Пастушыная гiсторыя пра Дафнiса i Хлою (на белорусском языке)
Шрифт:
27
Усцешыла iх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. I калi Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафнiс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: "Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, i пасвiла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, i кароўкi радавалiся яе спевам, пасвячы iх, яна не мела патрэбы нi бiць iх пастуховым кiем, нi пароць ражном; а садзiлася пад хвойкаю, прыбiралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана i Пiтыс, i каровы, зачараваныя спевам, не адыходзiлiся ад яе. Адзiн хлопец, што непадалёк пасвiў кароў i ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысiў свой голас, моцны, як у мужчыны, i мiлы, як у дзiцяцi, завабiў у свой статак восем яе найлепшых кароў i пагнаў iх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы i няўдачаю ў спевах, молiць багоў, каб далi ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багi слухаюцца i ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах i
28
Такiя ўцехi даравала iм лета. Але калi была восень у самым росквiце i саспеў вiнаград, прысталi ў тыя мясцiны тырыйскiя пiраты на лёгкiм карыйскiм судне (каб iх за варвараў не палiчылi), высадзiлiся, узброеныя мячамi i ў паўпанцырах, пачалi рабаваць усё, што траплялася пад рукi: духмянае вiно, шмат збожжа, скрылi мёду; пагналi яны i некалькi кароў з Дорканавага статка. Схапiлi яны i Дафнiса, якi блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, якi здаўся iм больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнiкi не сталi трацiць больш намаганняў нi на коз, нi на iншае дабро ў ваколiцы, а пагналi яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы i моцна клiкаў Хлою. Яны хутка адвязалi канат i, хапiўшы ў рукi вёслы, адплылi ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сiрынгу ў падарунак Дафнiсу. Але бачачы коз, якiя ў бязладдзi разбеглiся, i чуючы, як Дафнiс мацней i мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз i авечак, кiнула сiрынгу i памчала бегма да Доркана прасiць дапамогi.
29
Але той ляжаў цяжка збiты разбойнiкамi, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе iскру даўнейшага кахання i прамовiў: "Хлоя, я зараз памру; бязбожныя пiраты, калi я змагаўся за сваiх валоў, мяне самога забiлi, як вала. Але ты павiнна ўратаваць для сябе Дафнiса, папомсцiцца за мяне, знiшчыць iх. Я прывучыў сваiх кароў слухацца гукаў сiрынгi i збягацца на яе поклiк, нават калi б далёка яны дзе пасвiлiся. Дык iдзi ж i, узяўшы гэтую сiрынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалi навучыў Дафнiса, а Дафнiс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сiрынга i мае каровы, што апынулiся там. Я дару табе гэтую сiрынгу, з якою ў змаганнi, хто лепшы, шмат валапасаў i аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, i аплач мяне, калi памру. А калi ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвiць гэтыя кароўкi, успомнi пра мяне".
30
Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошнi раз,i разам з гэтым пацалункам i гэтымi словамi адляцела яго душа.
А Хлоя, узяўшы сiрынгу i прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькi магла; i каровы чуюць песню, пазнаюць i, равучы, кiдаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахiляецца на адзiн бок, i пад цяжарам кароў марская бездань завiрыла, карабель пераварочваецца i тоне, хвалi сышлiся над iм. Тыя, што былi там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У пiратаў на поясе былi мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногi аж да паловы прыкрывалi накаленнiкi, а Дафнiс, якi толькi што пасвiў на лузе коз, быў босы i напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкi час пiраты яшчэ плылi, але цяжкае ўзбраенне пацягнула iх у бездань; Дафнiс жа сваё адзенне лёгка скiнуў, але, плывучы, зазнаў мукi, бо раней плаваў толькi ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабiць; ён iрвануўся ў сярэдзiну кароў i, ухапiўшы аберуч дзвюх iх за рогi, рухаўся так без клопату i турбот, нiбы кiруючы павозкаю.
Гавяда ж плавае так, як нiводзiн чалавек, толькi ўступае вадзяным птушкам i самiм рыбам. Нiводная карова пры плаваннi не гiне, хiба толькi рог у яе на капытах размокне i адвалiцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многiя мясцiны на моры, якiя маюць назву "валовага броду".
31
Такiм чынам Дафнiс, насуперак усякаму спадзяванню, уратаваўся ад дваякай небяспекi: i ад разбойнiкаў адрабiўся, i ў моры не ўтапiўся. Выбраўшыся на сушу i знайшоўшы там Хлою, якая адначасна смяялася i плакала, кiнуўся ёй на грудзi i спытаўся, чаму яна на сiрынзе iграла; i яна яму ўсё расказала, як яна прыбегла да Доркана, i як яго каровы навучаныя былi, як ён загадаў ёй зайграць, i што Доркан памёр, толькi, засаромеўшыся, пра пацалунак не сказала. Пастанавiлi яны свайму дабрадзею апошнюю пашану аддаць, разам з Дорканавымi родзiчамi пахавалi няшчаснага. Яны шмат зямлi нанасiлi на яго магiлу, абсадзiлi яе многiмi садовымi дрэвамi i павесiлi ў гонар яго пачаткi свае працы; потым i малака ўзлiлi, расцiснулi вiнаградных гронак, паламалi шмат сiрынгаў. Чуваць было i жаласлiвае рыканне кароў, i вiдаць было iм пры гэтым, як трывожна кiдалiся яны туды i сюды, i, як разважылi аўчары i казапасы, гэта была пахавальная песня гавяды па сваiм мёртвым валапасе.
32
Пасля пахавання Доркана Хлоя купае Дафнiса, да нiмфаў яго адвёўшы. Тады першы раз у яго на вачах вымыла яна сваё цела, белае, чыстае ў сваёй красе, якому не трэба i купанне было, каб быць прыгожым; а пасля, назбiраўшы кветак, якiх толькi
КНIГА ДРУГАЯ
1
Восень была ўжо ў самай красе, надыходзiў збор вiнаграду, i ў палях усё было ў рабоце; хто рыхтаваў нацiсi, хто чысцiў бочкi, хто кашы плёў. Той рупiўся аб маленькiх сярпах, каб зразаць вiнаградныя гронкi, а той - пра камень, каб выцiскаць з гронак сок, а яшчэ iншы - пра сухiя галiнкi, ачышчаныя ад кары, каб уночы запалiць iх i пры святле несцi дадому вiнаграднае сусла.
Не зважаючы на сваiх коз i авечак, Дафнiс i Хлоя памагалi пры рабоце. Ён прыносiў гронкi ў кашах i, ссыпаючы ў нацiсi, таптаў i разлiваў вiно ў бочкi, а яна гатавала ўсiм яду, налiвала iм пiць леташняга вiна, зрэзвала з невысокiх лоз гронкi. Бо на Лесбасе ўвесь вiнаград невысокi, не цягнецца ўгару, не лезе на дрэва, лозы сцелюцца i паўзуць, як плюшч; нават дзiця, якое толькi што з пялёнак выбавiла рукi, магло б дацягнуцца да гронак.
2
Як водзiцца на свяце Дыянiса i нараджэння вiна, жанчыны, што былi запрошаны з навакольных вёсак дапамагчы сабраць вiнаград, кiдалi вокам на Дафнiса i хвалiлi яго, кажучы, што красою ён падобны да Дыянiса. А адна адважнейшая нават так пацалавала, што ён успыхнуў, i Хлою гэта засмуцiла. Мужчыны, што рабiлi пры нацiсях, кiдалi Хлоi не адно жартоўнае слоўца, i скакалi, звар'яцеўшы, нiбы сатыры перад вакханкаю, i запэўнiвалi, што хацелi б зрабiцца авечкамi, абы толькi iх пасвiла такая пастушка; i на гэты раз яна радавалася, а ён сумаваў. I абаiм хацелася, каб як мага хучэй скончыўся збор вiнаграду i яны змаглi зноў вярнуцца ў свае звычайныя мясцiны i замест буйных выкрыкаў пачуць сiрынгу ды бляянне авечак. I калi праз некалькi дзён вiнаград быў сабраны, i сусла было ў бочках, i не было патрэбы ў мностве рук, яны зноў пагналi ў поле свае чароды; поўныя радасцi, яны пакланiлiся нiмфам, прынёсшы iм у ахвяру гронкi на лозах, - з зажынак. Яны i раней нiколi не праходзiлi безуважна паўз iх, а заўсёды, выганяючы на пашу, ушаноўвалi iх, i, з пашы вяртаючыся, пакланялiся iм, i заўсёды што-небудзь прыносiлi: цi кветку, цi плод, цi зялёную галiнку, цi вылiвалi ў ахвяру малака. Затое пазней багiнi адплочвалi iм; тады ж абое, як кажуць, нiбы спушчаныя з прывязi сабачкi, скакалi, iгралi на сiрынзе, спявалi, барукалiся з казламi, баранамi.
3
Калi яны так весялiлiся, да iх падышоў стары, апрануты ў казлiную шкуру, абуты ў хадакi, на iм вiсела пастушыная торба, ды i тая старая. Ён прысеў да iх i так сказаў: "Я, дзеткi, стары Фiлет, шмат спяваў тут нiмфам, шмат разоў Пану там iграў на сiрынзе i толькi iгрою пасвiў вялiкi статак. А прыйшоў да вас, каб тое, што бачыў я, расказаць, тое, што чуў я, перадаць вам. Я садок сваiмi рукамi заклаў, даглядаю i цяпер, калi ўжо з-за старасцi перастаў пасвiць; што кожная пара года прыносiць, тое я i маю там: увесну ружы i лiлеi, гiяцынты i фiялкi дваякага роду; улетку мак i дзiкiя грушы i яблыкi ўсялякiх гатункаў; цяпер вiнаград i фiгi, гранаты i зялёныя мiрты. Уранку ў гэтым садку збiраюцца чароды птушак - адны яды пашукаць, другiя - каб паспяваць; густы, цянiсты ён, тры крынiцы яго арашаюць; калi б хто агароджу прыняў, то мог бы падумаць, што бачыць гай.
4
Калi я сёння апоўднi зайшоў, убачыў пад гранатавымi i мiртавымi кустамi хлопчыка з мiртавымi ягадамi i гранатамi ў руках, белага, як малако, русявага, як агонь, блiскучага, як бы ён толькi што выкупаўся. Быў ён голы, адзiн i гарэзаваў, зрываючы, што яму спадабалася, як быццам гэта быў яго сад. Я i кiнуўся да яго злавiць, баючыся, каб ён, сваволячы, не паламаў мiртаў i гранатаў; але ён спрытна i лёгка выслiзнуў ад мяне, то ўцякаючы ў кусты ружаў, то хаваючыся ў макi, як маладзенькая курапатка. Я не раз зазнаваў клопату, даганяючы казлянят-сысункоў, не раз знемагаў, ганяючыся за маладымi цяляткамi; але гэтае стварэнне было надзвычай выкрутлiвае i няўлоўнае. Стамiўся я, бо ўжо стары, абапёрся на кiй, заадно сочачы, каб ён не ўцёк, i спытаўся ў яго, ад якiх ён суседзяў i як ён надумаўся пустошыць чужы сад. Але ён мне нiчога не адказаў, а, падышоўшы блiжэй, усмiхнуўся вельмi пяшчотна i пачаў кiдаць у мяне мiртавымi ягадамi, i, сам не ведаю як, заваражыў ён мяне, што больш я не мог гневацца. Тады я папрасiў яго, каб даўся мне ў рукi i больш не баяўся, i пакляўся я мiртамi, што зноў дазволю яму заўсёды i садавiну браць, i кветкi рваць, калi ад яго хоць адзiн пацалунак мне прыпадзе.