Ведзьміна тоня
Шрифт:
– Ну і застаўся ў нас плыт, што далей? – з выклікам спытаў Віталь.
– Ды супакойся ты… Не ведаю, – міралюбіва адказаў Сяргей. – Лета вялікае, дзед паправіцца. Ну, а мы з Нэлай заўтра на тоню пойдзем. Будан там зробім, будзем лавіць рыбу…
– Добра табе, – са шкадаваннем зазначыў Віцька. – Нас без дарослых на астравы не пусцяць з начоўкай. То мы табе дапаможам заўтра будан паставіць, парыбачым – мо і днём клёў добры будзе. Пойдзем, Віталь? Два астравы мы абследуем пакрысе. Усё справа з месца зрушыцца.
– Ага, пойдзем!
Выйшла з хаты Жэнька.
– Што, няма ўжо “Пошуку”?
Хлопцы насцярожыліся – твар у Жэнькі быў ні капелькі не сумны. Хітраваты і вясёлы.
– Няма… А як там дзед? – асцярожна спытаў Віцька.
– Добра дзед. Зараз пад капельніцай паляжыць і ўсе справы, – бестурботна адказала Жэнька.
– Як – усе справы? Ты тлумач!
Жэнька прыжмурылася і нечакана задзірыста паказала хлопцам язык.
– Эх вы! Даследчыкі-разведчыкі! Вы дзеда дрэнна ведаеце! Але ціха! – па-змоўніцку паднесла яна палец да рота і прадоўжыла: – Мы з дзедам у хату зайшлі, быццам пераапрануцца, тут мне дзед і кажа: бяжы да фельчаркі і скажы, каб ішла неадкладна да мяне. Быццам мне стала дрэнна…
– А навошта? – залыпалі вачыма хлопцы.
– Дзівакі! Няўжо вы думаеце, што дзед дазволіць, каб нас ад нашай справы ўбок адцерлі? Гэта ж нашы землякі, і ідэя наша, і мы плыт збіралі… Таму дзед і прыкінуўся, што захварэў, каб гэты дэсант са двара выправадзіць. Не гнаць жа іх – яны ж ні ў чым не вінаватыя… Так што заўтра – у дарогу.
– Ура! – закрычалі ўголас Віцька і Віталь, не стрымаўся і Сяргей: радасна ўскінуў адну руку ўгору, голасна закрычаў: –Э-гей!
Нэла пляскала ў свае худзенькія далонькі, смяялася залівіста.
Быццам на гэты шум выйшла з хаты і фельчарка.
– Чаго крычыце? Ану, кыш у сад. Няхай адпачне ад вэрхалу стары чалавек. У яго сапраўды ціск узняўся… З вамі і не памрэш спакойна, – усміхнулася яна.
У садзе хутка назбіралі яблыкаў-паданак, памылі, і хоць баба Адарка пярэчыла, але сталі іх рэзаць – усё дзеду Васілю з бабай будзе лягчэй.
Праз хвілін сорак выйшаў з хаты і сам дзед Васіль з фельчаркай. Тая ў адной руцэ трымала свой чамаданчык, а ў другой – новенькі лазовы кошык.
– От, Яўменавіч, не варта мне так дзякаваць, то ж работа мая.
– Я табе не за работу дзякую, – адказаў дзед Васіль. – А за чалавечнасць. За гэта ніколі дзякаваць не многа.
Фельчарка пайшла на вуліцу, дзед – у сад.
Яго чакалі з радаснымі тварамі.
– Што, напужаліся крыху? – падбадзёрыў стары. – Не перажывайце, бывае ў жыцці і страшней. Вось калі ты зробіш, а другі цалкам тваё сабе забярэ – гэта балюча. Разумею, крыўдна і так… Не, то наша справа, нашай вёскі. Што тут чужым рабіць? Правільна я разумею?
– Правільна! Але мы тут аб другім падумалі… – пацішыў голас Віцька. – Аб тым дакуменце…
– Малайцы. І я аб гэтым падумаў адразу… Ну, вось і добра… А то я рашыў, што вам захацелася такія нашыўкі на рукавах панасіць, – падміргнуў дзед.
Засмяяліся шчасліва.
Усё ў іх атрымлівалася.
Але калі зноў нечакана завішчалі тармазы на вуліцы, уздрыгнулі ўсе. Толькі Сяргей спакойна зазначыў:
– Гэта старшыня прыехаў. Толькі ў яго УАЗіка так тармазы вішчаць.
І праўда, у сад зайшоў старшыня.
Павітаўся, прысеў на прапанаваны зэдлік.
– Ну, як настрой? Баявы? Добра, бачу, што баявы… Мне тут сказалі, што фельчарку выклікалі…
– Ты даруй, мне, Рыгоравіч, – загаварыў дзед Васіль. – Пасля мы табе многае патлумачым, ты хоць і чужы, ды наш чалавек. Цяпер адно скажу: ёсць у нас абставіны, пра якія вось толькі мы ведаем. І так складваецца, што ніхто чужы не павінен быць там, на востраве, пакуль не будзе знойдзена магіла. Толькі мы. Павер, надта сур’ёзна гэта. Дзеці вось зразумелі…
– Ну, значыць так трэба, – ніколькі не пакрыўдзіўся старшыня, што яму не хочуць даверыць нейкую таямніцу. – Вы больш ведаеце – вам і прымаць рашэнні. Я вам таксама веру… Так, калі ў вас усё гатова, у нас таксама ўсё гатова. Заўтра будзе трактар, Антон Аўдзееў пад’едзе. Будуць старшакласнікі са школы, яшчэ я тры чалавекі сваіх выдзеліў – дапамогуць вам перанесці ўсё на востраў. Аркадзь Калюжы будзе – на выпадак, калі забуксуем дзе. Хто ў вас старшы?
Пераглянуліся між сабой – неяк і не назначалі яны нікога старшым. І так разумелі – камандаваць, калі трэба, будзе дзед Васіль.
– Васіль Яўменавіч у нас старшы, – так і выказаўся Віцька.
– Так, зразумела, – усміхнуўся старшыня. – З трох такіх хлопцаў лепшага і не выбераш…Тады я назначаю старшай у групе Яўгенію! Хто супраць?
– Ага, пабудзеш з ёй супраць, – прабурчаў Віцька, але заўсміхаўся – яму было прыемна, што яго сястра – будзе галоўнай.
Старшыня абвёў позіркам хлопцаў, сустрэў толькі усмешкі згоды.
– Няхай камандуе! Але абед усё роўна гатаваць будзе…
– Ну, старшы, сябры мае, – гэта не камандаванне. Гэта адказнасць. Не толькі за свой абед, а і за справы ўсіх. І за жыцці ўсіх, за бяспеку. Думаеце, лёгка мне старшым тут быць? – пасур’ёзнеў Мікалай Рыгоравіч. – Вось… Ну, а Жэнька ў нас дзяўчына разумная, і слухаць вы яе будзеце. А намеснікам будзе ў яе Васіль Яўменавіч.
Не ўтрымаліся, зарагаталі, курыў сваю самакрутку і ўсміхаўся ў вусы дзед.
– Трымай, камандзір, – працягнуў старшыня Жэньцы радыётэлефон. – Мабільная сувязь да нашай вёскі не дайшла, ну а нам вось яшчэ ў мінулым годзе ўдалося атрымаць на жніво пяць такіх. Дыспетчарская цябе будзе чуць і днём і ноччу. Быць самім заўсёды на сувязі. Вось яшчэ зараднае і акумулятар запасны. Віцька хай зарадзіць абодва, хопіць на двое сутак, калі не размаўляць гадзінамі. Ну, што яшчэ ад мяне трэба?
– Ды, здаецца, усё наш камандзір палічыла і ўлічыла, – адказаў за ўсіх дзед Васіль. – Нам бы толькі трактар раней…