Шрифт:
Гораду майму — дзевяцьсот. Не дужа шмат, але не так ужо і мала. Полацк, самы стары горад усходніх славян, вядома, старэйшы за яго, але многія — маладзейшыя.
Дзевяцьсот…
Усе гэтыя гады ляжыць ён на вышынях Беларуска-літоўскага ўзвышша, на ўвалах, над Дняпром і ягонымі
Тое самае, відаць, адчуваў і Купала, бо нездарма ж ён пасяліўся менавіта ў гэтых мясцінах.
Усе мы пілі гэтую ваду. Карычневую, як чай, — з Аршыцы, мяккую і празрыстую — з Дняпра, вуглякісла-жалезістую — з Любавіцкіх крыніц.
I ўсе мы, з часоў Усяслава-чарадзея, асядалі на гэтых стасажэнных гарбах, на Кабыліцкім вапняковым кліне, здабывалі тарпу і секлі лясы, палявалі на бабровых гонях, ішлі на звера і дзічыну, здабывалі балотную жалезную руду, каменнае масла (нафта дагэтуль точыцца ў ваду з берагоў) і непараўнальны наш вапняк.
"Аршанцы-вапеннікі, на вапне любяцца, на вапне родзяцца і ў вапну кладуцца".
Мы заўсёды былі народ прадпрымальны. Дзегцяры, цагельнікі, смаляры. Наваколле нашага горада заўсёды славілася садамі і пародным быдлам. Першыя на Беларусі плугі з'явіліся ў сялян — тут. I яшчэ — вытворчасць дроту, цвікоў, шкур. I ўсё гэта — на крутых і ізвілістых берагах, на шматлікіх "бітых дарогах", дужа старажытных (князь Расціслаў ішоў праз Оршу на Друцк — някепскай дарогай — яшчэ ў 1127 годзе). Пазней сталі мы параходным краем (пала параходства, а шкада!), а яшчэ пасля — краем чыгуначным.
Любілі мураваць, калі паўсюль панавала дрэва. I звалі наш горад:
"Рша камен…"
Яшчэ ў глыбокай старажытнасці.
I такія ж каменныя засталіся мы і цяпер. Толькі ўжо не смалу і шкіпінар дае Орша, а швейныя машыны, ільняныя тканіны, катлы і процьму ўсяго іншага, аб чым у кароткім слове не раскажаш.
Усе, хто еў вэнджаную рыбу са славутай аршанскай "курніцы", гуляў у "піва" на валах "замка Боны" ці на разбураных мурах езуіцкага калегіума, — усе тыя згодзяцца, што адзначае нас, карэнных аршанцаў, асобая аршанская рошчына. Яна ў незалежнасці, працавітасці, своеасобнасці меркаванняў.
Падтрымлівалі мы крамольнага князя Усяслава (быў гэта 1067 год, год першага ўпамінання аб горадзе). Прыйшоў на гэтую зямлю з рабункам Васіль Трэці — і яму здолелі даць па шыі аршанскія людзі. Спатрэбілася віцяблянам забіць ката Кунцэвіча — яны паклікалі на дапамогу нас, бо ведалі мужнасць нашу і вернасць.
Ніколі не любілі аршанцы тыранаў. Не хапала сілы — замыкаліся ў сабе. Хапала — давалі свету тых мужыкоў, што пабілі напалеонаўскі ар'ергард.
У грамадзянскую вайну немцы не ўвайшлі ў Оршу. А ў пачатку Вялікай Айчыннай па іхніх нашчадках ударыў тут першы залп "кацюш".
Слаўны мужнасцю яшчэ восемсот гадоў таму назад, горад мой у мінулую вайну пасылае на вялікую бітву Заслонава і насыпае пасля Курган неўміручасці над сваімі сынамі.
Мураваны стагоддзямі, росціць ён і сёння, як грыбы, рады новых будынкаў.
Пісьменны і абазнаны ў культуры яшчэ сярэднімі вякамі (у Куцейне была адна з першых друкарань) — дае роднаму краю, з сябе і навакольных вёсак, пісьменнікаў і паэтаў.
Горад-працаўнік, горад-паэт, горад-воін, горад-вучоны — жыць табе яшчэ тысячы і тысячы год. Нізкі табе паклон ад усіх тваіх сыноў.