Закрываўленае сонца
Шрифт:
Шарманка спынiлася. Пстрыкнула запальнiчка й над сталом падняўся круг дыму. Гэта ня быў той дым, што рэзаў лёгкiя дзяручым смуродам карашкоў.
Рука падсунула Антосю шклянку вады. Ня верачы, вязень зiрнуў на нямую маску й адно пасьля ласкавага "выпите, пожалуйста" сьмяглыя вусны прылiплi да берагу шклянкi. Нiколi, мусiць, за цэлы свой куртаты век не адчуваў Антось такой вялiзнай асалоды. Трыма цi чатырма вялiкiмi глыткамi вада апынулася ў дзяцюковым страўнiку. Зь вялiкiм смакам Дзяркач аблiзаў асьвежаныя вусны й спанатрыўшы новапрыбыўшыя сiлы ў цэлым арганiзьме аж раўней сеў на
– Сейчас вас отведут в камеру, - гаварыў сьледчы.
– Советую вам хорошенько передумать всё, что я здесь сказал и следующим разом не только самому признать все акты вашей вредительской работы, но и выдать всех ваших поплечников. Нет нужды убеждать вас в том что вас ожидает если не сделаете как вам советую.
Антось ня ведаў колькi прайшло часу як з допытаў вярнуўся. Дзесь па калiдоры, за гэным вочкам часта адчынялiся дзьверы, каротка гудзеў голас, а Дзяркач шнураваў ушыр i ўдаўжкi камэры, чакаючы калi зноў яго выклiчуць. Спрабаваў спаць, але, задрамаўшы, прачынаўся ад нясьцерпнага холаду, уставаў, бегаў, хукаў у рукi, дрыжэў-калацiўся. Пасьля, здвалася, няскончанай вечнасьцi, адчынiлiся дзьверы каморы й вартавы загадаў: - А ну-ка давай, с вешчамi!
Дзяцюк зiрнуў на вартавога, вочы прабеглi па пустой каморы. Зь якiмi "вяшчамi"? Забралi-ж амаль голага, не далi навет з бацькам разьвiтацца. У знаёмай яму ўжо канторы кручканосы гарбуз сядзеў за сталом. Калi вартавы зачынiў дзьверы, ён коратка сказаў: - Вы сейчас пойдёте домой. Лишь подпишите эту заявку, что никогда и ником не будете говорить о том, что здесь происходило. Поняли?
Напалоханы й зьняможаны Дзяркач чакаў чаго iншага, але не таго, што чуў i бачыў. Няйнакш сьледчы выдумаў нейкi дрэнны жарт. Зноў непрадугледжанае пачнецца. Цi зможа ён высьлiзнуць з гэтай новай, няведамай пасткi?
– Ну чего стоиш? Разве по-русски не понимаеш? Что с тобой?
Сьледчы падсунуў яму паперку й палажыў збоку ручку. На паперцы было нешта напiсана, але колькi нi намагаўся Антось прачытаць, - а парасейску ня ведаў добра, - лiтары скакалi, дваiлiся. Дом, цяпло, мiска сытнай стравы, вось што, быццам сонца, зазьзяла на цёмным у апошнiя днi Дзеркачовым гарызоньце. Ён навет ня памятаў, калi падпiсываў тую паперку.
Цi раз пазьней Антось разважаў пра нядужасьць i вытрымаласьць фiзычную. I часта прыгадваў як гэным часам, калi адчынiлiся перад iм дзьверы на волю, лягла зноў сонечная й прывабная дарога да роднае хаты, адкуль узялася тая моц, куды сплыла тая вялiкая нядужасьць. Спачатку хiстаўся як п'яны, але па меры таго як аддаляўся ад быўшай вiльлi Вiлiнскага, цяперашняга гнязда "народнай уласьцi", раўней ягоны крок, дужэў арганiзм, сьвяжэла змучаная галава. I паволi, вельмi паволi вярталiся на месцы ўсе пешкi, конi й каралеўскiя фiгуркi жыцьцёвай шахаўнiцы.
Перш за ўсё Антось спасьцярог, што на сьвеце панавала прыгожая, марозная зiмовая ранiца. Усё, здаецца, выглядала бязь зьмен. Людзi, каторых бачыў на вулiцы, каля станцыi, а пасьля i ў вiлах Глыбоцкайi Докшыцкай, дзе Гiбiшына крама раскашэлiлася, займалiся штодзённымi, патрэбнымi справамi. Праўда прыватны гандаль скончыўся, крамы пазачынялi, адзiн калiшнi каапэратыў, цяперашнi "горпiшчапромторг" гудзеў натоўпам. Народ вылiўся ў даўгi хвост чаргi, што цягнуўся аж да калiшняга "пастарунку палiцыi панствовай". Антось мяркаваў, што пэўне нешта важнае давалi. А мо хлеб чорны...
I ўсё-ж у Антосевых вачох жыцьцё выглядала накш, чым раней. Зьмена магла адбыцца ў яго самога. Вазьмi, прыкладна, гэных людзей у чарзе. Цi мала каторы думае, што калеючы на марозе за кавалкам хлеба, ён на дне нядолi апынуўся. Але цi каторы зь iх зьведаў тую камору, дзе апошнiмi днямi калеў Антось, цi хто зь iх ведае пакуты, волю страцiўшы?
Гэтак думаючы, iшоў Антось, не наважыўшы яшчэ што рабiць. Так звычайна захоўваецца арыштант, што пачынае на волi першыя крокi ставiць. Дзяркач сустрэўся лоб у лоб з Тодарам Кмiтам.
– Антось, куды ты? Як гэта з табой, пусьцiлi?
– гукнуў той з бадзёрым выглядам. Ён трымаў нешта ў лужэльнай торбе пад пахаю. Апрануты быў у новыя боты з рудымi халявамi, суконную тужурку, барашкавую шапку. Кароткiя вусiкi прыдавалi весялосьцi румянаму твару.
– Здароў, Тодар. От чаго ня ўзьбiўся на цябе, загледзiўся, - вiнавата пачаў Антось.
– Здароў, здароў!
– трос руку Тодар.
– Дык адкуль ты й куды.
– Ды нi пытайся. Каму-ж ведаць, калi нi табе?
– Што ты, дзяцюк, вярзеш? Праўда, што там быў?
– нацiснуў Тодар на перадапошняе слова
– Так, быў.
– Ну й што?
– Браток, нi пытайся, бо нi скажу. Паперку мусiў падпiсаць.
– Якую гэта паперку?
– Такую, дзе прырок вады ў рот набраць. Кумекаiш?
Рашчараваны Тодар адвёў вочы набок, думаў.
– А Косьцiка цi Лявона ня вiдзiў тамака?
– Не, ня вiдзiў, - спакойна адказаў Антось.
– А чаго iм тамака цiгацца?
– Дык от-жа ня iм цiгацца, а iх пацягнулi, - зьнiзiўшы голас, ледь чутна паведамiў Кмiта.
Нельга сказаць, каб Антось адубеў ад такой навiны, але ён нiзка й працягла сьвiснуў, а вочы ягоныя нявыспаныя, з выразам "глянь ты, што робiцца", затрымалiся доўга на Тодаравым твары.
– Алi ты абажджы, - казаў Тодар, - ты во змучаны, вiдаць... Каб сьцюжа цябе нi хапiла, давай зайдзiмся.
Антось не адмаўляўся, калi Тодар яго за руку пацягнуў. Ня ведаў, куды цягне, а Кмiта задняй вулачкай прывёў яго ў рэстаран. Уласьнiк Шапiра ня ведаў, што далей будзе, рэстаран не пераключыўся яшчэ на новы лад. Сваiх клiентаў, што любiлi чарку, Жыд часам i на кухнi ўгасьцiў.
У Шапiравым дварэ Тодар падыйшоў да свайго каня, прывязанага да плоту, падкiнуў яму сена, пагладзiў па шыi.
– Падай нам, Хаiм, чаркi!
– загадаў Тодар гаспадару, калi зачынiў скрыпучыя дзьверы й расьселiся каля стала.
– Гэтта пагрэемся, - зьвярнуўся да Антося.
– Дык, кажаш, рот зачынiлi, то й пытацца ня буду. Алi-ж вiджу, што ня ў выгадзе быў...
Гэтак гаворачы, Тодар выцягнуў з торбы празрыстую паўлiтроўку маскоўкi, сьвежы бохан крамнага хлеба й кавалак сала. На доўгiм стале напокуцi, побач рознага посуду, шыпеў вялiкi руды самавар. Пах селядцоў, капусты й печанай цыбулi атакаваў нос. Адзiн столiк пуставаў ля дзьвярэй. I трымаў, мусiць, Шапiра поўны самавар на выпадак, калi хто зайдзе пагрэцца.