Закрываўленае сонца
Шрифт:
21
– Каб на вас каршун!
– крычэў Мiкола на курэй.
– А калi нi каршун, дык бальшавiкi нiхай вас пажаруць, от як!
Мiкола затрымаўся, каб паветра злавiць. Колькi нi ганяўся нiяк ня мог курэй у хлявушок накiраваць.
– Глядзi-ж, Мiкола, палавi ўсiх, пакуль пiрапiсваць прыдуць, толька чатырох пакiнь, - наказваў бацька.
– От ты тутака й палавi. Цьфу на вас!
– злосна плюнуў дзяцюк. Балела нага й падбiты палец. Ганяючыся за курамi, у камень недзе стукнуў. I брала злосьць на Янука й бацьку. Брат недзе адыйшоўся,
А перапiшчыкi, як чуваць, на другiм канцы вёскi былi. Каб сяньня ня прыйшлi, добра было-б. Зьлятуцца куры на курасадню, пайшоў - цап за хвост, ды схаваў дзе ў бясьпечнае месца, пакуль гэта трасца мiне. Ня тайнай у вёсцы было, што кажны гаспадар як мага больш дабра ад вока "народнай улады" стараўся схаваць. Дзiва што! Калi пайшлi па вёсках пярэпiсi, адразу насьцярожылiся сяляне. Гэта-ж пад панскай уладай нiчога падобнага людцы нi бачылi. Ужо каторы бедны падаткаў ня мог заплацiць, той дрыжэць пачынаў. Зьяўляўся ў хату й апiсваў усё, да апошняй iголкi, гэтак званы саквiстратар. Пасьля ўсё тое мiзэрнае дабро за няплачаныя падаткi забiралi. Агулам-жа падатак ад зямлi бралi, статку й птушку нiхто ня сьпiсваў. Гэтта-ж кажную гусь, качку, курыцу, авечку, - не гаворачы пра большае, - ўсё пагалоўна сьпiсвалi. А навошта iм гэта?
Мiкола забыўся пра курэй, абапёрся на тын i з агароду, што за клецяй, пазiраў на вулiцу. Сонца хiнулася з паўдня, засела ў нейкай млява-шэрай гушчы. Зраньня пакапрысiў прымаразак, пасьля адпусьцiла. З захаду зацягвала неба й пачынаў варушыць вярхамi доктаравых клёнаў вецер. Дзесь над балотам крычэлi жураўлi. Далёка плыла журботная туга па пакiданай бацькаўшчыне. Мiкола намагаўся знайсьцi ключ, але нiяк ня мог спасьцерагчы дзе ляцелi ў падарожжа птушкi.
Па пустой вулiцы, з-пад Якубавай хаты нетаропка шкандыбаў Захарукоў Пятро. У правай руцэ трымаў даўгую палку, зьбiваў ля плоту ўжо шэрую ад першых замаразкаў крапiву. Гэтак заняты, ён не заўважыў як параўнаўся зь Мiколам.
– Каму гэта сена косiш, Пятро?
– спытаў Мiкола.
– Га? Ды во сабаку кудлатаму. чорту лазатаму ды яшчо таму-сяму.
Дзяцюк голасна зарагатаў.
– I многа ўжо накасiў?
– сур'ёзна спытаў Мiкола.
– Эгэ колька... Вялiкi стог накасiў, цэлую пуню навазiў, дзьве кладнi натаптаў i суседу трохi даў... гэ-гэ-гэ...
Недарэчнасьць Захарукова сына найбольш увыдатнялася ў яго дзiцячым, прастадушным сьмеху з найменшай дурнiцы. Часта забаўляўся складаньнем сугучных словаў i асаблiва сьмяяўся-цешыўся, калi рыфмаваньне лёгка да гутаркi трапляла. Гэтак, як цяпер.
– Чуў, што ў Вульляны бальшавiкi курэй ловяць?
– забег Пятро наперад Мiколу. Ягоныя звычайна няпрысутныя, дзесь пазiраючыя воддаль вочы цяпер заварушылiся жвавей. Рад быў вялiкую навiну Мiколу перадаць. Якраз папярэдзiў Бахмачовага сына, бо пра гэта хацеў дзяцюк пытацца.
– У Вульляны?
– перапытаў Мiкола.
– Няўжо-ж... Лавiлi ды ўсiх нi палавiлi, дзьве ўцякло i мне папало, лепятаў Пятро.
– Ну ты, Пятро, нi выдурняйся, скажы хто курэй ловiць!
– Хто ловiць? Гэ-гэ-гэ! Ты многа знаць хочаш i скора састарэешся, гы-гэ-гэ...
– Нi выдурняйся, кажу! Скажы, хто курэк ловiць!
– падняў Мiкола голас.
– Ну добра, табе, добраму чалавеку, скажу.
Ён азiрнуўся ў вадзiн канец вулiцы, у другi, быццам высьцерагаючыся, каб нiхто вялiкае тайны не пачуў.
– Кажы, - спанукаў Мiкола.
– Ловiць гэты камбедавiц Сымон i нейкi бальшавiк у чорным, каторага можа з Гацяў прыслалi...
– Ага, во як. I што робяць з тымi, каторых зловяць?
– У мяшок iх кiдаюць ды на рынак вязуць, гэ-гэ-гэ, - рагатаў дзяцюк. Пры тым рагатаньнi так шырака адчынiў рот, што сьлiна тоненькiм шнурком на яго падбародак пацякла.
– Кажу, нi выдурняйся, Пятро, - крыкнуў злосны Мiкола, - кажы, як ёсьць!
Пятро раптам спаважнеў, азiрнуўся на два бакi вулiцы, выцер сьлiну з барады.
– Сьпiсваюць усё чысьценька, - сказаў цiха й спакойна.
– Сьпiсваюць, кажаш?
– Ага, сьпiсваюць.
Мiкола задумаўся, правай рукой адгарнуў на бок даўгiя валосы, уважна зiрнуў Захаруковаму сыну ў вочы. Той спаважнеў, мовы ня было.
– Значыцца, што сьпiсваюць?
– Кажу ўсё: сьвiньней, курэй, авечак, цэлую гаспадарку.
– I гэты бабыль Пятух, кажаш?
– Ага.
– Каб яго зiмля нi насiла!
– падняў Мiкола голас.
– Ну а нi казалi, навошта яны сьпiсваюць?
– Нi знаю, - адказаў дзяцюк. Ён рушыў пад Зянькевiчаў двор, зьбiваючы палкай крапiву ля тыну.
Мiкола азiрнуўся. Дзе падзелiся куры? Некаторыя-ж пэўне пралезьлi ў доктараў агарод, а iншыя мо пад клець схавалiся.
– Мiкола!
– Га?
Ля тыну стаяла Алесява Надзя.
– Што новага чуў? Можа Пятро што казаў?
– спытала.
– Так, казаў, што ў Вульляны нейкi бальшавiк i наш гультай-абармот Пятух пiрапiсваюць усё чысьцiнька.
Ён коратка пераказаў Надзi, што пачуў ад Пятра.
– Можа-б ты падыйшла ды паглядзела, што там робiцца, га?
– прасiў Мiкола дзяўчыну, - бо я сам дома й нi хачу, каб наляцелi. Бацька казаў курэй палавiць, толька чатыры пакiнуць, алi я мусiць рады нi дам. Ды можа яны прыйдуць заўтра, дык я iх сягоньнiка на курасаднi цапну.
– Калi хочаш, памагу, - запрапанавала Надзя.
– Ды мусiць не. Лепi iдзi, паглядзi, што робiцца. Бо хто яго гэтага Пятра знаiць, цi праўду ён казаў.
– Добра, падбягу, - рушыла зь месца дзяўчына.
– I яшчо адно, - сказаў Мiкола.
– Ну?
– Калi ўвiдзiш дзе Янука, - ён даўно са Стасем у гэны бок пашоў, - дык скажы, каб зараз-жа дадому йшоў. Добра?
Надзя рушыла ў вёску. Ля Ўладзiмера Пятуха клецi ўбачыла Янука, Стася ды Антося Дзеркача. Спынiлася.
– Янучок, Мiкола прасiў, каб ты дамоў iшоў.
– А што там такога пiльнага?