Знак бяды
Шрифт:
Сцепаніда ўжо адышлася ад першага страху, і ёй стала прыкра, яна адчула сябе тут лішняй, захацелася кудысьці сысці, каб нічога не бачыць і не расстрайвацца: хай гаспадараць, як хочуць. Ці яна перашкодзіць ім? Але яна трохі разважыла і зразумела, што пакідаць сядзібу нягожа; усё ж тут карова, падсвінак, яе дзевяць курыц з пеўнем. Як на тую бяду, карову яна не паспела выгнаць у поле, добра, што яшчэ перахавалі падсвінка і на таго цяпер не так лёгка набрысці гэтым памоўзам. І яшчэ добра, што яна не выпусціла з хляўка курэй — тыя хоць галадалі, але не кідаліся гэтым на вочы. Можа, яшчэ і пераседзяць. Карову ж, аднак, хаваць не было сэнсу, усё роўна пра яе яны ўжо ўведалі, карову трэба было адвесці на пашу. Сцепаніда пачала шарыць
— Баба — яек! Яек давай, хутка!!!
«Яек!» — сказала яна сабе. Ну, ведама, без яек у іх не абыдзецца. З яек яны пачынаюць, чым толькі скончаць? Трохі, аднак, памарудзіўшы, яна расчыніла дзверы ў істопку і ўзяла з-пад рэшата ў жорнах старэнькі свой кошык, у якім цьмяна бялеліся дзесяткі два яек. Яна хацела аддаць іх Петраку, хай бы частаваў там, але той ужо вярнуўся ў хату, і ёй давялося таксама пхнуцца туды. Не ведаючы, каму падаць яйкі, яна паставіла кошык на канец услона. Адразу ж да кошыка пацягнуліся чужыя рукі, і яна, адступіўшы трохі, не магла адарваць позірку ад гэтых страхавітых чужынскіх рук. Першай туды порсценька сунулася белая, далікатная ручка, мусіць, таго фельдфебеля, яна намацала верхняе круглявае яечка ад рабенькай курачкі, самай яе нясушкі. Але чымсь тое не задаволіла немца, ён паклаў яйка назад, узяў меншае, можа, чысцейшае ці болей жаўтлявае. Круглае ж адразу падабралі тоўстыя, як каровіны сіські, пальцы з рудымі валасамі ля костачак; затым узяла іншае яйка з краю маладая, не дужа чыстая шафёрская рука, што выпнулася са знаёмага караткаватага рукава мундзірчыка. Далей Сцепаніда чамусьці не магла ўжо глядзець — яна апусціла вочы на трохі папэцканыя ў траве хромавыя боты Свянткоўскага. Перагаворваючыся па-свойму, немцы залускалі шкарлупіннем, білі аб нешта яйкі і гучна хлёбалі з іх, без хлеба і солі. Адчуўшы гідлівасць, яна павярнулася, каб выйсці ў сенцы, і ледзьве не сутыкнулася з фельдфебелем, які топкім сцізорыкам акуратна дзёўбаў жоўтае яйка рабой нясушкі.
Дзіўна, як хутка яна супакоілася, мусіць, таму, што яны аказаліся не надта ўжо страшныя, не лаяліся і не пагражалі, — яны проста паводзілі сябе роўна і ўпэўнена, як гаспадары на гэтым падворку. Што ж, яна разумела: яны перамаглі, заваявалі гэту зямлю, мусіць, іхняе права цяпер рабіць, што захочуць. Відаць па ўсім, яны надта добра ведалі і пільнаваліся гэтага права. Але менавіта гэта іх упэўненасць у сваёй праваце і ўсведамленне беспакаранасці за тое, што не прынята рабіць між людзьмі, адразу настройвалі яе супраць. І яна адчувала, што незалежна ад таго, як яны паставяцца да яе, добрыя адносіны паміж імі наўрад ці магчымы.
Калі яны гурбою выпхнуліся з нізкіх дзвярэй на каменны прыступак ганка, яна стаяла каля хлява на падворку і чакала. Яна наўмысля пільнавала на шляху на дрывотню, каб спаткаць таго, у камбінезоне, што завіхаўся ля кухні, накладваў бярозавыя паленцы ў топку. Сказаць яму яна не магла нічога — яна толькі хацела зірнуць у яго бессаромныя вочы. Але ён болей не ішоў па дровы — ён добра ўжо расшураваў сваю кухню-машыну, і тая поўніла падворак дымам, час ад часу з жалезнай трубы шугала іскрамі ў неба. Сцепаніда падумала: каб хоць не згарэць тут праз іх. Усе гады, што жыла тут, яна чамусьці баялася пажару ад печы ці ад маланкі, неаднойчы ёй нават снілася ўначы, як гарыць яе Яхімоўшчына, а яна бяссільна бегае вакол, бы на ватных нагах, і нічога зрабіць не можа.
Немцы выйшлі ўсе разам на двор, фельдфебель трохі аддзяліўся ад іншых, нешта наказваў Свянткоўскаму, які вельмі ўважліва яго слухаў. Затым ён звягліва крыкнуў штосьці на кухара, той адразу прутка выцягнуўся, кінуў у адказ адно толькі «яволь!». Што фельдфебель казаў ім — добрае ці благое, яна не ведала і падумала: каб вы перадохлі ўсе разам!
Іншыя тым часам звалаклі з машыны і саставілі пад страхой на прызбе
Фельдфебель ускочыў з другога боку ў кабіну, машына грузна адкацілася назад, збочыла тупым задам у бульбу і, разгрэбшы там цэлую канаву ў мяккай зямлі, вывернула на дарогу.
У двары засталася кухня і пры ёй двое — тонкі злы кухар і пажылы, з рабым тварам немец. Яны ўзяліся цягаць з калодзежа ваду, а Пятрок з нейкім вінавата-шкадлівым выразам у вачах прытэпаў да жонкі.
— Вой, вой! — сцішана сказаў ён. — Доўга кватараваць будуць.
Яна маўчала, хоць ад тых яго слоў ёй стала і зусім млосна. Але ўжо яна здагадвалася, што гэта — не на кароткі час, мусіць, цяпер надоўга. Пятрок азірнуўся, быццам іх мог хто падслухаць.
— Сказалі падлогу вымыць. Лішняе павыцягваць.
— Куды павыцягваць?
— Сказалі, у істопку. Нам тожа.
— Што гэта, лета — у істопку? Удумалі…
— Сказалі. Каб к вечару ўсё. Іхні галоўны прыедзе.
— Хай прыбіраюць! Хай усё прыбяруць. Хай падавяцца, — зазлавала яна, успамінаючы, як Пятрок кінуўся ім дагадзіць. Але ўсё марна: во, выганяюць.
Было ўжо не рана, воглае неба па-ранейшаму нізка вісела над мокрай зямлёй, але дождж перастаў, вецер таксама, здаецца, улёгся; у падворку драў горла дым, які абвалок хату, істопку, шызай пеляной расцягнуўся ўздоўж па бульбянішчы, над гародам. Сцепаніда рашуча расчыніла вароты хлява, забратала карову. Хай робяць, што хочуць, — ёй трэба выганяць карову на пашу, годзе той стаяць у хляве. Каб лішне не назаляць немцам, яна павяла карову цераз дрывотню ў гарод — наўпрасткі па бульбянішчы ў поле. Бабоўка разы два трывожна азірнулася на чужых у двары, Сцепаніда са злосцю тузанула яе — хутчэй прэч з падворка.
Яна вяла карову па ўзроўку ўніз, куды збягала бульбянае поле. Роў гэты падступаў да самага канца гарода і быў глыбокі, з ручаём і крыніцай на дне, ягоныя схілы густа зараслі алешнікам і маладымі елкамі. Па той бок высіўся навідавоку ладны гаёк. На выпадак чаго ў рове можна было б адседзець дзень-два, а то і даўжэй, схавацца ад вайны, ад бяды, ад чужога нядобрага вока. Але каб не жывёла. З жывёлай доўга не выседзіш, яе трэба карміць. Зноў жа шкада сядзібы з яе якім-ніякім набыткам, якога з сабой не возьмеш, — а без яго якое жыццё ў лесе? Тым болей увосень, калі ўжо ліе за каршэнь і падбіраецца сцюжа. Мусіш трымацца жытла. Але во гэтае жытло спатрэбілася і ім. Ці другога тут не знайшлося? І ўсё, мусіць, пракляты той мост, дужа ён стаў ім патрэбны, і з ім разам спатрэбіўся гэты хутар.
Карова згаладнела хапала з-пад ног мокрую дзяцеліну, ірвала з рукі вяроўку, і Сцепаніда падумала: хай! Ведама, што карысці злаваць на гэтага дурня Петрака, што ён цяпер можа? Як ні круціся, а калі загадалі, дык мусіш выконваць. Канешне, падлогу Пятрок не памые, і будзе бяды абаім. Мусіць, ёй трэба вяртацца на хутар.
На невялічкім травяністым лапіку пры ўзроўку яна прывязала канец вяроўкі да камля алешыны і, паназіраўшы трохі, як Бабоўка ўзялася скубці траву, пайшла краем поля назад.
Было ёй да гаркоты крыўдна ў душы і боязна, і чула яна: магчымасці яе людскага жыцця ўсё вузелі-змяншаліся. З кожным днём на свеце ўсё горшала, вайна ўчэпістай лапаю падбіралася ўсё бліжэй, а цяпер дык і зусім улезла ў хату, на самы покуць, пад абразы. І што было рабіць, апроч як бедаваць, лямантаваць, плакаць? Але слязьмі ды крывёю і так набрыняла зямля, што з таго шкоды вайне? Тады што ж — трываць усё моўчкі, чакаць лепшай часіны? Чула яна сваім сэрцам: за меншай бядой заўжды дыбае большая, тады заякочаш, але хто паможа?