Закрываўленае сонца
Шрифт:
У Лiпавiчах астаўся нейкi пэхотны адзьдзел паводля таго, што ў дзень "вызваленьня" стрэльбы на абшмуляных вяровачках нёс. Асталося-ж, пэўне, i некалькi "максiмаў" ды "тачанак", мо навет такiх, пра каторыя ў адной песьнi гарлапанiлi: "ах тачанка-растачанка, все четыре колеса".
Ажно вечарам урачыста затрашчэла ў доктара Зянькевiча хрыпатым радыё й нейкi голас зь Менску, пачаўшы зусiм неўрачыстым прачышчэньнем глоткi, паведамiў, што "гнюсная Фiнландзiя, талкаемая да авантуры ненажэрнымi захаднiмi iнцiрвентамi-капiталiстамi, учора напала на мiралюбны Савецкi Саюз. Зараз баi йдуць на шырокiм фроньце ад Паўночнага акiяну да паўднёвага пярэсмыка Карэлii."
Охцiнькi
"...наука сделала эту истину совершенно определенной. Именно поэтому наука отрицает бога, как создателя..."
Сымон Пятух, схаваўшы калматую грыву ў каўнер кажуха, каторы, мусiць, у Лазоўскага сьцягнуў, маўклiва смуродзiў "казiнай ножкай", на гразкую падлогу пляваў. Зьнiякавеў i ацiх ад таго часу, як Косьцiка й Лявона пацягнулi. Антось яму зусiм нядвузначна пра розныя цымусы ў руках "народнай уласьцi" шапнуў. I хоць Сымону цяпер, як казаў той, вароты да ўлады ў Лiтоўцах навосьцеж адчыненымi стаялi, гультай, карцёжнiк i п'янiца зусiм ацiх i асеў.
"...кому эта гнусная ложь нужна? Тем мракобесам, которые через религию владели умами, а стало быть и материальным имуществом народа, тем, которые рабочих и крестьян, всех трудящихся закабалили. Ведь не кто иной, а сам Владимир Ильич Ленин сказал, что религия - опиум для народа..."
У хаце ўжо больш як тры пары сам Мiкола гаспадарыў. Лiтоўскiм сялянам, у тым лiку й Бахмачу, дрэва зь Перасечана вывозiць загадалi. На каня па трыццаць кубамэтраў налажылi. А кабыла-ж жарэбная была. Спадзяваўся бацька, што калi добрае жарабё прывядзе, можа на каня ўзжывецца.
"...именно клерикалы воспрепятствуют всякому прогрессу, потому что прогресс - это наука, а где наука, там народ, увидев истину, отбросит клерикалов-мракобесов и их ложные суеверия и притчи..."
Бацька выхадзiў прастуду, Косьцiкам i Лявонам у варыўнi нагнаную. Часта скрыпеў, быццам старое, надломаннае дрэва, але наракаць надта не наракаў пасьля таго, як ласы кавалак зямлi ў Лiпавiчах прыдзялiлi. Дзiва колькi пасьвятлеўшае заўтра жыцьцёвае моцы дало. Хапiла аднаго кавалка ўрадлiвай зямлi, каб чалавек на поўны рост стануў, гадоў на дзесяць памаладзеў.
"...Советская власть рабочих и крестьян стремится к благополучию жизни своих граждан и потому бдительно разоблачает какую-либо религиозную чужеложь. Но нельзя сказать, что легко разоблачать религиозную ложь. Мало того, что наше советское правительство и коммунистическая партия, что наши организации воинствующих безбожников, вдохновенные великой идеей всенародного блага, ведут широкое фронтовое наступление на гнусных мракобесов, антинародных клерикалов и их темные религиозные суеверия и предрассудки. Недостаточно всего этого, ибо столетия церковной лжи прочно внедрили в народе религиозные предрассудки и сегодня ещё не сдаются самые отставшие и темные элементы его. Чтобы истребить эти предрассудки, разоблачить ложь клерикалов, отставшим указать путь к воинствующему научному марксизму нужны усердия каждого из нас. Да, нужно проявлять всевозможную бдительность, повторяю - беспощадную бдительность..."
Дрыжыць млосная Пракопава рука, трымаючы набухтырыную Шпунтом шклянку агiднай сiвухi. Зладзейскiя Сабакевiчавы вочы, як кот мыш, пiльнуюць зьняможанага Януковага бацьку, каторага ў халодны пот кiдае. Ён паволi, цяжка ўстае за сталом. Рука апушчаецца й ставiць шклянку на стол, вочы сьвецяцца скрухай i дрыжыць голас малiтвы: "Сьвятая Апрасiньня Полацкая, Дарагая Правiднiца наша, заступiся за нас!"
Тры постацi застылi пры стале. Цяжкое дыханьне й мёртвае маўчаньне. Мiг - цэлая вечнасьць. "Я табе, яцi тваю маць, пакажу тваю Апрасiньню!" грымiць разьюшаны, хрыплы бас i шклянка цаляе проста ў цэнтар абраза Прадславы. Як цяжкi мех, бацька асоўваецца на лаву, дрыжаць бледныя вусны.
"...бдительность нужно применять везде и всегда, ибо враг не сдается и не думает сдаваться. Борьба с клерикалами-мракобесами будет длинной и упорной..."
Кагадзе пашырылася ў Лiтоўцах навiна, што чорнабароды Абухаў у Дубовiцкай царкве свае модлы спынiў. Парафiю ўлада асядлала такiмi вялiкiмi "ўзносамi", што каб няведама якiмi грамадамi ў царкву сьпяшылi й якiя вялiкiя матар'яльныя ахвяры прыносiлi, дык усё ў касматую "асвабадзiцельную" лапу трапiць, а самому дубовiцкаму сьвятару, быццам, на грыбную полiўку навет ня хопiць. Казалi, што быццам сьвятар з залатым крыжам пры царскiх варотах на тэму такога нефартуннага павароту справы, густа ў чорную бараду чмыхаючы, прасьлязiўся, помачы прасiў. Ды "узносы", як з гэных гутарак спанатрыць можна было, ня толькi царкоўную, але й Абухаву прыватную маёмасьць учэпiстамi лапамi агарнулi. На дзьвярох Дубовiцкае вялiкi замок побач нейкай урадавай запiскi вiсеў, а сам сьвятар, з пляшкамi блiжэйшае сваяцтва завёў.
"...нужно сообразить, что мракобесы-клерикалы совершенно бессильны без поддержки масс. Задача наша поэтому есть в просвещении..."
Максiм Паўлавiч левай рукой палез пад бараду, расшпiлiў аплiк i пару гузiкаў шэрай, у клетачкi, сьвiткi ды далей шаманiў сiпата-траскучым голасам. Янук зiрнуў на шчэрбiну свайго левага бота. Тарчэлi адтуль рудыя драўляныя цьвiкi. Налезла сьнегу, пальцы нагi варушылiся ў вiльготнай анучы. Бурчэў-наракаў жывот. Можа за пару гадзiн па гэтым марозiшчы дахаты дабярэшся, а там Мiкола з капустай сустрэне. Добра, калi кавалак косткi зь мясам пападзе.
Уздрыгнуўся з дрэмкi ля вакна Мiкiта Пятровiч, зiрнуў на агiтатара з "народнага абразаванiя", кiнуў вокам на вялiкую белую цыбулiну-гадзiньнiк на руцэ. Каб перапынак скарэй.
"...которые помогают мракобесам, есть везде вокруг вас. Они - ваши друзья, знакомые, ваши родственники. Будьте бдительными и стремитесь с самого начала их разоблачить ибо разоблачение есть первой степенью просвещения..."
Косьцiк ведаў, што рабiў. Ён Януковага бацьку "мракабеса разаблачаў". Вось яно што.
"...наши общие интересы, стало быть интересы коммунистической партии, могуиественного советского государства, правительства его и мудрейшего из мудрых отца народов, гениального корифея коммунизма, товарища Сталина, стоят выше интересов семейственных, собственных и прочих..."
Кляса перасеялася. Адыйшлi нафуфырыныя, намаляваныя, пасьвяточнаму апранутыя панкi й паненкi. Недзе мо ў вагонах па дарозе на Сiбiр, цi ў iншым катуху "нiаб'ятнай" голад i холад iм з павекаў сон зганяе. Там-жа й Верачка-цацанька з галапупымi разам. Божа магутны! У клясе ўважна слухалi гэтага дзiвака сьцiплыя, простыя, даверлiвыя сялянскiя дзеткi. Спачатку было "асадзi назад" зь сёмай i шостай у пятую. Бальшавiцкая мешалка перамяшала, на новы лад падраўняла. У шостай больш здольныя засталiся, а ў сёмую наплылi сынкi й дачушкi "васточнiкаў". "Народнаўладнiцкая" мешалка прынесла ў клясу лапцi, сукенкi й сьвiткi ў лапiках, розныя транты-абноскi, вожыкамi стрыжаныя галовы. Затаптаная гразёй падлога даўно вады й мыла прасiла. Цяпер-жа адно "камбедаўцы" вопраткай вырозьнiвалiся.