Знак бяды
Шрифт:
— А во Пятрок разумнейшы за цябе, — памаўчаўшы і трохі паспакайнеўшы, сказаў Гуж і ўскочыў ад стала. — За самагон узяўся. Правільна! Толькі хай не здумае ад мяне таіцца. Галаву адкручу і скажу, што безгаловым радзіўся. Выменяў змеявік на скрыпку і думае ўтаіць. Не ўдасца: у мяне агентура!
У сенцах затупалі крокі, расчыніліся дзверы, цераз парог пералезлі даўгалыгі Каландзёнак і меншы, плячысты Недасека.
— Ну што?
— Нідзе нетуці! — віскнуў Каландзёнак.
Недасека спярша зрабіў вялікую заклапочанасць на твары і, памяркоўна паводзячы рукой, пачаў тлумачыць:
— Абшарылі
— Хранова шарылі! — абвясціў Гуж. — Ну ладна. Няма калі, а то б…
Ён яшчэ раз таропка зазірнуў у кожнае акно і перахапіў вінтоўку.
— Недасека, пільнуй! Садзіся і дажыдайся! Прыйдзе, не дзе дзенецца. Яе, — кіўнуў ён на Сцепаніду, — нікуды за парог. Прыйдзе — гарэлку ка мне. Паняў?
— Паняў, ну, — не дужа рашуча запэўніў паліцай.
— Ось так! Паехалі, Каландзёнак! А ты запомні, што я сказаў, — замест развітання кінуў ён Сцепанідзе. — Пакеда не позна.
Яна стала ля печы і глядзела ў акно, як яны там разварочваліся з фурманкай, як садзіліся ўжо на хаду і выязджалі з варотцаў. Толькі пасля яна адарвалася ад акна і зірнула на сутулавата-пакорную постаць Недасекі, што цярпліва стаяў ля парога.
— Сядай, што ж стаяць.
— Ага. Гэта… сяду. А то ногі ж, яны свае, не казённыя.
Недасека сціпла апусціўся на ўслон, уздыхнуў, аберуч абапёрся на рулю вінтоўкі з расшчэпленым прыкладам.
— Па гарэлку ехалі або як? — запыталася Сцепаніда.
Недасека зрабіў выраз шчырага недаўмення на ўвогуле сімпатычным, з роўнымі броўкамі твары.
— А хто ж яго ведае! Ён усё. Ці па гарэлку, ці яшчэ за чым. Нам не кажаць.
— Няўжо так ніколі і не кажаць?
— Не-е, — лыпнуў круглымі вачмі Недасека. — Праўда, калі жыдоў выкурвалі, дык казаў. Інструктаж даваў падрабязны: і каб патроны былі, і дзе стаяць кожнаму. Каму ў ацапленне, значыць, а каму іх варахоб'е парадкаваць.
— А іх жа куды?
— А іх пагналі. Зондаркаманда пагнала ў кар'ер. А там…
— Усіх? — халаднеючы нутром, насцярожылася Сцепаніда.
— Счытай што ўсіх. Мала засталося.
«Ну во, гэтыя ўжо дачакаліся!» — амаль з жахам падумала Сцепаніда. Неяк у канцы лета была ў мястэчку, тады там адвялі тры вуліцы каля рэчкі, сагналі туды ўсіх жыдоў, некаторых з сваіх жа начальнікамі ці паліцаямі паставілі — таксама во з павязкамі. Людзі казалі: ой, ненадоўга гэта, усё роўна паб'юць, трэба ўцякаць. Але дзіва: ні адзін не ўцёк, усе сядзелі і чакалі, а сярод іх жа былі і маладзейшыя, і разумныя былі некаторыя. Але гэтыя разумныя так меркавалі, што не павінны пабіць, што і немцы людзі, ды і ў Бога вераць, во і на спражках у іх напісана. Дужа прыгожа даводзілі тыя разумнейшыя, і іх слухалі. Ведама, калі чалавек чаго хоча, дык заўжды знойдзе на тое апраўданне, пераканае спярша сябе, а пасля і астатніх. Ці наадварот. Ну і даседзеліся во да кар'ера.
— Колькі людзей нізавошта пагінула, а якую халеру, дык ніхто і не чапае. І кулі на яго не знойдзецца. Я пра твайго сябрука, пра Каландзёнка. І тады ён быў злыдзень, і цяпер гэткі самы, — сказала Сцепаніда.
— Злыдзень,
— Хутка робіцца. Нават і чырвонаармейскае формы не знасіў. Як быў у сваіх…
— Я так думаю: а куды ж яму болей? Яго ж тут усе ненавідзелі яшчэ з той пары. Куды дзецца? Толькі ў паліцыю.
— Толькі ў паліцыю, праўда, — пагадзілася Сцепаніда. — Прамая дарожка. А цябе якая прывяла дарожка? Ці, можа, спадабалася? — асмялеўшы, запыталася Сцепаніда.
— Дзе там! — прамадушна прызнаўся Недасека. — Не дай Бог нікому.
Ён гаротна ўздыхнуў і тоўстым прыкладам ціхенька пасоўгаў па дошцы падлогі.
— Думала, даспадобы, як гэтак шчыруеце?
— Пашчыруеш! Учора на мосце немец гэны адзін на яго накрычаў, ну, на Гужа, дык той мяне гразіўся застрэліць. Мужыка аднаго з Заграззя не ўпільнаваў. Уцёк на падводзе.
— Яшчэ застрэліць, — сказала яна. — Калі ў вас такія парадкі. Ці нашыя застрэляць.
— Праўда, — ціха пагадзіўся Недасека. — Ну, а што зробіш? Прапашчы я, — прызнаўся ён і папрасіў Сцепаніду: — Можа б, паесці што далі, цётка? Не еўшы сягоння.
Сцепаніда падзівілася трохі: паліцай, а просіць — такое цяпер пачуеш не часта. Гуж, канешне, прасіць бы не стаў, а гэты сапраўды, як ягня. У печы ў яе стаяў чыгунок з капустай, якую яна трымала для Петрака, але цяпер, падумаўшы, зняла засланку і з кутка ўзяла вілы.
— Чаго ж не паснедаў уранку?
— Ды не было як. Уночы Гуж на заданне падняў. Бомбу шукалі. Ды чорта цяпер яе знойдзеш.
— Якую бомбу?
— Ды во пасля бамбёжкі ля моста ляжала. Неўзарваная. Нехта, аднак, падабраў. Відаць, спатрэбілася.
— Ну падабраў, дык і што?
— Ага! А калі пад мост падкладзе? Ды вухне? Тады каму атвячай? Паліцыі, канешне. Бо не дагледзелі.
Яна наліла міску капусты, паклала кавалак лапуна на стол. Недасека прысланіў да печы вінтоўку, якая яўна замінала яму, і з асалодай узяўся сёрбаць засквараную капусту. Спакваля ўгрэўся, расшпіліў на грудзях шэрую суконную паддзёўку, а кепкі не зняў; твар яго неяк па-хатняму ажывеў і праясніўся. Крадком Сцепаніда пазірала на яго і думала, як ён падобны ўсё ж на свайго старэйшага брата Новіка, асабліва цяпер, калі дагнаў яго па гадах. Праўда, той быў худзейшы, нібы ўсохлы і кастлявы, але рысы твару такія ж выразныя, цёмныя вочы і цёмны шчаціністы падбародак, не зважаючы, галіўся ці не. Дзе ён цяпер, той Недасека-Новік?
— Успомніла брата твайго, Новіка, — сказала Сцепаніда, сустрэўшы запытальны позірк Недасекі.
— Новік? Што Новік! Яму дык цяпер добра, а мне? Гэта ж праз яго я во… З гэтым цягаюся, — варухнуў ён локцем з павязкай на рукаве. — Праз яго ўсё.
— Хто б цябе прымусіў?
— Гуж, хто? Што ж мне было рабіць? Лепей у зямлю класціся? З такім братам… Некалі дык быў пачот і павага, а цяпер? Цяпер адзін паратунак — паліцыя.
— Баюся, не паратуешся.
— Можа, і не паратуюся. Але як знаць? Каб чалавек сваю судзьбу знаў, дык жа не знае.