Тры таварышы
Шрифт:
— Хутчэй хадзем, Робі, зараз пачнецца!
Каля ўвахода тоўпіліся людзі. Сёння была вялікая прэм'ера, тэатр быў асветлены пражэктарамі, адна за адной пад'язджалі машыны, з іх выходзілі жанчыны ў вячэрніх сукенках, бліскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымі сытымі тварамі, яны былі вясёлыя, смяяліся бестурботна і самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела і застагнала старое таксі, якое вёў адсюль змораны шафёр.
— Дык хадзем жа, Робі! — паклікала Пат, гледзячы на мяне ззяючымі і ўсхваляванымі вачыма. — Ты нешта забыў?
Я кінуў варожы
— Не, — сказаў я. — Я нічога не забыў.
Потым я падышоў да касы і замяніў білеты. Я купіў білеты ў ложу, хоць яны каштавалі неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлівых людзей, якіх нічым не здзівіш. Я не хацеў, каб яна належала да іх. Я хацеў, каб яна была толькі са мной.
Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы і цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнігі — усе гэтыя мяшчанскія звычкі я амаль страціў. Не той быў час. Палітыка была добрым тэатрам, страляніна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялізная кніга бяды вучыла лепш за ўсе бібліятэкі.
Ярусы і партэр былі запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькі мы селі. Адны водсветы ад рампы прабягалі па зале. На поўную сілу загучала музыка, прыпадняла ўсё і панесла за сабой.
Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў ні сцэны, ні цьмяных патыліц гледачоў. Я чуў толькі музыку і бачыў толькі твар Пат.
Музыка да «Казак Гофмана» зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамі, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла і афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шуміць цёмная плынь жыцця, не было больш ні зямнога прыцягнення, ні межаў — заставаліся толькі бляск, і мелодыя, і каханне, і нельга было ўявіць сабе, што за сценамі пануюць бяда, і пакуты, і адчай, адначасова з гэтай музыкай.
Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнічасць. Яна ўся паглыбілася ў музыку, і я любіў яе за тое, што яна не прыхілілася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калі блыталі розныя рэчы, я ненавідзеў людзей, якія, як каровы, збіваліся ў гурт у той час, калі над табой уладарылі прыгажосць і сіла вялікага твора, я ненавідзеў расплывістыя позіркі закаханых пар, гэтае тупое цісканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое ніколі не выходзіла за межы самога сябе, я ненавідзеў усю гэтую балбатню пра з'яднанне душ у каханні, бо я лічыў, што дваім патрэбна як мага больш быць асобамі і як мага больш аддаляцца адзін ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькі той, хто ўвесь час аказваўся ў адзіноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё іншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магічныя сферы адзіноты, як не пачуццёвыя выбухі, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхіі, бура, ноч, музыка… І каханне…
Успыхнула святло. Я на імгненне заплюшчыў вочы. Пра што ж я думаў толькі што? Пат павярнулася да мяне. Я ўбачыў, што людзі заспяшаліся да дзвярэй.
Пачаўся антракт.
— Ты не хочаш выйсці? — спытаў я.
Пат
— Дзякуй богу! Я трываць не магу, калі ходзяць і разглядаюць адзін аднаго, вылупіўшы вочы.
Я пайшоў, каб прынесці ёй шклянку лімоннага соку. Буфет быў у аблозе. Дзіўна, што музыка ў многіх узбуджала воўчы апетыт. Гарачыя сасіскі знікалі як у час галоднага тыфу.
Калі я са шклянкай з'явіўся ў ложы, нейкі тып стаяў за спінкай крэсла Пат. Яна ажыўлена размаўляла, павярнуўшыся да яго тварам.
— Гэта пан Броер, Роберт, — сказала яна.
«Пан бугай», — падумаў я і з незадавальненнем глянуў на яго. Яна сказала не Робі, а Роберт. Я паставіў шклянку на край ложы, чакаючы, калі ён пойдзе. На ім быў смокінг казачнага крою. Ён балбатаў пра рэжысуру і не думаў ісці. Пат павярнулася да мяне.
— Пан Броер пытае, ці не пайсці нам пасля ў «Каскад»?
— Калі ты хочаш, — сказаў я.
Пан Броер заўважыў, што можна было б патанцаваць. Ён быў ветлівы і падабаўся мне. Толькі адно было непрыемна: гэтая элегантная лёгкасць, якая, як мне здавалася, была да густу Пат і якой у мяне не было. Раптам я не паверыў сваім вушам: я пачуў, што ён звяртаўся да Пат на «ты». Хоць магло быць сотні простых прычын для такіх адносін, мне закарцела скінуць яго ў аркестровую яму.
Празвінеў званок. Музыканты пачалі настройваць інструменты. Скрыпкі выдавалі імклівыя мяккія гукі…
— Значыць, дамовіліся: сустракаемся каля выхаду, — сказаў Броер і нарэшце пайшоў.
— Што гэта за бусел? — спытаў я.
— Даражэнькі, —адказала Пат, — лепш слухай музыку.
«Каскад», — падумаў я і ў думках пералічыў грошы. — Заклятая абдзіралаўка!»
Я ішоў у змрочным падазрэнні. У дадатак да звягі фраў Залеўскі мне яшчэ не хапала гэтага Броера. Ён ужо чакаў нас каля дзвярэй.
Я хацеў спыніць таксі.
— Не трэба, — сказаў Броер. — У маёй машыне месца хопіць.
— Добра, — сказаў я.
Было б смешна не згадзіцца з ім. Але мяне гэта ўсё роўна злавала.
Пат ведала машыну Броера. Гэта быў вялізны «пакард», які стаяў на плошчы каля тэатра.
Пат адразу накіравалася да яго.
— Ён перафарбаваны, — сказала яна, спыніўшыся.
— Так, перафарбаваў у шэры колер, — адказаў Броер. — Так лепш?
— Шмат лепш.
Броер звярнуўся да мяне:
— А вам падабаецца новы колер?
— Я не ведаю, які быў раней.
— Чорны.
— Чорны глядзіцца выдатна.
— Вядома. Але ж хочацца разнастайнасці. Ну, да восені будзе новая машына.
Мы паехалі ў «Каскад». Гэта быў шыкоўны рэстаран, дзе іграў выдатны аркестр і можна было патанцаваць.
— Здаецца, няма месцаў, — радасна сказаў я, калі мы падышлі да дзвярэй.
— Шкада, — сказала Пат.
— А, гэта мы ўладзім, — заявіў Броер і павёў перагаворы з адміністратарам. Відаць, яго тут добра ведалі, бо, сапраўды, нам падставілі столік і крэслы, і праз некалькі хвілін мы сядзелі ў лепшым месцы залы, адкуль можна было бачыць усю пляцоўку для танцаў. Аркестр іграў танга. Пат нахілілася над бар'ерам.