Ведзьміна тоня
Шрифт:
За ёй падаліся два міліцыянеры, участковы затрымаўся каля Сяргея, у якога вочы былі поўныя слёз.
– Неяк мы і не пазнаёміліся, – працягнуў руку участковы. – Старшы лейтэнант Сяргей Гаўрылюк. Цёзкі мы з табой. Як табе тут, цяжкавата?
Шчырая спагада гучала ў яго словах – Сяргей гэта адчуваў.
– Не цяжка. Дзед Васіль дапамагае, Віцька з Віталікам…
– Ну і добра. Ты галоўнае… Ты ідзі сабе тым шляхам, якім пачаў. І ўсё добра будзе.
– Якім шляхам? – не зразумеў Сяргей.
– Чалавечым, – усміхнуўся ўчастковы. – Ты як толькі прыехаў, мне на цябе наказалі. Я за табой колькі часу прыглядваў:
– Няма чаго за нас хвалявацца, – буркнуў Сяргей. Яму было непрыемна чуць, што аб ім нешта дрэннае казалі ўчастковаму.
– Ну, я хвалююся па другой прычыне. Сам ведаеш... Давай, рабіце сваю справу, а зробіце – пазычыце плыт на дзень-другі? Надта ж хочацца на шчупакоў ля Савінага вострава папаляваць, – весела падміргнуў Сяргею участковы.
– Пазычым… А з маці…нічога не будзе?
Участковы зразумеў, што меў на ўвазе Сяргей, пасур’ёзнеў, адмоўна пакруціў галавой.
– Яна ў крадзяжы не замешана і наўрад ці што ведала. Гэты Федзька – птушка бітая, ён заўсёды толькі адзін на свае справы ходзіць. Таму і злавіць яго цяжка. Ды цяпер не выкруціцца: і сляды засталіся, і скуру забітага цяляці знайшлі, і пакупніка мяса адшукалі. Так што сядзець гэтаму Федзьку ў трэці раз. Ну, а ў цябе і маці шанцы ёсць… – закончыў участковы аптымістычна, працягнуў руку Сяргею. – Ты ўгаворвай яе, і мы націснем крыху: няхай едзе ды лечыцца. З гэтай заразай аднаму не справіцца. А цяпер кадзіруюць добра, у мяне на пяць алкаголікаў на ўчастку за год паменела. Не пазнаць людзей… Ну, трымайся. Глядзі за маці.
Участковы пайшоў да аўтамабіля, дзе на капоце адзін з міліцыянераў нешта пісаў. Побач стаяла маці.
Нешта кранулася нагі – то Нэла нячутна падышла і прыціснулася.
Сяргей паклаў сваю далонь на яе валасы, лёгка ўзлахмаціў іх:
– Усё будзе добра. Праўда, Нэла, усё будзе добра…
На душы нечакана стала лёгка – у гэта ранне не толькі з’явілася надзея на добрыя перамены, але і самі перамены пачалі адбывацца.
Чайнік даўно закіпеў, Сяргей заварыў сабе чай – Нэла пабегла да бабы Адаркі па казінае малако, за сваёй ранішняй порцыяй. Дастаў палову батона, цукар, сыр, расклаў усё на “стале”. І пабачыў, што ў садок да будана ідуць Віцька з Жэнькай і Віталь.
І ў той жа момант Сяргей адчуў, што чакаў іх: не проста каб пабачыць, а каб падзяліцца такой прыемнай навіной: прымак затрыманы і хутчэй за ўсё будзе асуджаны, ёсць рашэнне, што можна зрабіць з маці, у яго з’явіўся яшчэ адзін добры знаёмы – участковы міліцыянер…
Яно і праўда: колькі разоў радасцю не падзелішся, а яе не меншае, а ў столькі разоў большае.
Пілі чай з пячэннем, якое напякла сама Жэнька. Настрой быў прыўзняты, гадалі, колькі часу зойме ў іх перацягнуць усё неабходнае на Заікін востраў і сабраць плыт, колькі часу патрацяць на зборку плыта…
Пабачылі, што ў свой сад выйшаў дзед Васіль. Усе разам пайшлі да яго.
Толькі паспелі павітацца, як пачулі: да хаты дзеда Васіля прыехаў аўтамабіль. Ляпнулі дзверцы, рыпнулі веснічкі, і звонкі жаночы голас крыкліва запытаў:
– Гэй, ёсць хто дома? Васіль Яўменавіч Карота тут жыве?
Каб жа ведалі, чым можа закончыцца для іх гэты візіт жанчыны, мабыць, усе разам выскачылі б на надворак і закрычалі, што дзеда Васіля тут няма, ён тут увогуле не жыў, і вёска гэта не тая, і ўвогуле жанчына заблукала. Але ж так добра пачалося ранне! Калі візіт міліцыі прынёс гэтулькі настрою, няўжо інтэлігентнага выгляду жанчына ў спартыўных штанах і кароткай майцы, маладжавая, рухавая, магла прынесці ім непрыемнасці?
То і некалькі галасоў на запытальны вокліч са двара адказалі:
– Мы тут усе! У садзе Васіль Яўменавіч!
Жанчына зайшла – не, уварвалася ў сад, бо разам з яе з’яўленнем быццам сам час некуды заспяшаўся – такая яна была хуткая, імпульсіўная, энергічная.
– Дзень добры, дзень добры, – зашчабятала яна, паціснула руку дзеду Васілю і ўжо стаяла каля Жэнькі. – Так, а ты Яўгенія Лошчык, добра, будзеш маёй правай рукой, – ледзь паспела дагаварыць, а ўжо ціснула руку Віцьку, потым ля Віталя прытрымалася, паспела перад Нэлай прысесці і паспрабавала пагладзіць малую па галаве, але Нэла ўмомант нырнула за Сяргея.
Нічога яшчэ нікому не тлумачачы, не пытаючыся, яна павярнулася ў бок двара, закрычала:
– Дзе вы там? Паснулі? Усе сюды! Выгружайце!
У імгненне яна стала распараджацца ў садзе, і гэта – вось дзіўна – не было падобным на нахабства. Яна, здавалася, была гаспадыняй тут, быццам вось пабыла колькі часу недзе ды вярнулася.
У садок заходзілі рослыя хлопцы і дзяўчаты – відаць, дзесяцікласнікі. Адзін, два, тры… – сем чалавек. У кожнага – вялікі новенькі рукзак, усе апрануты ў аднолькавыя спартыўныя касцюмы, а на грудзях нашытая невялікая эмблема: кружок з вяззю літар, якія і не прачытаеш адразу.
– Так, рукзакі складвайце вось туды, пад той яблыняй, каб было бліжэй да лужка, там мы разаб’ём лагер, – камандавала жанчына. – Нам жа можна там пакласці свае рэчы? – мімаходзь спытала дзеда Васіля, і адказу не чакала, зноў крутнулася да свайго атрада. – Таня! Антон! Пакідалі рэчы, з дыктафонам і фотаапаратам сюды. Астатнія ставяць палаткі! – Зноў яна павярнулася да дзеда Васіля. – Ну проста выдатнае месца тут у вас, у садку, каб палаткі ставіць… Вы ж дазваляеце? Ой, здаецца, што яшчэ трэба для лепшага жыцця: вось такі сад, свежае паветра, прачнуцца на досвітку, дыхаць на ўсе грудзі… Э, Васіль Яўменавіч, зараз мы будзем вас фатаграфаваць… Так, не трэба пакуль пераапранацца, з узнагародамі мы потым вас сфатаграфуем… Возьмем інтэрв’ю, цяпер невялікае… Антон, дзе ты там з фотаапаратам? Давай хутчэй… Спачатку зрабі здымак ад двара – каб быў відаць садок і нашае месца лагера… рабяты, пачынайце ставіць палатку… Ой, дзеці, вы б адышліся куды, у кадр трапіце, а такі ракурс добры, – апошнія яе словы былі сказаны да вясковых.
Яе націск быў неверагодны – міжволі ўзнікала жаданне падпарадкавацца ёй, быць кіруемым. Віцька, Віталь і Жэнька ўмомант адышліся далей, да дзеда Васіля. А сам дзед Васіль з цікавасцю сачыў за жанчынай і яе групай, усміхаўся…
– Хлопчык, хлопчык, – жанчына з незадавальненнем на твары стала паказваць на Сяргея, робячы выразны жэст рукой: “уставай і ідзі адсюль”, –– Ты нам перашкаджаеш!
Яна сказала гэта такім тонам, быццам Сяргей нечым страшэнна пакрыўдзіў жанчыну.
А ён не крануўся з месца. Толькі ўсміхнуўся, а потым твар яго зноў стаў сур’ёзным і нават злым. Але нічога жанчыне ён адказваць не стаў, павярнуўся да групы, дзе ўжо сталі распакоўваць рукзакі, і закрычаў: