Пахаджане. Прыпавесці
Шрифт:
Наступны вечар усё ў той жа час у дзьверы зноў загрукалі — ды ўжо мацней, нават нібы абурана. Бацька не хацеў адчыняць, але хлопцы сказалі: хай! Зноў увайшоў той самы, ранейшы захожы і зноў пачаў тое самае. Трэба інтэгравацца, бо будзе кепска, а аб'яднаўшыся, будзе лепш. Яны ўсе неўпрыкмет узіраліся пад ягоную апратку — ці ня высунецца дзе хвосьцік. Але не, нічога нідзе ня высунулася. Недзе блізка ля поўначы ледзьве выбавіліся ад яго, і маці заплакала — зноў яна бачыла хвосьцік. Мужчыны ня ведалі, што і думаць.
Дачакаўшыся ранку, гаспадар узяў у сьвіране чорнае хварбы і на ўсіх дзьвярох
Вечар мінуў спакойна, ніхто ня стукаў. Трохі яшчэ счакаўшы, сямейка паклалася спаць. Ды яшчэ ня ўсе заснулі, як у падваконьні штось грукнула. Бацька зьлез з палацяў, засьвяціў лямпу. На покуце ўжо сядзеў той самы чалавек. Вакно за ім было выстаўлена знадворку, і ў хату дзьмуў вецер.
— Я наконт інтэграцыі, — спакойна пачаў знаёмую песьню захожы.
— Прэч! — крыкнуў бацька.
Тут ускочылі сыны, сталі поплеч з бацькам. Матка воддаль заплакала. Захожы цепнуў плечуком і нібыта з затоенай крыўдай вылез праз вакно назад.
Рэшту тае начы хутаранцы ня спалі, а як настаў ранак, пачалі мацаваць засаўкі на дзьвярох, мацней прыбівалі вокны. Бацька сказаў, што трэба будзе ў горадзе замовіць аканіцы. Вядома, дорага, але без аканіц не абысьціся.
Наступная ноч прамінула спакойна, ніхто ня стукаў, ня лез у хату. І сямейка патроху супакоілася. Па аканіцы ў горад гаспадар вырашыў паехаць пасьля, як зьвязе з поля снапы.
Але яшчэ празь дзён пару ноччу раптам спалохана крыкнула матка — абодва сыны разам ускочылі, Васіль уключыў электрычны ліхтарык, які надоечы купіў у сельмагу. Матка, плачучы, паказвала ў печ. Сапраўды, там штось адбывалася, чуўся невыразны шорах. У печы на тую пару не палілі, ежу гатавалі ў двары пад паветкай. Але нейкі дзіўны шум-шоргат мкнуў з чалесьніку, і хутаранцы напалохана чакалі. Аж неўзабаве бразнула засланка, з грукатам звалілася на падлогу, і зь печы выкараскаўся ўсё той жа, перапэцканы сажай, чалавек. Вылезшы, моцна чыхнуў два разы, працёр вочы.
— Я наконт інтэграцыі…
— Заб'ю! — зь лютасьцю мовіў гаспадар і схапіў з-пад лаўкі сякеру.
Але ў яго за кашулю ўчапілася матка, сыны схапілі ў качарэжніку вілы. Незнаёмы прыгладзіў вусы і ціхенька захіхікаў.
— Нікуды вам ня дзецца, то гістарычны працэс…
Бацька вырваўся з рук маткі, замахнуўся сякерай. Але ў той момант чалавечая істота зьнікла, бы шмыганула пад печ, дзе ўзімку сядзелі куры. Калі Васіль пасьвяціў туды ліхтарыкам, дык там ня ўбачыў нікога. Чалавек зьнік. Тады ўсе паверылі маці, што то быў не чалавек. Мабыць, сапраўды д'ябал. Але ўсе ведалі, што д'ябла ні ўпрасіць, ні напалохаць немагчыма.
Рэшту тае начы сямейка ня клалася спаць, чакала. І ня ведала, што рабіць. Было зразумела, што хрысьціянскі крыжык на дзьвярох іх не ўратуе.
Ажно на золку старэйшы з сыноў Янка сказаў, што ён ведае антыд'ябальскі сродак. Надзеў шапку і пайшоў у горад.
У паўдзён ён вярнуўся з аршынам каляровае матэрыі. На дрывотні змайстраваў спрытную дзяржаўку. Атрымаўся прыгожы сьцяг, які тры мужчыны прыбілі да вугла. Вецер адразу падхапіў яго і разгарнуў ва ўсю даўжыню — сьцяг узрадавана затрапятаўся.
— Цяпер хай прыйдзе! — сказаў Янка.
І праўда, з таго часу прывязьлівы незнаёмец ні разу не завітаў на хутар, аздоблены бел-чырвона-белым сьцягам.
7 студзеня 1999 г.
Аб’яднаньне
У старажытным замку з магутнымі, таўшчэзнымі сьценамі, змураванымі з гранітных камянёў, было шмат камераў, сярод якіх самыя вялікія былі Кутняя і Даўгая. Кутняя займала вугал будыніны, ля вежы; Даўгая была паверхам ніжэй і трохі ўбаку ад вежы. I там, і там сядзела па некалькі дзясяткаў вязьняў, збольшага, аднак, аднае нацыяналыюсьці. Мусіць, таму, што туды саджалі мясцовых, тубыльцаў. Тое было ўвогуле зручна — і для вязьняў, і ддя наглядчыкаў. Асабліва калі ўлічыць, што большасьць сядзела за ўдзел у няўдалым паўстаньні, якое было жорстка здушанае рэжымам. Усе разумелі адзін аднаго.
У іншых жа камерах сядзелі розныя людзі — розных злачынстваў і нацыяў. Тым было значна горш — ні пагутарыць, ні паразумецца. Адно маўчалі дзень пры ночы.
Але, як вядома, чалавек уладкаваны гэткім чынам, што калі добра, дык хочацца, каб і яшчэ лепш. Тое, мабыць, зразумелі і вязьні абедзьвгох камераў, у якіх пачаўся спантанны рух за аб’яднаньне. Яно і сапраўды: навошта пасаджаных па адной справе трымаюць у розных месцах, калі можна сабраць у адным. Зручнасьці відавочныя — і для зьняволеных, і для начальства. I пагаманіць, агулам зразумець памылкі і хібы барацьбы, дамагчыся выкрыцьця здрайцаў. Зноў жа, калі ўсе разам, дык можа ўсіх не пакараюць сьмерцю, можа агулам дамогуцца волі?
Найперш сваю думку вязьні ўвялі ў вушы наглядчыкаў, затым у выглядзе скаргі напісалі адміністрацыі: што і меншыя будуць затраты на ахову, і на ацяпленьне зімой, і стане лацьвей наглядчыкам. Быў і яшчэ адзін момант таго аб’яднаньня, хоць і трохі рызыкоўны для вязьняў. Рэч у тым, што наглядчыкам у Кутняй камеры быў увогуле неблагі чалавек, нават сімпатычны з выгляду, прыгожы і ўсьмешысты, які ніколі нікога ня біў. Затое наглядчыкам Даўгой быў сапраўдны зьвяруга — і ў паводзінах, і ў паставе, трапіць пад яго ўладу было б жахліва. Праўда, у адносінах да вязьняў тыя іх якасьці ня надта выяўляліся — усім у турме кіравалі зацьверджаныя наверсе правілы турэмнага рэжыму, якія строга выконваліся. I ўсё ж вязьні дужа спадзяваліся, што аб’яднаюцца яны ў Кутнюю, так прынамсі хацелася. А дзе хаценьне, там і спадзяваньне.
Большасьць прыхільнікаў таго была ў абедзьвюх камерах, хоць і там і там знаходзіліся і песімісты. Ныцікі і недавяркі. Ныцікаў і недавяркаў, канешне, не любілі на волі, пагарджалі імі і ў турме.
Такім недавяркам у Кутняй быў стары авечы стрыгаль. На ўсе гарачыя захады энтузіястаў аб’яднаньня ён толькі скептычна чмыхаў і кідаў скупое «Усё ядна». Іншыя даказвалі, што Стрыгаль глыбока памыляецца, бо зусім відавочна, як гэта здорава сабрацца ў адно ўсім небаракам, згуртавацца, каб хоць раз памаліцца разам свайму Богу. Ці ж гэта добра, гібець разьяднанымі ў розных куткох, нават на розных паверхах, пад розным начальствам, адзін з якіх зьвер, а другі быццам і нічога. Ці справядліва тое? Стрыгаль, усё моўчкі выслухаўшы, нязьменна кідаў сваё: «Усё ядна» і спыняў размову.