Шорахi чужой планеты (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ты хочаш сказаць, што мы павiнны пашырыць пошукi? Аблазiць усю планету? Так?
– ажывiўся Камай. Яго самога не надта задавальняла роля рэгiстратара пры экранах назiральнай станцыi.
– Марнатраўства - сядзець увесь дзень на базе.
– I ўначы таксама.
– Iнструкцыя...
– разгубiўся Камай. Ён ведаў, што ў iнструкцыях, складзеных для касмiчных разведчыкаў, было шмат ад фармальнага. Але разам з тым ён ведаў, што гэты фармалiзм неабходны, бо загадзя ўсяго не прадугледзiш, а неасцярожнасць часта прыводзiць да бяды. Таму ён нагадаў: Пункт пяты восьмага параграфа гаворыць: "Пакуль не высветлена сутнасць з'явы,
– У iнструкцыi ёсць дадатак, помнiш: "За выключэннем выпадкаў, калi з'ява непасрэдна пагражае жыццю чалавека", - усмiхнуўся Балачан.
– Не магу з табой спаборнiчаць, - адмахнуўся Камай, - ты, напэўна, ведаеш усе параграфы i дадаткi, пачынаючы з эпохi ранняга космасу. Аднак у дадзеным выпадку нашаму жыццю нiчога не пагражае.
– Каб не ты падкiнуў мне там у цяснiне гэту iдэю, я сказаў бы, што ты занадта правiльны чалавек для даследчыка, - Балачан хiтравата блiснуў вачыма.
– Так што не прыкiдвайся. I не глумi ў сабе, калi яна часам наведвае цябе, тую вар'яцкую iскарку, якая адна абяцае вялiкае адкрыццё. Не бойся яе!
– Мудрацы!
– Тарасевiч дэманстратыўна пазяхнуў, пасунуў на край стала брудны посуд, пачакаў, пакуль робат прыбярэ, i ўстаў: - То я пайду падрыхтую гравiлёт. Так, камандор? I праб'ю дзiрку ў корпусе, каб стварыць гэту самую пагрозу, - ён засмяяўся i выйшаў.
– Зайздрошчу Тарасевiчу, - сказаў Камай, - нiякiх сумненняў.
– А ты не думаеш, што гэта занадта простае тлумачэнне?
– задумлiва адказаў Балачан.
– Мудрэц, - тонам Тарасевiча паўтарыў Камай i спытаў: - Мне на станцыю цi з табой?
– Твая чарга дзяжурыць, значыць, на станцыю. А я паспрабую парушыць тваю iнструкцыю. Як ты глядзiш на гэта?
– Табе не дакажаш. Але хоць не пакiдай гравiлёта, - ён са студэнцкай пары з павагай ставiўся да iмя Балачана i таму не адчуваў за сабой права аспрэчваць яго рашэннi, нават нечаканыя, нелагiчныя.
Балачан моўчкi кiўнуў галавой. Не мог ён сказаць клапатлiваму таварышу, што яго парада пустая. Бо якая рознiца - сядзець на станцыi цi ў кабiне гравiлёта? А яму было важна на свае вочы паглядзець начную далiну, пакратаць каменнi пальцамi, адчуць ледзь улоўны посвiст ветру ў вузкiх цяснiнах. I шорахi. Каб можна было пачуць iх уласным вухам, без пасрэднiкаў - прыбораў. Менавiта пачуць, а не разглядаць iх перакладзенымi на мову лiчбаў i графiкаў, быццам прэпарыраванымi. Але пра гэта ён можа толькi марыць. Астаткавая атмасфера Каменнага мячыка не толькi моцна разрэджана, а i адрознiваецца ад зямной. Так што, мажлiва, дарэмна ён ломiцца ў адчыненыя дзверы - нават выйшаўшы з кабiны, ён, пазбаўлены тых самых прыбораў, якiя саступаюць чалавечаму мозгу, убачыць i зразумее яшчэ менш.
Гэта быў не надта аптымiстычны вывад, i ўся iстота Балачана пратэставала супраць яго. Пагадзiцца з iм - значыць прызнаць, што ёсць мяжа, за якую чалавеку не пераступiць.
Апоўначы Камай паведамiў, што прыборы зноў адзначылi з'яўленне шорахаў. Балачан адразу ж выехаў з базы. Апынуўшыся над далiнай, ён бясшумна апусцiў гравiлёт, прытулiў яго пад скалой. Потым схамянуўся, засмяяўся. Усё-такi дзейнiчае iнстынкт самааховы: хiба нельга было пакiнуць гравiлёт пасярод далiны? Павесялелы Балачан лёгка пераскочыў цераз борт.
Начная далiна аказалася таксама прыгожай. Скупое адлюстраванае святло, якое пасылала на Каменны мячык суседняя планета, не пакiдала паўценяў, i гэта стварала iлюзiю
У цяснiне, куды Балачан збочыў, было цёмна. Ён запалiў лiхтар, скiраваўшы прамень пад ногi, прыслухаўся. Дзьмуў вецер, напэўна, па тутэйшых вымярэннях шалёны - яго ледзь прыкметнае супрацiўленне Балачан адчуў з вялiкай прыемнасцю. Узнiк у шлемафоне i посвiст, амаль нячутны, але ўсё роўна жаданы, быццам даносiўся з комiна якой-небудзь паляўнiчай хаткi, якiя пакiнуты на Зямлi для аматараў прыроды. Зноў яго мозг шукаў i знаходзiў прывычныя аналогii, i гэта пачало злаваць Балачана.
Ён прайшоў цяснiну аж да наступнай далiны, потым завярнуў у суседнюю, у апошнюю, трэцюю. Недзе побач з iм у гэты час нараджалiся i жылi шорахi, Камай пра iх адразу паведамляў. А яму здавалася, што ў цемры цяснiны нiчога пабочнага не iснуе. Напэўна, ён падумаў гэта ўголас, бо Камай спытаў:
– Ты нешта сказаў?
– Як там у цябе?
– Звычайна, - няўпэўнена адказаў Камай.
– А дакладней?
– Балачан заўважыў яго ваганнi.
– Пры тваiм наблiжэннi шорахi быццам прападаюць i потым узнiкаюць ужо за тваёй спiнай. Але я не ўпэўнены...
Не паспеў Балачан абдумаць гэту акалiчнасць, як у шлемафоне прагучала:
– Гэй, вы, вартаўнiкi зданяў! Пiльнуеце?
Тарасевiч не спаў. I Балачан адразу дараваў яму i скептыцызм, i насмешлiвасць.
– Слухай, - тым часам гудзеў Тарасевiч, звяртаючыся да Камая, - прыкрый свае лакатары, дай чалавеку пацешыцца натуральнай прыродай.
Балачан уявiў сабе, як усю прастору цяснiн пранiзваюць зараз, нiбы павуцiнне, нябачныя выпраменьваннi панастаўленых на навакольных вяршынях прыбораў, i падумаў, што ў парадзе ёсць сэнс. Спадзявацца на чалавечыя здольнасцi, дык да канца. Хаця наўрад цi што гэта магло даць.
– Выключай, - на ўсякi выпадак падтрымаў ён Тарасевiча, - не трэба мяне страхаваць.
– Ёсць, - коратка падпарадкаваўся Камай. А Балачан нiбы адчуў наяве, як раптам апалi нябачныя промнi-павуцiнкi. Аж у галаве зазвiнела ад уяўнай пустаты.
– Не баўся, аднак, - напаследак параiў Камай, - хутка свiтанне.
Балачан зiрнуў на гадзiннiк. Сапраўды, ужо мiнула нямала часу, хутка пара вяртацца, а ён усё яшчэ не прыдумаў, як яму дзейнiчаць, што шукаць у гэтых цяснiнах. Усё навокал было ходжана-пераходжана. Але i стаяць на месцы не выпадала, i ён патушыў лiхтарык. Пайшоў у другi канец далiны, рашыўшы, што больш не будзе заходзiць у цяснiны. Ён абмiнуў адну, другую, а перад трэцяй спынiўся, дзiвячыся, чаго раптам яму так карцiць збочыць у гэту трэцюю цяснiну. I неспадзявана для сябе ўсё-такi павярнуў.