Знак бяды
Шрифт:
Ён ашчадна ўзяў з яе мокрых пальчыкаў белы сцюдзёны кубак, піць зусім не хацелася, але во прыйшлося, і, аддаючы кубак, ён ліхаманкава матлянуў позіркам па зарасніках ля хляўка. Здаецца, не памыліўся: сапраўды наводдаль была прыбіральня.
Дзяўчынка запыталася пра нешта, але ў яго ўжо не ставала трывання. Стараючыся спакайней, але ўсё ж, мабыць, подбегам ён шыбануў па сцежцы, зарослай абапал дзядоўнікам.
Калі ён вяртаўся, дзяўчынкі ў двары не было, ля калонкі стаяў яе медны таз, ад якога дробна брукаванай канаўкай цякла па схіле вада. Пятрок трохі парадаваўся — усё ж было нялоўка перад гэтай гарадской малечай, і ён адчуў сябе амаль шчаслівым, калі апынуўся ўрэшце на знаёмай вуліцы. Але тут яго зноў апанаваў клопат: што рабіць далей? Усё ж надта
З узноўленай горкай рашучасцю ён патупаў па той жа спякотнай старане вуліцы ў процілеглым напрамку. Ужо цвёрда наважыўся: няхай хоць што будзе, а ён падыдзе да міліцыянера і запытае. Ужо не арыштуюць яго за тое, можа, і не аблаюць нават, хоць аблаяць было б за што. Але ён ветліва папытаецца, як пабачыць таварыша Чарвякова, калі не зараз, дык, можа, пасля, ён пачакае. А калі зусім нельга пабачыць, дык, можа, таварыш міліцыянер перадасць старшыні ўрада сялянскае хадайніцтва за свайго старшыню калгаса. Харошы ж быў старшыня — і парцейны, і гаспадарлівы, за што яго арыштоўваць? Гэта ўсё свае, мясцовыя начальнікі, хіба яны разумеюць? Але таварыш Чарвякоў павінен разабрацца, ён жа чалавек душэўны і мае вялікую ўладу. Няхай ён іх пакарае. Зноў жа доўг, які трэба вярнуць. Пятрок не такі чалавек, каб скруціць грошы, такога за ім яшчэ не было. Ды і Сцепаніда таксама. Да чаго іншага бывае ўсялякая, а што да капейкі, дык тут яна дужа акуратная. Вылузнецца, а аддасць, калі пазычала.
Па-ранейшаму дужа кульгаючы, дашчэнту спатнелы пад тоўстым суконным пінжаком, з кужэльнай тарбінкай у руцэ, Пятрок прамінуў чырвоны касцёл і набліжаўся да рога тае запаведнай і страхотнай будыніны. З шырокага падворка наперарэз яму, аж напалохаўшы, выкацілі дзве легкавушкі, ён ледзьве паспеў адскочыць убок, слізгануўшы па іх позіркам. Але не, Чарвякова там не было. У пярэдняй сядзелі мужчына з жанчынай, а ў задняй некалькі вайскоўцаў — у фуражках, гімнацёрках з рамянямі-партупеямі на плячах, — некуды шпарка пакацілі, абмінаючы трамваі на вуліцы. На пляцы-падворку было па-ранейшаму пуста, ні ля дзвярэй, ні за шклом не відаць было ні душы, і Пятрок аж сумеўся: ці не прыйдзецца пхнуцца ў дзверы, у нетры гэтай будыніны? Канешне, лепей было папытаць ранкам, тады хоць было ў каго. А цяпер? Стаяць, стукацца ці самому расчыняць дзверы?
Дужа паволі, нібы абмацваючы падэшвамі кожны прыступак, ён падняўся на шырокі каменны ганак і падышоў да бліжніх дзвярэй. Спярша зірнуў праз шкло, каб убачыць каго ўнутры, і аж схамянуўся ад сполаху: такі нехуцавы чалавек пазіраў на яго з-за шкла — аброслы сіваю шчэццю твар, засмяглыя, крыўдліва пакрыўленыя вусны, страхавіта раскрытыя вочы; сіняя кашуля на грудзях была ўся мокрая ад поту, пот сцякаў па твары, і мутная кропля вісела на канцы недаўгога, бульбінай носа. Пятрок абцёрся, нясмела крануў шырокую ручку дзвярэй, патузаў, ды дзверы не скрануліся нават. Тады ён папіхнуў іх ад сябе, але таксама марна. У той час за шклом нешта мільганула, і ён пачуў невыразны голас — ну канешне, то быў міліцыянер у знаёмай белай кашулі, белай фуражцы, з зоркай над казырком. Ён нешта гукаў, але Пятрок недачуў і ўсё спрабаваў адчыніць дзверы. Тады міліцыянер за шклом сігануў убок, і за два крокі ад Петрака лёгка расчыніліся другія дзверы — аказваецца, яны былі і не зачынены. Пятрок сумеўся ад няёмкасці, але хіба зразумееш, якія тузаць, калі іх тут некалькі.
— Вам што, грамадзянін?
Здаецца, то быў другі міліцыянер, не ранішні — малады, з прыемным чарнабровым тварам, танклява перацяты шырокаю, з наганам, дзягай. На яго белых грудзях лёгенька целяпаўся ланцужкамі невялічкі значок, а рука з гадзіннікам прытрымлівала расчыненымі цяжкія дзверы, запрашаючы заходзіць унутр. Але Пятрок ужо не хацеў заходзіць, паклаўшы ля ног тарбінку, ён дрыготкімі пальцамі расшпіліў воглую ад поту кішэню, з якой асцярожна выцяг добра такі пакамечаныя лісткі хадайніцтва.
— Мне каб да таварыша Чарвякова. Во тут напісана,
З яўнай зацікаўленасцю на твары міліцыянер узяў тыя лісткі, неяк дужа спрытна прабег позіркам не надта прыгожае Сцепанідзіна пісанне і рашуча склаў яго ў чатыры столкі.
— Позна ты прыйшоў, дзядзька.
— Дык мо пачакаю?
— Надта доўга прыйдзецца чакаць.
— Во як, — паныла сказаў Пятрок, усё яшчэ мала што разумеючы. Здалося, міліцыянер кпіць з яго ці жартуе. Але калі не жартуе, дык што ж тады рабіць?
— І гэта… Яшчэ доўг у мяне. Знаеце, чырвонец павінен, аддаць каб…
— Які чырвонец? Каму?
— Ну, таварышу Чарвякову. Пазычаў жа.
Прыгожы міліцыянераў твар стаў пакутна-напружаны, бы ў чалавека забалеў жывот, — мусіць, ён таксама хацеў і не мог зразумець чагосьці.
— Ха, пазычаў! Цяпер на тым свете расплоцішся, дзядзька. На гэтым не ўдасца. Памёр Чарвякоў.
— Гэтак?
Міліцыянера паклікалі ўнутр будынка, а Пятрок застаўся перад дзвярыма на ганку. Здаецца, ягоная справа сапраўды скончылася — назаўжды і разам. Ён старанна запіхаў у кішэню паперкі, узяў з ганка мяшэчак. На асфальце падворка ахапіла такая гарачыня, што стала млосна, і ён раптам забыўся, куды павярнуць, каб ісці да вакзала. Тлумны туман напоўз на яго свядомасць, ён не мінаўся ўсю дарогу да станцыі, і як Пятрок стаяў у чарзе па білеты, і як пасля сядзеў пад сцяной на лаўцы, чакаючы цягніка на Воршу. Усё, што рабілася навакол, было яму дужа пастыла і дужа хацелася дамоў. Да сваёй сядзібы, пагорка і рова, сваіх лугавін і імшарын, свайго маленечкага кутка на гэтай вялізнай няласкавай зямлі…
25
Сцепаніда амаль што не спала, толькі забывалася часам, у галаве цьмела ад думак, а больш ад абурэння і крыўды: што нарабілі! А яна іх чамусь не баялася. Яна баялася немцаў, чужынцаў, а гэтыя ж былі свае, добра знаёмыя змалку, і хоць яна разумела, што яны здольны на ўсё, не магла прымусіць сябе баяцца. Нават Гужа. Ёй здавалася, той проста крычыць, палохае, грозіцца, але кепскага ім не зробіць. Ды і гэтыя, што ледзь не прыбілі яе, хоць і незнаёмыя, захожыя аднекуль, але ўсё ж нядаўна яшчэ свае, тутэйшыя і гавораць па-нашаму або па-расейску. Чаму ж тады так усё перайначылася?
Яна чула, як яны мардавалі Петрака на падворку, як выпінаўся там Гуж, спрабавала ўстаць, але ў яе галаве ўсё закружылася, і, каб не ўпасці, яна зноў павалілася на палок. Яна глядзела сухімі вачмі ў закураную столь запечча, слухала крыкі з падворка і думала: не, гэтага ім дараваць нельга. Век такое не даруецца ім. Такога нельга дараваць нікому. Нават скаціне такое не даруюць, а людзям тым болей.
Ёй было кепска, дужа балела ў правым баку галавы, нават да валасоў там нельга было дакрануцца, усё там, мусіць, распухла. «Ці не праламалі яны чэрап?» — занепакоена думала яна, але далей яе думкі пераскоквалі на Петрака — куды яго павялі? Калі не заб'юць, дык, мусіць, пасадзяць у склеп пад царквой — цяпер яны зганялі туды ўсіх падазроных ці непакорных, у той сыры апаганены склеп пад зруйнаванай царквой, дзе павесілі тоўстыя цяжкія вароты і пільнавалі вартай. Мусіць, там цяпер і Пятрок. І што ён нарабіў ім, каб саджаць яго ў той склеп? Такі ціхі, паслухмяны, маўклівы, хіба не дагадзіў гарэлкай? А можа, яго ўзялі за яе, Сцепаніду? Калі пачаў заступацца? За яе, канешне, маглі ўзяць абаіх. Але найперш узялі б яе.
Здаецца, яна пражыла ўсё, перажыла свой лёс. Як і не жыла на гэтым, Богам уладкаваным свеце. Усё збіралася, доўгія гады чакала, адкладвала на пасля, жыццё было нібы подступам, падрыхтоўкай, зборам. Перавярнулі аднаасобніцу, ладзілі калектывізацыю, думалі: зажывём пасля. Але пасля выконвалі пяцігодкі, змагаліся з класавым ворагам — усё ў нястачы, трывогах, калатнечы і неспакоі. Было многа клопату пра тое, што з'есці, як узбіцца на кавалак хлеба, дацягнуць да свежае бульбіны. Не было ў што апрануць дзяцей, недзе набыць абутак. Жыць было неяк і думалася: пасля, як падрастуць дзеці, выйдуць у людзі, і адпадзе трудны клопат пра іх. Але во выраслі дзеці, толькі б уздыхнуць з палёгкай, ды тут — вайна.