Чтение онлайн

на главную

Жанры

Выбраныя творы
Шрифт:

Перад аркестрам пайшоў пан камендант. Ужо і мы, малыя, ведалі, хто ён такі, што такое панская паліцыя. Наш Камар — няхай сабе ён і не злосны, а то і вясёлы бывае, — не прыехаў бы сюды з-за свету, марочыць нас на свой лад, каб не было гэтай паліцыі. Яна высочвае, арыштоўвае, катуе ў склепе той мураванкі, дзе пастарунак, а потым гоніць у турму ўсіх тых дзецюкоў і дзевак, што хочуць, каб і тут, як у Саветах, толькі за трыццаць два кіламетры адгэтуль на ўсход, не было маёнткаў і розных іншых багацеяў, у вёсках і ў гарадах, а каб усё было для тых, хто многа працуе, а сам усё бедны ды бедны. І каб школа была ў нас свая, на роднай мове. Такіх людзей — пад паліцэйскім канвоем, у кайданках — мы ўжо не раз бачылі на нашым гасцінцы: яны ўсё тутэйшыя — з Рыкавіч, з Хвоева, з Пагудзенкі і з іншых вёсак, што навокал Мілтачоў. Сядзяць у турме і нашы: Суботаў Кастусь, што вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, і дзядзька Хведар, Шураў сваяк, пляменнік дзеда Богуша.

І ён, гэты пан камендант, — не проста задавака, а галоўны кат. Так пра яго і гавораць.

Ён не проста ішоў перад строем пажарнай каманды — яшчэ і шаблю сваю з похвы выхапіў, трымаў перад сабой упоперак. І галаву задзёр. У круглай сіняй шапцы з вялікім, акантаваным бляхай козырам. Грукату мноства ног не чуваць было ад галёкання труб. Пажарнікі прайшлі ў канец брукаванай вуліцы, павярнулі назад. Ужо і трубы хрыпяць слінява ад стомы, і камендант спацеў, ачмурэлы ад фанабэрыі, а ўсё яшчэ тупае, задзірае наглянцаваныя боты, трымае шаблю, талопіцца толькі наперад і трохі ўгару. Калі ж параўняўся з людзьмі — усё-такі зірнуў убок, дзе на краі натоўпу стаяла ягоная пані і пані іншых паноў. Пан камендант не проста паглядзеў на іх — ён яшчэ раптам… высалапіў язык! І жонцы, і ўсім. Звычайны, тоўсты, чырвоны язык. І жонка яго, і ўсе іншыя пані — настаўніцы, жонкі паліцэйскіх, ужэнднікаў, навакольных падпанкаў і багацейшых асаднікаў — таксама ж ведалі, што за нялюдскую работу робіць ён у сваім пастарунку. Аднак на гэтага ката яны глядзелі па-іншаму, з чужога для нас боку. Для іх высалаплены язык пана Зыгмуся — гэта было так молада, так гарэзліва-міла, што не толькі жонка яго, але і ўсе іншыя пані заўсміхаліся, загаманілі і запляскалі далонькамі ў пальчатках.

Гэты язык і воплескі я прыгадаў, калі пан камендант пад'ехаў да нашай чарады пры гасцінцы і павітаўся — толькі з Камарамі. Ён хацеў яшчэ штосьці сказаць, ды тут з-за ўзгорка выгудзеў новы адкрыты легкавік. Камендантава сівая кабыліца — не сказаць, што такі ўжо агонь, — раптам упудзілася, ірванула з месца галопам, панесла! Не па гасцінцы, а ў поле — па бульбе, па аўсе, па жыце — наўпоперак загонаў, зверху ўніз, у даліну… Яздок, расставіўшы локці, бездапаможна тузаўся на ёй, усё далей, далей ад нас. А наўздагон яму пераможна, нібы нарэшце дачакаўшыся такога, грымнуў рогат і крык — і дарослых, і наш, са свістам у пальцы.

І вось тады Шура, як быццам азораны, умомант нанава перажыў усе свае пакуты з «он» ды «эн» чужое граматы, убачыў той мілтачоўскі грымучы аркестр і закрычаў услед каменданту:

— Затронбіш — кабылэн — у дупэн!

Няхай не вельмі правільна, аднак адразу з трыма насавымі галоснымі.

Вокліч гэты прыйшоўся якраз на паўзу ў нашым галёканні, усе пачулі яго, і рогат з крыкам ды свістам выбухнуў з новай сілай.

Тады наш Камар упершыню зазлаваў па-сапраўднаму. Пагнаў усіх нас у школу, а там Шуру і мяне паставіў у кут на калені.

За што ж мяне? Няўжо ён падумаў, што я падказаў? А мо са страху за такую дэманстрацыю пры ім? Ці проста таму, што мы з Шурам дружым?

Дарэчы, так ён і крычаў:

— Я ведаю вас! Ведаю!..

Педагог з пана Сатурніна наогул быў вялікі. Дагэтуль жыва помніцца, як ён тады, калі нам першы раз грымелі трубы, купіў сабе цэлую шклянку марожанага і пры нас, пры дзецях, з якіх далёка не кожнаму бацькі купілі б таго смаку хоць у найменшых круглых вафельках, доўга, спакойна, са смакам еў яго на ганку крамы лыжачкай, а мы глядзелі знізу чарадой, чакалі, калі ж ён кончыць… Даволі часта, лянуючыся падрыхтавацца да чарговых заняткаў, а то і не вельмі цямячы, як іх сёння весці, ён прыносіў якую-небудзь кнігу, не падручнік, а з этажэркі ў канцылярыі, і ў нас было чытанне. Пан навучыцель, пацясніўшы тых, што сядзелі на першай парце або і выселіўшы некага на другую, садзіўся на парту тварам да нас, ногі паставіўшы на дошку сядзення, і пачынаў што-небудзь чытаць, усім тром класам адразу.

Але за гэта я ўжо яму дзякую, са спазненнем ды наўздагон. За тое дзякую, што праз чужую мову я часамі даходзіў тады — усе мы даходзілі — да хараства такога ж блізкага, як і сваё, да праўды роднай і нам, беларускім мужыцкім дзецям. Скажам, у той гуральскай казцы, дзе хлопец з апошняй у сям'і місай мукі адчыніў дзверы свіронка, а сіберны вецер раптоўна так дзьмухануў, што вымеў з місы ўсю муку — панёс яе, не збярэш, не дагоніш!.. Гэта быў толькі пачатак польскай народнай казкі, толькі яго я і помню цяпер, але і ён мне гаворыць многа…

Быў у нас і другі культуртрэгер, з іншаю мовай і іншым панствам, — мілтачоўскі поп.

Маліцца мама мяне вучыла і прымушала з самага малку, аднак са словам «рэлігія» я пазнаёміўся толькі ў школе, упершыню спыніўшыся на ім у «роскладзе годзін», павешаным Камаром на сцяне, толькі тады ўсвядоміў, што не адны малітвы, але і ўсе тыя гісторыі, якія нам бацюшка так цікава расказвае, гэта таксама рэлігія. Бо сам ён іх называў інакш — «законом божиим».

Рэдка яго прывозілі да нас, затое дні гэта былі нібы святочныя. Зранку па бацюшку пасылалі падводу, мы ведалі хто, чый тата або брат паехаў гэтым разам у Мілтачы, і мы чакалі, хваляваліся. Чамусьці мне найлепш уяўляецца прыезд зімовы. Пачуўшы званок з-пад дугі ці ўбачыўшы праз намаразь акна каня і сані, мы рваліся з класа на двор, і Камар нас пускаў, бо і сам ён ішоў сустракаць паважанага госця. Не апрануўшыся, мы высыпалі на двор і крычалі ўжо не «дзень добры», а «здрастуйця». Старэнькі, сівы, ён цяжка вылазіў з саней-вазка, так незвычайна, багата апрануты, у чорнай каракулевай шапцы, у чорным доўгім паліто з каракулевым каўняром, а пад паліто, калі ён распранаўся ў канцылярыі і ўваходзіў у клас, была яшчэ чорная доўгая раса. Без пазлацаных рызаў, у якіх мы вельмі рэдка бачылі яго ў царкве, або калі ён прыязджаў хаваць каго-небудзь, ці раз у год служыў малебен у нашай капліцы на могілках. Трэба сказаць, што наш пастухоўскі фальклор ахопліваў і бацюшку, была і такая прыпеўка:

Гоп-па-па, гоп-па-па, чорна с… у папа, а ў папіхі белая, поп за ёю бегае!..

Аднак у школе мы пра гэта забываліся. Ён таксама, як і Камар, садзіўся на першую парту, яшчэ больш пацясніўшы вучняў або выселіўшы не аднаго, а двух, гаварыў сваё «ну-с…» і пачынаў расказваць «з галавы». Усе тыя гісторыі — які быў страшны сусветны патоп і як потым голуба паслалі з каўчэга ў разведку і ён вярнуўся з маслічным лістам у дзюбе; як браты прадалі Іосіфа ў няволю, а потым самі, у вялікі голад, прыязджалі да яго, калі ён стаў амаль царом; як маленькага, вельмі прыгожага Майсея бедная маці схавала ў трыснягу ў прасмоленым кашы і як яго знайшла там фараонава дачка… — усё гэта і многа іншага з расказаў бацюшкі хвалявала маё ўяўленне, гучала для нас цудоўнымі казкамі. І казкі гэтыя былі, у параўнанні з Камаровымі, куды больш даступныя для нас на мове расейскай, якую так ці гэтак, уперамешку з роднай, ужывалі ў нас дарослыя, — у сваіх гарадскіх ды ваенных успамінах, у песнях, — на мове, якая была і ў тых кнігах, што засталіся па хатах з вайны.

Можна было б цяпер і таму бацюшку падзякаваць наўздагон, як і настаўніку, за хоць такое, ускоснае ды міжвольнае, далучэнне нас да багаццяў сусветнай літаратуры, аднак у тым іх навучанні было, у кожнага, сваё «але»…

Чужаніца настаўнік прыехаў сюды з далёкага, невядомага краю, разам з паліцыяй, пад аховай яе вінтовак і «божых пальцаў» марочыў нашы галовы, занечышчаў нашы светлыя душы недарэчнай варожасцю да ўсяго, што наша, роднае — дома, на нашым месцы пад сонцам. Бо ён чытаў нам не толькі мудрыя, светлыя казкі свайго польскага народа, вершы і апавяданні з яго чалавечнай, высакароднай літаратуры, але і ўсякую так званую патрыятычную марноту. Захоплена, раз-поразу задзіраючы ўгару руку, чытаў нам Камар саладжава-нягеглыя вершыкі, скажам, пра вусы, шаблю і Каштанку, кабылу пана Пілсудскага, пра якога мы дома і на вёсцы, ад тых, каму мы верылі найбольш, добра ўжо ведалі, што ён — галоўны кат ужо не ў Мілтачах, але на ўсю нашу Заходнюю Беларусь, на ўсю Польшчу, для ўсіх працоўных, бедных людзей. І пра Савецкі Саюз, пра «большэвікуў» Камар чытаў і гаварыў нам толькі дрэннае: і хамы ўсе там, і разбойнікі… А мы ўжо ведалі, што там і зямлю далі людзям, і волю роднай мове кожнага — праўда, найлепш для нас зразумелая.

І поп не толькі вучыў нас маліцца, не толькі расказваў цікавыя казкі, святыя гісторыі. Часта, сказаўшы сваё «ну-с», ён пераходзіў на палітыку, да Саветаў, дзе, як казаў, «коммуна, что означает, дети, кому на, а кому и нет». Хіхікаў аж да кашлю, тады адхаркваў макрату, акуратна выплёўваў яе ў вялікую чыстую хустачку, прыглядаўся туды, паволі складваў хустачку, клаў яе белы квадрацік у глыбозную кішэню расы і, як Камар, пачынаў пра разбойнікаў, дзікуноў ды яшчэ і бязбожнікаў, якім калісьці, на тым свеце, давядзецца гарэць, не згараючы ў вечным агні…

Популярные книги

Возвышение Меркурия. Книга 4

Кронос Александр
4. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 4

Генерал-адмирал. Тетралогия

Злотников Роман Валерьевич
Генерал-адмирал
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Генерал-адмирал. Тетралогия

Вираж бытия

Ланцов Михаил Алексеевич
1. Фрунзе
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.86
рейтинг книги
Вираж бытия

Сиротка

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Сиротка
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Сиротка

Стеллар. Трибут

Прокофьев Роман Юрьевич
2. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
8.75
рейтинг книги
Стеллар. Трибут

Не грози Дубровскому! Том III

Панарин Антон
3. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том III

Чехов книга 3

Гоблин (MeXXanik)
3. Адвокат Чехов
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
6.00
рейтинг книги
Чехов книга 3

Школа Семи Камней

Жгулёв Пётр Николаевич
10. Real-Rpg
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Школа Семи Камней

Егерь

Астахов Евгений Евгеньевич
1. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
7.00
рейтинг книги
Егерь

Возвышение Меркурия

Кронос Александр
1. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия

Студент из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
2. Соприкосновение миров
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Студент из прошлого тысячелетия

Пустоцвет

Зика Натаэль
Любовные романы:
современные любовные романы
7.73
рейтинг книги
Пустоцвет

Новая Инквизиция 2

Злобин Михаил
2. Новая инквизиция
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
городское фэнтези
5.00
рейтинг книги
Новая Инквизиция 2

Охота на попаданку. Бракованная жена

Герр Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.60
рейтинг книги
Охота на попаданку. Бракованная жена