Замежная фантастыка
Шрифт:
Круль, гэта варта прызнаць, палічыў сябе пераможаным і не траціў больш марна слоў. Запанавала маўчанне. Масена пачаў здымаць са спіны апараты, а Піркс, які тым часам падрыхтаваў ужо вяроўку, малаток, крукі і змяніў цяжкія чаравікі на туфлі, пазіраў на яго крадком. Масена быў трохі знерваваны, Піркс бачыў гэта. І не так ад спрэчкі з Крулем — гэта было звыклым, як таму, што ён, відаць, дарма ўліп у сітуацыю, з якой няма ўжо выйсця. Піркс падумаў, што Масена, калі б яму прапанавалі застацца, то, хто ведае, мо і згадзіўся б, хоць тут і быў закрануты гонар. Піркс, аднак, не сказаў нічога, бо хоць спачатку ўзыходжанне абяцала быць лёгкім, невядома, як будзе вышэй, асабліва там, дзе значную частку каменнай сцяны засланялі казыркі. Ён жа нават не вывучыў сцяну праз бінокль, бо не збіраўся штурмаваць яе. Але ўсё ж захапіў вяроўку і крукі — навошта? Замест таго каб аналізаваць гэтыя супярэчнасці, ён стаяў і чакаў Масену. Пасля разам яны рушылі няспешна да падножжа скалы.
— Я
Масена кіўнуў галавой. Піркс азірнуўся яшчэ раз, каб убачыць, што робіць Круль, з якім рассталіся моўчкі. Круль стаяў там, дзе яго пакінулі, ля складзеных рукзакоў. Піркс і Масена былі ўжо так высока, што за паўночнымі горнымі хрыбтамі маглі ўбачыць маслінавую пляму далёкіх нізін. Аснова камяністага насыпу была яшчэ зацемнена, толькі вяршыні гор сляпуча блішчалі, і гэты бляск рассеяным німбам высвечваў шчарбіны сцяны, якая ўздымалася над імі высока ў неба.
Піркс зрабіў вялікі крок, намацаў нагой выступ, адштурхнуўся і лёгка пайшоў уверх. Першыя метры былі сапраўды не складаныя. Ён рухаўся мерна, нібы ляніва, перад самымі вачыма праплывалі шурпатыя слаі скалы, няроўныя, з упадзінамі цямнейшага колеру. Ён напружваўся, падцягваў цела, перамяшчаўся ўверх, адчуваючы нерухомае, марознае датыкненне ночы, якое ішло ад каменнага масіву. Сэрца стукала шпарчэй, але дыхалася свабодна, ад працы мускулаў прыемная цеплыня разлівалася па целе. За ім цягнулася вяроўка, і ў чыстым паветры добра было чуваць яе шастанне, калі яна церлася аб скалы; перш чым вяроўка скончылася, Піркс знайшоў добрае месца для страхоўкі. Некага іншага ён мо проста выцягнуў бы наверх, але Піркс хацеў пераканацца, чаго варты Масена. Ён стаяў, уціснуты ў шчыліну, якая ішла наўскасяк праз увесь слуп, і мог, чакаючы Масену, разгледзець вялікую цясніну, якую яны абыходзілі, рухаючыся паралельна ёй — тут яна якраз пышыралася: шэры каменяпад утварыў амфітэатр увагнутай нішы; знізу гэтае месца здавалася зусім нецікавым, пляскатым, і толькі тут ва ўсім прыгостве выявілася паверхня скалы. Пірксу было так добра тут аднаму, што ён нібы войкнуў, калі заўважыў побач Масену; потым яны адразу рушылі далей. Гэтак яно паўтаралася штораз, рытмічна і спакойна, і на кожным прыпынку Піркс правяраў індыкатарам, ці не засведчыць сігнал у слухаўцы прысутнасць Анэля — толькі адзін раз згубіў яго і адмовіўся ад зручнай расколіны, бо Анэль падняўся тут па сцяне, хоць і не быў альпіністам; Піркс лёгка адгадваў усе яго наступныя рашэнні, настолькі — калі так можна сказаць — адназначнай, настолькі лагічнай была гэтая дарога ў скале, якая давала магчымасць хутчэй дасягнуць вяршыні. Ва ўсякім разе было ясна, што Анэль сапраўды падняўся. Піркс ні на хвіліну не задумваўся над тым, чаму робат зрабіў менавіта так. Ён прывучыў сябе не разважаць дарэмна. Паволі ён знаёміўся са скалой — сваім праціўнікам; у яго памяці ўсплылі, здавалася б, забытыя спосабы і прыёмы, ён беспамылкова прадбачыў, што і калі трэба рабіць; нават тое, што яму даволі часта даводзілася вызваляць адну руку, каб знайсці індыкатарам радыеактыўны след, не дадавала яму ніякага клопату. Аднаго разу, трымаючыся за камень, які, аднак, моцна сядзеў у скале, нібы замураваны, Піркс зірнуў уніз. Яны былі ўжо даволі высока, хоць і ішлі нібыта павольна; Круль стаўся ўжо маленькай плямкай зеленаватага камбінезона на пляскатым шэрым асыпку, Піркс нават не адразу адшукаў яго на дне гэтай паветранай студні, якая зеўрала ля самых ног.
Далей пачынаўся малы траверс; ісці станавілася цяжэй, але і Піркс з кожнай хвілінай аднаўляў ранейшыя навыкі, а яны былі такога ўзроўню, што часам было больш бяспечна даверыцца інтуіцыі, чым свядома разважаць над выбарам прыёмаў; а ў тым, што дарога стала цяжэйшай, Піркс пераканаўся ў той момант, калі, як і раней, хацеў вызваліць правую руку, каб узяць звісаючы з пояса індыкатар, — і не змог гэтага зрабіць. У яго быў толькі адзін пункт апоры для левай рукі і штосьці вельмі невыразнае пад наском правага туфля; адхінуўшыся як толькі можна ад скалы, ён шукаў апору другой назе і не мог знайсці. Тады ён адмовіўся ад індыкатара, бо вышэй было нешта падобнае на невялікую прыступку.
Яна была пакрыта ледзяным наростам і нахілена да прорвы, але ў адным месцы лёд быў сарваны з каменя нібы моцным ударам. Піркс сваім туфлем гэтага ніколі б не зрабіў, яму прыйшло ў галаву, што гэта быў Анэлеў чаравік — бо робат важыў амаль чвэрць тоны. Масена, які ішоў да гэтага вельмі добра, зараз пачаў адставаць.
Яны набліжаліся да вяршыні каменнага слупа. Скала, па-ранейшаму шурпатая, пачынала паступова, а чым вышэй, тым больш, нахіляцца да бездані, і ісці без добрай апоры было цяжка; праз некалькі метраў шчыліна, да гэтага даволі шырокая, скончылася, у Піркса заставалася яшчэ метраў пяць свабоднай вяроўкі, але ён сказаў Масене сцягнуць яе, каб агледзецца. Бо робат жа прайшоў тут — без крукоў, без вяроўкі і без страхоўкі. «Значыць, і я гэтак здолею», — падумаў Піркс. Ён пачаў абмацваць скалу над сабой; у костачцы правай ступні, заклінаванай у апошнім звужэнні шчыліны,
Гэта было ўжо суперніцтва не толькі са скалою, але як бы і з Анэлем, ён жа тут прайшоў, і прытым адзін. Праўда, пальцы ў яго сталёвыя… Піркс пачаў ужо вызваляць ступню са шчыліны, калі пры гэтым руху нейкі невялічкі каменьчык выскачыў з-пад падэшвы і паляцеў уніз. Піркс выразна чуў свіст паветра, і праз некалькі доўгіх-доўгіх хвілін — рэзкі, дакладны ўдар. «Ну што ж, сітуацыя зразумелая», — падумаў ён. Піркс вырашыў не падцягвацца і пачаў шукаць месца, каб забіць крук. Аднак у скале не было нават прыкмет трэшчыны; Піркс, як толькі здолеў, нахіліўся ў абодва бакі, аднак нічога не знайшоў.
— Што там? — пачуўся знізу голас Масены.
— Нармальна, вывучаю, — адказаў ён.
Нага напамінала пра сябе, ён ведаў, што доўга ў такой пазіцыі не прастаіць. Эх, каб можна было знайсці іншы шлях! Але варта толькі згубіць след робата, і яго ўжо не знойдзеш на гэтай кіламетровай сцяне. Стараўся знайсці што-небудзь над сабой. Пад слізгаючым позіркам сцяна здавалася ўсыпанай трэшчынамі, аднак на самай справе гэта былі ўпадзіны меншыя, чым далонь; разлічваць можна было толькі на тую ліштвачку. Калі ён падцягнуўся на абедзвюх руках і вызваліў ступню са шчыліны, у яго мільганула думка, што адступлення ўжо няма; скала адразу нібы адапхнула яго, ён вісеў, і наскі туфляў адсунуліся ад скалы сантыметраў на трыццаць. Вышэй, наверх! Штосьці мільганула ў яго над галавою. Трэшчына? Але да яе трэба было дацягнуцца. Яшчэ трохі? Праз імгненне ён страціў здольнасць разважаць; трэба было адпусціць левую руку, завіснуць на кончыках чатырох пальцаў правай і дацягнуцца левай да трэшчыны ці шчыліны невядома якой глыбіні. «Гэтага нельга было рабіць!» — прамільгнула ў яго ў галаве, калі ён, адчуваючы, што мускулы амаль лопаюцца, раптам апынуўся на два метры вышэй, прыціскаючыся да скалы; ён цяжка дыхаў і крыху злаваўся на сябе; цяпер ён абедзвюма нагамі стаяў на ліштвачцы і мог забіць крук, нават два — для пэўнасці, бо першы ўвайшоў не вельмі глыбока. Так і зрабіў, з прыемнасцю ўслухоўваючыся ў чысты, звонкі высокі гук, які нарэшце сціх. Вяроўка ўскочыла ў карабін, Піркс ведаў, што давядзецца дапамагчы Масене; нельга сказаць, што гэта была чыстая работа, але ж гэта не Альпы; ва ўсякім разе становішча яго было зараз даволі пэўнае.
Над ліштвачкай была вузкая, надта ёмкая трэшчына; Піркс узяў кароткі прэнт індыкатара ў зубы, бо баяўся ўдарыць ім аб скалу — прэнт тырчаў з-за пояса; вышэй колер пароды мяняўся.
Сцяна не была ўжо чарнаватая, з падцёкамі карычневай, нібы надта старой шэрасці. Яе змяніла рудая, з карычнева-чырванаватымі адценнямі, бліскучым зблізку дыябазам. Яшчэ колькі метраў — і гэта дарога колераў скончылася; Піркс убачыў над сабой новы казырок, які нельга было адолець з такой малой колькасцю крукоў, ды яшчэ без прыступкі пад нагамі; але ж у Анэля не было зусім нічога; Піркс праверыў сітуацыю індыкатарам: робат туды не пайшоў. Значыць? Заставалася толькі рухацца па траверсе.
Калі Піркс вывучаў гэты шлях, то здаўся ён спачатку не вельмі складаным або небяспечным. Слуп нібы зноўку набываў страчаную ў пластах дыябазу форму; Піркс стаяў на вузкай, але прыдатнай прыступцы, якая даходзіла да павароту і там канчалася; нахіліўшыся, убачыў далейшы яе працяг за пукатасцю скалы — усяго праз нейкіх паўтара метра, двух-то не было, гэта дакладна. Значыць, трэба было абвіцца целам вакол выступу, які адпіхваў, і, страціўшы апору для правай нагі, адштурхнуцца левай так, каб, перасекшы паветра над безданню, правай абаперціся на працяг прыступкі. Пашукаў месца, куды можна было б забіць крукі, з падстрахоўкай было б гэта не так складана. Але шкадлівая сцяна і тут была зусім без трэшчын; зірнуў уніз: з таго месца, якое мог заняць Масена, страхоўка была поўнай фікцыяй. Сарваўшыся, ён падаў бы сама мала пятнаццаць метраў; рыўком магло вырваць нават добра забітыя крукі. А індыкатар аднак гаварыў, што робат пераадолеў гэты шлях — адзін! «Што ж гэта азначае, д'ябал яго ведае? — сказаў ён сам сабе. — На другім баку ёсць прыступка! Толькі адзін добры крок! Наперад, няўклюда!» Але працягваў стаяць. Калі б удалося хоць вяроўку нацягнуць — але дзе там! Нахіліўся і некалькі секунд глядзеў на прыступку, больш не мог — пачалі дрыжаць мускулы. А калі падэшва пакаўзнецца? У Анэля былі сталёвыя падэшвы. На прыступцы нешта блішчала — раскрышаны лёд. Слізка, чорт яго вазьмі. Трэба было захапіць з сабой вібрамы…
— І напісаць запавет, — прамармытаў бязгучна Піркс.
Вочы яго прыжмурыліся, позірк знерухомеў. Прыгнуўшыся, раскінуўшы рукі, шукаючы апоры ў шурпатасці скалы, ён абвіў яе целам і зрабіў той крок, які столькі яму каштаваў. Калі апынуўся на другім баку, не адчуў нават задавальнення, бо ўбачыў, як уліп. Прыступка на тым баку была ніжэй, значыць, па дарозе назад давядзецца скакаць уверх. Ды яшчэ з такім фортэлем — гэта было ўжо не ўзыходжанне і нават не акрабатыка, а чорт ведае што! Спуск на вяроўцы? Бо калі не…