Вечар
Шрифт:
Юзiк са сваiм "штацкiм" атрадам правёў сапраўдны атрад да суседняе вулiцы i скамандаваў назад. "Штацкi" атрад нястройна, але весела павярнуўся i пайшоў назад, а Юзiк, не маючы сапраўднага бубна, iшоў паперадзе ды бубнiў у бубен "штацкi" - трымаў леваю рукою аблубiцу* з старога рэшата i з усiх сiл лупiў па ёй меднаю качалкай з мажджыру**, якую цiхом сцягнуў ад мацеры.
* Аблубiцца - абадок.
** Мажджыр - жалезны таўкач.
Насустрач яму папалася рота вайсковых, яны паволi iшлi, i запявала, радасны ад свае песнi, запяваў:
Пайшла Манька, эх, ды ў лес,
А ёй жук пад хустку ўлез...
I здаровыя галасы,
Эх, Манюша, гых, Манюша
Разгулялася
Цэлы дзень бесперастанку
Цалавалася!..
Словы мала разбiралiся ў звычных галасах, але матыў яе i выконванне гаварылi аб сiле, якую неабходна трэба было вылiць у песнi.
"Штацкi" атрад Юзiка рассыпаўся, а пасля, як вайсковыя схавалiся за вуглом, ён зноў яго сабраў, падаў нейкую каманду, i атрад рушыў.
Пасля Манька а яй лес,
А ёй зук панцоху ўлез...
зацягнуў Юзiк, з вялiкай важнасцю аглядаючыся па баках.
I атрад яго грануў прыпеў.
А самы заднi, што без шапкi, якую прамяняў на яблыкi, ведаючы, што на зiму бацька маецца другую купiць, нёс вольную цяпер аблубiцу ды ўсё ўпэўнiваў усякага, хто пападаўся на дарозе:
– От, братка, наярваем!
А той "братка", часамi сiвы дзед, адыходзiў убок ды з любасцю глядзеў на дзяцей.
Хутка i Юзiк згiнуў з сваiм атрадам, i на зялёна-цёмнай плошчы нiкога не засталося, бо месца гэтае падыходзiла да канца горада... Пуста было, i толькi там, дзе плошча пераходзiла паступова ў бульвар, збiралiся вайсковыя музыканты. Iх постацi варушылiся на палiнялым фоне лёгкага змроку, i ясна вiдна была знаёмая Вiктару Зенiчу высокая постаць капельмайстра.
I ўяўлялася зямля i людзi на ёй. I ўсё хацелася пайсцi па зямлi, ахвацiць яе сабою i сказаць кожнаму: вось я бачу, чую, адчуваю цябе. I пачынаю адчуваць у цябе тое, чаго ты i сам можа не адчуваў...
А нашто гэта?
То гэта ты думкi можаш растлумачыць, а пачуццi хiба заўсёды можаш?..
Тады выйшаў Вiктар Зенiч на вячэрнюю вулiцу.
IV
– Справа вось у чым, - чуўся недзе недалёка задуменны голас, - аб цвiк чуць вуха не разарваў.
– Як жа ты?
– пытаў другi, як бы трохi з некiм расчараваннем, голас.
– У плоце, значыцца, цвiк, а я каля самага плота iду.
– То чаго ты лезеш на плот?
– А чорт жа яго ўсё ўгледзiць.
"Прайшлi людзi", - падумаў Вiктар Зенiч i пайшоў далей.
Ясна свяцiўся ў канцы вулiцы клуб. Клалiся на зямлю палосы свету з вялiкiх акон, чулiся адтуль галасы гаворак, нехта смяяўся, нехта нешта гаварыў, адзiн усiм. Звiнелi нядобра ўстаўленым шклом дзверы; Вiктар Зенiч ведаў гэты iх дакучлiвы звон i зачынiў iх за сабою паволi.
У сярэдзiне весела свяцiла электрычнасць, за вялiкiм сталом, узлёгшы адзiн на аднаго, нешта разглядалi, чутно было, як шумiць папера газеты цi можа вялiкай кнiгi. Каля процiлеглай сцяны сядзелi пагрузчыкi вагонаў, стараватыя мужчыны ў сваiх доўгiх брызентавых сарочках да кален, не пераадзяючыся прыйшлi яны сюды. А пры дзвярах нехта, з вялiкiмi валасамi i ў чорным фрэнчы, iграў на раялi вельмi ж вясёлы матыў, i здавалася, што гэта ад гэтых зыкаў i лёгкi змрок дрыжыць, што прытаiўся каля дзвярэй, дзе менш было свету. Пасярэдзiне ж у сваiм кароткiм кажушку стаяў сталяр Арсень Грабiч, трымаючыся ў бокi, i ўсё рваўся, каб выбiць нагамi нейкi танец.
– Няможна тут гэтым займацца, тут табе не пiўная, - чуўся голас.
– Братка, - угаварваў яго сталяр з вясёлым смехам, - ты адно паглядзi, што за танец, для цябе ж гэта я i скакаць сабраўся.
У яго не было жадання скакаць, але яму хацелася спрачацца, i ён рашуча адставiў нагу, як бы пачынаючы танец.
– Слухай, пакiнь!
– То калi гэтак, дык скажы музыканту, каб не граў гэтага нумару, а то я ўстаяць не магу. Няхай, калi гэтак, грае разлуку жыцця, тады я скакаць не буду, а то ён барабанiць, каб трохi, дык лявонiху, а гэты скакаць забараняе, хоча, каб жывы чалавек на месцы ўстаяў. Ды ты тут нежывога паднiмеш, не то што!.. Пара-а-адкi...
Сталяр весела адышоў да пагрузчыкаў i сеў. А ў клуб iшлi ўсё больш людзi. Хутка ўжо каля раяля сабралася грамада новых людзей, i хор пачаў некую рэпетыцыю. Той валасаты чалавек, што граў, цяпер стаяў, застыўшы перад сваiмi, i ўсе змоўклi, як бы чакаючы чаго важнага. Валасаты чалавек раптам чуць шавяльнуў рукою.
За Дуна-а-аем...
пачалi гаварыць галасы.
Там жыве мая матачка...
далей сказалi i, як усякiя зыкi, жылi i варушылi пачуццi i думкi.
Iшлi цераз клуб з суседняга пакоя з некага сходу людзi ды прыпынялiся слухаць. I ва ўсiх iх было, можа i несвядомае, адчуванне, што на свеце многа вялiкага, вельмi патрэбнага, часамi нявыяўленага, а як чуеш яго цi бачыш адчуваеш вялiкасць i хараство жыцця, глыбiню яго, што i ў радасцi, i ў пакутах.
– Хадзем, сусед, - тузануў за руку Вiктара Зенiча сталяр, - вельмi ж я сягоння натузаўся за дзень у майстэрнi, дык спаць пара iсцi, можа жонка ўжо слёзы выплакала, калi больш там якiх прычын не знайшлося.
Вiктар Зенiч выйшаў з сталяром, пакiнуўшы з сабою напружаны настрой публiкi ў клубе.
– То чаго гэта ваша жонка кожны дзень плача?
– запытаў ён у сталяра, адчуваючы да яго нешта блiзкае.
Хацелася ляпнуць яму па плячы ды загаварыць аб чым-небудзь блiзкiм, вядомым iм абодвум.
– Чаго плача? А чаму б ёй не паплакаць, калi ёй гэтак хочацца. От плача, ну i няхай плача сабе паволi. Ёй у гэтых слязах асалода, дык от i добра, што хоць ёсць ёй чым пацешыцца... Вунь там, за вашай сцяной, таксама дзяўчына плача, дык у тае асалоды ў гэтым няма, а пакута. Вось яе шкода.
"Вось жыццё, - ужо спакойна плылi думкi, - плыве i шумiць па зямлi. Чуцён i вiдзён на вулiцы i ўсюды сталяр з сваёю вечнай вясёласцю. I ўсё здаецца ружовым, слаўным, а за сцяною, у нары, тое самае - цёмным".
I хацелася выявiць перад усiм тым, што ёсць, што вось адчуваецца яно, гэтае жыццё, адно ўмiрае, другое расце, а зямля, што трымае ўсё на сабе, iмчыцца пад сонцам...
Зноў было цiха i змрочна ў пакоi, зноў чуць вiдна была вулiца, а за ёю шырокi пляц з цёмнымi ўжо абрысамi дрэў. Ужо не грала музыка, i рэдкiя зыкi дзерава недзе за акном не парушалi цiшы. Ужо плыла ноч, ахватвала зямлю чарнатою, звала ў сябе яе. Застылi ў нерухомасцi дрэвы напроцi акна, i здавалася, што там вельмi ж прытульна i добра. Ужо чулiся здалёк з электрычнае станцыi шырокiя зыкi паравiка, ды яшчэ некi стук, дробны i тупы, iмчаўся аднекуль. Але не парушалi гэтыя зыкi цiшы i не мяшалi думкам. А яны плылi ўсё i плылi. Плылi, як шырокая рэчка ў цiхiя днi - бо быў дзень тады без буры ў душы. Плысцi яны будуць так аж да самай гэтай буры, пакуль не давядзецца iм зрабiцца вострымi...