Ведзьміна тоня
Шрифт:
– Усё зразумела, – спакойна, але цвёрда загаварыў Баркоў. – Не хвалюйцеся наконт пытанняў, іх не будзе. Той партызан сказаў праўду: ён памер тут у 43-м годзе. Проста… косці яго тут апынуліся значна пазней. Так ці не? – звярнуўся ён да хлопцаў.
– А мы адразу сказалі, што так, – за ўсіх адказаў Віцька. – То вам, дарослым, тлумачыць доўга…
Баркоў, а следам і Зарэмба коратка засмяяліся.
– Чуў, Зарэмба, што пра нас моладзь думае? Правільна, малайцы. І правільна зрабілі вы ўсё: і што маўчалі наконт таго дакумента, і што на востраў нікога не пусцілі наперад сябе, і што нам усё цяпер расказалі.Усе чацвёра тут – нашы
– Не-а! – задзірыста адказала Нэла і схавалася тут жа за Жэньку.
– Гэта сястра Сяргея, – патлумачыў Зарэмба.
– Я зразумеў… Ну, а што ж вы з такім шчупаком рабіць будзеце?
– Мы яго прададзім!
– Ого! Такую рыбіну? Хоць бы мне галаву аддалі, а? Ці прадалі…
– Мы вырашылі, што ўсю рыбу, якую тут зловім, якую не з’ядзім, прадаваць. У нас дамоўленасць ёсць з адным чалавекам, – расказваў Віцька. – А выручаныя грошы – Сяргею і Нэле. У іх тэлевізара няма ў хаце, ну і на астатняе…
– Так, зразумела… – Баркоў адставіў кубак убок: – Ах, як я даўно такога смачнага чаю не піў! Дзякуй, гаспадынька! А шчупака… не, не прадавайце. Уяўляеце, колькі радасці вашым маці будзе з яго катлеты гатаваць? А галава якая! Яе ж засушыць можна ды ў музей школьны – каб ніхто не казаў потым, што не было такой рыбы. А тэлевізар… Будзе ў Нэлы тэлевізар, гэта я абяцаю. Ды і ўсе вы добрую прэмію заслужылі… Гэта мы потым абгаворым. Вы і ўявіць сабе пакуль не можаце, якую важную для ўсіх справу пачалі, і як яе ўжо, лічы, зрабілі. Нам, дарослым, добры ўрок далі. Дзякуй вам усім вялікі ад імя улады, ад мяне асабіста, – Баркоў моцна паціснуў усім рукі. – Ну, нам пара ў зваротны шлях, а то вечар ужо, небяспечна ноччу плаваць. Вы атрад прыміце, калі ласка, як сваіх – яны добрыя рабяты. Вам жа і зброю знайсці трэба, і зямлянку паправіць, і праход расчысціць. Думаем, што ў любым выпадку на востраве будзе пастаўлены памятны знак…
– Прымем, не хвалюйцеся, – паабяцаў дзед Васіль. – Востраў вялікі, што нам яго дзяліць. Усе мы сваёй зямлі людзі…
Шчупака Зарэмба паабяцаў завезці да Віцькі і Жэнькі дадому – няхай маці там з ім разбіраецца.
Атрад “Пошук” сустрэлі на беразе. Проста, як сваім даўнім знаёмым і добрым сябрам, дапамаглі зняць з плыта і перанесці да лагера рэчы. Потым ставілі дзве палаткі: адну вялікую, ваенную і адну маленькую – для двух дзяўчат.
– Нармальныя хлопцы, праўда? – спытаўся Віцька Сяргея, чакаючы дадатнага адказу, калі яны цягнулі да кастра чарговыя ношкі сухога сучча.
– Ну, як “ператрэслі” там добра… – Сяргей на хвілінку задумаўся. – Я такое добра ведаю. Не люблю, калі не па праўдзе некуды выбіраюць, назначаюць. Так і тут: як пачулі пра значную справу, то сабралі, мабыць, выдатнікаў ды тых, хто на сходах выступае. А ім наша тоня, востраў гэты – толькі камары ды балота. А гэтыя вось цяпер – адразу відаць. Дзве палаткі паставілі, а дрэўца аднаго не ссеклі…
– А ты бачыш, як яны галовы вернуць у бок, дзе, ім сказалі, зямлянка і магіла? – прадоўжыў Віцька. – Глядзі, хочацца, а слухаюцца камандзіра…
– Трэба завесці… Што яны, да рання чакаць будуць? Няхай пабачаць цяпер. Палаткі паставілі, вогнішча ёсць, дроў на ноч хопіць, – разважаў Сяргей..
– Папытаем дзеда?
– Ага.
Дзед Васіль стаяў ля свайго будана разам з камандзірам атрада. Яны аб нечым размаўлялі. Віталь убаку з важным відам паказваў свой тэадаліт хлопцам з атраду.
– Ну, што, хлопцы, – звярнуўся дзед да падышоўшых Сяргея і Віцькі. – Мабыць, завядзіце атрад да зямлянкі, пакажыце магілу. Просіць камандзір цяпер паглядзець…
– А мы якраз гаварылі пра гэта, – радасна адказаў Віцька. – Што чакаць да рання, а яшчэ не сцямнела…
– То і добра…
Андрэй паклікаў сваіх байцоў гучнай камандай:
– Усе да мяне! Ідзем да магілы…
Пайшлі. Наперадзе – Сяргей і Віцька (Віталь, Жэнька і Нэла засталіся з дзедам Васілём у лагеры).
Пастаялі ля зямлянкі, нічога не кранаючы. Потым моўчкі некалькі хвілін стаялі перад магілай са свежым крыжам, які свяціўся ва ужо надыходзячых прыцемках.
– Ну, заўтра раніцай будзем на месцы складаць план дзеянняў, – ціха падвёў рысу Андрэй.
Ніхто не адказаў, і толькі адна дзяўчына з атраду прамовіла яшчэ цішэй:
– Кнігі чытаеш, слухаеш, кіно глядзіш… А вось ступіш на тую зямлю, дзе людзі па праўдзе гінулі… Аж не па сабе…
Вярнуліся ў лагер, дзе якраз Зарэмба званіў па радыётэлефоне прама з дому, даў трубку Алене Адамаўне.
– Вам там усяго хапае? Не холадна спаць? Мазь ад камароў дапамагае? Спаць не мулка? А шчупак, шчупак які! Тут уся вёска збеглася да нас, яшчэ і цяпер ляжыць, бы на выставе. Што мне з ім рабіць? – закідала маці пытаннямі Жэньку.
– У нас усё добра! Заўтра пасля абеду будзем на Заікіным востраве, дзеда Васіля высадзім. А самі паплывём на Заечы востраў – нам карту Ведзьмінай тоні складаць трэба. Атрад будзе займацца пошукамі зброі і рамонтам зямлянкі, потым разам будзем расчышчаць праход, – адказвала Жэнька. – Не хвалюйцеся. Шчупака ў маразільнік засуньце – не ешце без нас!..
Весела патрэскваў у цемры касцёр. Ужо вялікае кола акружала яго – і стала яшчэ весялей. Адзін хлопец з атраду захапіў з сабой гітару – хвайна іграе!
Сяргей слухаў музыку, яго сэрца перапаўнялася незвычайнымі для яго пачуццямі. Было спакойна і упэўнена на душы. Вось дзед Васіль дыміць сваёй самакруткай, вунь Віталь мацае, ніяк супакоіцца не можа, металашукальнік, вось Віцька побач так пільна сочыць за рукамі гітарыста, а вочы яго гараць – ясна, захацелася і яму навучыцца так перабіраць струны. Вось Нэла побач – хітруня: і ля Сяргея сядзіць, а галоўку да Жэнькі даверліва схіліла. Жэнька пагладжвае Нэлу па валасах, глядзіць на полымя кастра. Добра глядзець на яго, калі сядзіш сярод сяброў…