Замежная фантастыка
Шрифт:
Ён абвёў хмурным паглядам кола сяброў.
— Мы ўсе ведаем, што гэта было ўнікальнае, выпадковае адкрыццё. Справа тут не ў мудрасці, — нам проста пашанцавала.
Па выразе твараў ён зразумеў: яны ў думках адхіляюць яго довад. Інэш адчуваў сваё бяссілле прадухіліць непазбежную катастрофу. Ён уявіў сабе, як гэтая вялікая раса сустрэла смерць. Мабыць, яна настала хутка, але не гэтак хутка, каб яны не паспелі зразумець. Занадта многа шкілетаў ляжала на адкрытых месцах, у садах цудоўных дамоў. Здавалася, мужы выйшлі з жонкамі на двор, каб сустрэць гібель
— Растлумачце, Інэш, што менавіта выклікала ў вас такую эмацыянальную рэакцыю?
Пытанне прымусіла Інэша замоўкнуць. Ён не думаў, што гэта была эмоцыя. Ён не ўразумеў прыроды наслання — так неўпрыкмет яно авалодала ім. І толькі цяпер ён раптам зразумеў.
— Што іменна? — павольна прамовіў ён. — Ведаю. Гэта быў трэці ўваскрэшаны. Я бачыў яго праз заслону энергетычнага полымя. Ён стаяў там, ля далёкіх дзвярэй, і глядзеў на нас, пакуль мы не ўцяклі. Глядзеў з цікавасцю. Яго мужнасць, спакой, спрыт, з якім ён нас абдурыў, — у гэтым уся справа…
— І ўсё гэта прывяло яго да пагібелі, — сказаў Хамар.
Усе зарагаталі.
— Паслухай, Інэш! — дабрадушна звярнуўся да яго Мэярд, памочнік капітана. — Не хочаце ж вы сказаць, што гэтыя істоты храбрэйшыя за нас з вамі або што нават цяпер, ужыўшы ўсе меры перасцярогі, нам усім трэба баяцца адной уваскрэшанай намі пачвары.
Інэш змоўчаў. Ён адчуваў сябе пагана. Яго ашаламіла адкрыццё, што ў яго могуць быць эмоцыі. Да таго ж не хацелася выглядаць упартым. Тым не менш ён зрабіў апошнюю спробу.
— Я хачу сказаць толькі адно, — злосна прабурчаў ён. — Мне здаецца, што высвятляць, што здарылася з загінуўшай расай, не так ужо абавязкова.
Капітан Горсід падаў знак біёлагу.
— Пачынайце ажыўленне! — загадаў ён.
І, звяртаючыся да Інэша, прамовіў:
— Хіба ты можаш вось так, не скончыўшы ўсяго, вярнуцца на Гэйну і параіць масавае перасяленне? Уявіце сабе, што мы чагосьці не высветлілі тут да канца. Не, мой друг, гэта немагчыма.
Довад быў стары, але цяпер Інэш чамусьці з ім адразу згадзіўся. Ён хацеў нешта дадаць, але забыўся пра ўсё, бо чацвёрты чалавек падняўся ў уваскрашальніку.
Ён сеў і знік.
Настала мёртвая цішыня, поўная жаху і здзіўлення. Капітан Горсід хрыпла прамовіў:
— Ён не мог адсюль выйсці. Мы гэта ведаем. Ён недзе тут.
Гэнейцы вакол Інэша, устаўшы з крэслаў, узіраліся ў пустату пад энергетычным каўпаком. Ахоўнікі стаялі, бязвольна апусціўшы шчупальцы з прамянёвымі стрэльбамі. Бакавым зрокам Інэш убачыў, як адзін з тэхнікаў, што абслугоўвалі ахоўныя экраны, нешта шапнуў Вііду, які адразу пайшоў за ім. Вярнуўся ён, прыкметна спахмурнеўшы.
— Мне сказалі, — прамовіў Віід, — што, калі ўваскрэшаны знік, стрэлкі прыбораў скокнулі
— У імя першага гэнейца! — прашаптаў Шуры. — Гэта тое, чаго мы заўсёды баяліся.
— Знішчыць усе лакатары на зоркалёце! — крычаў капітан Горсід у мікрафон. — Знішчыць усе, вы чуеце?
Ён павярнуўся, бліскаючы вачамі, да астранома.
— Шуры, яны, здаецца, мяне не зразумелі. Загадайце сваім падначаленым дзейнічаць! Усе лакатары і ўваскрашальнікі павінны быць неадкладна знішчаны.
— Хутчэй, хутчэй! — жаласна пацвердзіў Шуры.
Калі гэта было зроблена, яны перавялі дух. На тварах з'явіліся панурыя ўсмешкі. Усе адчувалі змрочнае задавальненне. Памочнік капітана Мэярд прамовіў:
— Ва ўсякім разе, цяпер ён не знойдзе нашу Гэйну. Вялікая сістэма вызначэння зорак з планетамі застанецца нашай тайнай. Мы можам не баяцца адплаты…
Ён спыніўся і ўжо павольна закончыў:
— Пра што я кажу?.. Мы нічога не зрабілі. Хіба мы вінаватыя ў тым, што здарылася з жыхарамі гэтай планеты?
Але Інэш ведаў, пра што ён падумаў. Пачуццё віны заўсёды ўзнікала ў іх у падобныя моманты. Прывіды ўсіх знішчаных гэнейцамі рас; бязлітасная воля, якая натхняла іх, калі яны ўпершыню прызямляліся; рашучасць знішчыць тут усё, што ім перашкодзіць; цёмныя прорвы маўклівага жаху і нянавісці, што раскрываліся за імі паўсюль; дні страшнага суду, калі яны бязлітасна абпраменьвалі жыхароў мірных планет, якія нічога не падазравалі, смертаноснай радыяцыяй, — вось што таілася за словамі Мэярда.
— Я ўсё ж не веру, што ён мог уцячы, — загаварыў капітан Горсід. — Ён тут, у будынку, ён чакае, калі мы здымем ахоўныя экраны, і тады ён здолее пайсці. Няхай чакае. Мы гэтага не зробім.
Зноў запанавала маўчанне. Яны чакальна глядзелі на пусты купал энергетычнай аховы. Толькі бліскучы ўваскрашальнік стаяў там на сваіх металічных падстаўках. Акрамя гэтага апарата, там не было нічога — ніводнага пабочнага бліка, ніводнага ценю. Жоўтыя сонечныя прамяні пранікалі ўсюды, асвятляючы пляцоўку з такой яркасцю, што схавацца на ёй было проста немагчыма.
— Ахова! — загадаў капітан Горсід. — Знішчыце ўваскрашальнік. Я думаю, што ён вернецца, каб яго агледзець, таму не варта рызыкаваць.
Апарат знік у хвалях белага полымя. Разам з ім знікла і апошняя надзея Інэша, які ўсё яшчэ верыў, што смертаносная энергія прымусіць двухногую пачвару з'явіцца. Спадзявацца болей не было на што.
— Але куды ён мог дзецца? — папытаўся Ёал.
Інэш павярнуўся да гісторыка, збіраючыся абмеркаваць з ім гэтае пытанне. І тут ён убачыў — пачвара стаіць крыху воддаль пад дрэвам і ўважліва іх разглядае. Мабыць, яна з'явілася менавіта ў гэтае імгненне, таму што ўсе саветнікі адначасова разявілі раты і адскочылі. Адзін тэхнік, выяўляючы найвялікшую знаходлівасць, імгненна ўстанавіў паміж гэнейцамі і пачварай сілавы экран. Істота павольна набліжалася, яна была кволая і несла галаву, злёгку адкінуўшы назад. Вочы ў яе ззялі, нібы асветленыя ўнутраным агнём.