Знак бяды
Шрифт:
Хай яна спрахне, гэта вайна, як перажыць яе, як дачакацца дзяцей? І тое, і гэта, мабыць, ужо не пад сілу. Не па магчымасці. Але што ж тады ёй па сіле? Што па яе магчымасці?
На шчасце ці на бяду, яна ведала, у чым яе хопіць да скону. За сваё цяжкое жыццё яна ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялічкі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане. Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску. Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але
Часам яна чула, як гаварылі пра немцаў: культурная нацыя. Можа, у чым-небудзь і культурная, але хіба культурны чалавек можа дазволіць сабе так адкрыта разбойнічаць у свеце, як гэта распачалі немцы? Яна не чытала іх кніжак, не разбіралася ў іх высокай палітыцы. Але яна прывыкла меркаваць пра вялікае па малым, аб свеце — па сваёй вёсцы. І яна не памылялася. Яна ведала, што добрыя людзі не чыняць подласць ні па сваёй волі, ні па прымусу. Подласць — справа нягоднікаў. Ужо адно тое, што немцы прыйшлі на яе зямлю са зброяй, давала зразумець, што праўда не на іхнім баку. У каго праўда, таму не патрэбна зброя. Зноў жа даволі паглядзець, хто з імі ў хаўрусе, каб зразумець, хто яны самі. Да апошняй сваёй хвіліны яна не скорыцца ім, бо яна чалавек, а яны звяры. Хай сабе і дужыя.
Сцепаніда трохі забылася ад болю і, можа, нават заснула, але хутка прачнулася ад блізкага сабачага брэху і зразумела, што гэта ўсхадзіўся Рудзька. Брахаў ён на падворку, здалося, з дрывотні. Але на каго брахаў, хто тут дзе мог поўзаць ля хаты? Трохі забаяўшыся, яна падняла галаву і зірнула з запечча на хату, у якой было зусім цёмна, ледзь трошкі свіцілася акно насупраць, і якраз у тое акно нехта ціхенька пастукаў з падворка.
Сэрца ў яе закалацілася, яна паспрабавала ўстаць, аберуч трымаючыся за грубку, выйшла з запечча, усё ўзіраючыся ў акно. Але там нічога не было відаць. Ціхі стук, аднак, у ніжнюю шыбку зноў паўтарыўся з ранейшай настойлівасцю.
— Хто там? — дрыготкім голасам запыталася яна і ўслухалася.
— Аткрой, мамаша. Сваі.
— Чаго вам нада?
— Ну аткрой!
— Не адкрыю. Я адна ў хаце, хворая, не адкрыю.
Мусіць, пачуўшы Сцепанідзін голас, смялей забрахаў Рудзька, падскочыў бліжэй да парога. Яна хацела сказаць яшчэ, што Петрака няма і гарэлкі таксама няма і не будзе, што нягожа паначы ламіцца ў дзверы да хворай і старой бабы, але падумала, што тым іх не спыніш. Мабыць, зараз выб'юць вокны ці дзверы і зноў пачнецца тое, што ў мінулую ноч. Але, надзіва ёй, яны там не ламіліся чамусь і не стукалі болей, яны ціха пагаманілі паміж сабой і, мусіць, пайшлі, бо Рудзька забрахаў далей — ля тыну ці ў самых воротцах. Тады яна трохі пастаяла, паўслухоўвалася і падумала, што, мабыць, то была не паліцыя. Але хто? Мабыць, нетутэйшы, усё ж і гаворка расейская — хто б гэта мог быць? А раптам гэта якія чырвонаармейцы, можа б, што сказалі пра Федзьку? Ой, што ж тады яна нарабіла? Трэба ж было іх пусціць у хату.
Гэта невялічкае начное здарэнне зусім растрывожыла Сцепаніду, яна забедавала ў думках, ступіла да акна і праз спатнелыя шыбіны ўгледзелася ў начны ветраны змрок, услухалася. Не, нідзе болей не было нікога. Рудзька сціх, мусіць, тыя адышліся далёка.
Рэшту той ночы яна не заснула ні трошкі і не спрабавала нават. Яна праседзела ля акна, слухаючы і слухаючы невыразную шапаткую цішу знадворку. Галава ўсё балела, але Сцепаніда быццам трохі абвыклася з гэтым болем, і, калі ў вокнах пачало трохі шарэць на золаку, яна ўстала. Усё ж яна была яшчэ жывая, магла пераадолець немач, трэба было нешта рабіць. Яна ўжо адчула, што не можа болей сядзець на хутары, трываць пакуты ад невядомасці. Хопіць ёй той невядомасці, што праглынула Федзьку, Феню дык цяпер яшчэ і Петрака. Не, трэба было некуды ісці, нешта шукаць.
Рудзька
Яна паставіла есці парсючку, знайшла ў стале кавалак лапуна для Рудзькі, які зусім ужо не хацеў ісці нікуды з падворка, дашчэнту прытамілася, села на лаву і задумалася: што ж рабіць далей? Найперш трэба было дазнацца пра Петрака, калі ён жывы. Але дазнацца можна было толькі ў мястэчку — тут жа хто табе скажа? Значыць, трэба ісці ў мястэчка.
Пасядзеўшы яшчэ на лаве, яна паднялася, пайшла ў істопку. На самым сподзе кубёлка ў солі яшчэ было два кавалкі сала, яна дастала адзін; у сваім схове — пад разбітым гарлачом за печкай-каменкай — было яшчэ пяток яек, на паліцы стаяла з мінулага лета запыленая бутэлька вішнёўкі. Усё гэта ўладкавала ў меншы, лёгенькі кошык, з якім да вайны хадзіла на кірмаш у мястэчка, і выйшла з сянец.
На дварэ, як і ўсе гэтыя дні, было сцюдзёна і ветрана, але дождж не ішоў, мабыць, перастаў на світанні. Падворак і дарога спрэс былі ў гразі. Галава яе была яшчэ кволая, балела зверху, асабліва цяжка было нагнуцца, яна захутала яе ў цёплую хустку, на ўсе гузікі зашпіліла ватоўку. На ногі яна не мела чаго абуць і хадзіла да замаразкаў босая, а пасля абувала апоркі ці скарэлыя буркі, што недзе валяліся ў запеччы. Цяпер на гэтую гразь буркі надзець было нельга, і яна пайшла босая — па дарожцы к гасцінцу. Хаты яна не замыкала, недзе згубіўся замок — толькі ўваткнула трэсачку ў прабой, і ўсё. Красці там не засталося чаго, а паліцаяў ніякія замкі не ўтрымаюць.
Яна пайшла краем дарожкі, дзе па гразі, а дзе па мокрай траве, абышла жоўтую лужыну на заваротцы і ўзлезла на невысокі насып гасцінца. Яна не была тут ад таго дня, як Янка-нямко згледзеў за сасоннікам немцаў, і цяпер адчула, што тут шмат што змянілася. Найперш зноў, як да вайны, уверсе гулі напятыя на слупах правады, парваныя пры адступленні. Значыць, ужо наладзілі тэлефон, па якім перагаворваецца нямецкая ўлада. Па-другое, гасцінец быў спрэч здратаваны свежымі слядамі ад фурманак, аўтамабільных колаў, конскімі і чалавечымі слядамі. Значыць, ездзілі. Перад ёй у сасоннік уязджала сялянская фурманка — белы конік рупна бег у аглоблях, а мужык, што сядзеў у калёсах з бабай, усё памахваў над галавой кароткаю пужкай. Яна падумала, што прыпазнілася трохі дайсці да гасцінца, а то б, можа, пад'ехала з імі, і азірнулася, каб згледзець, ці не едзе хто ззаду.
Ззаду ніхто болей не ехаў і не ішоў, затое спераду з-за павароткі ў сасонніку выскачыла машына, за ёй яшчэ адна і яшчэ. То былі не такія вялікія машыны, як тая, што стаяла ў іх на сядзібе, але таксама цяжкія, грувасткія, да верху нечым нагружаныя. Сцепаніда збочыла да канавы, каб не замінаць ім, прыпынілася нават, позіркам упілася ў блішчастае шкло пярэдняй, каб згледзець там твары. Твары іх, аднак жа, не дужа былі відаць, але яна адчула, што то былі немцы — іхнія пыхлівыя паставы, светлыя беражкі пагонаў на плячах, высокая шапка ў таго, што сядзеў ля шафёра. Абдаўшы яе ветрам і нафтавым чадам з матора, першая машына праскочыла міма, затым праехала другая, а на трэцяй у кузаве ля кабіны яна ўбачыла трох маладых немцаў; адтуль жа неслася прыемная музыка — адзін зграбна іграў на маленькім гармонічку, у які дзьмуў з рота. Як машына параўнялася з ёй, крайні, з вясёлым, счырванелым ад ветру тварам хлапчына крыкнуў: