Заходнікі
Шрифт:
— Што і трэба даказаць! Добраахвотнае прызнанне — царыца доказу! Адпаведна, вас, Франц Адамавіч, будуць судзіць як палітычнага, і хутка вы станеце фраерам…
— Які я, чалавек, паліцік?! — горка ўсміхнуўся ён. — Усё сваё жыццё з плугам, касой, з пілою.
— Уся ваша віна, Франц Адамавіч, што вы — заможны і разумны селянін.
— Які я, чалавеча, заможны? Які я разумны? Дабіўся толькі, каб чытаць-пісаць умеў, каб хлеб за хлеб заходзіў.
— Не, Франц Адамавіч. Вы — гаспадар. Хрыбет вёскі і вёскі той, старой, трывалай. Для новай вы не падыходзіце, бо будзеце яму, новаму, супраціўляцца. Усёй душой. Адпаведна, па рэвалюцыйнай тэорыі, што цяпер мае сілу і тут, вы павінны знікнуць, трапляеце ў лік «дапусцімых ахвяр…».
— З анадта разумна гаворыш ты, чалавек, — прамовіў поўны самых супярэчлівых
— О, гэта глыбока прадуманая лінія, даражэнькі Франц Адамавіч! — гаварун лёг на спіну, заклаў рукі пад галаву і паклаў нагу на нагу. — Вам, такой глыбіннай сялянскай душы, жыць, квітнець пры старым, а не новым ладзе… Гэты, новы, лад мае не ваш, зусім іншы погляд на вёску, на сялян, на вашу працу і на яе здабытак. Цяпер вы не патрэбны як індывідум, як асоба альбо ўдумлівы гаспадар, а патрэбны як бязлікі, паслухмяны і працавіты член індустрыяльнай фабрыкі хлеба. Як рабсіла, як цягавіты і, галоўнае, цярплівы вол. Самастойныя, разумныя, сумленныя і дзёрзкія вы не трэба. Паспрабуй з вамі такімі зладзь!
Грыгарцэвіч-абачліва змаўчаў.
— Так? — ухмыльнуўся гэты сапраўды разумны і хітры зняволены. — Зрэшты, можаце і не адказваць, я і без вашага адказу ведаю: сапраўдны селянін-гаспадар і новая ўлада — антыподы… Хто каго… Паколькі сіла ў яе — дык яна вас… За глотку…
— А за што вы зняволеныя? — перавёў гутарку Грыгарцэвіч, лічачы, што раз той столькі распытвае, дык штосьці скажа і пра сябе, падкажа, як тут быць. — Вы ж, здаецца, не вясковы.
— Так, Франц Адамавіч, вы класавым пачуццём правільна ўгадалі: я — не селянін. Нават і не рабочы. Я — нашчадак альбо сабрат Чалкаша. Разумееце?
— Не.
— Патлумачу. Я — з люмпен-пралетарыяў, дзе басякі, валацугі, жабракі, крымінальныя элементы, як кажуць кансерватары.
— Значыць, вы нідзе не працуеце і жывяце з людской міласці?
— Амаль так, Франц Адамавіч, — адказаў той і, здаецца, угадаў ягоныя думкі. — Я ведаю: вы, спрадвечны селянін, не любіце такіх. Як гэта так, па-вашаму, маладыя, здаровыя, не працуюць, але хочуць жыць сытна? Ганьба! Так?
Грыгарцэвіч і на гэты раз рашыў быць абачлівым, не адказаў.
— Так, даражэнькі Франц Адамавіч. Што да няпростай гісторыі люмпен-пралетарыяў, то я… не раскажаш вось так адразу і некалькімі словамі. Будзе час — я, скажу вам, вялікі спецыяліст у гэтай справе — прачытаю адпаведную, можна сказаць, прафесарскую, лекцыю. Цяпер скажу толькі, што нас добра апеў, гэта значыць падняў на вялікую вышыню незабыўны Максім Горкі. Часова сам, а часова па заданні ён зрабіў наш элемент легендарным, героямі часу, наблізіў да бальшавікоў і рэвалюцыі… Нам, незадаволеным старым рэжымам, багатымі, адукаванымі і шчаслівымі, вельмі спадабаліся бальшавіцкія глабальныя лозунгі, і мы, калі прыйшоў спрыяльны час, кінуліся ў бой, знайшоўшы нарэшце, дзе і на каго выліць увесь наш гнеў, прыкласці сілу. Тым больш што быў дарагі і мілы для нас дэвіз, не, нават не дэвіз, а, паўтаруся, просты, але ў гой жа час пагібельны для пэўнага ладу лозунг: «Рабуй нарабаванае!» Асабіста я, шаноўны мой Франц Адамавіч, трапіў у такую ўсема-гутную банду, як Вэ-чэка, не бязлітасна, а з любоўю — чуеце, з любоўю! — трос маёмасных і гнілую інтэлігенцыю. Я ўволю, у вялікі смак паквітаўся з тымі, каго ненавідзеў… Для вас, Франц Адамавіч, гэта сюрпрыз? У тым, што «самая гуманная і народная ўлада» спажыла нас, Чалкашоў? Горкага? «Пралетарскага», але на самай справе «люмпенскага» пісьменніка?
— Я ж, кажу вам, не паліцік, — адказаў Грыгарцэвіч, занепакоены і пра тое, што будзе праз хвіліну-другую, і пра тое, што будзе заўтра-паслязаўтра.
— Я веру вам, святая прастата, — усміхнуўся чалавек з акулярамі і белым шалікам. — Але, трапіўшы сюды, у гэты адмысловы жыццёвы універсітэт, вы, я, кожны — хочаце альбо не хочаце — будзеце, не, нават не будзеце, а змушаны будзеце думаць, разважаць, мысліць і прыходзіць да пэўных пакутлівых, але больш-менш сапраўдных высноў. Там, на волі, усе не так мысляць, не падаюць, але і не падымаюцца, чэрці, да той планкі, да якой падымаемся мы, зняволеныя…
«О, гаварун! — здзівіўся Грыгарцэвіч. — А каб ён ся-дзеў не тут, а там, як ён кажа, на волі, на высокім крэсле!»
— Але я запыняю мой асабісты роздум
Сябрукі гаваруна задаволена захіхікалі.
— Грошы, маёмасць, як і вы цудоўна разумееце, даражэнькі Франц Адамавіч, ва ўсе часы, ва ўсе ўлады рэчы вызначальныя. Можна што хочаш плясці, але… Але, калі я маю ў кішэні, дык я чалавек! Калі не маю… Люмпен-пралетарый… Як у тым апавяданні Аверчанкі, ідзі да мора, тапіся… Ніхто не выцягне — гінь у блакітных хвалях, нейкі дурны гуманіст выцягне — чапляйся за яго, аб'ядай і абпівай…
«Гаварун!!! Яшчэ большы за Кураглядава!»
— Ясна, Франц Адамавіч, былыя паплечнікі мала адпіхнулі нас, яны спрытна настроілі супраць грамадства і пачалі нас ізалёўваць. Пры гэтым страшней і горш, чым пры старым рэжыме. Больш — яны ўзялі нас за глотку. Усіх шчырых, сумленных, разумных таксама. Але пра тых — асобная гутарка… Не нам жа заступаццаза іх, няхай з іхніх шэрагаў заявяцца свае праўдалюбы і абаронцы. Нам іх шкада, але ўрэшце нам на іх напляваць з высокай званіцы. Нам даражэй нашы інтарэсы. Якраз у выніку іх мы апынуліся тут, у краі з невядомымі для нас магчымасцямі…
«Рабавалі нешта і папаліся…» — па-свойму зразумеў гэта Грыгарцэвіч. Рашыў асцерагацца гэтага мудрагеліс-тага і яго небяспечных сяброў.
— Што да нас, то мы шмат не пабудзем у няволі, — той, аднак, не заціхнуў. — Выйдзем на волю праз пару гадоў. А вось вы, шаноўны Франц Адамавіч, рыхтуйцеся на вялікую разлуку. Неўзабаве вы ўбачыце свет, пра які дагэтуль сніць не снілі. Вы па-сапраўднаму, па-сялянску будзеце ўражаныя… Вы трапіце на своеасаблівы, нідзе не пазначаны на карце новы мацярык са сваім урадам і са сваім законам, і вас там пачнуць «перавыхоўваць»… Канечне, у чымсьці вам паможа ваша моцная сялянская струнка, але ў чымсьці яна вам прынясе боль і пакуты.
Цяпер вы лічыце: праца, нават цяжкая, — абавязак, дабрачыннасць, а там праца будзе прымусам, вашай смерцю. Каб выжыць, вы, рыцар працы, пачнеце ўхіляцца ад яе, будзеце хітраваць, «гнаць туфту», альбо быць «прыдуркам»…
Заціх, а потым ухмыльнуўся:
— Разумееце, што гэта такое: «туфта», «прыдурак?» Разумееце сэнс прымавак «Ад работы коні дохнуць», «Работа — не воўк, у лес не збяжыць», «Цябе не дзяруць — дык не падмахвай»? Можа, і па-свойму разумееце. Як сялянскі гуманіст. А там вы гэта адчуеце на сваёй скуры, там ваша псіхіка пойдзе набакір… У гэтым сэнсе даю мудрую і бясплатную кансультацыю: не кідайцеся на так званыя «агульныя работы», шыйцеся ў столяры, лазеншчыкі, шаўцы альбо краўцы, абы, паўтараю, не трапіць на агульныя работы…
«Чорт яго ведае: праўду кажа альбо балабоніць абы-што, пацяшаецца са старога?»
— Кажушок свой не жадаеце змяніць на інтэлігентнае паліто? — нечакана зусім паіншаму загаварыў той.
— Не.
— А ў карты хочаце пагуляць?
— Не.
— Гарэлачкі жадаеце?
— Не.
— Святы, але сумны вы чалавек, Франц Адамавіч, — цмокнуў сусед. — Трымаеце і цела, і душу ў залішне строгіх, рэлігійных абручах. Працавіты, шчыры, хочаце праўды і справядлівасці. Адсюль — ваш эмацыянальны пракол у экстрэмальнай сітуацыі. Да слова, у той спрэчцы з вашым старшынёй сельсавета. Я не быў тады з вамі, але магу ўявіць сцэнарый…