Аўтобус
Шрифт:
Яму ніхто не паспеў адказаць, бо адразу ж пачуўся перапужаны крык мажнай цёткі, якая нядаўна старанна абгрызала да чыстага курыныя косткі:
– А-а-а!
Адказам на яе крык стала запытальная, з улоўным страхам, цішыня салона. Не разгубіўся толькі упэўнены мужчына:
– Чаго вы крычыце? Што за прычына?
– Курыца...Во...
– жанчына падняла высока уверх пакет са смажанай паловай курыцы.
– І што ў ёй страшнага?
– грозна ўжо перапытаў мужчына.
– Людзей палохаеце...
– Дык мы ж яе з'елі! А яна - во... Як і была...
– Што
– Я адну брала, - замармытала жанчына.
– І мы яе з'елі пятнаццаць хвілін таму.
У салоне ужо ніхто не ўсміхаўся.
– Вадзіцель!
– пузаты павярнуўся наперад.
– Патлумачце, што тут адбываецца - па распарадку мы павінны праз тры хвіліны спыніцца ў Рудаках. Чаго мы ездзім туды-сюды!
– Ды пайшлі вы!
– пачаў было вадзіцель, але мужчына рыкнуў:
– Не забывайцеся!
– А я адкуль ведаю?
– раздражнёна адказаў вадзіцель.
– Вы толькі заўважылі, а я ужо тройчы адзін адрэзак еду. Не зварочваю ж нікуды...
Павісла маўчанне.
– Ёсць!
– раздаўся пераможны крык лысаватага з ноутбукам.
– Што ёсць?
– імкліва павярнуўся дзелавы мужчына да яго.
– Гадзіннік на ноўтбуку назад пераскочыў. Зноў мы вярнуліся...
– Што пераскочыла і куды мы вярнуліся?
– запатрабаваў тлумачэнняў мужчына.
Ноўтбушнік з гатоўнасцю стаў тлумачыць:
– Толькі што час на маніторы пераскочыў на 10 хвілін назад. Я зірнуў - мы едзем там, дзе і раней былі якраз 10 хвілін таму.
– Гэта як?
– крыху разгубіўся мужчына.
– Я думаю, апошні ўдар перуна прыйшоўся на лінію перадач, узнікла моцнае электрамагнітнае поле і мы патрапілі ў кальцо прасторы-часу, якое якраз утварылася. І круцімся ў ім...
– Калі б мы у кольцы былі, то б ад пачатку пачалі размаўляць, - устрэў Антось, якому такое тлумачэнне здалося неверагодным.
– Лухта нейкая...
– Не абавязкова, - заўпарціўся ноўтбушнік.
– Поле дзейнічае на фізічную мёртвую матэрыю. Вось, час пераскочыў, курыца аднавілася... Калі Вы можаце патлумачыць па-іншаму, чаму мы ужо тройчы едзем адным адрэзкам - патлумачце. І зірніце на гадзіннікі...
– І бензін ужо колькі часу на месцы, - падтрымаў вадзіцель.
– І спідометр пераскочыў...
– Так, спакойна, трэба разабрацца ва ўсім!
– загадаў дзелавы мужчына, хоць ніхто і не збіраўся парушаць напружаную цішыню салона, і загад гэты ён аддаў, відавочна, ад асабістай разгубленасці, каб супакоіцца самому..
– Гэта суд Божы! Час наш прыйшоў!
– раздаўся зычны, упэўнены голас аднекуль з сярэдзіны салона, а потым ўзнялася над усімі жанчына ў стракатай хустцы.
– Сядзьце, не палохайце людзей!
Голас належаў жанчыне гадоў 50, апранутай у адмысловы касцюм. Жанчына прыўзнялася з месца, і Антось унутрана абрадаваўся - уся постаць жанчыны, яе твар выпраменьвалі упэўненасць і спакой.
– Ад таго, што мы тут зараз будзем крычаць і палохаць адзін аднаго, лепш нікому не будзе, - строга загаварыла жанчына.
– Кажу вам гэта, як урач. Малады чалавек, што Вы казалі пра тое закальцованае поле?
– гэта было пытанне да лысаватага мужчыны з ноутбукам.
– Я ўжо казаў... Думаю, прастора-час вакол нас звярнуліся ў кольца. Гэта тлумачыць тое, што і час пераскоквае назад кожныя 10 хвілін, і мы вяртаемся нейкім чынам назад. І мабільнікі не працуюць, мой дакладна...
– І што будзе далей?
¬- Не ведаю... Нешта павінна быць... Некалі скончыцца...
Хваляванне і напружанасць у салоне трохі зменшыліся, быццам ад ведання таго, што здарылася, стала лягчэй. У большай меры падставай для супакаення была невядомасць: нясе пагрозу ім, пасажырам, іх часовае (а ўсе былі упэўнены - менавіта часовае) знаходжанне ў гэтым закальцованым часе ці не. Пакуль ніякай пагрозы не было. А кожная дарога рана ці позна заканчваецца - у гэтым быў упэўнены кожны пасажыр. За адным дзеяннем ці з'явай наступаюць другія, у наступстваў бываюць прычыны, а наступствы становяцца падставай для новых прычын. І ў тым, што ланцужок часова прыпыніўся, ніхто не бачыў асаблівай пагрозы.
Але прайшло паўгадзіны, і нязменлівасць сітуацыі за вокнамі аўтобуса, цыклічнасць карцінак пачала прыгнятаць.
– А мы не спознімся ў Мінск? Мы прыедзем у час? ¬- звярнулася да Антося тая нервовая жанчына ззаду. У яе голасе выразна адчуваўся страх.
"Бач, хвалюецца з-за грошай", - падумаў ён а ў голас адказаў:
– Спадзяюся, прыедзем. Мне таксама сёння спазняцца нельга. І абавязкова трэба прыехаць...
І раптоўна нейкая неверагодная думка закралася ў галаву: а раптам ім вось так ехаць і ехаць, доўга, бясконца - і ніколі не прыехаць? Антось уважліва глядзеў на пасажыраў і бачыў, што такія ж сумненні паступова авалодвалі многімі, бо твары хмурнелі, неспакой выразна праяўляўся на іх.
Трэба было паспрабаваць нешта рабіць... Хоць нешта...
– Усё нічога, аднак варта падумаць і пра нашу фізіялогію, - загаварыў дзелавы мужчына, і адчулася, што гэтага голасу чакаюць усе, што чакаюць проста любога упэўненага голасу, чакаюць добрых змен - салон імгненна ажывіўся.
– Вы пра "дзевачкі налева, хлопчыкі - направа", - асцярожна пажартаваў нехта.
– І пра гэта таксама, - сур'ёзна заўважыў мужчына.
– Хто ўмее весці аўтобус?
– і не пачуўшы сцвярджальнага адказу, закончыў: - Наш вадзіцель рана ці позна стоміцца.
– І што вы прапаноўваеце?
– адгукнуўся з-за перагародкі вадзіцель.
Мужчына падняўся, прайшоў наперад салона, стаў побач з вадзіцелем.
– Я прапаную ўжо цяпер паспрабаваць спыніцца. Адчыніць дзверы, выйсці...
Нягледзячы на тое, што ў прапанове не было нічога незвычайнага, аднак насцярожанасць адбілася на тварах многіх пасажыраў. Бо тут, у салоне, усё было звычайным і простым, нічога знешне не змянілася, а час... ну, час увогуле можа быць незаўважным, калі не глядзець на гадзіннік. За акном жа - тое ж неба, і сонца тое ж... Але ці тое ж усё астатняе? Зямля ці цвёрдая? Паветрам ці можна дыхаць? І хоць сумненні былі проста смешнымі - але яны былі. Чаму б паветру не стаць шкляным і застылым, калі сам час закруціўся ў абаранак?