Тры таварышы
Шрифт:
Плечы Граў затрэсліся — ён рагатаў. Потым ён звярнуўся да Пат:
— А што вы скажаце пра нас, балбатуноў, вы — маленькая кветачка на бурлівай вадзе?
Потым мы з Пат ішлі па сцяжынцы саду. Месяц узняўся вышэй, лугі плавалі ў шэрым срэбным тумане. Цені ад дрэваў доўгімі чорнымі ўказальнікамі кіравалі ў невядомае. Мы спусціліся да возера, потым павярнулі назад. Па дарозе ўбачылі Готфрыда Ленца. Са складным крэслам ён залез у кусты бэзу. Цяпер ён сядзеў там, і толькі белая галава ды агеньчык цыгарэты свяціліся
— Вось дык месца! — сказала Пат. — Між бэзавай квецені!
— Можна трываць. — Готфрыд устаў. — Паспрабуйце.
Пат села на крэсла. Яе твар быў ледзь бачны між гронак бэзу.
— Я без памяці люблю бэз, — сказаў апошні рамантык. — Настальгія ў мяне — пах бэзу. Вясной 1924 года я на злом галавы выехаў з Рыа-дэ-Жанейра толькі таму, што мне прыйшло ў галаву: тут расцвіў бэз. Але калі прыехаў, то ўжо было позна. — Ён засмяяўся. — І заўжды так.
— Рыа-дэ-Жанейра, — Пат падцягнула да сябе галінку з гронкай. — Вы былі там разам?
Готфрыд запнуўся. У мяне па спіне пацёк халодны пот.
— Паглядзіце, які месяц! — хутка сказаў я ў той самы момант, заклінаючы, ступіў Ленцу на нагу. Успыхнуў аганёк цыгарэты, і я ўбачыў, як Готфрыд непрыкметна ўсміхаўся і падміргваў мне. Я быў выратаваны.
— Не, мы былі там не разам, — заявіў Готфрыд. — У той час я быў адзін. Але… як наконт апошняга глытка гэтага ляснога пітва?
— Больш не хачу, — Пат пахітала галавой. — Так шмат віна я не п'ю.
Нас паклікаў Фердынанд, і мы рушылі да яго. Яго масіўная фігура засланяла дзверы.
— Хадзем, сябры, — сказаў ён. — Такім людзям, як мы, ноччу да прыроды няма справы. Ноччу ёй хочацца пабыць адной. Селянін ці рыбак — іншая справа. А мы, жыхары гарадоў, з іншымі прытупленымі інстынктамі — лішнія. — Ён паклаў руку Готфрыду на плячо. — Ноч — пратэст прыроды супроць чумы цывілізацыі, Готфрыд! Прыстойны чалавек доўга не вытрывае такога. Ён заўважыць, што выштурхнуты з маўклівага кола дрэў, звяроў, зорак і несвядомага жыцця.
Ён усміхнуўся дзіўнай усмешкай, пра якую нельга было сказаць, вясёлая яна ці сумная.
— Заходзьце, сябры. Пагрэем рукі каля ўспамінаў. Ах, цудоўны час, калі мы былі хвашчамі і яшчаркамі, пяцьдзесят — шэсцьдзесят тысяч год таму назад… О божа, як мы нізка апусціліся з той пары…
Ён узяў Пат за руку.
— Калі б у нас ужо не засталося ні кропелькі прыгожага, мы прапалі б… — Пяшчотным рухам сваёй вялізнай лапы ён падсунуў локаць ёй пад далоню. — Серабрысты зорны дах над грымучым прадоннем… зрабіце ласку, выпіце са старажытным чалавекам чарачку…
Пат згодна кіўнула.
— Давайце, — сказала яна. — Усё, што вы захочаце…
Яны ўвайшлі ў памяшканне. Побач з Фердынандам Пат здавалася яго дачкой. Статная, адважная маладая дачка зморанага асілка, які дайшоў да нас з дагістарычнага часу.
У адзінаццаць гадзін мы паехалі дадому. Валянцін і Фердынанд сядзелі ў таксі, вёў машыну Валянцін. Астатнія селі ў «Карла». Ноч была цёплая; Кёстэр зрабіў
Кёстэр быў выдатны шафёр. Ён браў віражы, як птушка. Ён вёў машыну артыстычна, нібы гуляючы. Ён ехаў не рэзка, як большасць гоншчыкаў. Калі ён рабіў павароты, можна было спаць — так мякка ён вёў машыну. Хуткасць не заўважалася. Толькі па шоргаце машын мы заўважалі, што мянялася дарожнае пакрыццё. На асфальтавай шашы яны свісталі, на брукаванцы — грукаталі. Палосы святла ад пражэктараў, выцягнутыя, як ганчакі, імчалі перад машынай, выхопліваючы са змроку то дрыготкую бярозавую алею, то таполі, то тэлеграфныя слупы, якія, здавалася, падалі, то сонныя будынкі і нямыя ўскрайкі лясоў. У недасяжнай вышыні, абсыпаны тысячамі зорак, над намі плыў светлы дым Млечнага Шляху.
Хуткасць расла. Я ўхутаў Пат нашымі паліто. Яна ўсміхнулася мне.
— Ці любіш ты мяне? — спытаў я.
Яна пахітала галавой.
— А ты мяне?
— Не. Гэта шчасце, праўда?
— Вялізнае шчасце.
— Тады з намі нічога не здарыцца…
— Нічога… — адказала яна і пад паліто ўзяла маю руку.
Шаша пабегла ўніз да чыгункі, утвараючы дугу. Блішчалі рэйкі. Далёка перад намі мігцеў чырвоны агеньчык. «Карл» зароў і рвануўся наперад. Мы дагналі хуткі цягнік са спальнымі вагонамі і ярка асветленым вагонам-рэстаранам. Мы паехалі побач з ім. З вокан махалі людзі. Мы не адказвалі. Мы праімчаліся міма. Я азірнуўся. Паравоз пляваўся дымам і іскрамі. Ён чорнай плямай таптаўся ў сіняй ночы. Мы яго перагналі… але ж мы вярталіся ў горад да таксі, да рамонтных майстэрань, у мэбляваныя пакоі. А ён няспешна рухаўся міма лясоў і палёў, перасякаючы рэкі і горы, — удалячынь, да вольных прыгод.
Набліжаліся гарадскія дамы. «Карл» паспакайнеў, але гул яго матора ўсё яшчэ быў падобны да рыку дзікага звера.
Кёстэр спыніўся недалёка ад могілак. Ён не паехаў ні да майго дома, ні да Пат, ён проста спыніўся непадалёк, відаць, падумаўшы, што мы хочам пабыць адны. Мы вылезлі з машыны. Сябры адразу ж ірванулі, не азірнуўшыся. Я паглядзеў ім услед. На момант мне здалося, што гэта ненармальна. Яны паехалі, а я застаўся. Я застаўся без сяброў…
Я прагнаў гэтую думку.
— Хадзем, — сказаў я Пат, якая пазірала на мяне, быццам пра нешта здагадваючыся.
— Едзь з імі, — сказала яна.
— Не, — адказаў я.
— Але ж табе хацелася паехаць…
— Ды што ты… — сказаў я, ведаючы, што так і было. — Хадзем.
Мы пайшлі ўздоўж могілак, яшчэ няўстойлівыя ад ветру і язды.
— Робі, — сказала Пат, — я хачу дадому.
— Чаму?
— Я не хачу, каб дзеля мяне ты ад нечага адмаўляўся.
— Што ты прыдумала, — сказаў я, — ад чаго я адмаўляюся?
— Ад сваіх сяброў…
— Ды я не адмаўляюся ад іх — заўтра раніцай нікуды яны ад мяне не падзенуцца.