Забаставаў
Шрифт:
— Ён і быў такі,—сказала маці.
— Цяпер адыдзіся, маці, і дай мне выспацца.
Джоні гаварыў спакойна, роўнамерна, а потым гэтак-жа спакойна павярнуўся на бок і заснуў.
А дзесятай гадзіне ён прачнуўся і адзеўся. Ён вышаў у кухню, дзе ўбачыў сваю матку са спалоханым тварам.
— Я іду, маці, і хачу разьвітацца
— Куды? — запыталася напалоханая маці.
— Ня ведаю… Куды вочы глядзяць.
— А работа? — запыталася яна дрыжачым голасам.
— Я ніколі больш не пайду на работу.
Маці Джоні ня ведала, што рабіць.
— Што гэта з табою? — накрычала яна, стараючыся выявіць сваю строгасьць у голасе.
— Я раскажу табе, — адказаў ён, — я вельмі змарыўся. Я бесьперапынна варушуся з таго часу, як радзіўся на сьвет. Я ад гэтага вельмі змарыўся і больш не хачу варушыцца. Успомні, як я працаваў у гуце. Я звычайна прывязваў 300 тузін коркаў за день, цяпер я вылічыў, што я рабіў на дзень па 36.000 розных рухаў. За дзесяць дзён—360.000 рухаў. За месяц—1.080.000, адкінь 80.000—застанецца мільён рухаў за месяц — дванаццаць мільёнаў рухаў за год!
У ткацкай я рабіў удвая больш. Гэта складае 25 мільёнаў рухаў за год, і мне здаецца, што я знаходжуся ў рухавасьці траха ня мільён гадоў.—На гэтым тыдні я зусім не варушыўся. I мне было вельмі прыемна сядзець так цэлымі гадзінамі, нічога ня робячы. Я ніколі раней ня быў шчасьлівым. Я ніколі ня меў адпачынку. Праз увесь час я варушыўся. Ад такога жыцьця ня будзеш шчасьлівым. I я цяпер ня буду нічога рабіць. Я буду сядзець і сядзець, адпачываць і адпачываць, і потым зноў адпачываць.
— А што-ж будзе з Уілем і з дзецьмі? — запыталася заклапочаная маці.
— Але, Уіль і дзеці…—прагаварыў ён. — Я ведаю, маці, чаго ты спадзявалася Для Уіля. Ты хацела павучыць яго ў школе і зрабіць з яго бухгальтара. Але цяпер гэтага зрабіць нельга — я іду. Яму прыдзецца ісьці на работу.
— I гэта пасьля таго, як я вывела цябе на дарогу, — прагаварыла маці з плачам.
— Ты ніколі ня выводзіла мяне на дарогу, — адказаў Джоні з ласкаван журбою. — Я сам вывеў сябе, і я-ж вывеў і Уіля. Ён большы за мяне, таўсьцейшы і вышэйшы. Я думаю, што, калі я быў яшчэ малым, я кепска харчаваўся. Калі ён быў дзіцем, я ўжо працаваў і зарабляў таксама і на яго. Але гэта скончана. Я змарыўся. Цяпер я іду. Хіба ты ня скажаш мне: бывай?
Маці маўчала. Яна плакала. Джоні пастаяў крыху на парозе, потым вышаў з хаты і пашоў па вуліцы.
— Так, я ня буду нічога рабіць, — сказаў ён спакойным голасам, але рашучым тонам.
Джоні доўга гуляў па вуліцах, чаго ён раней ніколі не рабіў. Калі ён праходзіў міма джутавай фабрыкі, адтуль пачуўся слабы грукат і гул ткацкай, і ён усьміхнуўся. Гэта была спакойная, мірная ўсьмешка. У яго ня было цяпер ніякай злосьці. Ён спакойна адносіўся да ўсіх, нават да машын. У ім было толькі бязьмежнае жаданьне супакою.
Дамы і фабрыкі радзелі ўсё больш, чым бліжэй Джоні падыходзіў да акраіны гораду. Нарэшце, горад застаўся далёка ззаду, і ён пашоў па сьцежцы ўздоўж чыгункі.
Джоні падышоў да маленькай станцыі і лёг на траву пад дрэвам. Ён праляжаў там увесь дзень, наглядаючы за птушкамі і небам, якое прасьвечвалася праз густыя веткі дзерава.
Калі зьмерклася, да станцыі з грукатам падкаціўся таварны поезд. Паравоз пацягнуў вагоны па стрэлцы на другую каляю. Джоні папоўз за поездам. Ён адчыніў бакавыя дзьверы аднаго пустога вагону, сяк-так залез туды і замкнуў за сабою дзьверы. Паравоз сьвіснуў, і поезд крануўся з месца. Джоні ляжаў на падлозе ў цёмным вагоне і ўсьміхаўся.