Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)
Шрифт:
Зрэшты, у вучняў была i iншая станоўчая рыса: яны прымушалi Ёну быць болей патрабавальным да сябе. У сваiх прамовах яны так высока ўзносiлi яго вартасцi, асаблiва дабрасумленнасць i працавiтасць, што пасля гэтага ён не мог дазволiць сабе нiякай палёгкi. Менавiта таму ён i кiнуў былую звычку згрызаць драбок цукру або шакаладу пасля заканчэння цяжкага месца ў карцiне. На адзiноце ён бы ўсё роўна ўпотай паддаўся гэтай слабасцi. Але ў яго духоўным дасягненнi яму дапамагала амаль заўсёдная прысутнасць вучняў i сяброў, перад якiмi было неяк няёмка грызцi шакалад, дый наогул - ён не мог дазволiць сабе дзеля такой нiкчэмнай прыхамацi перапыняць цiкавую размову.
Апроч таго, вучнi патрабавалi, каб Ёна заставаўся верны сваiм эстэтычным прынцыпам. Але Ёну даводзiлася доўга працаваць, раней чым яго азарала хуткая i няўлоўная блiскавiца, у святле якой рэчаiснасць на iмгненне паўставала перад яго вачыма ў сваiм некранутым выглядзе, i таму ўяўленне пра свае эстэтычныя прынцыпы ён меў даволi цьмянае. Затое ў вучняў наконт гэтага была безлiч сама
Нарэшце, вучнi дапамагалi Ёну i iншым чынам - яны прасiлi яго даваць ацэнку iх творам. Сапраўды, не было дня, каб яму не прыносiлi палатна з ледзь пачатым эскiзам. Каб забяспечыць свайму эцюду найлепшае асвятленне, аўтар ставiў яго памiж Ёнам i мастаковай карцiнай. Трэба было выказваць сваю думку. Яшчэ да нядаўняга часу Ёна адчуваў таемны сорам за сваю абсалютную няздольнасць даць ацэнку мастацкаму твору. За выключэннем некалькiх карцiн, якiя выклiкалi ў яго поўнае захапленне, i яўна пустой мазанiны, усё астатняе здавалася яму аднолькава цiкавым i не вартым увагi. Цяпер жа ён мусiў стварыць сабе цэлы набор разнастайных меркаванняў, тым больш што яго вучнi, як i ўсе сталiчныя мастакi, увогуле мелi пэўны талент, i таму, калi яны прыходзiлi, Ёну трэба было ўмець вызначыць даволi размаiтыя адценнi, каб кожнага ўлагодзiць. Гэты прыемны абавязак прымусiў яго назапасiць даволi багаты арсенал слоў i выразаў i акрэслiць свае погляды на мастацтва. Зрэшты, такiя клопаты не падрывалi яго прыроднай прыязнасцi. Ёна хутка зразумеў, што вучнi чакаюць ад яго не крытычных заўваг, з якiмi яны не ведалi, што рабiць, а падтрымкi i, калi магчыма, ухвал. Праўда, ухваляць кожнага трэба было па-рознаму. I тут адной звычайнай зычлiвасцi Ёну магло не хапiць. Таму да зычлiвасцi ён пачаў далучаць i сваю вынаходлiвасць.
Так праходзiў Ёнаў час. Ён маляваў сярод сваiх сяброў i вучняў, якiя сядзелi вакол мальберта ўжо ў некалькi радоў. Часам да iх далучалiся i суседзi, якiя выглядвалi з сваiх вокнаў. Ёна размаўляў, абменьваўся думкамi, разглядаў прынесеныя яму палотны, мiмаходзь усмiхаўся Луiзе, супакойваў дзяцей i з iмпэтам адказваў на тэлефонныя званкi, нi на хвiлiну не пакiдаючы пэндзляў, якiмi час ад часу наносiў чарговы мазок на распачатую карцiну. З аднаго боку, жыццё ў яго было поўнае, кожная гадзiна занятая, i ён шанаваў свой лёс, якi аберагаў яго ад самоты. Але з другога боку, каб скончыць карцiну, мазкоў трэба было зрабiць шмат, i часам Ёну думалася, што i ў самоце таксама ёсць нешта добрае, бо ўрэшце яе можна перамагчы настойлiваю i карпатлiваю працай. Мiж тым, чым цiкавей было Ёну з сябрамi, тым марудней яму працавалася. Нават у тыя рэдкiя гадзiны, калi ён заставаўся зусiм адзiн, ён адчуваў сябе такiм стомленым, што ўжо не мог працаваць з падвойнаю сiлай. У такiя гадзiны ён мог толькi аддавацца марам пра новы лад жыцця, якi спалучаў бы ўцехi сяброўства з выгодамi самоты.
Ёна адкрыў свае думкi Луiзе, але i ў яе былi свае клопаты - двое старэйшыя хутка раслi, i дзiцячы пакой iм рабiўся ўжо цесны. Яна прапанавала перавесцi дзяцей у вялiкую залу, а iх ложкi адсланiць шырмай. Малодшага тады можна будзе размясцiць у маленькiм пакоi. Тэлефон там будзiць яго не будзе, дый месца малы нiякага не зойме, так што Ёна можа зрабiць сабе ў гэтым пакоi майстэрню. А зала ўдзень будзе служыць пад прыёмы гасцей. Ёна зможа выходзiць да iх на час, а пасля вяртацца да працы. I нараканняў гэта сустрэць не павiнна - сябры ж разумеюць, як патрэбна яму адзiнота. Апроч таго, неабходнасць трошкi раней класцi старэйшых дзяцей спаць пакароцiць вячэрнiя вiзiты. "Выдатна", - пасля некаторага разважання ўхвалiў Ёна. "I ўрэшце, - сказала Луiза, - калi твае сябры будуць адыходзiць раней, у нас будзе трошкi больш часу, каб пабыць сам-насам". Ёна раптам зiрнуў на жонку. Цень смутку прамiльгнуў па Луiзiным твары. Усхваляваны, ён прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў i пяшчотна сцiснуў у абдымках. Луiза прытулiлася да мужа, i яны зноў адчулi сябе такiмi ж шчаслiвымi, якiмi былi на пачатку свайго сямейнага жыцця. Але Луiза схамянулася: мабыць, гэты пакой будзе Ёну занадта маленькi? Яна схапiла складаны метр, i неўзабаве яны выявiлi, што з прычыны вечнага нагрувашчвання Ёнавых карцiн i вучнёўскiх палотнаў (якiх, дарэчы, заўсёды было намнога больш) прастора, на якой яму звычайна даводзiлася працаваць, не намнога перавышала тую, што адводзiлася яму цяпер. Ёна без адкладу ўзяўся за перасяленне.
На шчасце, яго вядомасць узрастала тым больш, чым менш ён працаваў. Кожнай яго выставы чакалi, i ўслаўлялi яе ўжо загадзя. Праўда, некаторыя нешматлiкiя крытыкi, сярод якiх былi i два частыя наведнiкi Ёнавай майстэрнi, прыцiшалi гарачую зачараванасць сваiх справаздач рэдкiмi заўвагамi. Але абурэнне вучняў з лiшкам кампенсоўвала гэту маленькую непрыемнасць. Вядома, безапеляцыйна сцвярджалi яны, гэтыя крытыкi вышэй за ўсё ставяць палотны вашага першага перыяду, але цяперашнi пошук рыхтуе сапраўдную рэвалюцыю. Ёну было трошкi непрыемна, калi нехта пачынаў залiшне хвалiць яго раннiя творы, але ён хутка адганяў гэтае прыкрае пачуццё i заўсёды захоўваў сардэчную ўдзячнасць. Рато ж толькi бурчаў: "Дзiўныя тыпы... Яны хочуць, каб ты быў нерухомы, як статуй. На iх думку жыць табе, значыцца, ужо нельга!" Але Ёна абараняў вучняў. "Ты не здольны гэтага зразумець, - казаў ён Рато.
– Табе падабаецца ўсё, што я малюю". Рато жартаваў: "Вось д'ябал! Ды мне ж не карцiны твае падабаюцца, а твой жывапiс".
Як бы там нi было, карцiны па-ранейшаму падабалiся публiцы, i пасля чарговай паспяховай выставы гандляр сам прапанаваў Ёну павялiчыць заробак. Ёна згадзiўся i шчыра яму падзякаваў. "Паслухаеш вас, - сказаў гандляр, - дык можна падумаць, што вы сапраўды яшчэ надаяце нейкае значэнне грошам". Такая прастадушнасць пакарыла Ёнава сэрца. Аднак калi ён папрасiў дазволу выставiць дзеля дабрачыннасцi адно палатно на аукцыёне, гандляр занепакоена запытаўся, цi не iдзе тут гаворка пра дабрачыннасць, "якая дае прыбытак". Гэтага Ёна не ведаў. Тады гандляр прапанаваў сумленна прытрымлiвацца кантрактных умоў, якiя пакiдалi яму выключнае права на продаж. "Кантракт ёсць кантракт", - сказаў ён. У iх кантракце дабрачыннасцi не прадугледжвалася. "Хай будзе па-вашаму", згадзiўся мастак.
Перастаноўка ў кватэры прынесла Ёну толькi задавальненне. Цяпер ён сапраўды мог даволi часта адасабляцца, каб адказваць на тыя шматлiкiя лiсты, што яму слалi. Праз сваю далiкатнасць ён быў проста няздольны пакiнуць iх без адказу. У адных лiстах гаворка iшла пра Ёнаву творчасць, у другiх - i такiх было больш - пра асобу аўтара, якi або хацеў, каб яго падтрымалi ў яго мастацкiм пачынаннi, або проста звяртаўся па параду цi фiнансавую дапамогу. Ёнава iмя пачало часта мiльгаць на старонках газет, i з гэтай прычыны ён, як i ўсе ў падобных выпадках, адчуў, што павiнен таксама выступаць у друку з абвяржэннямi некаторых абуральных выпадаў. Ён адказваў на лiсты, пiсаў артыкулы пра мастацтва, дзякаваў, даваў парады, адмаўляў сабе ў новым гальштуку, каб паслаць камусьцi невялiкую грашовую дапамогу, нарэшце падпiсваў справядлiвыя пратэсты грамадскасцi, якiя яму таксама прыносiлi даволi часта. "Ты што ж, - казаў Рато, - ужо заняўся палiтыкай? Пакiнь гэту справу пiсьменнiкам i брыдкiм дзеўкам". Але не, не - Ёна падпiсваў толькi тыя адозвы, у якiх не было нiякага духу партыйнасцi. Праўда, усе яны з выгляду маглi б пахвалiцца такой беззаганнаю незалежнасцю. Штодня кiшэнi ў Ёнавых штанах тапырылiся ад напханых у iх пiсьмаў, якiя заставалiся непрачытанымi i хутка замянялiся новымi. Ёна адказваў толькi на сама тэрмiновыя - тыя, што прыходзiлi ад незнаёмых; а лiсты сяброў, якiя патрабавалi больш грунтоўных разваг, адкладалiся да лепшага часу. Як бы там нi было, такая безлiч абавязкаў не дазваляла яму жыць бесклапотна i аддавацца гультаяванню. I нават калi ён працаваў, што з iм яшчэ зрэдку здаралася, яго пастаянна прыгнятала думка, што ён перад кiмсьцi вiнаваты i некуды вечна спяшаецца.
У Луiзы ўсё больш часу забiралi дзецi, яна збiвалася з ног, але па-ранейшаму намагалася зрабiць у хаце ўсё тое, што ў iншых абставiнах мог бы зрабiць i сам Ёна. I гэта кроiла яму сэрца. Бо ўрэшце ён працаваў дзеля свайго задавальнення, а на долю жонкi выпадала сама горшае. Ёна выдатна заўважаў гэта, калi Луiза адлучалася ў краму. "Тэлефон!" - крычаў старэйшы. Ёна кiдаў карцiну i хутка вяртаўся, ашчаслiўлены новым запрашэннем. "Я наконт газавай плiты!" - крычаў манцёр, якому адчыняў нехта з дзяцей. "Хвiлiнку, хвiлiнку!" Але толькi Ёна адыходзiў ад тэлефона цi ад дзвярэй, як сябар альбо вучань, цi абодва разам, ужо iшлi за iм да майстэрнi, каб па дарозе скончыць пачатую гутарку. Пацiху-патроху ўсе прызвычаiлiся стаяць у калiдоры, таўклiся там, гаманiлi, заклiкалi ў сведкi Ёну, а часам i самi ненадоўга заходзiлi да яго ў пакой. "Прынамсi, тут з вамi можна трошкi пабачыцца, каб нiхто не замiнаў", казалi тыя, хто заходзiў. "Ваша праўда, - расчулена пагаджаўся Ёна, - апошнiм часам мы з вамi амаль зусiм не бачымся". Ён адчуваў, што такое становiшча расчароўвае сяброў, i гэта яго засмучала. Бо нярэдка мiж iмi былi i тыя, з кiм сустракацца яму было б прыемна. Але яму бракавала часу, ён не мог дазволiць сабе ўсяго, чаго хацеў. I гэта адбiвалася на яго рэпутацыi. Пра яго пачалi казаць: "Спазнаўшы поспех, ён заганарыўся. Ён ужо нiкога не заўважае". Альбо: "Ён любiць толькi сябе". Не - ён любiў жывапiс, любiў Луiзу, сваiх дзяцей, Рато, яшчэ некаторых сяброў, ён наогул да ўсiх ставiўся спагадна. Але жыццё такое кароткае, час бяжыць хутка, а сiлы ў чалавека не бязмежныя. Маляваць гэты свет, маляваць людзей i жыць з iмi - справа цяжкая. З iншага боку, ён не мог нi паскардзiцца, нi растлумачыць, што яму нешта замiнае. Бо тады яго проста лопалi па плячы: "Жартуеш, шчаслiвец! Гэта плата за славу!"
Лiсты ўсё прыбывалi, вучнi не давалi нiякага продыху, да Ёны пачынаў сцякацца свецкi люд, i мастак паважаў гэтых людзей за iх захапленне жывапiсам, бо ўрэшце яны, як i ўсе, маглi б цiкавiцца англiйскай каралеўскай сям'ёй цi спаборнiцтвамi ў абжорстве. У асноўным, праўда, прыходзiлi толькi свецкiя панi, але iх манеры вызначалiся надзвычайнаю прастатой. Самi карцiн яны не куплялi - яны прыводзiлi з сабой прыяцеляў, спадзеючыся, вiдаць, што тыя купяць нешта замест iх. На жаль, вельмi часта такiя надзеi заставалiся марнымi. Затое панi дапамагалi Луiзе, асаблiва калi гасцям трэба было згатаваць гарбаты. Шклянкi перадавалiся з рук у рукi, плылi з кухнi па калiдоры ў вялiкi пакой, пасля вярталiся i нарэшце траплялi ў майстэрню, дзе ў асяроддзi сяброў i наведнiкаў, якiя якраз запаўнялi сабой увесь пакойчык, маляваў Ёна; мастак мусiў адкладаць пэндзлi i прымаў шклянку, налiтую спецыяльна яму чароўнай асобай.