Знак бяды
Шрифт:
Пастушок між тым азірнуў з дарогі свой невялічкі статак, ляснуў у паветры пугай і, падышоўшы бліжэй, моўчкі сеў на ўскрайку дарогі. Яго парэпаныя, абсаджаныя болькамі ногі ледзьве не да калень вылезлі з палапленых портак, рукі ён зябка сашчапіў на грудзях і аблёгся грудзьмі на калені.
— Ы-ы, а-а! — сіліўся ён нешта сказаць. — А-э-э!
Хто ведае, што з'явілася ў гэтай яго нячэсанай галаве пад картовай, са зламаным казырком кепкай ці ў яго наіўна расшыраных светлых вачах — якія там мроіліся думкі-намеры? Сцепаніда яму часам падкідвала на якую гадзіну-другую Бабоўку, калі здаралася такая патрэба. Яначка быў рупны і заўжды безадмоўны хлопец, і яна, вяртаючыся да каровы, кожнага разу старалася
— Сцюдзёна, Яначка? Што ж ты якую надзёўку не апрануў? — сказала яна, пазіраючы на яго ўгору.
— А-а, э-э! — нешта памкнуўся ён вымавіць і махнуў рукой.
— Такі вецер, прадзьме — і захварэеш, — паляпала яна сябе па грудзях. — Ідзі апранашку якую вазьмі.
Янка нібы зразумеў штось і ўскочыў з дарогі, клопатна азірнуўся на свой недалёкі статак з чатырох кароў.
— А-а-а! У-э-э-а!
— Ідзі, ідзі! — сказала яна. — Я пагляджу. Я пагляджу! — і паказала на ягоных кароў і сваю Бабоўку.
Дзіва, але ён зразумеў — лёгка, нібы пачуў. Збегшы з дарогі, завярнуў першую чорную карову і бегма прыпусціў гасцінцам да сасоннічку, ля якога была паваротка на Выселкі. Сабачка спярша борздзенька скіраваў за падлеткам, але, нібы зразумеў свой абавязак, вярнуўся і сеў на ўзбочыне, непадалёк ад Сцепаніды.
— Рудзька, сюды! — паклікала яна, ды Рудзька толькі стрыгнуў вушамі — ён ужо дбайна азіраў статак, які памалу варушыўся ў канаве і на адхоне. Гэта быў хітраваты псяюга, не глядзі, што малы, а калі не бачыць у руках кавалка, дык дарма да чалавека не пойдзе.
Янкавы каровы жвава тупалі па той бок гасцінца, і, каб не размінуцца з імі, яна таксама павярнула Бабоўку, узышла на гасцінец і памалу пайшла наперадзе. Нагам тут, на дробнай сухаватай траўцы, было зручней, не калола дуддзё, але вецер дзьмуў апантана, і яна хутка спынілася, адвярнуўшыся ад яго. У небе плыло-неслася рванае ашмоцце хмар, невядома, у якім месцы там хавалася сонца і ці хутка меўся настаць вечар. Але яна адчувала, што ўжо даўно павярнула з паўдня, праз якую гадзіну-другую абшар пацямнее, пачне змяркацца. Некалі ў дзённай гарачцы яна любіла і чакала той час, калі з палявой пільніцы можна вярнуцца на свой падворак, у хату, дзе клопату таксама не меней, але збіралася сям'я, і звыклыя хатнія турботы былі ў асалоду асабліва пасля дзённай гарачыні ці непагадзі, аднастайнай палявой работы. Цяпер жа ёй было ўсё роўна, не вабілі і вечаровыя клопаты ў хляве ці ля печы, сям'і, лічы, не было, заставаўся толькі Пятрок; адзін за адным адышлі на той свет старыя, трохі падросшы, адляцелі дзеці, неўпрыкмет мінулася ўсё добрае і благое, што з імі звязана. А двум старым ці шмат чаго трэба? Нечага перакусіць ды набок, укрыўшыся якім кажушком, — не хацелася і паліць на ноч грубку, добра было і так. Праўда, была жывёла: карова, дзесятак курыц і парсючок у хляўку, іх трэба было пакарміць і дагледзець. У тым амаль што і ўвесь яе хатні клопат.
Рыжая маладая кароўка з Янкавага статка, не дужа пільнуючыся астатніх, поркалася сабе ззаду, усё болей адстаючы ад іншых, і Сцепаніда крыкнула на яе раз і другі. Але тая, мусіць, не прывыкла слухацца чужога голасу і не спяшалася даганяць статак. Тады Сцепаніда вярнулася па дарозе і, сышоўшы з насыпкі, падагнала карову. Калі ж зноў ускараскалася на гасцінец, убачыла, як на другім ягоным канцы ля хвойнічку нехта бяжыць, аж раздзімаецца на спіне кашуля. Трохі, аднак, угледзеўшыся, яна сцяміла, што гэта ж Янка. Але чаму ён вярнуўся, чаму не збегаў на Выселкі? Пад вецер праз слёзы з вачэй яна пільна паўзіралася ў яго, і нешта зашчымела ў яе нутры — нейкая трывога перадалася ёй ад таго апантанага бегу хлопца.
Усё ўзіраючыся, яна пайшла насустрач, ведаючы ўжо, што
Праз нейкі час яны амаль што бягом загналі статак у зараснікі акрай балотца, трохі адагналі далей ад гасцінца, і яна падышла ў кустоўі да Янкі. Той зірнуў на яе новым, дагэтуль незнаёмым ёй позіркам і, гартанна гергечучы, нешта трывожліва спрабаваў растлумачыць, усё паказваючы рукой назад, туды, дзе застаўся гасцінец.
— Дык што там? Што? — дапытвалася Сцепаніда, бачачы на абсівераным хлапечым твары толькі спалох, які гарэў таксама ў яго шырока раскрытых вачах, разяўленым роце. Янка даў працы рукам, нешта ўсё торкаў у кустоўе, абводзіў у паветры, такія круцялі вырабляў на пальцах, што, мусіць, зразумеў бы кожны. Яна ж, аднак, не разумела нічога.
«Божа мой, гэта ж трэба ўрадзіцца такім недалэгам!» — упершыню з прыкрасцю падумала яна і ўслухалася. Але ў зарасніку было ціха, толькі шархацеў голлем вецер ды нейкая карова, мусіць, залезшы ў куст, воддаль трашчала суччом. З дарогі ж не было чутно ніводнага гуку. І тады яна надумалася схадзіць, паглядзець самой.
— Ты папасі Бабоўку. Ну папасі карову. Я схаджу. Я скора.
Янка загергетаў нешта зноў, заматляў рукамі, ці не разумеючы, ці не згаджаючыся, але яна яшчэ ўслухалася ў цішыню лесу і нетаропка пайшла хмызняком да гасцінца.
На гасцінцы па-ранейшаму было пуста, і нічога не чуваць адтуль, ад сасоннічку, яна пастаяла, падумала і, не выходзячы на насыпку, хуценька патупала па-за канавай, дзе з гэтага боку была пакручастая, трохі ўтаптаная людскімі нагамі сцежка.
Яна так і не магла даўмецца, што здарылася наперадзе, хоць увесь час узіралася ў канец гасцінца і разы чатыры ажно спынялася, слухаючы і разважаючы: што б там магло быць? На Слабадскіх Выселках таксама ўсё было ціха, пуста шарэў бульбяны палетак на касагоры каля яе хутара, усё дзьмуў вецер, і разы два здалося — выблісне з-за хмар сонца, ды так і не выбліснула. Так яна амаль што дайшла да сасонніку, шчыльны гушчар якога заўзята зелянеў абапал гасцінца, і да яе насцярожанага слыху ветрам данесла стук. Нешта там забівалі, ці што, — выразна ляскала па чымсь цвёрдым, аж аддавалася ў паветры, і ўпершыню яе пранізала здагадка: мост! Так, гэта было за недалёкай павароткай гасцінца, што знікаў у хвойным лапіку, менавіта там нешта адбывалася.
Сцепаніда запаволіла хаду, гатовая спыніцца, але не спынілася — хуценька дайшла да сасонніку і, каб не ісці па дарозе, звярнула ў ягоны гушчар. Тут было рукой падаць да хутара, і тут яна ведала ўсе пянькі, сцежкі, вытаптаныя Бабоўчынымі ды і яе нагамі. Яна амаль подбегам, дзе прама, а дзе ўгінаючыся ад голля, адолела невялічкі хвойны пагорак на ўзлеску, асцярожна ступаючы, зірнула на шырокую разлогу поплава з нябачнай адсюль крывулінай рэчкі. Сапраўды, ад моста ўжо чутны стаў гоман, спазнела гупнула ад скінутага на зямлю бервяна, яна адхінула ад твару калючую галіну і ўбачыла тое, што на момант прымусіла замерці сэрца.