Замежная фантастыка
Шрифт:
Што-небудзь накшталт гарпуна? У гэтым нешта ёсць, падумаў ён. Для гэтай вар'яцкай бойкі гарпун лепей, чым кап'ё. Калі б прабіць ім Прышэльца і калі да гарпуна будзе прывязана вяроўка, ён зможа прыцягнуць Прышэльца да бар'ера — і тады нават калі яго рукі не змогуць пранікнуць на той бок, гэта зробіць каменнае лязо нажа.
Дрэўка было цяжэй зрабіць, чым наканечнік. Але раскалоўшы ўздоўж і злучыўшы сама тоўстыя ствалы чатырох кустоў і абвязаўшы сучляненні тонкімі, але моцнымі вусікамі, ён зрабіў трывалае дрэўка футы на чатыры даўжынёй
Цяпер вяроўка. З тонкіх, моцных вусікаў ён сплёў вяроўку футаў на дваццаць даўжынёй. Вяроўка была лёгкая і здавалася слабой. Але ён ведаў, што яна лёгка вытрымае яго вагу. Адзін канец яе ён прывязаў да дрэўца гарпуна, а другі абвязаў вакол правага запясця. Цяпер, кінуўшы гарпун праз бар'ер, ён ва ўсякім разе зможа выцягнуць яго назад, калі прамахнецца.
Калі ён зацягнуў апошні вузел і не ведаў, што рабіць далей, ён адчуў, што гарачыня, стома, боль у назе і страшная смага сталі раптам у сто разоў мацнейшыя.
Ён паспрабаваў устаць, каб паглядзець, што робіць Прышэлец, і ўбачыў, што не можа падняцца на ногі. З трэцяй спробы ён ухітрыўся ўстаць на карачкі і зноў упаў на пясок.
«Трэба паспаць, — падумаў ён. — Калі зараз дойдзе да схваткі, я нічога не змагу зрабіць. Ён мог бы цяпер падысці і забіць мяне, калі б ён ведаў. Трэба крыху адпачыць».
Пераадольваючы боль, ён з цяжкасцю папоўз прэч ад бар'ера.
Нешта ўдарылася аб пясок побач з ім і абудзіла яго ад жахлівага, заблытанага сну да яшчэ больш жахлівай рэальнасці. Ён расплюшчыў вочы і зноў убачыў блакітнае міганне над блакітным пяском.
Колькі часу ён спаў? Хвіліну? Дзень?
Побач упаў яшчэ адзін камень, ужо бліжэй. Яго абсыпала пяском. Ён упёрся рукамі, сеў, павярнуўся і ўбачыў Прышэльца за дваццаць ярдаў ад сябе, ля самага бар'ера.
Як толькі Карсан сеў, Прышэлец паспешліва пакаціўся прэч і спыніўся ля задняй сцяны.
Карсан зразумеў, што заснуў занадта рана, калі быў яшчэ ў межах дасягальнасці для камянёў, кінутых Прышэльцам. А той, убачыўшы, што ён ляжыць нерухома, адважыўся падысці да бар'ера і пачаў кідаць у яго камянямі. На шчасце, Прышэлец не ведаў, наколькі Карсан аслабеў — інакш ён бы застаўся тут і кідаў камяні.
Ці доўга ён спаў? Напэўна, не, бо адчуваў сябе зусім гэтак, як і раней. Сілы ў яго не прыбавілася, смага не памацнела, — ніякай розніцы. Можа, прайшло ўсяго некалькі хвілін.
Ён зноў папоўз, гэты раз прымушаючы сябе паўзці далей і далей, пакуль бясколерная, непразрыстая сцяна арэны не была ўсяго за метр ад яго. Тады ён зноў заснуў…
Калі ён прачнуўся, нічога навокал не змянілася, але на гэты раз ён ведаў, што спаў доўга.
Першае, што ён адчуў, была сухасць у запечаным роце. Язык распух.
Паволі ачуньваючы, ён зразумеў: нешта нядобра. Ён ужо не адчуваў такой стомленасці — знямога прайшла. Але ён адчуваў вельмі моцны боль. І калі
Ён падняў галаву і паглядзеў. Нага ніжэй калена страшэнна распухла, і пухліна дайшла да паловы бядра. Вусікі раслін, якімі ён прывязаў да раны кампрэс з лісця, цяпер глыбока ўпіліся ў распухлую нагу. Прасунуць пад іх нож аказалася немагчыма. На шчасце, апошні вузел быў над косцю галёнкі, спераду, дзе дуддзе ўпілося не так глыбока. Сабраўшы ўсю сілу, ён развязаў вузел.
Зірнуўшы пад павязку, ён убачыў сама горшае, што толькі магло быць. Заражэнне — вельмі моцнае, і яно паўзе ўгору.
І не маючы лякарстваў, не маючы бінтоў, не маючы нават вады, ён нічога не мог з гэтым зрабіць.
Хіба што памерці, калі заражэнне ахопіць усё цела.
Цяпер ён зразумеў, што надзеі няма. Ён пераможаны.
І разам з ім — чалавецтва. Калі ён памрэ тут, там, у яго свеце, памруць усе яго сябры, усе людзі. Зямля і яе калоніі на планетах стануць вотчынай чужых усяму зямному Прышэльцаў. Кашмарных, нялюдскіх стварэнняў, якія атрымліваюць задавальненне, разрываючы на часткі жывых яшчарак.
Гэтая думка надала яму мужнасці, і ён папоўз уперад, амаль нічога не бачачы ад болю, уперад, да бар'ера. Цяпер ужо не на карачках, а паўзком, адштурхоўваючыся нагамі і падцягваючыся на руках.
Заставаўся адзін шанц з мільёна, што, калі ён дабярэцца да бар'ера, у яго хопіць сілы адзін-адзінюткі раз кінуць свой гарпун і трапіць, калі — яшчэ адзін шанц з мільёна — Прышэлец таксама апынецца каля бар'ера. Або калі бар'ер знікне.
Яму здалося, што спатрэбіліся гады, каб дапаўзці да бар'ера. Бар'ер быў на месцы. Такі самы непраходны, як і тады, калі ён упершыню яго намацаў.
А Прышэльца ля бар'ера не было. Прыўзняўшыся на локцях, Карсан убачыў яго ў задняй частцы той паловы арэны — ён быў заняты пабудовай драўлянай рамы, якая была напалову гатовай копіяй знішчанай Карсанам катапульты.
Рухі Прышэльца былі павольныя — несумненна, ён таксама аслабеў. Але Карсан падумаў, што наўрад ці Прышэльцу спатрэбіцца другая катапульта. Ён падумаў, што памрэ раней, чым той яе скончыць.
Калі б завабіць яго да бар'ера, пакуль ён жывы…
Карсан замахаў рукой і паспрабаваў крыкнуць, але яго запечаныя вусны не маглі вымавіць ні гука. Або каб пранікнуць праз бар'ер…
На яго, напэўна, найшло нейкае зацьменне, бо ён выявіў, што ў дарэмнай лютасці стукае кулакамі па бар'еры. Ён прымусіў сябе спыніцца, заплюшчыў вочы, спрабуючы супакоіцца.
— Прывітанне, — вымавіў нейкі тоненькі голас. Ён быў падобны на голас…
Карсан расплюшчыў вочы і павярнуўся. Гэта сапраўды была яшчарка.
«Адыдзі, — хацеў сказаць Карсан. — Адыдзі. Цябе папраўдзе няма, а калі ты тут, дык ты не можаш гаварыць. Мне зноў мроіцца».
Але ён не мог вымавіць ні слова — яго рот і горла зусім высахлі. Ён зноў заплюшчыў вочы.