Знак бяды
Шрифт:
— Паглядзіце там…
Той борздзенька выскачыў у дзверы, а трэці, ля грубкі, расчыніў дзверцы, з якіх пыхнула ўмеранай цеплынёй — дровы ўсё ж разгараліся.
— Ну во, бач! Па-сібірску весялей пайшло! — бадзёра зазначыў госць.
Якраз у той час у запеччы зноў закашляла Феня, Сцепаніда падалася за радзюжку, і лысы ля стала трудна ці зморана ўздыхнуў. Калі яна неўзабаве выйшла адтуль, суняўшы дачку, той, што быў у скуранцы, устаў з услончыка і, здалося, адгарадзіў паўхаты сваей шырокай спінай.
— Трэба ж лячыць дзіця. Доктара прывозілі?
— Дык дзе ж па такой завеі. Можа, сама як ачуняе. Дрэнна во, што малака няма, карова запусціўшыся,
— Гэта кепска. Мёду нада купіць.
— Гэ, каб жа было за што, — стрымана паскардзілася Сцепаніда.
Неўзабаве, дужа тупаючы ў сенцах, увайшоў вайсковец і нешта сказаў. Той, што сядзеў ля стала, адразу падняўся, пачаў зашпільваць на аплік каўнер, паліто, але затым расшпіліў яго і расшпіліў усе гузікі на грудзях. Петраку не было відаць, што ён дастае адкуль, другі, у скуранцы, якраз загарадзіў яго, але неўзабаве ён здагадаўся. Сцепаніда няпэўна прамовіла: «Не-не! Што вы, не трэба, — але тут жа пачала дзякаваць раўнейшым голасам: — Спасібачка вам, калі так…»
— На малако і лякарства, — ціха зазначыў старэйшы.
На яго лысай галаве ўжо сядзела высокая чорная шапка, ён захінуў паліто і скіраваў у дзверы. Пятрок саступіў убок, у самы качарэжнік, і гатовы быў праваліцца ў зямлю ад сораму — навошта яна ўзяла? Як жабрачка якая — ад незнаёмых, ды яшчэ, пэўна, начальства, хоць бы і на лекі дзіцяці, але ж ці гэта прыгожа?
— Дзякуй вам. А як жа аддаць? Каб хоць знаць, каму, — трохі абянтэжана казала Сцепаніда, ідучы следам.
— Аддаваць неабавязкова, — цвёрда сказаў мужчына ў шапцы.
— Але ж доўг!..
— Невялікі доўг.
— Ведаць каб хоць, адкуль вы?
Той, у паліто, ужо выходзіў у сенцы, за ім пнуўся ў дзверы другі, што быў у скуранцы. Вайсковец, які ішоў апошні, прапусціўшы іх, крадком азірнуўся і ціха гукнуў у хату:
— З Менска. Таварыш Чарвякоў.
Сцепаніда на момант знерухомела з заціснутым у кулаку чырвонцам, а Петрака нібы абдало жарам: ну і ўпарола жонка! У каго напрасілася на міласціну! То ж сам кіраўнік рэспублікі. А яна пра лён, пра грошы… Але госці выходзілі з сенцаў, і, хоць было страшэнна няёмка, ён мусіў праводзіць іх. Нягожа было выпраўляць людзей, не давёўшы хоць да варотцаў.
На падворку ўсё мяло, у паветры вісела смуга, але на свежым снезе было відно далёка. На гасцінцы пад хвойнічкам стаялі дзве легкавушкі, і ля іх чарнелася некалькі постацей — мусіць, дарогу там усё ж адкапалі, можна было ехаць.
Ля варотцаў, павярнуўшыся ад ветру, Чарвякоў спыніўся.
— Дзякуй за абагрэўку, гаспадар. Здароўя тваёй дачцэ, — сцішана пажадаў ён.
Пятрок разгублена стаяў, не ведаючы: кланяцца, дзякаваць, ці як? У яго ажно адняло мову, і ён нічога сказаць не мог. Тады Чарвякоў спытаў нешта ў свайго памочніка, і той удакладніў:
— Прозвішча як тваё?
— Багацька, — сказаў Пятрок і сумеўся, упершыню пасаромеўшыся ўласнага прозвішча — так недарэчы прагучала яно на гэтым нехуцавым, заваленым снегам падворку.
— То багатага жыцця, таварыш Багацька, — пажадаў напаследак старшыня ЦВК, і ўсе, угнуўшы галовы, пачалі прабірацца па сваіх ранейшых слядах да гасцінца.
Пятрок сумеўся і зноў не адказаў нічога, толькі пазіраў на гэтых людзей і ў думках паўтараў узрушана: «Дзе ўжо багата!.. Дзе ўжо багата!..» Ранейшы нязбыўны клопат апанаваў яго з новаю сілай — жыта ў засеку заставалася пуды з чатыры, з хлебам, можа б, як і дацягнуў да крапівы і шчаўя, каб было болей бульбы. Бульба, аднак, канчалася, неўрадлівае было лета на бульбу, вымакла ад дажджоў, пагніла пад каліўем. Невядома,
23
Неяк, аднак, дажылі да вясны, не сытна — больш голадна, але дачакаліся цёплых дзён і зялёнай травы. Сцепаніда з першай крапівы налаўчылася варыць нейкае варыва, якое, калі яго добра засмажыць салам, можна было і есці. Горш было з хлебам. Але старшыня калгаса Багацька Лявон ухітрыўся дадаткова размеркаваць на працадні тры бурты леташняй бульбы, і Пятрок прывёз к Першамаю калёсы прарослых, абвялых, як порхаўкі, клубняў. Нічога, елі, мяшалі з ячменнай мукой на лапуны, хоць ячмень таксама ашчаджалі на крупы.
Нарэшце ў самую сілу ўвабралася лета, маем прайшлі спорныя, з навальніцай дажджы, і азіміна нават на глеі і пагорках дружна шыбанула ў рост. Жытное было якраз на гэтым баку гасцінца, ля рова і хутара і далей па ўсёй Галгофе. Часам, калі выпадала вальнейшая хвіліна, Пятрок подбегам кідаў вокам на поле і радаваўся: добрае мелася быць у тым годзе жытное. Калі не засушыць улетку, не залье на Ілью, дастаіць сухое да Спаса. А сенакосы дык былі ўжо гатовы, ужо Лявон сабраў мужчын на «пробу касы» ў Бараннім Лозе ля рэчкі. З нязвыкласці ці ад недаедку Пятрок аж задыхаўся, заняло ў грудзях, перацяло дыханне, але ён ведаў: гэта спярша, пасля пройдзе, калі ўцягнецца, — няўжо ж ён горшы, чым другія мужчыны. Вунь і Лявон хоць і з двума пальцамі на руцэ, а як зашчэміць паміж імі касільна, дык махае касой як апантаны. Тут ужо дзейнічае мужчынскі гонар — ніхто не хоча аказацца слабейшым, кожны пнецца за іншымі з апошняй магчымасці. Тым суботнім адвячоркам разбілі дзялянкі, вырашылі, якія і дзе пойдуць брыгады, дамовіліся назаўтра, у нядзелю, пачаць на зары і касіць, пакуль прыпячэ сонца. Лявон наказаў увечары накляпаць добра косы і каб ніхто не пазніўся, у канцы дня меліся падвесці вынікі, і якая брыгада скосіць больш, тую тады — на чырвоную палавіну дошкі, а тую, што менш, — на чорную. Другой брыгадзе выпаў якраз лягчэйшы, ад ельніку, бераг поплава, трава там была ніштаватая, але і не дужа высокая, меліся пэўныя шанцы абагнаць трэцюю брыгаду гразёўцаў і папасці на чырвоны бок дошкі.
На тым і разышліся позна ўвечары з псаломшчыкавага падворка, дзе гады тры як асталявалася кантора калгаса. Пятрок спяшаўся ў сваю Яхімоўшчыну, бо трэба было паспець накляпаць касу, мянташка ж у яго была дужа кепская — кавалак бруска, бы абмылак, заціснуты ў драўляныя тронкі, — такім пакуль наменціш касу, іншыя абыдуць цябе далёка. Але Лявон паабяцаў: ранкам згойсае ў мястэчка і прывязе паўсотню брускоў на ўсіх, у сельпо ўжо заплочаны грошы, будзе без ашуканства. Конна гэта гадзіна часу, і справе канец.
Паспадзяваўшыся на новую мянташку, Пятрок не ўзяў свой стары «абмылак» і, пачаўшы касіць, хутка адчуў, што каса пачынае тупець, а Лявона з мянташкамі яшчэ не было. Мужыкі прайшлі ўжо два пракосы, ужо над ельнікам паднялося сонца, раса, праўда, яшчэ трывала ў густой траве, якая добра клалася ў пульхны выгінасты рад. Пятрок усё часцей паглядваў на беражок ельніку, з якога на поплаў выбягала дарожка — ці не пакажацца старшыня з торбай мянташак. Ды ўсё марна. Пад сняданак ужо, калі з касцоў сцякло добра поту і замакрэлі зрэбныя і кужэльныя спіны, з ельніку выбег і стаў, нібы чагосьці спалохаўшыся, меншы Лявонаў сынок Мацейка. Пятрок падумаў спярша, ці не прыслаў яго старшыня з брускамі, ды ў руках у хлопца не было нічога. Калі ён падышоў бліжэй і нехта з касцоў грубавата запытаўся пра бацьку, хлопчык гэпнуўся задам у траву, затуліў твар рукамі і затросся ў бязгучным плачы.