Вёска
Шрифт:
ХV
Маці пачала катурхаць Антона гадзін у шэсць раніцы. Ён сеў на ложку, прыслухаўся. З меншай хаты даносіліся чужыя галасы. Пасля ўчарашняга «кактэйлю» — шампанскага з самагонкаю — усё плыло перад вачыма, трашчала няшчасная галава... Хто там, што каму трэба?.. Ах, чорт, сёння ж рэферэндум... Перамагаючы сябе, пасунуўся ў меншую хату.
Там, за сабраным ужо сталом, сядзелі Лобан і старшыня іхняга Двароўскага выбарчага ўчастка, былы Васкевічаў завуч, а цяпер пенсіянер, Панас Маркавіч. Васкевіч даўно яго не бачыў. У школе ён вёў фізіку, строгі быў, разумны, прыгожы, высокі, падцягнуты — капітан-франтавік. Усе настаўніцы і вучаніцы старэйшых класаў былі закаханыя ў яго. Але славуты ён быў
«Вопытаў не будзе — Панас Маркавіч сухі спірт з’еў!»
Нехта данёс — і вынік: сярод круглых пяцёрак адна тройка, па фізіцы. Гаварыў Панас Маркавіч заўсёды чыста па-руску, хоць і быў мясцовы, — нават на ўроках у школе, якая лічылася беларускаю.
Калі заспаны, з перапою, Антон вылез на кухню, Панас Маркавіч еў шкварку; Лобан нічога не еў і не піў, чакаў. Васкевіча ад аднаго позірку на гэтую шкварку ледзъ не зблажыла. Толькі ён сабраўся ўсімі праўдамі і няпраўдамі адпрошвацца, каб пайсці дасыпаць, як Панас Маркавіч ужо наліваў яму чарку... І няёмка неяк было адмовіць старому свайму настаўніку, — а галоўнае, Васкевіч цяпер так адчуваў сябе, што сказалі б яму — выпі ацэтон, як Пульсава матка, ён, мабыць, выпіў бы і ацэтон...
Васкевіч, стараючыся не дыхнуць, не расціскаючы зубоў, да крыві прыкусіўшы губу ў роце, каб фізічным болем перабіць агіду, проста сілаю ўкаўтнуў у сябе цёплую самагонку. Ніколі да гэтага ён не пахмяляўся — спрабаваў, але не памагала. «Усё, зараз мяне вырве!.. — падумаў ён, заводзячы пад лоб вочы. Але, на яго вялікае здзіўленне, не прайшло і трох хвілін — і адбылося дзіва. У галаве раптоўна праяснела, боль знік, ад млявасці не асталося і следу, цела налілося здароўем, маладосцю, лёгкасцю, сэрца забілася пругка і радасна... Выпілі па другой — яшчэ лепш: цудоўна ўсё, які гэты Лобан прыемны, сядзіць сабе тут... І Панас Маркавіч — разумнік, і ніколькі не рэжа вуха яго знарочыстая руская мова; сорамна толькі, што колісь пакрыўдзіў яго, — і Васкевіч ледзь утрымаўся, каб зараз жа не папрасіць прабачэння за той «сухі спірт». Ляпнуў, пакрыўдзіў старога заслужанага чалавека, франтавіка.
На развітанне Панас Маркавіч ласкава сказаў матцы:
— Спасибо за хлеб-соль, хозяюшка! — і яны ўтрох выйшлі ў ранішнюю мокрую цемрадзь.
Каля хаты стаяў «Масквіч» з будачкай. Васкевічу, як самаму маладому, даручылі несці урну, Лобан узяў папку з бюлетэнямі, Панас Маркавіч ішоў налёгку.
У першай, адразу за мосцікам, хаце Васкевічавага суседа дзядзькі Юлена жылі Юленавыя цешча і матка, якія, лічылася па спісах, самі не маглі дабрацца да ўчастка. Зайшлі да Юлена. У меншай хаце палілі ў печы, завіхалася каля прыпечка з нейкімі чыгунамі маўклівая Юленава жонка, і адна з бабулек — сухенькая, вясёлая, шустрая — гэкала пасярод хаты секачом бульбу ў ражцы. Сам Юлен сядзеў за сталом і еў. Панас Маркавіч, як толькі ўвайшоў, яшчэ з парога і вачыма і носам пацягнуўся да стала. Але Юлен, эканомны мужык-багатыр, быў не Васкевічава маці, таму іх не запрасілі нават прысесці. Юлен накрыў газецінай патэльню, з якой еў, ачысціў ад крошак край стала, успёр на пераносіцу акуляры і, адвёўшы далёка і ўбок руку, быццам быў касы, доўга ўглядаўся ў бюлетэні, крактаў, кашляў, урэшце выкрасліў у абедзвюх паперках слова «НЕТ». Бабка выцерла аб хвартух рукі і весела, гатоўна, акуратна піхнула паперку ў урну. Другая бабка ляжала ў цёмнай бакоўцы; калі зайшлі і Юлен уключыў святло, яна нават не паварушылася, не расплюшчыла вачэй. Ляжала, як нябожчыца, уцягнуўшы рот, склаўшы на грудзях рукі.
— Спіць, — Юлен крактануў, не ведаючы, што рабіць з паперкаю.
— Ладно, чего там, — і Панас Маркавіч падаў знак, што будзіць старую не трэба, можа і сам Юлен за яе прагаласаваць.
Але той чамусьці марудзіў, не адважваўся. Тады Панас Маркавіч узяў яго руку ў сваю, патыркаліся над урнаю дзве далоні — белая настаўніцкая і дужая, грубая мужыцкая — і нарэшце паперка знайшла шчыліну.
Другая хата, дзе жыла хворая пенсіянерка Вера, была на тым канцы вёскі, пад лесам. Вырашылі ехаць «Масквічом». Антону давялося лезці ў смярдзючую, прапахлую бензінам цёмную будачку. Пакуль даехаў, уся лёгкасць ад пахмелкі неяк выпарылася, растрэслася, зноў стала моташна, захацелася спаць... «Чаго я цягаюся за імі?!» — тупа думаў ён.
У Верчынай развалюсе не аказалася нават калідора; проста з двара піхнулі дзверы і адразу апынуліся ў адзіным «пакоі». Лямпачка не гарэла, добра, хоць у печы палілася... Васкевіч, пераступіўшы парог, перш не адразу зразумеў, дзе гэта яны — быццам нейкая сіла перанесла іх аж у мінулае стагоддзе... Гліняная чорная падлога, як ток у хляве; па падлозе скачуць водбліскі агню; каля печы — цэлая гара бульбы, пахне катамі, мышамі... За печчу, з-за складзеных штабелем дошак, рохнуў кабанчык, квокнула кура... На разасланай кухвайцы каля печы сядзіць дзіця гадоў пяці, у нейкіх лахманах, складае з лучын зруб калодзезя, тут жа «лялькі» — абтырканыя запалкамі вялізныя бугрыстыя бульбіны... На сцяне лічыльнік вісіць на правадах, ледзь ліпіць, тынк каля правадоў увесь аблез, адваліўся... У правым кутку на падлозе — міса, у левым — таз, ля печы — таз... Нават пры такім святле добра відаць, як столь скрозь пабіта ў чорныя і жоўтыя плямы, у якія прасочваецца вада...
Гаспадыня — высокая, хваравіта-распухлая — стаяла пасярод хаты, упёршы рукі ў бокі, моўчкі глядзела на няпрошаных гасцей. Водбліскі агню прабягалі раз-пораз па яе дзябёлым насатым твары і рабілі яе вочы, ды і сам твар, ды і ўсю постаць пагрозліва-ўрачыстымі.
Дзіця раптам спалохалася, падхапілася, пабегла і схавалася за ложак, у цёмным кутку. Васкевіч ведаў, што гэта была Верчына ўнучка, якую Верчына дачка нагуляла ў горадзе, прывезла і кінула матцы. Цяпер Верка дабівалася на гэтае дзіця дапамогі ад сельсавета, але дабіцца не магла, бо яно было прапісана ў горадзе, у дачкі; дачка тую дапамогу атрымлівала і акуратна, як расказавала Верка ў магазіне, «прас...а».
— Пришли предложить тебе, Вероника Ивановна, отдать свой голос... — урачыста пачаў Панас Маркавіч, мацаючы Васкевіча за плячо і выштурхоўваючы трошкі наперад.
— На табе голас! — не менш урачыста адазвалася Верка, тыцнуўшы ледзь не ў нос Панасу Маркавічу вялізную дулю. — Голас даць?! А хто мне што дасць?! Паглядзі, сволач, на гэтыя дзіркі ў столі! Ты бачыш, як з іх вада свішча?! Паглядзі на гэтае дзіця біркулёзнае! Хто мне за яго заплоціць?! Ты бачыш, што шчотчык вадою вывернула, трэйці дзень вісіць, я ж сама яго не пастрою! Я ж да яго падступіцца баюся, што б вы так свету белага баяліся!
— Зробім, зробім, — вінавата сказаў Лобан.
— Які вы ўжо год робіце?! Толькі век чуеш «зробім!», «зробім!» — перадражніла Верка. — Смалы я вам дам, а не голас!
— Ну, ты знаешь, с этим не шути! — папярэдзіў Панас Маркавіч, як бы незнарок адступаючы трошкі назад да парога.
— Ідзі ты разам са сваім саюзам рэспублікоў к ... мацеры! — адрэзала жанчына і дэманстратыўна завярнулася да агітоўшчыкаў спіною.
Васкевіч не ведаў, куды яму дзецца ад сораму, ад жалю да гэтай Веркі, добрай, замучанай жыццём жанчыны, якая цяпер проста радая была, што вось прыйшоў час, і яна спатрэбілася, і яе ўпрошваюць, і яна можа хоць неяк некаму паказаць сваё гора... Каму? Хай гэтыя, чужыя, а ён, Васкевіч, свой, вясковы, — ён нашто сюды прыплёўся, удзельнічае ва ўсім гэтым?..
— Іванаўна, прагаласуйце, — папрасіў Лобан. — Усё зробім...
— Нет, не прагаласую!
— Что ж, пусть. Только потом не пожалей, — прыгразіў Панас Маркавіч, і яны пайшлі, але пайшлі марудна, чакаючы, што іх пазавуць. Ніхто не пазваў.
Пастаялі каля машыны.
— Давайце за яе кінем, — прапанаваў Лобан.
— Ну, нет! Всякая дрянь еще будет тут... Вярнуліся назад, упрошвалі, пагражалі, абяцалі; урэшце Верка, палічыўшы, відаць, што досыць, нацешылася, спагнала злосць, зусім добрым, нават жартаўлівым голасам папрасіла Васкевіча «крэмзануць дзе трэба, бо баба ж ўжо сляпая!» Ён «крэмзануў» — і Верка такім чынам прагаласавала за Саюз.