Замежная фантастыка
Шрифт:
А як жа сістэмы сачэння? Яны не выяўлялі ніякага прадмета памерам хоць бы з астэроід. Сігналы маўчалі і цяпер.
Гэтага не магло быць — таго, да чаго ён набліжаўся і што было ўжо за некалькі соцень міляў пад ім.
Раптоўная пагроза катастрофы прымусіла яго забыцца нават на праціўніка. Ён уключыў пярэднія тармазныя ракеты і, павіснуўшы на рамянях з усяе сілы наваліўся на штурвал аварыйнага павароту, ведаючы, што толькі поўная магутнасць рухавікоў уратуе яго ад катастрофы і што ад такіх перагрузак ён зараз страціць прытомнасць.
А цяпер ён сядзеў на гарачым блакітным пяску, зусім голы, але цэлы і здаровы.
Ён, хістаючыся, стаў на ногі. Сіла цяжару была крыху большая за зямную. Ненамнога.
Навокал распасціраўся роўны пясок. Дзе-нідзе купкамі раслі нейкія мізэрныя кусцікі. Яны таксама былі блакітныя, але розных адценняў — адны святлейшыя, чым пясок, другія цямнейшыя.
З-пад бліжэйшага куста выбегла маленькая жывёліна, падобная на яшчарку, толькі ў яе былі не чатыры нагі, а куды болей. Яна таксама была блакітная — светла-блакітная. Убачыўшы Карсана, яна зноў схавалася пад куст.
Боб зноў паглядзеў угору, спрабуючы ўцяміць, што ж там такое. Гэта не было падобна на дах, аднак мела форму купала. Яно мігцела, і глядзець на яго было цяжка. Ды яно напэўна з усіх бакоў даходзіла да самай зямлі — да блакітнага пяску.
Боб стаяў недалёка ад цэнтра купала. Да бліжэйшай сцяны — калі гэта сцяна — было метраў сто. Над плоскай паверхняй пяску як быццам было перакулена нейкае блакітнае паўшар'е метраў 250 у акружнасці.
І ўсё было блакітнае, акрамя аднаго прадмета. Каля далёкага боку круглай сцяны ляжала нешта барвовае. Гэта быў амаль правільны шар дыяметрам каля метра. Ён быў занадта далёка, каб яго можна было ясна разгледзець у гэтым блакітным мігценні. І ўсё-такі Карсан чамусьці здрыгануўся.
Ён выцер пот з ілба тыльным бокам рукі.
Што гэта, кашмар? Гэтая гарачыня, гэты пясок, гэтае цьмянае адчуванне жаху пры адным позірку на барвовы шар?
Сон? Не можа быць: у час касмічнага бою не засынаюць.
Смерць? Немагчыма: калі бяссмерце і існуе, то ў ім не можа быць гэтага недарэчнага блакітнага пяску, блакітнай гарачыні і барвовага жаху.
І тады ён пачуў голас.
Ён пачуў яго не вушамі — голас загучаў усярэдзіне яго галавы. Ён ішоў ніадкуль і адусюль.
«Падарожнічаючы ў прасторы і часе, — звінела ў яго ў мозгу; — я выявіў дзве цывілізацыі, гатовыя пачаць вайну, якая б знішчыла адну з іх і настолькі аслабіла б другую, што яна непазбежна рэгрэсавала б і ўжо ніколі не выканала б свайго прызначэння, а распалася б і вярнулася ў пыл, з якога яна ўзнялася. Ды гэтага не павінна здарыцца».
«Хто… ты?» — Карсан не сказаў гэтага ўголас, але пытанне ўзнікла ў яго ў мозгу.
«Ты не зможаш гэтага правільна зразумець. Я… — голас замоўк, як быццам шукаў у мозгу Карсана слова, якога там не было, якога ён не ведаў. — Я — вынік эвалюцыі цывілізацыі такой старажытнай, што яе ўзрост нельга выказаць зразумелымі табе словамі. Цывілізацыі, што злілася ў адзінае цэлае, якім можа стаць і твая прымітыўная цывілізацыя… — зноў паўза, падшукванне слова, — праз доўгі час. Такім могуць стаць і тыя, каго ты называеш Прышэльцамі. Таму я і ўмяшаўся перад пачаткам бітвы, гэткай роўнай, што вынікам яе будзе знішчэнне абедзвюх цывілізацый. Адна з іх павінна выжыць. Выжыць, каб развівацца далей». «Адна, — падумаў Карсан. — Мая ці…» «У маіх сілах
«Кашмар. Вядома, гэта кашмар», — падумаў Карсан. Але ён ведаў, што гэта не кашмар.
Усё гэта было занадта бязглузда, занадта неверагодна, каб не адбывацца на самай справе.
Ён не адважыўся задаць пытанне — які? Але яго думкі задалі гэтае пытанне самі.
«Выжыве мацнейшы, — сказаў голас. — Гэтага я не магу — і не стаў бы — мяняць. Я проста ўмешваюся, каб гэта была сапраўдная, а не… — зноў паўза, — а не Пірава перамога, каб цывілізацыя, што пераможа, не была ёю зламана.
Я выбраў двух індывідуумаў — цябе і Прышэльца. Я бачу, што ў вашай старажытнай гісторыі, гісторыі міжнацыянальных войнаў, вядомыя паядынкі паміж прадстаўнікамі плямёнаў, якія вырашалі зыход барацьбы.
Табе і твайму праціўніку трэба будзе вытрымаць паядынак. Абодва вы голыя і бяззбройныя, абставіны аднолькава незнаёмыя абодвум, аднолькава непрыемныя абодвум. Час не абмежаваны — тут няма часу. Адзін з вас пераможа. Яго цывілізацыя выжыве».
— Але… — Карсан сам не ведаў, што ён хацеў сказаць, але голас адказаў:
«Гэта справядліва. Умовы такія, што вырашыць не выпадковая фізічная перавага. Паміж вамі бар'ер. Ты зразумееш. Розум і мужнасць будуць важнейшыя за сілу. Асабліва мужнасць — воля да жыцця».
— Але пакуль гэта будзе адбывацца тут, нашы касмалёты…
«Не, вы ў іншым часе, іншай прасторы. Пакуль вы тут, у вядомым вам свеце час стаіць на месцы. Я бачу, ты думаеш, ці на самай справе ўсё гэта існуе. І так і не. Але для цябе цяпер гэта існуе сапраўды. І калі ты памрэш, ты памрэш сапраўды. А твая смерць будзе канцом усёй вашай цывілізацыі. Цяпер ты ведаеш дастаткова».
І голас змоўк.
Карсан зноў застаўся адзін. Не, не адзін — ён узняў вочы і ўбачыў, што той барвовы прадмет, той страшны шар, які, як ён цяпер ведаў, і ёсць Прышэлец, коціцца да яго.
Коціцца.
У яго як быццам не было ні рук, ні ног, ніякіх вонкавых прыдаткаў. Ён каціўся па блакітным пяску, як кропля ртуці. А перад ім нейкім чынам шырылася, паралізуючы, хваля галавакружнай, дурманлівай, страшнай нянавісці.
Карсан азірнуўся. За некалькі футаў ад яго ў пяску ляжаў камень — адзінае, што магло сысці за зброю. Камень быў невялікі, але з вострымі краямі, як у асколка крэменю. Ён і падобны быў на блакітны крэмень.
Карсан схапіў камень і прыгнуўся, гатовы адбіць напад. Праціўнік набліжаўся — ён рухаўся хутчэй, чым мог бы бегчы Карсан.
Не было калі думаць пра тое, як змагацца з ім, ды і як можна было загадзя ўявіць сабе змаганне з істотай невядомай сілы, невядомай будовы, з невядомымі прыёмамі барацьбы?
Дзесяць метраў. Пяць. І тут яно спынілася.
Правільней, яго штосьці спыніла. Яго пярэдняя частка раптам стала пляскатай, нібыта яно наткнулася на невідочную сцяну. Яно нават адскочыла назад.
Потым яно зноў пакацілася ўперад, ды ўжо павальней, асцеражней. І ў тым самым месцы зноў спынілася. Паспрабавала ў іншым месцы — і таксама спынілася.