Тры таварышы
Шрифт:
Давялося некалькі хвілін пачакаць. Сястра завяла мяне ў маленькі пакойчык, дзе ляжалі старыя часопісы. На падаконніку стаяла некалькі вазонаў. Тут былі тыя ж самыя часопісы ў брудных вокладках і тыя ж самыя сумныя вазоны, якія можна ўбачыць толькі ў пачакальнях лекараў і ў бальніцах.
Прыйшоў Жафэ. Ён быў у беласнежным халаце, на якім яшчэ не разгладзіліся канты ад праса. Але калі ён прысеў каля мяне, я ўбачыў на ўнутраным баку правага рукава маленькую ярка-чырвоную плямку
— Я абяцаў сказаць вам пра справы фраў Хольман, — сказаў Жафэ.
Я кіўнуў галавой і глянуў на стракаты плюшавы абрус. Я ўтаропіўся ў перапляценне шасцікутнікаў, і ў мяне з'явілася вар'яцкая надзея, што ўсё будзе добра, калі я толькі вытрываю і не міргну да наступных слоў Жафэ.
— Два гады назад яна правяла шэсць месяцаў у санаторыі. Вы гэта ведаеце?
— Не, — адказаў я, не адрываючы позірк ад абруса.
— Пасля таго стан палепшыўся. Я добра абслухаў яе. На гэтую зіму ёй трэба зноў паехаць туды. Ёй нельга заставацца тут у горадзе.
Я ўсё яшчэ ўзіраўся ў шасцікутнікі. Яны расплываліся і пачалі скакаць.
— Калі ехаць? — спытаў я.
— Увосень. Найпазней — у канцы кастрычніка.
— Гэта была невыпадковая кравацеча?
— Не.
Я ўзняў вочы.
— Відаць, не трэба казаць вам, — працягваў Жафэ, — што развіццё хваробы цяжка прадказаць. Год назад здавалася, што працэс спыніўся, наступіла інкаплюсацыя, і можна было падумаць, што ачаг закрыўся. Як працэс нечакана ўзнавіўся, так нечакана ён можа і спыніцца. Я кажу не проста так — гэтак бывае сапраўды. У маёй практыцы былі дзіўныя выпадкі выздараўлення.
— А пагоршання?
Ён зірнуў на мяне.
— Вядома, здаралася.
Ён пачаў тлумачыць мне дэталі. Абодва лёгкія былі пашкоджаны, правае менш, левае — больш. Потым ён перапыніў сябе і, пазваніўшы, выклікаў сястру.
— Прынясіце маю папку.
Сястра прынесла. Жафэ дастаў два вялікія здымкі. Ён зняў траскучыя канверты і паднёс здымкі да святла супроць акна.
— Так будзе лепш відаць. Гэта рэнтгенаўскія здымкі.
На празрыстай шэрай пласцінцы я ўбачыў пазваночнік, лапаткі, ключыцы, плечавыя суставы і палогія дугі скабаў. Але я бачыў і яшчэ штосьці — я бачыў шкілет. Цёмны і прывідны, ён вылучаўся з невыразных, пераплеценых ценяў здымка. Я бачыў шкілет Пат. Шкілет Пат.
Жафэ абводзіў пінцэтам асобныя лініі і зацямненні на пласцінцы, тлумачачы іх. Ён не заўважаў, што я зусім не гляджу туды. Ім завалодала грунтоўнасць вучонага. Нарэшце ён павярнуўся да мяне.
— Вы зразумелі?
— Зразумеў, — адказаў я.
— Што здарылася? — спытаў ён.
— Нічога, — адказаў я. — Мне не ўсё відаць.
— Ах, вось што… — Ён паправіў акуляры. Потым ён паклаў здымкі назад у канверт і ўважліва прыгледзеўся да мяне. —
— Я не забіваю. Але што за д'ябальская несправядлівасць! Мільёны людзей здаровыя! Чаму гэты адзін — хворы?
Жафэ хвілінку памаўчаў.
— На ваша пытанне ніхто не адкажа, — сказаў ён.
— Так, — прамовіў я ў раптоўным жудасным адчаі. Я нібы аглух ад злосці. — Ніхто не адкажа! Вядома, не! За несправядлівасць і смерць ніхто не адказвае! Пракляцце! І нічога не зробіш!
Жафэ доўга глядзеў на мяне.
— Прабачце, — сказаў я. — Але я не магу падманваць сябе. Вось што найгорш.
Ён усё яшчэ глядзеў на мяне.
— У вас ёсць яшчэ час? — спытаў ён.
— Хапае, — сказаў я.
Ён устаў.
— Мне трэба зрабіць вячэрні абход. Я запрашаю і вас. Сястра дасць вам халат. А для пацыентаў вы будзеце маім асістэнтам.
Я не разумеў, навошта ён гэта робіць. Але я ўзяў у сястры халат.
Мы пайшлі па доўгіх калідорах. Праз шырокія вокны лілося ружовае вечаровае святло — мяккае, прыглушанае, яно плыло, нібы ў казцы. Некаторыя вокны былі адчынены. З двара залятаў пах ліпавай квецені.
Жафэ адчыніў дзверы. У нос ударыла спёртае цяжкае паветра. Жанчына з прыгожымі валасамі колеру старога золата, на якіх яркімі водбліскамі іскрылася святло, знясілена падняла руку. У яе быў высакародны лоб, які звужаўся на скронях. А пад вачамі пачыналася павязка, якая даходзіла да рота. Жафэ асцярожна зняў яе. Я ўбачыў, што ў жанчыны не было носа. Замест яго зеўрала крывавая рана, уся ў струпах і з дзвюма дзіркамі пасярэдзіне. Жафэ зноў наклаў павязку.
— Добра, — сказаў ён і павярнуўся да выхаду.
Ён зачыніў дзверы за сабой. Я на хвілінку спыніўся ў калідоры, гледзячы на мяккае вечаровае святло.
— Хадзем! — сказаў Жафэ і пайшоў перада мной у наступную палату. Мы пачулі гарачае цяжкае дыханне хворага ў гарачцы. Гэта быў мужчына з алавяным тварам, на якім гарэлі незвычайна яркія чырвоныя плямы. Рот быў разяўлены, вочы выкаціліся, рукі неспакойна хапаліся за коўдру. Чалавек быў беспрытомны. Каля ложка сядзела сястра і чытала. Пры з'яўленні Жафэ яна адклала кнігу і ўстала. Ён зірнуў на тэмпературны ліст і пахітаў галавой: на лісце ўвесь час стаяла сорак градусаў.
— Двухбаковае запаленне лёгкіх і плеўрыт. Ужо тыдзень супраціўляецца, як бык. Рэцыдыў. Ужо амаль быў здаровы. Занадта рана ўзяўся за працу. Жонка і чацвёра дзяцей. Няма надзеі.
Ён паслухаў грудзі, памацаў пульс. Яму дапамагала сястра. Яе кніга ўпала на падлогу. Я падняў і ўбачыў, што гэта была кулінарная кніга. Хворы бесперапынна драпаў схуднелымі рукамі коўдру. Толькі гэты гук і чуўся ў пакоі.
— Застаньцеся тут на ноч, сястра, — сказаў Жафэ.
Мы выйшлі. Ружаватае змярканне набыло адценні. Яно, нібы воблака, запоўніла калідор.