Замежная фантастыка
Шрифт:
Паміж імі быў нейкі бар'ер. І Карсан успомніў: «Справу вырашыць не выпадковая фізічная перавага. Паміж вамі бар'ер».
Гэта, вядома, нейкае сілавое поле. Не поле Нетцы, вядомае на Зямлі: яно свяцілася і патрэсквала. Гэтае было невідочнае і не выдавала ніякіх гукаў.
Бар'ер ішоў ад аднаго краю перакуленага паўшар'я да другога. Карсану не давялося самому ў гэтым пераканацца — гэта зрабіў Прышэлец. Ён бокам пракаціўся ўздоўж бар'ера і не знайшоў праходу.
Карсан ступіў паўтузіна крокаў уперад, выцягнуўшы перад сабой левую руку, і нарэшце дакрануўся да бар'ера. Ён быў гладкі, пругкі, падобны болей на гуму,
Ён кінуў камень і налёг на бар'ер абедзвюма рукамі. Бар'ер як быццам крыху падаўся. Але не больш, нават пасля таго, як Карсан наваліўся на яго ўсёй сваёй вагою. Гэта было падобнае на сталь, пакрытую слоем гумы. Да нейкай мяжы — пругкасць, а далей — несакрушальная цвёрдасць.
Ён прыўзняўся на наскі, але там, куды ён мог дацягнуцца, быў бар'ер.
Прышэлец, дакаціўшыся да краю арэны, вяртаўся. У Карсана зноў закружылася галава, яму стала моташна, і ён адступіў ад бар'ера. Але Прышэлец не спыніўся.
А ці далёка ідзе бар'ер уніз. Карсан устаў на калені і пачаў раскопваць пясок. Пясок быў лёгкі, рыхлы, капаць яго было лёгка. Ён выкапаў яму глыбінёй на два футы, — і бар'ер там усё яшчэ быў.
Прышэлец зноў каціўся да яго. Відавочна, ён нідзе не знайшоў праходу.
Але ж павінен быць спосаб пранікнуць праз бар'ер, падумаў Карсан. Мы павінны неяк дабрацца адзін да аднаго. Іначай уся гэтая дуэль не мае сэнсу.
Але не трэба спяшацца. Спачатку трэба паспрабаваць што-колечы яшчэ. Прышэлец ужо вярнуўся і спыніўся з таго боку бар'ера, усяго за нейкіх метры два ад Карсана. Здавалася, ён разглядае яго, хоць Карсан ніяк не мог выявіць у яго якіх бы там ні было органаў пачуццяў. Нічога падобнага на вочы, вушы, нават на рот. Зрэшты, цяпер ён убачыў на паверхні з дзесятак выемак, і якраз у гэты час з дзвюх такіх выемак раптам высунуліся два шчупальцы, якія пагрузіліся ў пясок, быццам спрабуючы ягоную шчыльнасць. Шчупальцы былі каля цалі дыяметрам і фута паўтара даўжынёй. Яны ўбіраліся ў выемкі, калі ў іх не было патрэбы — напрыклад, калі Прышэлец каціўся. Да яго спосабу перамяшчэння яны, відавочна, не мелі дачынення. Наколькі Карсан мог меркаваць, Прышэлец перакочваўся, неяк змяняючы размяшчэнне свайго цэнтра цяжару, хоць як ён мог гэта рабіць, Карсан не меў нават далёкага ўяўлення.
Яшчэ раз паглядзеўшы на Прышэльца, ён здрыгануўся. Гэта была істота, да жудасці чужая ўсяму зямному, усім формам жыцця, выяўленым на іншых планетах Сонечнай сістэмы. І ён інстынктыўна адчуў, што розум, якім надзелена гэтая істота, гэтаксама чужы ўсяму зямному, як і ягоны арганізм.
Ды паспрабаваць трэба было. Калі гэтая істота не мае тэлепатычных здольнасцей, спроба асуджана на няўдачу. Але Карсану здалося, што такія здольнасці ў Прышэльца ёсць. Ва ўсякім разе, ён пасылаў вакол сябе амаль адчувальную хвалю адчування — адчування нянавісці. А калі гэтак, то, мабыць, ён зможа і чытаць думкі.
Карсан падняў камень — сваю адзіную зброю, потым дэманстратыўна шпурнуў яго на зямлю і ўзняў перад сабою пустыя рукі далонямі ўперад. Ён загаварыў, хоць і ведаў, што яго словы будуць незразумелыя гэтай істоце, — але ён падумаў, што гэтак яму будзе лягчэй засяродзіцца на думках, якія ён хацеў перадаць.
— А можа, мы заключым мір? — сказаў ён, і ягоны голас дзіўна прагучаў у абсалютнай цішыні. —
Карсан адключыў усе свае думкі, каб атрымаць адказ.
І адказ прыйшоў — ён абрынуўся на яго амаль фізічна, аж Карсан пахіснуўся. Ён нават адступіў на некалькі крокаў, жахаючыся ад сілы і глыбіні той нянавісці, той прагі забіваць, якія адкрыліся перад ім у перададзеных Прышэльцам вобразах. Не ў членападзельных словах, як перадаваліся яму думкі Адзінай Істоты, а ў хвалях дзікага шаленства. Нейкі момант, што здаўся яму вечнасцю, ён змагаўся з сілай гэтай нянавісці, каб ачысціць ад яе свой розум і адагнаць чужыя думкі, якія ён дапусціў сабе ў галаву. Яго занудзіла.
Ягоны розум памалу вызваліўся, як чалавек, ачуняўшы ад кашмару, пакрысе разрывае ніці трызнення, якімі быў аблытаны, Карсан яшчэ задыхаўся і чуў слабасць, але ён ужо мог думаць.
Ён стаяў, разглядаючы Прышэльца. Той не кратаўся з месца, пакуль ішла гэтая дуэль, якой ён ледзь не выйграў. Цяпер ён адкаціўся на некалькі футаў убок, да бліжэйшага блакітнага куста. З выемак паказаліся тры шчупальцы і пачалі абмацваць куст, галінка за галінкай.
— Што ж, — сказаў Карсан, — вайна дык вайна. Яму ўдалося нават крыва ўхмыльнуцца. — Калі я правільна цябе зразумеў, мір цябе не задавальняе.
І, не могучы ўстрымацца ад прыгожай фразы, дадаў:
— Вайна — не на жыццё, а на смерць!
Ды ў гэтай абсалютнай цішыні яго словы прагучалі недарэчна, — нават ён сам гэта адчуў. І тут ён зразумеў, што вайна будзе сапраўды не на жыццё, а на смерць. І яго смерць — ці смерць гэтай круглай істоты — будзе смерцю цэлай цывілізацыі. Калі ён пацерпіць паражэнне, гэта прывядзе да пагібелі чалавецтва.
Падумаўшы гэтак, ён раптам адчуў страх. Ён жа ведаў гэта напэўна, без ніякага сумнення. Ён чамусьці ведаў, што той, хто наладзіў гэты паядынак, гаварыў праўду пра свае намеры і магчымасці. Не абдурваў.
Будучыня чалавецтва залежыць ад яго. Пра гэта было страшна падумаць, і ён адагнаў гэтую думку. Трэба было падумаць пра пільныя справы.
Павінен жа быць які-небудзь спосаб пранікнуць праз бар'ер — ці забіваць праз бар'ер.
З дапамогай тэлепатыі? Ён спадзяваўся, што не, таму што тэлепатычныя здольнасці Прышэльца яўна перавышалі чалавечыя. А можа, не перавышалі? Змог жа ён выгнаць з свайго розуму думкі Прышэльца. А Прышэлец? Калі ў яго мацней развіта здольнасць перадаваць свае думкі, ці не робіць гэта яго больш уразлівым для чужых?
— Памры, — падумаў ён. — Ты зараз памрэш. Ты паміраеш. Ты…
Ён спрабаваў некалькі разоў, у розных варыянтах, спрабаваў перадаваць вобразы. Пот выступіў у яго на лбе, ён увесь калаціўся ад напружання. Але Прышэлец працягваў абмацваць куст — усё гэта зрабіла на яго не большае ўражанне, чым калі б Карсан расказваў табліцу множання. Значыць, нічога не выйшла.
Ад гарачыні і страшнага напружання думкі ён зноў адчуў слабасць і галавакружэнне. Ён прысеў на пясок адпачыць і заняўся пільным вывучэннем Прышэльца. Мажліва, ён зможа выявіць яго моцныя і слабыя бакі, даведаецца пра што-небудзь такое, што можа спатрэбіцца, калі справа дойдзе да рукапашнай.