На імперыялістычнай вайне
Шрифт:
Лагер
Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы.
Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.
Але ў пустых і засмечаных казармах, у цёмным і непрыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і не ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губерні, вёрст за сто адгэтуль.
— Чаму
— Куды мяне паслалі, туды я і прыехаў, — адказаў я кашчэю са злосцю, што ён гаворыць мне «ты» і што такія ў іх парадкі.
Кашчэй толькі ўсміхнуўся, ціха загадаў другому пісару:
— Напішы яму пасведчанне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт…
— Чаму так? — не ўмоўчаў я.
— Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма… Спаганяй з свайго вайсковага начальніка.
Усё тут было па-казённаму груба і неахайна. Толькі адно акно трошку адчынілі, а там прыемна, па жывому шавяліў шырокім зялёным лісцем густы клён. I ў мяне супроць розуму з'явілася жалкая, дзяціная пацеха, што хоць жа троху, да лагеру, пабуду яшчэ на волі. Узваліў скрыначку на плечы і ізноў пацягнуўся на станцыю.
У лагер я прыехаў познаю і цёмнаю начою. Начаваў у канцылярскіх сенцах, на вузенькай лаўцы, што сядзець было вузка, мулка і сцюдзёна, а на сэрцы — страшэнна брыдка. Не супакойвала наўмысная пакора і цярплівасць.
Гоман і шум у лагеры пачаўся дужа рана. Але я паспеў і ўстаць, і пахадзіць, і пасядзець, і з'есці кавалак драчоны і колькі медунічак — і ўсё яшчэ доўга-доўга мусіў чакаць. Сядзеў на канцылярскім ганачку, на сонцы, — быццам спаў, без жывых думак, без усяго.
Аж прыйшоў ткі фельдфебель, высокі рыжаваты дзяціна, гадоў пад трыццаць, і з маленькімі і рэдкімі залатымі вусікамі. Узяў мае паперы, сказаў пісару запісаць. Гаворачы, ён клаў два пальцы на ніжнюю лупу, мачыў іх, бздрынкнуўшы па ёй, і падкручваў залатыя вусікі. На мяне стараўся не глядзець.
Раптам недалёка ад канцылярыі лачуўся шум і голас. Разляглася дужая каманда-крык: «Смірна-а-а!» Гэта ішоў камандзір батарэі ў канцылярыю. I ў канцылярыі ўсе заварушыліся як ашпараныя. Фельдфебель крыкнуў:
— Устаць! Смірна а!
Усе ўскочылі, выцягнуліся, скамянелі. Паказаўся высокі і быццам задуманы афіцэр, з вусамі і падстрыжанаю бародкаю.
— Здарова, братцы! сказаў ён ціхавата і вугнава.
— Здраў-жлаў, ва-скродзь!!! — вякнулі ўсе на ўсю сілу і як адзін.
Фельдфебель, як чытаючы па кніжцы, злажыў рапарт і сказаў пра мяне. Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.
— Здраўствуй!
— Здраўствуйце!
Ува ўсіх прабег смех, а ў фельдфебеля і прыкрасць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў смешан і дзік.
— Ты праваслаўны?
— Праваслаўны.
— Абстрыгчы і выдаць абмундараванне! — прамармытаў ён, ужо не гледзячы на мяне.
— Слухаю, ва-скродзь! — крыкнуў фельдфебель, і абодва пайшлі з канцылярыі ў абход. У канцылярыі ўсе павесялелі і загаманілі.
Змясцілі мяне ў адной палатцы з другім вальнапісаным, на прозвішча Шалапутаў, нейкім шапялявым і, відаць, дурнаватым юнкерам, прысланым у батарэю з вайсковае школы ці то за благія ўчынкі, ці то за няздольнасць у навуках. I на пачатку мае службы найгорш мне было цярпець яго размовы і манеры, жывучы з ім разам у адной цесненькай палатцы. Вечна ён або жор, як у якую прорву, так у свой вялікі лантух, каўбасу з салам і сітны хлеб з батарэйнае крамкі, або малоў усякую лухту. Вось аднойчы гострыць ён галяк скрабсці сваю тлустую і ўсю ў чырвона-чарвівых скулачках шыю; неяк умеў гэта рабіць: сам сабе галіў шыю, нават намыльваў і нават без люстра. Я ляжаў на койцы і чытаў вайсковы статут. Касалапы, потны, падходзіць ён на сваіх кароткіх нагах-тумбах, круціць нада мною нагостраны галяк і шапялявіць:
— Які шысты халяк! Гляджыча, шэры: халяк на яч!
«На яць» — было ў яго ўлюбёным выразам, а «шэрым» ён зваў мяне, як навабранца.
Не ўгледзеўся я ў яго пальцы-абрубачкі з уціснутымі і вывернутымі кіпцікамі, як галяк скаўзануў з іх мне на грудзі ля самае шыі.
Калі я пярэчыў яму ў чым-небудзь, ён казаў без усякага жарту: «Вы яшчэ шэры, а я стары юнкер і ваш старшы». — «Ну і што?» — «А тое, што вы не салдат, а індык, бо вы ўсё нешта думаеце, як індык…
Мне было прыемна, што хоць камандзір нашае батарэі не любіць лаяцца. Наогул, мне адразу кінулася ў вочы, што ён нечым выдзяляецца спаміж афіцэраў. 3 выгляду ён быў высокі і плячысты мужчына, злёгку пахілены, яшчэ малады, але з вусамі і барадою, падобна як на партрэтах у цара — «каб і з выгляду быць падобным да свайго імператара», як вытлумачыў мне Шалапутаў, мусіць, са слоў нейкага афіцэра. Але вочы ў яго — глыбокія і тужлівыя. Відаць, чалавек з нездаровымі нервамі, дужа дражлівы. Я думаў, што, мусіць, ён пагарджае людзьмі — і салдатамі і афіцэрамі,— але сэрца ў яго баліць, ён заўсёды аб нечым тужыць, нешта яго турбуе без адчэпкі. I я заўважыў, што ўся батарэя дужа яго баіцца, але што цішком з яго ўсе пасміхаюцца. Чуў я пра яго дзівоты: вялікай набожнасці, драбязлівай прывязнасці да парадку і ахайнасці. Казалі, што ён дужа пасварыўся з адным афіцэрам за тое, што той паклаў на яго ложак сваю шапку і газету. 6 ліпеня — першае свята, як я быў у лагеры, — усіх пагналі ў лагерную царкву. 3 людзей, незанятых дзяжурствам, толькі я адзін сядзеў у палатцы; балазе ніхто мне нічога не сказаў, дык я і не пайшоў. Камандзір з Хітруновым (гэткае прозвішча было фельдфебеля) абходзіў палаткі і пачуў мой кашаль.
— А гэта хто там такі?! — грозна спытаўся ён у фельдфебеля.
— Новы вальнапісаны, васкродзь! — вінавата адказаў Хітруноў.
— Чаму ён не ў царкве?!
— Не магу ведаць, васкродзь, — ухіліўся ад праўдзівага адказу Хітруноў, а каб яшчэ лепей вывернуцца, дадаў двухзначна: — Не захацеў пайсці… Можна было зразумець і так, што мяне пасылалі, ды я спрацівіўся і не пайшоў.
— Як яшчэ «не захацеў»?! — гняўліва і ў злосці крыкнуў камандзір.
— Чаму вы не паслалі яго?.. Вымаўляю вам, фельдфебель! — крыкнуў і шпарка засігаў даўгімі нагамі далей.
Мне было дужа прыкра і цяжка. Я сядзеў тады ў палатцы, як паняволены, і баяўся яго крыку. Але ён мяне не зачапіў, а накрычаў за хітрыкі на Хітрунова — і я адчуў, што пры ўсёй сваёй нервовасці ён умее думаць і разбірацца.
Затое другім разам зрабіў ён са мною неспадзяваную для мяне штуку… Раніца пачалася дужа добрым надвор'ем, а потым стала горача і парна, а перад абедам пайшлі па небе дажджовыя хмары, адразу пахаладнела. Я сядзеў у палатцы і пісаў ліст. Аж прыбягае адзін наш батарэец і кажа, каб я зараз бег у арудзійны парк, бо камандзір мяне кліча. Мяне?!. Здзіўлены, я схапіўся бегчы, выскачыў не апрануўшыся, а дождж вось-вось хлыне. 3 парку разыходзіліся ўсе салдаты, толькі пры адной гармаце двое нешта рабілі, і над імі стаяў камандзір. Я пабег, і ён сказаў мне: «Стой тут». Я стаяў і глядзеў, нічога не разумеючы, што яны там робяць, і чакаў дажджу. Зараз дождж і пайшоў, і буйны… Тады камандзір загадаў салдатам апрануцца (шынялі іх ляжалі тут жа, а сам не апрануўся і мякнуў на дажджы, хоць тут жа на пяску ляжала і яго накідка. Мяне ў адной летняй гімнасцёрцы за хвілінку прамачыла наскрозь, а я ўсё мусіў стаяць, — камандзір нават не паглядзеў на мяне. Нарэшце ён адпусціў іх, ускінуў на руку накідку — і пайшоў сабе моўчкі з парку, ізноў жа нічога мне не сказаўшы. Тады — што ж мне стаяць? — паплёўся за ім следам, троху астаўшыся, і я, і па дарозе стараўся дадумацца, навошта ён мяне вымачыў і навошта сам без патрэбы мокнуў, калі і накідка ляжала…