Жыццё i дзiўныя прыгоды марахода Рабiнзона Круза (на белорусском языке)
Шрифт:
Данiэль Дэфо
ЖЫЦЦЁ I ДЗIЎНЫЯ ПРЫГОДЫ МАРАХОДА РАБIНЗОНА КРУЗА
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сям'я Рабiнзона.
– Уцёкi з бацькоўскага дому.
З самага ранняга дзяцiнства я больш за ўсё на свеце любiў мора. Я зайздросцiў кожнаму матросу, якi выпраўляўся ў далёкае плаванне. Гадзiнамi выстойваў я на марскiм беразе i, не зводзячы вачэй, разглядаў караблi, якiя праходзiлi паблiзу.
Маiм бацькам гэта вельмi не падабалася. Бацька, стары хворы чалавек, хацеў, каб я быў важным чыноўнiкам, служыў у каралеўскiм судзе i атрымлiваў вялiкiя грошы. А я марыў пра марскiя падарожжы.
Бацька здагадваўся, што ў мяне ў галаве. Аднойчы ён паклiкаў мяне да сябе i злосна сказаў:
– Я ведаю: ты хочаш уцячы з роднага дому. Гэта вар'яцтва. Ты павiнен застацца. Калi ты застанешся, я заўсёды буду добрым бацькам, але не чакай дабра, калi ты ўсё-такi надумаешся ўцячы!
– Голас у бацькi задрыжаў, i ён цiха дадаў: - Падумай пра сваю хворую мацi... Яна не вытрымае разлукi з табою.
У вачах у яго заблiшчалi слёзы. Ён любiў мяне i хацеў мне дабра.
Мне зрабiлася шкада старога, i я цвёрда вырашыў застацца ў бацькавым доме i больш нават не думаць пра марскiя падарожжы. Але - дарэмна!
– мiнула некалькi дзён, i ад маiх намераў нiчога не засталося. Мяне зноў пацягнула да марскiх берагоў. Мне зноў пачалi снiцца мачты, хвалi, ветразi, чайкi, невядомыя краiны, агнi маякоў.
Праз два-тры тыднi пасля гаворкi з бацькам я ўсё ж вырашыў уцячы. Улучыўшы момант, калi мацi была вясёлая i спакойная, я падышоў да яе i пачцiва сказаў:
– Мне ўжо васемнаццаць гадоў, i ў гэтым узросце позна ўжо вучыцца судовай справе. I калi б я нават i паступiў куды-небудзь на службу, праз некалькi дзён я ўсё роўна збег бы ў далёкiя краiны. Мне так хочацца пабачыць чужыя краi, пабыць i ў Афрыцы i ў Азii! А калi я нават i вазьмуся за якую-небудзь справу, у мяне ўсё роўна не хопiць цярпення давесцi яе да ладу. Прашу вас, угаварыце бацьку пусцiць мяне ў мора, няхай сабе ненадоўга - толькi для спробы; калi жыццё марака будзе не да спадобы мне, я вярнуся дадому i больш нiкуды не паеду. Няхай бацька пусцiць мяне па добрай волi, таму што iнакш я вымушаны буду пакiнуць родны дом без дазволу.
Мацi вельмi ўзлавалася на мяне i сказала:
– Я дзiўлюся, што ты не выкiнуў гэтага з галавы пасля гаворкi з бацькам! Бацька ж патрабаваў ад цябе, каб ты раз i назаўсёды забыў пра чужыя краiны. А ён лепш за цябе разумее, якой справай табе займацца. Вядома, калi ты хочаш згубiць сябе, едзь хоць зараз, толькi ведай, што мы з бацькам нiколi не дамо згоды на твае падарожжы. I дарэмна ты спадзяваўся на маю помач. Не, я нi словам не абзавуся бацьку пра твае бязглуздыя выдумкi. Я не хачу, каб потым, калi мора давядзе цябе да жабрацтва i пакут, ты мог папракнуць сваю мацi за тое, што яна давала табе патачку.
Потым, праз многа гадоў, я даведаўся, што мацi ўсё ж перадала бацьку нашу гаворку - ад слова да слова. Бацька быў засмучаны i адказаў ёй, цяжка ўздыхнуўшы:
– Не разумею, чаго яму не хапае? На радзiме ён здолеў бы без цяжкасцей дабiцца поспеху ў сваёй рабоце i шчасця. Мы хоць i небагатыя людзi, але сякiя-такiя сродкi ў нас ёсць. Ён можа жыць разам з намi, не маючы нi ў чым патрэбы. А калi ўжо ён наважыўся падарожнiчаць, то зведае цяжкiя нягоды i пашкадуе, што не паслухаў бацьку. Не, я не магу пусцiць яго ў мора. Далёка ад радзiмы ён будзе ў самоце, i калi з iм здарыцца няшчасце, у яго не знойдзецца сябра, якi б здолеў яго суцешыць. I тады ён будзе каяцца, ды будзе позна!
I ўсё роўна праз некалькi месяцаў я збег з роднага дому. Адбылося гэта так. Аднойчы я паехаў на некалькi дзён у горад Гуль. Там я сустрэў аднаго прыяцеля, якi збiраўся плыць у Лондан на караблi свайго бацькi. Ён пачаў мяне ўгаворваць ехаць разам з iм, спакушаючы тым, што праезд на караблi нiчога мне не будзе каштаваць.
I вось, не спытаўшыся нi ў бацькi, нi ў мацi, - у нядобрую часiну!
– 1 верасня 1651 года я на дзевятнаццатым годзе жыцця сеў на карабель, якi плыў у Лондан.
Гэта быў дрэнны ўчынак: я пакiдаў старых бацькоў, нават не падумаўшы над iх парадамi i забыўшы пра абавязак сына. I мне вельмi хутка давялося каяцца ў тым, што я нарабiў.
РАЗДЗЕЛ ДРУГI
Першыя прыгоды на моры
Не паспеў наш карабель выйсцi з вусця Хамбера, як з поўначы падзьмуў халодны вецер. Неба пакрылася хмарамi. Пачалася страшэнная гайданка.
Я дагэтуль нiколi яшчэ не быў у моры, i мне зрабiлася кепска. У мяне закружылася галава, задрыжалi ногi, мяне пачало ванiтаваць, i я ледзь не ўпаў. Кожны раз, як толькi на карабель навальвалася велiзарная хваля, мне здавалася, што мы зараз жа апынiмся на дне. Кожны раз, калi карабель валiўся з высачэзнай грывы, я ўпэўнены быў: яму ўжо нiколi не падняцца над хвалямi.
Тысячу разоў я прысягаў, што, калi застануся жывы, калi толькi яшчэ нага мая ступiць на цвёрдую зямлю, я зараз жа вярнуся дадому да бацькi i нiколi ўжо за ўсё жыццё не падымуся больш на палубу карабля.
Аднак гэтых разважлiвых думак хапiла ў мяне толькi на той час, пакуль бушавала бура.
I вось вецер суняўся, хвалi знемаглi, i мне зрабiлася куды лягчэй. Паступова я пачаў прывыкаць да мора. Праўда, я яшчэ не зусiм пазбавiўся марской хваробы, але к канцу дня праяснела, вецер зусiм сцiшыўся, надышоў цудоўны вечар.
Усю ноч я праспаў як забiты. Назаўтра неба было такое ж яснае. Сцiшанае мора, над якiм не было нават слабога ветрыку, ззяла на сонцы ў такой дзiвоснай красе, якой я яшчэ зроду не бачыў. Ад мае марской хваробы не засталося i знаку. Я адразу супакоiўся, i мне зрабiлася весела. Са здзiўленнем углядаўся я ў мора, якое яшчэ ўчора здавалася такiм жорсткiм i пагрозлiвым, а сёння было ласкавае i сцiшанае.
Тут, як знарок, падыходзiць да мяне мой прыяцель, што спакусiў мяне ехаць разам з iм, ляпае па плечуку i кажа:
– Ну, як ты сябе адчуваеш, Боб? Я гатовы паспрачацца, што ўчора ты добра напалохаўся. Прызнавайся: ты ж напалохаўся ўчора, як падзьмуў вятрыска?
– Вятрыска? Добры вятрыска! Гэта ж быў шалёны шквал. Я нават уявiць сабе не мог такой жахлiвай буры!
– Буры? Ах ты дзiвак! Па-твойму, гэта бура? Ну, ды ты ж яшчэ новенькi на моры: не дзiўна, што напалохаўся... Аднак хадзем лепей ды загадаем падаць нам пуншу, вып'ем па шклянцы i забудзем пра буру. Зiрнi, якi ясны дзень! Цудоўнае надвор'е, цi не так?