Зброя
Шрифт:
Рука пацягнулася да нашыйніка сабакі. Алесь спакойна, каб не спалохаць дзіця, паклаў сваю руку на запясце Багатырова, сціснуў.
Хвіліну ішла непрыкметная барацьба. Потым твар жывадзёра наліўся крывёю.
— Не думаў, — ціха сказаў ён. — Ну, дык што?
— Сёння вашы людзі…
— Пусціце-с маю руку.
Алесь пусціў.
— Думалася мне, у вас костка танчэйшая-с.
— Яны таксама думалі, — сказаў Алесь.
— Хто?
— Сноп, Міхайла, Шчалканаў. Дваіх не ведаю.
— Дзе
— Пэўна, ляжаць у яры.
— Як, зусім?
— Не думаю. Я не ўжываў ніякай зброі.
Багатыроў уздыхнуў.
— То што вы хочаце-с?
— Перш за ўсё адашліце адсюль хлопчыка. Не цягайце яго па гэтай брыдзе. Яму тут не месца. І жыць ён будзе, спадзяюся, у іншыя часы.
Жывадзёр маўчаў. Ён, відаць, вагаўся між гневам і ўсведамленнем слушнасці словаў невядомага.
Чым бы гэта ўсё скончылася — Бог ведае. Але ў гэты момант ваўтузню і хрыпенне ў крузе заглушылі крыкі несамавітага жаху.
…Бык — на яго спусцілі яшчэ чатырох сабак,і тыя абляпілі ўсю яго галаву, прыціснулі яе да зямлі — раптам ускінуўся. Ён не хацеў біцца. Ён хацеў аднаго — свабоды. Тыя не разумелі гэтага — тым горш.
Бугай з цяжкасцю ўзняў галаву. Цела ягонае дрыжала. Ён зрабіў крок, другі, а потым кінуўся насустрач гэтай свабодзе ўсё хутчэй і хутчэй.
Ён ляцеў на дзверы, што вядуць у круг. Ляцеў, цягнучы за сабою, па пыле, сабак. Ляцеў, як таран, прыбавіўшы да сваёй вагі яшчэ трыццаць пяць пудоў, што віселі на ягоным карку, вушах, баках. І ўсёй гэтай вагою ён ударыў у палавінкі брамы.
Брама абурылася. Два сабакі, скінутыя ўдарам аб шулы, адваліліся, енчылі на зямлі. Чорны таран кінуўся куды глядзяць вочы. Сабакі калаціліся на ім,а ён то скакаў з усіх чатырох ног у паветры, то зноў бег.
Быдла, якое толькі што выла, раўло і стагнала ад захаплення, трэсла кулакамі ў паветры і юрліва вадзіла вачыма па лужынах крыві, — кінулася хто куды. Тапталі адзін аднаго, мітусіліся, бегалі, між іх лётаў, трасучы галавою, гнеўны, як Пярун, і рыклівы, як Пярун, бык.
Ямшчыкі і фурманы, кінуўшы седакоў, пачалі нахвостваць коней па дарозе на Маскву, а за імі каціўся шэры натоўп, крычучы ад жаху.
Самыя жорсткія, як заўсёды, выявіліся самымі баязлівымі. Скора поле, дзе — на шчасце — не засталося ніводнага забітага (бык быў не тым заняты), апусцела. Валяліся толькі перакуленыя крэслы і лавы ды стаялі нашы прыезджыя, Багатыроў з сынам і яшчэ два-тры чалавекі.
А па полі, як грамавы молат, імчаў бык, аблеплены сабакамі. Ён скідаў іх, а яны зноў кідаліся на яго. Урэшце два з іх, енчачы, адступіліся. На вушах звера, па-ранейшаму, віселі толькі Бушуй і Галубы, падымаючыся і апускаючыся ад бурхлівых, бы з кавальскага меха, уздыхаў быка.
І тады
Брук шашы льсняна блішчаў перад ім. Яго, быка, прывялі сюды па гэтым бруку грубыя прасалы, трымалі некалькі дзён на паляўшчыне, а потым прывялі сюды. Недзе там, у канцы гэтага бруку, засталіся падталыя з сонечнага боку стагі саломы, лінная поўсць на слупах агароджы, працяглы вясенні рык кароў.
Вачыма, затуманенымі стомай, ён цьмяна бачыў, што па шашы рухаецца шэрая маса, а над ёю нешта блішчыць. І ён думаў, яму хацелася так думаць, што гэта ідзе яму насустрач родная, пахнучая малаком чарада і рогі блішчаць на веснім сонцы. І таму ён ішоў проста напярэймы гэтай чарадзе.
Чарада была чарадой, але не чарадой жывёлы. Ва ўсякім разе, не чарадой той жывёлы, якую хацеў сустрэць бык.
— Салдаты, — раптам нема закрычаў Багатыроў. — Салдаты на шашы.
— Ды што такога? — спытаў Чыўін.
— Застрэляць. Застрэляць быка і сабак. Чорт з імі, з быкамі! Бушуюшка! Гал-лубушка!
— Чорт з імі, з сабакамі, — сказаў раптам нечы голас. — Вось бык — гэты заслужыў… заслужыў свабоду.
Алесь глянуў туды і ўбачыў сівога старога ў палкоўніцкім мундзіры і ў шынялі, накінутым паўзверх яго. Стары чымсьці нагадваў яму дзядзьку Яроцкага.
— Крычыце ім, крычыце ім, пан Калашнікаў. — На вачах Багатырова была вільгаць. — Крыкніце ім, каб не стралялі!
— Далёка, — сказаў палкоўнік.
Бык ішоў, правальваючыся ў гразь. Згінаўся ўсё ніжэй і ніжэй, і ўжо не нагамі, а бакамі цягнуліся па гразі псы.
Але ён ішоў. Над ягонай галавою звінелі ў сляпучым ззянні жаўрукі, і ён ішоў насустрач ім, з апошняй сілы цягнучы на карку свой крыж.
— Мяснікі! Хлопцы! Стрэльбы! Страляйце ў яго! — крычаў Багатыроў.
— Татка, не трэ…!!!
А бык ішоў. Жаўрукі звінелі ў ззянні, і ён ішоў да іх. Ішоў да добрай шэрай чарады, што рухалася па дарозе. Да добрай шэрай чарады, што стала прыветна махаць бліскучымі рагамі, убачыўшы яго.
Зараз ён далучыцца да іх, пойдзе з імі. Далёка-далёка, дзе цёплае сена і дзе няма сабак.
…Багатыроў раптам упаў на калені.
— Лебедзь! Лебедзік! Ату! Ату! Вазьмі яго! Ату!
Лебедзь адвараціў трачаную молем галаву.
— Багатыроў, — сказаў Алесь, — што возьмеш за жыццё сабак?
Багатыроў кінуў на яго шалёны позірк, але ўбачыў, што Лебедзь цягнецца да Алесевых рук.
— Барын, што хочаце-с…
— Жыццё быка, — сказаў Алесь. — І яшчэ… беражыце хлопчыка ад такога…