Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Пусьць мне, - плаксiвым голасам паспрабавала дзяўчынка.
Сымон ня ўступiў, дарма што чорная карова дабiралася ўжо да суседняга аўса. Таго навет i ня бачыў, а цэлай iстотаю сачыў, што будзе рабiць "шляхцянка". У "шляхцянкi" перш задрыжэла нiжняя вусьнiна, а потым ужо й то надта раптоўна пакацiлiся па твары сьлёзы. Яна хутка крутанулася на правай назе i ўжо на бягу дамоў кiнула пагрозьлiва Сымону:
– Я повем маме. Зобачыш ты, хаме, кацапе едэн!
Ня першы раз давялося хлапчуку чуць такiя словы. У суседнiм мястэчку, бывала, калi праходзiў вулiцай, адлучыўшыся ад бацькоў, малыя польскiя падросткi абкiдвалi гразёй i крычалi ўслед "хаме" й "кацапе". Дык там хаця-ж былi хлопцы, а тут такая малая жаба Тарэска
– Ах ты, шчанё, здыхлячка панская, ты мяне яшчэ празываць будзеш! Трымай яе!
– кiнуўся за дзяўчынкай.
Тарэска, уцякаючы, згубiла скураную сумку, i Сымон спынiўся. Адагнаў з аўса чорную карову й адно цяпер затрывожыўся. Сачыў за фальваркам Жарноўскiх. Хутка адтуль паказалася зноў малая фiгура Тарэскi ў суправодзе маткi. Прайшлi побач, скоса пазiраючы на Сымона.
У тую ранiцу спазьнiўся хлопчык у школу, бо старэйшы брат занадта адцягнуў з падменай на пасьце. Трапiў на суровыя й злосныя вочы настаўнiцы. Ведаў, што ўсё пераказана й атрымае кару. Надта-ж балелi ногi, калi давялося за тое "наша" прастаяць цэлую гадзiну на каленях. Нiчога добрага для Тарэскi не варажыў Сымонаў погляд. Зьненавiдзеў ад таго часу малы хлапец яшчэ больш ня толькi Тарэску, але i ўсё, што яна й ёй падобныя рэпрэзэнтавалi.
VI
Чытач, якi знаёмы з абставiнамi жыцьця прыгнечаных беларускiх сялян пад польскай акупацыяй, што мо на сваёй скуры перажыў панскае панаваньне, добра павiнен ведаць мэтады гаспадараньня польскiх паноў i асаднiкаў ды адмiнiстрацыi ў прамежку мiж Першай i Другой сусьветнымi войнамi. Цi-ж льга забыцца ўсю тую смуту, застрашваньне, эксплуатацыю й панiжэньне, якiя былi спадарожнiкамi польскiх акупантаў? I хiба-ж чытач не сьмяяўся-б, калi-б мы спрабавалi вобразна паказаць, як наш малады гэрой сам усьвядомiўся сацыяльна й нацыянальна? Гэткiх рэчаў ня было й быць не магло. Поўнае сацыяльнае й нацыянальнае ўсьведамленьне магло прыйсьцi адно збоку. Дапамогай была беларуская школа, царква, свае гурткi, арганiзацыi. Толькi яны маглi паказаць беларусам дарогу зь цямнiцы, у якую заперлi палякi.
Але цi-ж пачне хто цьвердзiць, што беларусы былi поўнасьцю нясьведамыя навет пры адсутнасьцi сваiх школ, сьвятыняў i грамадзкiх iнстытуцыяў? Школы й гурткi свае былi-ж зараз пасьля вайны, калi народ пачаў быў будаваць незалежную дзяржаву. Адно ўжо пасьля палякi iх паступова зьлiквiдавалi. Старэйшыя ўсё гэта помнiлi. I калi часам некаторыя не маглi выказацца, якой яны нацыянальнасьцi, а паводле веравызнаньняў дзялiлi сябе на "рускiх" i "польскiх", то ўсё-ж поўнасьцю ведалi адно, што яны былi "тутэйшымi", значыцца, гаспадарамi, а ўсё, што было ў школе, царкве цi касьцёле, - гэта чужое, прынесенае тымi, што запрэглi iх у ярмо. Эканамiчныя, палiтычныя й духоўныя эксплуататары беларусаў былi вечным аб'ектам iх насьмешак, казак i жартаў. Расейскi поп, польскi ксёндз i пан былi, як правiла, асноўнымi гэроямi насьмешлiвых i кусьлiвых жартаў, што нязьлiчонай колькасьцю кружылi ў народзе. У тых насмешках, жартах i казках народ знайшоў найлепшую зброю супраць акупантаў. На iх узгадоўвалiся й бедныя сялянскiя дзеткi й моладзь, бо ведама-ж, што людзi ў маладым веку найбольш цiкавяцца казкамi й анэкдотамi. Гэта была мо адна страва, якой пакрыўджаны народ кармiў i ўзгадоўваў маладое пакаленьне й якую не маглi забаранiць нi польскiя ксяндзы цi паны, нi верныя Маскве папы.
Стары Спарыш ведаў, што ён беларус, хоць, як i прыгнятальная бальшыня iншых, спалучаў нацыянальнасьць з праваслаўнай рэлiгiяй. Першы раз пачуў Сымон слова "беларус" пры перапiсе насельнiцтва. Было яму тады гадоў каля васьмi. Хоць i не распытваў пасьля бацьку, што гэта такое тое "беларус", па-свойму запамятаў i вытлумачыў. Аднойчы давялося яму ў суседняга вясковага доктара-самавука заўважыць на сьцяне адрыўны каляндар, пiсаны лацiнкай. Вучаны ў польскай школе хлапец ня ведаў, навошта ў слове "чацвер" над абодвума, пiсанымi лацiнкай "ц" стаялi нейкiя птушкi, й прачытаў цэлае слова не "чацвер", а "цяцьвер". Толькi пасьля ўдалося распытацца доктаравага сына, свайго аднагодка, што гэта быў беларускi каляндар, якi бацька дастаў зь Вiльнi.
Самi палякi былi сваймi магiльшчыкамi ў акупаванай Заходняй Беларусi, калi сваю апрычонасьць ад мясцовага насельнiцтва й быццам "лепшасьць" i "вышэйшасьць" выказвалi ня добрай гаспадаркай, навукай i паляпшэньнем дабрабыту насельнiцтва, а вечным, штодзённым вытыканьнем беларусам iхняга невуцтва, цемнаты, бяды й прымiтыўнае адсталасьцi. Народ, загнаны на дно матэрыяльнай галечы, ведаў, на каго паказваць пальцам, як на вiноўнiка. У паноў ляжалi тысячы гактараў слабавыкарыстоўванае зямлi, асаднiкi абразалi хутары й вузкiя палоскi, а селянiн беларускi часта-густа душыўся на пары гактарах самае неўрадлiвае зямлi, а то й зусiм быў безьзямельным ды цягнуў бяду батраком, працуючы на пана цi асаднiка. Не дарма-ж людзi вечна сварылiся й судзiлiся за зямлю, а судовы акупацыйны апарат выцягваў зь iх апошнi цяжка зароблены грош.
Нiчога не ўтрывалiлася так у Сымонавай памяцi, як справа зь сярнiчкамi. Прадукцыя сернiкоў была ў руках манаполю. Навет на бензiнныя запальнiчкi трэба было мець дазвол, за якi салёна плацiлася. Пачка-ж сернiкоў каштавала восем грошаў. Калi параўнаць, што мужчыны пры касьбе цi жанчыны пры жнiве зараблялi ў сярэднiм ня больш за паўтара злотага, а дзесятак яек пад вясну каштаваў каля сарака грошаў, выходзiла, што сернiкi былi надзвычайна дарагiмi. Каб ашчадней было, сяляне звычайна шчапалi сярнiк на дзве, а то й на чатыры часьцi. Прыгадваў Сымон, як мацi, скончыўшы страву ранiцою, зграбала ў кучку гарачыя вугалькi ў печы, каб захаваць прысак на распалку вечарам. Здаралася-ж, што й ня было чым у хаце дроў у печы цi лямпы запалiць.
– Бяжы, сынок, да Антанiны, папрасi пару вугалькоў, каб печ распалiць, прасiла хлопца мацi, - а калi няма, то няхай сернiкоў зь пяток пазыча.
Прынесеную хлапцом пазычаную запалку намагалася мацi найперш падзялiць вострым нажом на колькi частак. Часьценька не ўдавалася. Найцяжэй было з галоўкаю серкi, што часта пры расшчэплiваньнi зусiм адпадала ад дрэва. Сымон нiколi не забыўся, як цяжка пры гзтым уздыхала мацi:
– Божа-ж ты мой, от-жа якое лiха. I не ўдалося. Кажуць - дзе каротка, там iрвецца.
Сьпяшыў назаўтра Сымон зь дзесяткам яек у мястэчка. Свая сям'я бачыла яйкi на стале адно на Вялiкдзень цi пры цяжкiх летнiх працах. Збыўшы тавар, вяртаўся дахаты хлапец з новым запасам сернiкоў, а мацi зноў старалася кожную штуку падзялiць на чатыры.
Усе малыя дзецi цiкавяцца рознымi машынамi. Малы Спарыш любiў цягнiкi, аўтамабiлi й самалёты. Першых нагледзеўся ўволю, бо чыгунка прабягала каля вёскi. Горш было з аўтамашынамi. Хаця вёска ляжала пры галоўнай дарозе, яны праходзiлi там надта рэдка. Бывала, спасьцеражэ хлапец на дарозе вялiкi клуб пылу i - адкуль возьмуцца тыя ногi - прэ, задыхаўшыся й адвесiўшы язык, каб хаця-ж усьпець прыгледзецца зблiзку. Звычанна ехаў гэта з адлеглага на восем кiлямэтраў маёнтку пан Сьлiвiнскi. "Якi-ж бы я быў шчаслiвы, - думаў Сымон, калi-б гэны пан спынiўся хоць на мiнутку й дазволiў прыгледзецца да самаходу, а мо й дакрануцца да яго".
Колькi чуў хлапец пра магутнасьць польскае дзяржавы, колькi наслухаўся ад настаўнiцы гiсторыi апавяданьняў аб польскiм гэройстве ў мiнулым, аб сiле Польшчы ў сучасным. Ад мясцовых панкоў i ўсякай адмiнiстрацыйнай дробязi чуў, што Польшча мае самую найсiльнейшую армiю ў Эўропе, што такой не маюць нi немцы, нi расейцы. Былi ў палякаў, паводле iх, i моцныя танкi й самалёты, i падводныя лодкi "Ожэл" i "Сэмп", i iншая зброя.
– Няхай адно цяпер адважацца швабы цi кацапы ступiць на нашу польскую зямлю!
– вымахвалi кулакамi панкi й падпанкi.
– Не дамо нiводнага гузiка ад нашага польскага плашча.