Змагарныя дарогi
Шрифт:
– Звычайна, - не трацiць раўнавагi "Жолондовiч".
– Рэлiгiйная прыналежнасьць - рыма-каталiк, а нацыянальнасьць - беларус.
– Няма каталiкоў беларусаў!
– злосна трымае сваё капрал.
– Усе каталiкi гэта палякi.
– Так?
– зь iронiяй адказвае "Жолондовiч".
– Дык тады запiшыце, пане капрал, i ўсiх французаў, iтальянцаў i гiшпанцаў палякамi. Яны-ж таксама каталiкi.
Пiсар, зьдзiўлены й анямелы, талопiцца ў Жалудовiча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.
– Пся крэў!
– гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамi. Капрал вяртаецца
II
База другога польскага корпусу, званая "сёмкай" у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагi перапоўненая рэкрутамi, што вялiкiм адмiнiстрацыйным апаратам дзялiлiся тут на розныя зброi й адзьдзелы, i або на месцы атрымоўвалi перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброi, або высылалiся, пасьля сэгрэгацыi, у iншыя цэнтры шкаленьня. Камянiстая раўнiна была ўсеяна тысячамi палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нiкому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнiкаў.
У цэнтры абозу, пасярод вялiкае плошчы, знаходзiўся даволi вялiкi, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднiя днi быў ён кiнатэатрам, у нядзелю - касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылi там iмшу. Войска не магло памясьцiцца за адзiн раз у будынку, й дзеля таго iмша паўтаралася.
Адылi ня ўсе жаўнеры iдуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю каплiцу побач галоўнае шашы. Iх невялiкая жменя, дый тая пад час службы не мае даволi месца ў палатцы, дзе ледзь памясьцiўся алтар. Сьвятар, стары сiвенькi 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамi, вывезенымi калiсьцi з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусi i Ўкраiны ў глыб Савецкага Саюзу. Як i ксяндзы, ён мае ступень капiтана й бярэ капiтанскi "жолд". Заданьне ягонае духовая апека над праваслаўнымi "палякамi" й iншымi.
Сьвятар служыць лiтургiю па-славянску, а казаньнi гаворыць па-польску. Язык змагаецца зь няпрывычнай мовай. Выходзiць зусiм ня гладка. Здаецца, што ў кожны момант накiнутая сiлай у царкву польшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовiцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысьцюсенькую расейшчыну.
Мiж наведвальнiкаў праваслаўнае каплiцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафiцэра, а афiцэраў хоць ты са сьвечкай шукай. На грамнiчнае сьвята 1945 года сабралася каля сямiдзесяцi чалавек. Некаторыя ўцiснулiся ў каплiцу, iншыя прыслухоўваюцца да службы блiзка ўваходу, а бальшыня стаiць групкамi воддаль. Мова ў бальшынi польская, рэдка беларуская або ўкраiнская. Адно самыя сьмелыя й сьвядомыя ня толькi не хаваюцца, а быццам наўмысьля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасьць.
Усё гэта выдаецца нейкiм нярэальным. Сказалi-б вы, што перад вамi стаяць ценi людзей, якiя баяцца самiх сябе. Выкрыўленая сьвятаром мова камiчна пераплятаецца з калечаньнем яе вернiкамi. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусiм не зламала яшчэ гэтых людзей. Дзесьцi ў глыбiнi сэрца засталiся родныя парасткi, якiм дай добрую пажыву, сонца й глебу - вырастуць i зацвiтуць сваiм родным.
Зусiм зразумела, што Сымона Спарыша цiкавiць, якiя тут людзi. Дзе-ж ужо тады, калi ня тут сваiх шукаць. Ён i цяпер, паслухаўшы й пэўна ацанiўшы сьвятара, лянiва блукае мiж малымi групкамi й прыслухоўваецца. На вока трапiла тройка, якiх па веку й выгляду назваў-бы спарахнелымi грыбамi. Па iх рухах i павольнай сьпеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскiя круглыя аладкi, нязграбна ляжаць на пасiвелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькi-сяляне. Капрызны лёс некалi адарваў iх ад плугоў, кiнуў на Сiбiр цi ў Нямеччыну, а пасьля прынёс аж сюды.
Адзiн зь iх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцiдзесяцi, выцягнуў зь кiшэнi чырвоную вайсковую кнiжку й штосьцi паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асьцярожненька прыблiзiўся.
– А я падаваўся беларусам, - кажа той, трымаючы ў руках кнiжку, - але пакуль запiсалi ў кнiжку, дык палякам зрабiлi.
– Ты беларусам падаўся?
– пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнiк.
– Так. I паглядзiце - тут напiсалi паляк.
Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кнiжку. Сымон пазiрае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павiнна быць паказана нацыянальнасьць маткi й бацькi паводле нараджэньня, густым чорным чарнiлам замазаныя два словы, а пад нiзом фiгуруе па-ангельску "полiш" (паляк).
– А вось ты не беларус, - цьвердзiць гаспадару кнiжкi вастраносы.
– Чаму так?
– Ну, бо ў Польшчы жыў. Я таксама праваслаўны, але не беларус. Я табе скажу вось што: дзе быў польскi касьцёл, там ня было беларусаў, а дзе была царква - там былi.
– Дык што гэта ты пляцеш?
– адазваўся трэцi.
– Гэта-ж цi ня помнiш, што ў нас праваслаўных рускiмi называлi? Так i казалi - польскiя Каляды й рускiя Каляды. Iначай я i ня чуў...
– Дык тыя, што называлi рускiмi, то й былi беларусы.
Сымон спачатку манiўся ўмяшацца ў гутарку, але пасьля памяркаваў, усьмiхнуўся й вярнуўся да сваiх сяброў.
III
Давялося за апошнiх колькi месяцаў нашым гэроям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якiя рэчы, праходзiць безьлiч фармальнасьцяў i дзеля таго, калi пасьля двухнядзельнага побыту загадалi iм стаць да прысягi "на вернасьць Рэчы Паспалiтай" у тым кiна-касьцёле, загад ня выклiкаў вялiкiх супярэчнасьцяў. Мо паўгода назад, калi-б нехта сказаў iм, што змушаныя будуць прысягаць на бел-чырвоны сьцяг, не адзiн плюнуў-бы гэтаму некаму ў вочы. Сяньня ўважалi акт прысягi простаю фармальнасьцю без значэньня, неабходным злом, якога нiкому зь iх ня мiнуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не безьзьмястоўныя для iх гукi шаблённае прысягi ў чужой мове й чужому пану.
Адылi мы далёка размiнулiся-б з праўдай, калi-б сказалi, што нiводнаму зь iх гэта прысяга не лягла цяжкiм болем на сэрцы. Дарма што лёгiка жыцьця падказвала iншае - у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзiмы й блiзкiх. Прысяга была той тупой iржавай пiлой, што бязьлiтасна шоргала па крывавячых духовых ранах. Калi вусны аўтаматычна паўтаралi ксяндзовы словы "на вернасьць", уся духовая iстота пратэставала супраць такога гвалту. Дзесьцi з самага жыцьцёвага нутра ўпэўнены голас супакойваў, што гэта ўсё адна фармальнасьць i дурнiца, што галоўнае - гэта прысяга пачуцьця, сумленьня й гонару. Але й цяпер, як раней у Францыi, калi, трапiўшы ў палон, трэба было запiсвацца палякамi, уся натура старалася баранiцца перад новым i яшчэ горшым гвалтам.
У чацьвёртай роце ўсе рэкруты былi зь сярэдняй асьветай. Зьбiралi iх сюды, каб накiраваць пасьля ў афiцэрскiя школы, званыя падхаранжоўкамi. У першай палове студзеня 1945 году ў роце было каля паўсотнi былых кадэтаў зь менскае Школы Камандзераў БКА. Прыходзiлi групамi й паасобку: тыя, што перайшлi былi да макiсаў у Францыi, i тыя, што пасьля папалiся ў палон з трыццатае дывiзii. Усе, быццам змовiўшыся, накiроўвалiся ў чацьвёртую роту. Чым больш прыходзiла старых сяброў, тым было весялей.