Тры таварышы
Шрифт:
— Прабачце, калі ласка, — сказаў я. — Непрадугледжанае здарэнне — ці не далі б вы мне кроплю гарачай гарбаты?
Расейцы прызвычаіліся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкі, цукру, а на талерку паклаў піражкоў.
— Вельмі рады быць вам карысным, — сказаў ён. — Дазвольце прапанаваць вам… сам бываў у падобных… некалькі зерняў кавы… пажаваць…
— Дзякую, — сказаў я. — Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму…
— Калі будзеце мець яшчэ якую патрэбу, — сказаў ён, і ў гэты момант я ўбачыў у ім сапраўды высакароднага чалавека, — я яшчэ не кладуся
Я яшчэ ў калідоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбівалі пах спіртнога. Пат сядзела каля святла і пудрылася. Я на хвілінку спыніўся каля дзвярэй. Мяне вельмі кранула: вось яна сядзіць, уважліва глядзіцца ў маленькае люстэрка і водзіць пушком па скронях.
— Выпі гарбаты, — сказаў я. — Гарачая.
Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.
— Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.
— І я ведаю, — адказала яна.
— Праўда? А я — не.
— І не трэба, Робі. Ты і так ведаеш зашмат. Таму і не можаш быць як след шчаслівым.
— Магчыма, — сказаў я. — Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.
— Добра! Было б яшчэ горш, калі б ты ўвесь час разумнеў.
— Мудра, — сказаў я. — Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупіка. Але мне здаецца, што тут накапілася шмат усяго…
Яна паставіла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогі.
Заспявалі птушкі. Грукнулі нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзіцяці. Я глянуў на гадзіннік. Праз паўгадзіны на кухні з'явіцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока і роўна. Грэх было будзіць яе. Але трэба.
— Пат…
Яна, сонная, штось прамармытала.
— Пат… — я праклінаў усе мэбляваныя пакоі свету. — Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.
Яна расплюшчыла вочы і засмяялася, яшчэ сонная, як дзіця.
Я, прачнуўшыся, ніколі не бываў вясёлы.
— Пат… фраў Залеўскі ўжо чысціць зубы.
— Я сёння застануся ў цябе…
— Тут?
— Тут.
Я ўстаў.
— Бліскучая ідэя… але твае рэчы… вячэрняя сукенка і туфлі…
— Вось я і застануся да вечара.
— А дома?
— Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.
— Так і зробім. Есці хочаш?
— Пакуль што не.
— На ўсякі выпадак я сцібру некалькі свежых булачак. Падносчык падвесіў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.
Калі я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькі. Мяккае ранішняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.
— Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?
Яна згодна кіўнула, не паварочваючы галавы.
— Мы проста больш не пойдзем у кампанію. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак і прыпадкаў рэўнасці. Няхай іх ліха забярэ — Броера і ўсіх астатніх разам з ім. Праўда?
— Праўда, — сказала яна. — І тую Маркавіц таксама.
— Маркавіц? Пра каго ты гаворыш?
— А пра тую, з якой ты сядзеў у «Каскадзе» ў бары.
— А-а, — сказаў я, раптам
Я пакорпаўся ў кішэнях.
— Зірні на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсці куды-небудзь, га? Толькі без кампаніі. Мы пра іх забыліся, праўда?
Яна кіўнула.
Сонца выходзіла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэліся. Валасы Пат напоўніліся святлом, сонца пазалаціла ёй плечы.
— Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесіі?
— Архітэктар.
— Архітэктар, — сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён ніхто… — Архітэктар — невялікая шышка, праўда, Пат?
— Праўда, дарагі.
— Нічога асаблівага, праўда?
— Абсалютна нічога, — пераканана сказала яна, павярнулася да мяне і засмяялася. — Архітэктар — гэта нішто, нуль. Дрэнь!
— А гэта каморка… яна не вельмі ўбогая, га, Пат? У іншых, вядома, лепшыя…
— Яна шыкоўная, гэтая каморка, — перабіла мяне Пат. — Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагі!
— А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькі таксіст, але…
— Ты — мой каханы, аматар булачак і рому, ты мой дарагі.
Яна абхапіла мяне за шыю.
— Ах, дурненькі! Як цудоўна жыць на свеце!
— Толькі з табой, Пат! Шчыра!
Быў цудоўны праменны ранак. Унізе над магільнымі плітамі плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былі цалкам асветлены. Над комінамі дамоў віўся дым. Чуліся воклічы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглі падрамаць, гэта быў не сон і не ява, становішча на мяжы летуцення. Мы абняліся і плылі, дыханне наша злілося ў адно. Потым, у дзевяць гадзін я спачатку патэлефанаваў ад імя тайнага саветніка Буркгарда падпалкоўніку Эгберту фон Хакэ асабіста, а потым Ленцу, каб ён выехаў раніцай замест мяне.
— Ён адразу перабіў мяне:
— Не трэба, дзіцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.
— Заткніся! — радасна сказаў я і аб'явіў на кухні, што я хворы і да полудня буду ў пасцелі. Тройчы мне давялося адбіваць клапатлівыя атакі фраў Залеўскі, якая прапанавала рамонкавы настой, аспірын і кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесці Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.
XIV
Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явіўся булачнік на сваім «фордзе».
— Выйдзі, Робі, — сказаў Ленц, з'едліва гледзячы ў акно, — кухонны Казанова, відаць, з'явіўся з рэкламацыяй.
Булачнік выглядаў крыху зморана.
— Нешта не ў парадку з машынай? — спытаў я.
Ён пахітаў галавой.
— Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.
— Дык яна новая і ёсць, — пацвердзіў я і з цікаўнасцю паглядзеў на яго.
— Справа ў тым… — сказаў ён. — Як вам сказаць… Я хачу купіць іншую машыну… большую. — Ён азірнуўся па баках. — У вас, здаецца, быў «кадзілак».