Воўчая зграя
Шрифт:
Тады ў Леўчука зноў загарэлася надзея, ён шчыльней захінуў малога, сам аглушаны трэскатам і рэхам, што бушавалі з краю ў край над балотам, не чуючы яго плачу; ён толькі чуў, як малы тузаўся пад яго рукамі. Хоць бы не задыхнуўся, думаў Ляўчук, да болю сціскаючы пашчэнкі — было так холадна, што ён ледзьве трываў у гэтай ідыёцкай сваёй нерухомасці.
Страляніна, аднак, пасунулася ў левы бок, мусіць, тут ужо ўсё было як мае быць імі абстраляна. Наўкола ў асацэ валялася свежае альховае голле, у вадзе густа плавала лісце. Непадалёк, трымаючыся на валакенцы, вісела над вадой збітая куляй верхавіна бярозкі.
На гэтым краі балота
За лазняком было даволі ўсё ж схоўна, у вадзе скрозь было нацярушана лісця, плавала выбітае кулямі карэнне водарасцяў; водарасці і ашмоцце твані віселі на пасечаным голлі куста. I ён падумаў, што, мабыць, яшчэ не зусім адцуралася ад яго ўдача, калі ён да часу не паспеў дабрацца сюды. Тут бы ён, пэўна, і ляжаў цяпер, сцякаючы крывёй у багне…
— Ціха, ціха, браток. Памаўчы трошкі,— сказаў ён малому, нядоўга адпачыў, агледзеўся і бокам-бокам, вязнучы па пояс у твані, дзе прыгінаючыся, а дзе ледзь не плывучы, падаўся далей у балота, думаючы, што калі яно не ўтопіць, дык, мусіць, уратуе яго.
16
Неўзабаве дрэвы і хмызняк скончыліся, з імі скончыліся праваліны-вокны, стала больш травяністых зараснікаў, моху. Хоць месцамі было глыбока і ўсё зыбалася і плыло пад нагамі, але ўжо пагрозы ўтапіцца, мусіць, не было. Стрэлы памалу аддаліліся ўправа, стрункае дзіганне куль гойсала там, над балотам, і напалоханае балотнае птаства разляталася ва ўсе бакі. Нават прывязлівыя да чалавека сарокі цяпер ляцелі над самым балотам прэч ад гэтага небяспечнага грукату.
Адной рукой прыхінуўшы да сябе малога, Ляўчук бег, скакаў, зыбаўся па замшэлай дрыгве, дзе спраўляўся перабегчы раней, чым імшарына ўтоне ў вадзе, а дзе і не паспяваў. I тады ён зноў каторы ўжо раз плёхаў па пояс у тарфяністай твані, кідаўся ў адзін бок, у другі, стараючыся выбрацца на цвярдзейшае. Мокрае яго адзенне агідна абліпала цела, пры кожным кроку плёхала з халяваў ботаў, алезатое ад руху ён перастаў дрыжаць, нават сагрэўся. Ён толькі асцерагаўся, каб не ўтапіць у багне свой скрутак з маленькім у ім чалавечкам, а сябе ўжо аберагаць перастаў. Але балота ўсё ж канчалася, наперадзе на грудку шчыльненька зелянеў хвойнік — значыць, там пачынаўся бераг. Толькі хто і што чакае яго на тым хваёвым грудку?
Нарэшце ён адолеў балота і па мокрым, але ўжо не дрыгвяністым тарфяніку выбег на зарослы сіўцом і верасам пясчаны пагорак. Боты, цвіркаючы і чвякаючы, затупалі па сухім. Выгляд яго, мусіць, быў страшны — мала што мокры з галавы да пят, дык яшчэ ўвесь аблеплены тванню; на плечы і рукавы паначаплялася нейкай валакністай водарасці, раска і іншая зялёная драбяза напрыліпала да вопраткі. Але малога ў пінжаку ён, здаецца, намачыў не вельмі, і калі той усё неспакойна валтузіўся і плакаў, дык, мусіць, болей з голаду. Гэты яго плач і падганяў Леўчука. Стрэлаў, якія ўсё яшчэ патрэсквалі здаля, ён не надта баяўся, ён ужо вырваўся з-пад іх пагрозы, і цяпер яго гнаў новы клопат.
Ён бег. Хоць і нязручна было ў такім яго стане (мусіць, трэба б хоць выкруціць вопратку і пераабуцца), але ён ускарабкаўся на грудок, прадраўся праз хваёвы гушчар і раптам апынуўся на вузенькай,
Ён не надта жвава пабег па ёй, усё чвякаючы левым ботам, і, мусіць, ад гэтага яго бегу малы патрохі прыціх, а пасля і зусім змоўк — заснуў ці проста загушкаўся на ягоных руках. Тады Ляўчук пайшоў цішэй, ён ужо сагрэўся і пачаў прыглядацца да лесу, каб дзе на хвіліну прысесці ды выціснуць вопратку. Мусіць, немцаў тут не было, а ісці давядзецца яшчэ немаведама колькі, так ён парэжа ногі ў мокрых, са збітымі анучамі ботах.
Толькі ён падумаў пра гэта, прыглядаючыся да зарасніку папараці, што высока буяла ля самай дарогі, як пачуў блізкія галасы і конскі тупат. Ён хуценька шаснуў з дарогі, але, мабыць, было позна, і тыя, што ехалі на конях, паспелі згледзець яго. Згорбіўшыся за кустом ядлоўцу, ён напружана чакаў, спадзеючыся, што, можа, яны праедуць, але яны не праехалі. Тупат на дарозе раптам сціх, і ледзь не над яго галавой пачулася пагрозлівае:
— Эй, а ну вылазь! Ляўчук злосна ў думках вылаяўся — на якіх гэта ён д'яблаў налез? Па голасе нібыта нашыя, але хто ведае — можа, і немцы або паліцаі. Не выпускаючы з рук малога, ён асцярожна выцягнуў з кабуры парабелум, ціха нахіліўся за кустом, каб выглянуць на дарогу, і нечакана ўбачыў іх зусім побач. Яны, мусіць, таксама ўбачылі яго — гэтыя трое конных, апранутых, праўда, па-партызанску, хто ў што, якія глядзелі цяпер у папараць, скіраваўшы сюды аўтаматы — нашы, савецкія ППШ.
— Рукі ўгору!
Па ўсім відаць, што гэта былі партызаны, хоць поўнай упэўненасці ў тым у Леўчука не было. Ён нетаропка падняўся з зарасніку, пакінуўшы ў доле малога і хаваючы за сабой парабелум. Але гэтая яго нерашучасць відавочна не задаволіла коннікаў. Адзін з іх, што быў у старой гімнасцёрцы і ссунутай на патыліцу чорнай кубанцы, рашуча павярнуў каня ў папараць.
— Кідай пістоль! Ну! I рукі ўгору!
— Ды ладна, — прымірэнча сказаў Ляўчук. — Свой! Чаго там…
— Гледзячы каму свой!
Ляўчук ужо ўпэўніўся, што гэта былі партызаны, і яму не хацелася кідаць пісталет, бо невядома, ці яны аддалі б яго зноў. I ён цягнуў час, невядома на што спадзеючыся. А яны тым часам ужо ўсе паз'язджалі з дарогі і пачалі неўпрыкмет абкружаць яго. Мусіць, сапраўды трэба было кідаць парабелум ды паднімаць рукі.
— Глядзі, ды ён жа з балота! — здагадаўся другі, маладзенькі, з востранькім тварам хлопец.
— З балота, факт. З таго берага, — маючы на ўвазе нешта сваё, сказаў першы і саскочыў з каня ў папараць.
У гэты час збоку да Леўчука пад'ехаў і трэці,— мусіць старэйшы за двух першых мужчына ў шэрай расшпіленай ватоўцы, і яго паголены хударлявы твар з чорнымі вусікамі здаўся Леўчуку знаёмы. Нібы што ўспамінаючы, той углядаўся ў гэтага незвычайнага ляснога сустрэчнага.
— Пастой! Дык гэта ж з «Геройскага»! Ляўчук твая фамілія, ага?
— Ляўчук.
— Дык гэта ж, памятаеш, мы тады разам раз'езд ірвалі? Во як дрызіна ў нас пулянула?
Ляўчук раптам усё прыгадаў. Гэта было мінулай зімой на раз'ездзе, дзе яны з гэтым вусатым цягнулі на рэйкі шпалу, каб не даць праскочыць на стрэлкі дрызіне, якая садзіла ўздоўж пуцей з кулямёта. Гэты вусаты яшчэ згубіў у канаве валёнак, які ніяк не мог намацаць босай нагой у глыбокім снезе, і яны абодва ледзь не паляглі там пад кулямётным агнём.