Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
— Вазьміце нас з сабою! — крычалі яны. — Лепей павесьце нас, толькі не пакідайце на выспе! Там усё роўна нас заб'юць.
У адказ на іх просьбу капітан заявіў, што не можа ўзяць іх без майго дазволу. У рэшце рэшт, прымусіўшы іх даць урачыстую прысягу, што яны выправяцца і будуць паводзіць сябе добра, мы ўзялі іх на
Паколькі неўзабаве пачаўся прыліў, на бераг была адпраўлена шлюпка з рэчамі, якія я абяцаў пасяленцам. Да гэтых рэчаў капітан дадаў, па маёй просьбе, скрыню, напакаваную рознай адзежай. Яны ўзялі гэты падарунак з вялікай удзячнасцю.
Трэба сказаць, што, развітваючыся з імі, я даў слова, што не забуду пра іх і што, калі толькі ў якім-небудзь порце мы сустрэнем карабель, шлях якога будзе ляжаць паўз маю выспу, я папрашу капітана таго карабля зайсці па іх і забраць у родныя краі.
Калі я пакідаў гэтую выспу, я ўзяў з сабою на памяць вялікую востраканечную шапку, якую я ўласнаручна пашыў з казінага футра, парасон і аднаго з маіх папугаяў.
Не забыў я ўзяць і грошы, але яны так доўга ляжалі ў мяне без ужытку, што зусім пацямнелі.
Толькі старанна пачысціўшы іх, можна было ўбачыць, што гэта срэбра. Прыхапіў я таксама і залатыя манеты, якія знайшоў на разбітым гішпанскім караблі.
Як я потым удакладніў па карабельным журнале, мой ад'езд адбыўся 19 снежня 1686 года. Такім чынам, я пражыў на выспе дваццаць восем год, два месяцы і дзевятнаццаць дзён.
Вецер быў спадарожны. Карабель імчаўся на ўсіх ветразях. Мне было радасна думаць, што з кожнай хвілінай я ўсё бліжэй да родных берагоў. Калі ж нарэшце паказаліся ў туманнай далечыні белыя скалы радзімы, якую я не бачыў столькі гадоў, я ледзь не страціў
Як толькі мы кінулі якар, я развітаўся з усімі маімі спадарожнікамі і ў суправаджэнні адданага Пятніцы заспяшаўся ў той горад, дзе прайшло маё дзяцінства. Бацькоў я ўжо не спадзяваўся ўбачыць жывымі. Бо нават у тую далёкую пару, калі я ўпершыню толькі адплываў у далёкія краі, яны былі такія старыя і слабыя, а з таго часу мінулі дзесяткі гадоў!
Вось і наша вуліца, вось і наш стары дом, які я так безразважна пакінуў. Са здзіўленнем сустрэлі мяне жыхары гэтага дома, калі я, усхваляваны да слёз, паведаміў, хто я такі. У першы момант мне не паверылі, але калі ўпэўніліся, што я сапраўды Рабінзон Круза, мяне ледзь не задушылі ў абдымках. Асабліва ўзрадаваліся мне мае сёстры і іх дзеці — хлапчукі і дзяўчаткі, якія ніколі раней не бачылі мяне. Усе даўно лічылі, што я памёр, і цяпер глядзелі на мяне, як на дзіва, нібыта я ўваскрэс з магілы.
Пасля першых прывітанняў і абдымкаў усе наперабой пачалі распытваць, дзе я прападаў столькі гадоў, што я бачыў у заморскіх краінах, якія былі ў мяне прыгоды, і хто такі Пятніца, і адкуль узялася ў мяне такая дзівосная вастраверхая шапка, і чаму ў мяне такія доўгія валасы і такі загарэлы твар. Калі я ўбачыў, што іх распытванням не будзе канца, я пасадзіў іх усіх, і дарослых, і дзяцей, ля каміна і пачаў падрабязна расказваць ім усё тое, пра што напісана тут, у гэтай кнізе. Яны слухалі мяне з вялікім захапленнем. Распавядаў я з раніцы да ночы, а папугай сядзеў у мяне на плечуку і часта перабіваў маё апавяданне выгукамі:
— Робін, Робін, Робін Круза! Шчаслівы Робін Круза! Куды ты трапіў, Робін Круза? Куды ты трапіў? Дзе ты быў?