, i ногi ў сцёгнах, i паяснiцу - i падумала, што жывая.
Яна намаглася, хочучы ўстаць, i пачула, як яе тузанула балючая сутарга: за плечы. Плечы адразу забалелi - былi мокрыя, як у лiпкай раскалочанай глiне; стала цёмна ўваччу. Калi яна зноў кранула рукамi, каб устаць, яе адразу скруцiла ўсю, i яна, перавярнуўшыся на жывот, закрычала як магла:
– Та-аня!..
Ёй было здалося, што яна згледзела Таню блiзка ля сябе ў траве: ляжыць, адкiнуўшы галаву, i ў яе расплецены косы...
Пасля яна пачула, што паўзе па траве, кратаецца, - служаць яшчэ рукi, баляць толькi плечы, сталi горш мокнуць, i коле, аж совае ў шыю. Помнiла, што трэба задзiраць галаву - абдзярэшся ў папарацi аб ражны, - натужвалася, але ёй не давала падымацца шыя...
Тады яна падумала, што нiколi ўжо не ўстане з зямлi...
– Дзе-ецi!..
– клiкнула яна, спужаўшыся, што не ўбачыць дзяцей... Яны жывыя, i Iра, i Валодзя. Няпраўда, што гарэла Дальва. Ну i што, калi ноччу было вiдаць у тым баку зарыва?
Траслося ўсярэдзiне, не сцiхала, пачынаючы гарэць агнём...
Яна чаплялася рукамi за сухi верас, абдзiраючы пальцы; чула, што лучала каленямi на вострыя сасновыя шышкi на цвёрдай зямлi, аж калола ў мазгi.
– Та-аня!..
– закрычала яна зноў i пачула, як ёй стала ўсёй горача. Верас зрабiўся высокi, як лес, i густы - не ўсадзiць рукi. Пачаўся соснiк; балота асталося збоку.
Яна падумала, што згубiла Таню... Агледзеўшыся, убачыла, што ляжыць ля самай дарогi, - вiдаць з травы жоўты пясок i колы ад калёс: блiшчаць шыны. Пахне дзёгцем. Яна, мусiць, прыпаўзла да маста.
Калi яна выпаўзла на дарогу да Януковых калёс, пачула, як усюды налiп пясок: на рукi, на нажутку, на спаднiцу. Мусiць, яна ўся мокрая ад крывi, i кроў iдзе з-за плячэй, бо там, чуваць, усё злiплася. Каб гэта можна было акруцiць плечы, уцiснуўшы якiм ручнiком...
Яна спачатку ўзялася за кола абедзвюма рукамi - не думала, што можа адразу ўстаць. Стаяла пасля, учапiўшыся ў ляжэйку, а ў вачах круцiлiся зямля i пясок - белы ад сонца,
Яна падумала, што забiлi Янука. Дваiх забiлi: Таню i Янука... Пасля злякнулася: а дзе ж мужчыны? Павярнуўшы, нямогучы, галаву, каб глянуць уперад на дарогу, яна ўбачыла на зямлi Янукову белую кабылу. Кабыла ляжала ў аглобнях, адкiнуўшы галаву, як завалiлася ўсё роўна ў баразне.
Наперадзе нiкога не было вiдаць: нi Боганчыка з жарабком, нi Панка, нi самога Махоркi, нi iхнiх вазоў... Вiсеў толькi пыл над парытай, як зрэзанай чым, дарогай, i ўсюды было цiха.
Калi Наста адхiнулася ад воза, на вочы ёй лучыўся мех, той, на якi яна была аперлася. Мех быў праколаты ля завязкi як нажом: пракалолi, мусiць, немцы, калi выскачылi былi з соснiку... Шырокая ад нажа дзiрка была заткнута сенам, каб не сыпалася на дарогу з меха жыта...
Наста пачула раптам, як у яе зрабiлiся цвёрдыя ногi, змярцвелi.
Яна была клiкнула Махорку...
Махорка не адазваўся, i яна павяла каля сябе вачыма...
Махорка ляжаў нiчком ля Алёшавых калёс, недалёка ад дарогi ў сiўцы. Здалёку быў увесь чорны i, здавалася, гарбаты.
– Мiрон...
– клiкнула яна спопаразку i, выпусцiўшы з рук ляжэйку, пайшла дарогай назад да маста - пераступала з нагi на нагу. Апомнiлася, што iдзе, ужо ля Алёшавых калёс. За калёсы яна больш не бралася; стаяла на дарозе i глядзела здалёку на Махорку. Пасля яна ўбачыла, што ляжыць у аглобнях на пяску, процi Махоркi, выпучыўшы жывот, як аб'елася, рабая Танiна кабыла. Танiны калёсы былi перакулены, i з-пад iх не было вiдаць мяхоў...
I Алёшаў конь быў забiты: ляжаў на зямлi за калясьмi; калёсы былi перавернуты ўпоперак дарогi. На жоўтым пяску аж ля самай лагчыны бiў галавой аб зямлю яе, Насцiн, Буланчык, падымаючы ўгару i апускаючы белыя аглобнi яшчэ жыў...
– Дзецi! Дзецi!..
– зноў закрычала яна.
Яна ўжо мiнула масток; iшла, перастаўляючы ногi, - iшла дамоў - i чула, што не можа iсцi: слабее. Пастаiць i зноў iдзе, абыходзячы на дарозе забiтых немцаў: яна баялася ступiць на кроў - на цёмныя мокрыя плямы на пяску.
Думала, iдучы, што ля маста, адкуль стралялi i куды загадваў бегчы Махорка, няма нiдзе партызан - адны бiтыя немцы па ўсiм лагу i па дарозе. Каб былi дзе блiзка партызаны, згледзелi б, што яна iдзе. Але дагэтуль, пакуль яна ляжала ў лагчыне без памяцi, партызаны пайшлi недзе праз Пунiшча на Палiк, не сядзелi на месцы.
За мастом пачыналася гара. Стала горача, не было чым дыхаць. Яна была ўжо ўзышла на гару да палавiны - iшла дарогай назад, адкуль нядаўна ехалi...
Калi яна ўпала на гары на жвiр, пачула, што сунецца ўнiз, да маста ў лагчыну. У вачах стала голае карэнне ад сасны, сухое, чырвонае: вытыркалася з зямлi, дзе асыпаўся пясок...