Закрываўленае сонца
Шрифт:
– Кося мая, коська добрая... як табе цяжка, - прамовiў хлапец.
I не пачуў Янук у вадказ зычлiвага iржаньня. Распрог санi, адчынiў у хлеве дзьверы, з крука зьняў шырокую коўдру. I цяпер, падчас начной мяцелiцы, нясло ад яе едкiм конскiм потам. Паволi й старанна накрыў Янук кабылу, узяўся падвязваць коўдру падпругай. I тады перадалося Януку выразнае, дагэтуль неспазнанае iм дрыжэньня. Здавалася, што пачыналася яно ў кабылiных нагах ды перабягала ў жывот. Iншым разам ахвотна, - ня ўтрымаеш яе, - сьпяшыла да напоўненых пахучым сенам ясьляў. Цяпер-жа спанукаць трэба было.
Зачынiў
Ля цёплай чыгуннай печкi, выцягнуўшы ногi, нярухома сядзеў бацька. Адмярзалi лапцi з анучамi, зь iх уверх уносiлася пара, а кроплi вады капалi на падлогу. Левай рукой бацька забаўляўся з мокрымi вусамi. Твар зарумянiўся, а застылыя на нейкiм пункце вочы не паднялiся й ня зiрнулi на Янука. На прыпечку стаяў ведамы Януку кацёл зь ведамай Мiколавай капустай.
– Нi дай Ты, Божа, калi што станiцца! Зацiгаў, мусiць, бедную кабылу. От нечысьць праклятая. Узваляць столька здаравеннага даўгога бярвеньн, ну й цягнi аж на тую станцыю. дзе-ж гэта ей, жарэбнай, ды яшчо па такiм сьнягу справiцца! Як ськiнiць дык i дзiва ня будзiць. Спадзяваўся на маладога каня ўзжыцца, аж тутака во...
Дрыжэў няроўны бацькаў голас i часта плюшчылiся вочы. Памалу паднялася левая нага, лягла на калена правае й крукаватыя, шурпатыя пальцы ўзялiся памалу разьвязваць вяроўкi лапцей i адкручываць анучы. Мiкола палажыў крыглы бохан хлеба й паставiў глiняную мiску на стале.
– Ты, сынок, гэта самае, паразьвешвай, каб сохлi, - зьвярнуўся бацька да Янука.
– Дзе-ж гэта хто калi чуў, каб па трыццаць кубамэтраў на каня давалi! Паспробуй, вывязi! Дзiва, што кабыла падбiлася. Мусiць ня вiдзiць нам таго жарабя...
Маўклiвы Янук стаяў ля прыпечку й пазiраў на зьняможанага, крэкчучага бацьку. Дрыжачы голас спынiўся й па левай шчацэ скацiлася вялiкая, празрыстая сьляза. Нехта абцугамi сьцiснуў Януку ў грудзёх. Напокуцi, у чырвоным шкле, хлiпала перад абразамi лямпадка. Каб не расплакацца, Янук перастаў глядзець на бацьку, перавёў вочы на абразы й здалося яму, што ў пабiтым шкле ажыла чырвонай сьлязой пад вокам Прадславы засочлая кропля Тодаравай "лепшай за сталiчную"...
32
Любiнаму дзевiру Мiхалюку цi ня першы раз у жыцьцi так пашанцавала стацца цэнтрам агульнае ўвагi вёскi. Рассасулiўшыся за сталом, падпёршы падбародак правай даланёй, ён крыўдна-лянiва варушыў тоўстымi вуснамi.
– Дык-жа-ж от кажу, што ажно ў Вiльню загналi. Паслалi мяне ў полк... ну дзе гэну самую чынную тады служыў. Вы-ж помнiце... Ну дык мяне туды й цяперака, значыцца, - каб я з гэтага месца нi зышоў, пабажуся от, - ды адразу аж за тую Аршаву недзiка на хронт... а нашых нi знаю куды параськiдалi...
– Дык як-жа гэта ты, Мiхалючок, нi пытаўся нiкога, цi ня вiдзiў нiкога, дый нiчагусянькi нi знаiш i ня ведаеш?
Вульлянiн плаксьлiвы голас перадаў эмацыянальную зьнямогу доўга чакаючай, сплаканай маткi, што ў асобах сваiх двух "галубкоў" усё спадзяваньне й будучыню ў гэнай далёкай вайне страцiла. Каб хоць якi сьцiплы праменьчык, макулiнку-вестачку прынёс Мiхалюк. Дакорлiвым рашчараваньнем у з болем пазiралi на Мiхалюка дзясяткi жаночых i мужчынскiцх вачэй. Не магло памясьцiцца ў галаве, што з таго сьвету вайны, якая праглынула столькi вясковай моладзi, першым вярнуўся найбольш ведамы, нiчога няздольны сказаць тупiца. Каб на яго месца хто больш празорлiвы, кемлiвы...
Ды нi выпадала Мiхалюка вiнавацiць. Сьвежым у памяцi бытаваў i пры згадцы сьмехам людзей душыў надта-ж паказальны зь Мiхалюковай вайсковай кар'еры выпадак.
Калi пару гадоў перад вайной адбарабанiў дзяцюк "чынную", далi яму ў Вiльнi чыгуначны бялет i сказалi яму цягнiком дамоў ехаць. Няпiсьменны Мiхалюк, каторага ледзь у пехаце не заганялi, пакуль левую ад правай навучыўся адрозьнiваць, больш як чатыры пары зь Вiльнi ў Лiтоўцы пехатой шкандыбаў. Дзiвiлiся людзi, што не заблудзiў, ды гэтта ськiдку давалi на тое, што навет Мiхалюкоў непаваротлiвы язык у родным краю дарогi мог дапытацца.
– Дык чаму-ж ты на поiзд ня сеў?
– пыталiся яго, рагочачы.
– Дык-жа пашоў садзiцца, алi ня ведаў на каторы. Тамака ў Вiльнi паяздоў тых сам чорт нi разьбярэць, нi так як гэттака ў Гацях, - адказаў сур"ёзна Мiхалюк.
– А як пусьцiлi дамоў, далi якую паперыну, цi што?
– Дык от-жа далi нейкую.
Зь кiшэнi выцягнуў i камшыў нешта ў вялiкай, тады ўжо адвыклай ад гнаявых вiлаў даланi. Людзi прыгледзелiся й распазналi пасьветку з войска й чыгуначны бiлет з Вiльнi ў Гацi.
Пакрыўдзiўшы Мiхалюка ў адной дзялянцы, добра ўзнагародзiў яго Тварэц у iншай. Пры малацьбе, касавiцы, вывазе гною й iншых працах, дзе здаравенныя мускулы патрэбныя былi, цi хто ў Лiтоўцах i суседнiх вёсках мог зь дзяцюком справiцца,
– Нi нарадзiўся мусiць той, каторы зь Мiхалюком пры гнаявых вiлах зраўняецца, - кпiў Антось Дзяркач.
– Тры разы, братцы мае, кiнiць, глядзiш i воз. От ужо толькi вiлы падаваць спраўляйся. Мядзьведзь, сiлы сваей нi знаiць. Як падчэпiць пад камiнь, вiлы - трэсь! Глядзiш ужо двух цi трох сукоў нiма. Хэ-хэ-хэ! От i ўбi ты ў мазга-ўню ягоную, каб памяркоўна, вiлаў нi ламаў.
Люба, удава па Мiхалюковым брату, жыла са сьвякроўкай, якой пад семдзесятку падбягала. Кавалак зямлi мелi спорны, ды якая-ж гаспадарка без гаспадара. Мiхалюк зь Вiльнi пехатой прышкандыбаць здолеў, але ўсё-ж гэта ня тое, што ладам гаспадарку павесьцi.
Давалi вясковыя дзяцюку ськiдку й на яго няпiсьменнасьць, i невялiкую кемлiвасьць, i нехлямяжасьць у вопратцы, дый звычайную ляноту. Пры iншай нагодзе нiхто-ж, пэўне, на яго й крывога слова не сказаў-бы. Гэтта-ж, як наўмысна, вайна паставiла Мiхалюка ля самага чульлiвага жыцьцёвага нэрву, найбольш дакучлiвай i балючай раны. Прынёс-бы якую вестку, - памысную, прыемную, цi навет сумную пра каго зь вясковых новабранцаў, - зусiм накш было-б. Людзям проста ў галовах не магло памясьцiцца, што быў ён "тамака, з усiмi разам", прынамся вёску з адным скрыпам дзьвярэй пакiнуў, ды зусiм нiчога пра нiкога ня чуў. Антось Дзяркач патрапiў навет з рук чужынцаў вышмыгнуць, а гэты...