Адступнiк, або Затлумлёны дух (на белорусском языке)
Шрифт:
Альбэр Камю
Адступнiк, або Затлумлёны дух
Пераклаў Змiцер Колас
"О, каша! Каша! Трэба навесцi парадак у галаве. З той пары, як яны адрэзалi мне язык, не ведаю, напэўна, нейкi iншы язык ажыў у маiм чэрапе, нешта гаворыць ува мне цi нехта, то знянацку змаўкае, то пачынае зноў, о, я чую, я шмат чаго чую з таго, што ён кажа, але ўвесь час маўчу, каша, i варта разявiць рот - нiбыта грукоча каменне. Парадак, патрэбен парадак, кажа язык, але адначасна ён кажа пра iншае, праўда, мне заўжды хацелася парадку. Прынамсi, пэўна адно: я чакаю мiсiянера, што павiнен мяне замянiць. I вось я тут, на сцяжыне, за гадзiну ад Тагазы, схаваўся ў патрушчаных скалах, сяджу на старой стрэльбе. Над пустэльняю днее, яшчэ вельмi халодна, але зараз пачнецца сквар, гэтая зямля даводзiць да вар'яцтва, i я, за столькi гадоў, якiя няможна злiчыць... Не! Яшчэ адно намаганне. Гэтым ранкам цi вечарам павiнен прыйсцi мiсiянер. Я чуў, яны казалi, што ён будзе з павадыром, можа быць, у iх будзе ўсяго адзiн вярблюд на дваiх. Я буду чакаць, я чакаю, холад, холад - толькi ён прымушае мяне дрыжаць. Трывай яшчэ крыху, брудны раб!
О, як я ўжо доўга чакаю. Калi я быў там, у сваiх, на гэтым высокiм узгор'i ў Цэнтральным Масiве, дзе былi гэтае быдла-бацькi, i вiно, i штодня суп на сале, асаблiва - вiно, кiслае i халоднае, i гэтая доўгая зiма, i ледзяны сiвер,
Я маю за што паквiтацца з iм i з яго настаўнiкамi, з маiмi настаўнiкамi, якiя ашукалi мяне, з усёй гэтай гiдкай Эўропай, мяне ўсе ашукалi. Мiсiя! Ва ўсiх у iх было адно гэтае слова на вуснах, пайсцi да дзiкуноў i сказаць: "Вось мой бог, глядзiце на яго, ён нiколi не б'е i не забiвае, ён загадвае мяккiм голасам, ён падстаўляе другую шчаку, гэта сама вялiкi з усiх багоў, абярыце яго, зiрнiце, якiм добрым, якiм лейшым за iншых зрабiў ён мяне, зняважце мяне, i ў вас будзе гэтаму доказ". Але, я даў веры, хр-хр, я адчуваў сябе лепшым, я памажнеў, быў амаль што прыгожы i прагнуў знявагi. Калi мы шчыльнымi i чорнымi шэрагамi iшлi пад летнiм грэнобльскiм сонцам i насустрач нам траплялiся дзяўчаты ў лёгкiх сукенках, я не адводзiў вачэй, я пагарджаў iмi, я чакаў, каб яны мяне зняважылi, i часам яны смяялiся. Я думаў тады: "Няхай яны мяне ўдараць, няхай плюнуць у твар", - i iх смех, далiбог, гэта было тое самае, ашчацiнены зубамi i кпiнамi, ён працiнаў наскрозь, знявага i боль былi такiя ласкавыя! Мой духоўнiк не разумеў, калi я журыўся: "Ды што вы, у вас шмат дабрынi!" Дабрынi! Кiслага вiна - вось чаго ўва мне было шмат, але тым было лепш, бо як зробiшся лепшым, калi ты не благi, з усяго, чаму мяне навучалi, гэта я зразумеў выдатна. Я наогул зразумеў толькi гэта, адзiную думку, i вось, разумненькi тугадум, я вырашыў дайсцi да канца, я iшоў насустрач пакаранню, я ўрэзваў сабе ў ежы, нарэшце, я таксама - я хацеў быць узорам, хацеў, каб мяне бачылi i каб, убачыўшы мяне, ушанавалi таго, хто зрабiў мяне лепшым, каб праз мяне ўславiлi майго бога.
Дзiкае сонца! Яно падымаецца i мяняе пустэльню, тут няма болей колеру горнага цыкламену, о мае горы, i снег, гэты мяккi, ласкавы снег, але не, тут усё брудна-жоўтае, няўдзячны час перад вялiкiм асляпленнем. Нiчога, нiчога на ўсiм даляглядзе перада мной, там, дзе пляскатае ўзгор'е губляецца ў карагодзе пакуль яшчэ мяккiх фарбаў. А ззаду, за мной, сцяжына паўзе да дзюны, за якой хаваецца Тагаза, яе сталёвае iмя б'ецца звонам у маёй галаве ўжо столькi гадоў. Першы, хто сказаў мне пра гэты горад, быў стары, падслепаваты свяшчэннiк, якi дажываў свой век у нашай плябанii, але чаму першы, ён быў адзiны, а мяне, у яго апавяданнi мяне здзiвiлi не гэты горад, вычасаны з солi, i не яго белыя сцены пад задушлiвым сонцам, не, мяне здзiвiла жорсткасць яго жыхароў, дзiкуноў, што жылi ў гэтым горадзе, закрытым усякаму прышламу, толькi адзiн, адзiны з усiх, хто спрабаваў трапiць сюды, адзiн здолеў расказаць, што ён убачыў. Яны спiсяжылi яго пугай i выгналi ў пустэльню, насыпаўшы солi на раны i ў рот, ён сустрэўся з качэўнiкамi, якiя, нечакана, паставiлiся да яго спагадна, i гэта была ўдача, а я, з той пары, я мроiў яго расказам, я марыў пра гэта спякотнае неба i пякучую соль, я хацеў убачыць гэты дом фетыша i яго рабоў; што можна было знайсцi болей варварскага, што магло яшчэ больш спакушаць? Але! Вось у чым была мая мiсiя, вось да каго я мусiў пайсцi, каб паказаць свайго бога.
Яны ўгаворвалi мяне ў семiнарыi, яны хацелi мяне адахвоцiць ад гэтай думкi - трэба пачакаць, гэта не тая краiна, куды трэба iсцi з мiсiяй, я яшчэ не выспеў для гэтага, мне трэба прайсцi адмысловую падрыхтоўку, зведаць, хто я ёсць сам, i апроч таго - мяне трэба спачатку выпрабаваць, ужо потым яны пабачаць. Але галоўнае, пакуль што - чакаць! О не! Калi iм так ужо рупiла, я быў гатовы прайсцi адмысловую падрыхтоўку i iспыты, бо яны адбывалiся ў Алжыры i адно наблiжалi мяне да месца, але што да астатняга, я ўпарта круцiў сваёй тупой галавой i паўтараў заўсёды адно - пайсцi да сама бязлiтасных дзiкуноў, жыць iх жыццём, i там, у iх, у самым доме iх фетыша, паказаць iм на сваiм прыкладзе, што праўда майго бога - наймагутнейшая. Вядома, яны будуць мяне зневажаць, але знявагi мяне не палохалi, яны былi неабходныя, каб паказаць iм, дзе праўда, i тым, як я iх знясу, я падпарадкую гэтых дзiкуноў, я скару iх, як магутнае сонца. Магутнасць - вось было тое слова, што я безупынна круцiў на сваiм языку, я марыў пра абсалютную ўладу, тую ўладу, што прымушае ўкленчыць, упасцi на зямлю, якая загадвае сапернiку здацца i нарэшце прыняць тваю веру, i чым болей сапернiк сляпы, бязлiтасны, упэўнены ў сабе i непахiсны ў сваiм перакананнi, тым болей яго прызнанне сведчыць пра магутнасць таго, хто змусiў яго скарыцца. Перавярнуць у сваю веру слаўных, але крыху заблудных людзей вось што было мiзэрненькiм iдэалам нашых свяшчэннiкаў, i я пагарджаў iмi - за тое, што ў iх ёсць такая ўлада, i яны адважваюцца на такiя драбнiцы, у iх не было веры, а ў мяне - была, я хацеў быць прызнаны, нават самiмi катамi, я хацеў кiнуць iх на каленi, прымусiць закрычаць: "Божа, вось твая перамога", я хацеў адным сваiм словам панаваць над цэлым войскам драпежных злыдняў. О, я быў упэўнены, што, думаючы так, маю рацыю, я нiколi нi ў чым не быў так упэўнены, але калi ў мяне ёсць думка, калi я маю iдэю, я не выпускаю яе, i гэта мая сiла, але, мая сiла, за якую яны ўсе мяне шкадавалi!
Сонца паднялося вышэй i пачынае пячы мне лоб. Каменне вакол глуха патрэсквае, адно руля ў стрэльбы па-ранейшаму свежая - свежая, як трава на лугах, як некалi вячэрнi дождж, калi цiха варыўся суп, i яны чакалi мяне, мае бацька i мацi, яны часам усмiхалiся мне, i я iх любiў, напэўна. Але з гэтым кончана, спякотнае мроiва падымаецца над сцяжынай, хадзi ж, мiсiянер, хадзi, я чакаю
Тут хораша, засень. Як можна жыць у гэтым салявым горадзе, на дне гэтай лагчыны, поўнай белага сквару? На ўсiх яго роўных сценах, груба высечаных i абчасаных вострым кайлом, кожная выбоiнка, пакiнутая ўдарамi кiркi, тапырыцца сляпучай луской, густы бялявы пясок забiваецца ў iх бляклаю жоўтаю фарбай, але варта дзьмухнуць добраму ветру, як ён вымятае роўныя сцены i пляскатыя дахi, i ўсё зноў запаляецца вогненнай белатой, пад задушлiвым небам, таксама надраеным аж да блакiтнай сваёй шкарлупiны. Я слепнуў такiмi днямi, калi нерухомае вогнiшча нястомна шугала i трашчала над белымi дахамi, якiя, здавалася, лезлi адзiн на адзiн, злiтоўвалiся, нiбыта ў той дзень, калi, ужо вельмi даўно, яны ўсёй талакой накiнулiся на салявую гару, спачатку зраўнялi яе, а потым, у суцэльным каменнi, прарэзалi вулiцы, нутро дамоў i вокны цi нiбыта - але, так будзе нават слушней, - нiбыта яны выразалi сваё белае пякучае пекла струменем кiпеню, толькi каб паказаць, што здольныя жыць там, дзе нiхто нiколi не здолее, за трыццаць дзён да ўсяго жывога, у гэтай лагчыне сярод пяскоў, дзе паўдзённая спёка не дазваляе нiякага кантакту памiж людзьмi, будуе мiж iмi краты з нябачнага полымя i вадкiх дымлiвых крышталёў, а начны холад настае так знянацку, што адразу выстуджвае iх каменна-салявыя ракавiны i прымушае раптам застыць аднаго за адным гэтых чорных эскiмосаў, начных жыхароў перасохлага лядовага берага, што трасуцца ў сваiх настылых скрынях-iглу. Яны чорныя, так, яны чорныя, бо заўсёды носяць доўгую чорную вопратку, i соль, якая праела iх да самых пазногцяў, якую яны горка комчаць доўгiмi начамi падчас свайго палярнага сну, соль, якую яны п'юць разам з вадою з адзiнай крынiчкi, выскрабенай у блiскучай каменнай зямлi, пакiдае на iх змрочных сутанах рагi, падобныя да слiмаковых дарожак пасля дажджу.
Дождж, о ўсявышнi, адзiны сапраўдны, доўгi i ўпарты дождж з твайго неба! I тады, нарэшце, гэты пачварны горад, неўпрыкмет падмыты вадой, пацiху асядзе i, немiнуча, растане ўвесь, цалкам, сплыве студзянiстым патокам, знясе ў пясок сваiх бязлiтасных жыхароў. Адзiны сапраўдны дождж, о ўсявышнi! Ды дзе, якi ўсявышнi, усявышнiя тут - яны! Яны пануюць над усiм, над сваiмi бясплоднымi хатамi, над чорнымi рабамi, якiх прымушаюць памiраць у сваiх шахтах, кожная салявая пласцiна каштуе жыцця чалавеку ў гэтых паўдзённых краях, яны праходзяць, маўклiвыя, завiнутыя ў свае жалобныя тогi, у мiнеральнай белi вулiц, i калi апускаецца ноч i ўвесь горад здаецца малочнаю зданню, з пахiлаю галавой, яны ўваходзяць у сутонне сваiх дамоў, дзе соль квола зiхцiць на сценах. Яны спяць, спяць бязважкiм сном, а калi пачынае днець, яны прачынаюцца i адразу выносяць свой вырак, i б'юць, i кажуць, што толькi яны - той адзiны народ, што толькi iх бог - сапраўдны i падпарадкоўвацца трэба яму. Яны ўсявышнiя нада мной, iм невядомая лiтасць, i як усякi ўсявышнi, яны хочуць быць адзiнымi - адзiнымi, хто рушыць наперад, адзiнымi, хто пануе, бо яны адзiныя, у каго хапiла адвагi збудаваць у пяску i солi гэты спякотна-марозны горад. А я...
О, каша, якая каша, калi падымаецца сквар, я сплываю потам, яны - нiколi, цяпер ужо ўгрэўся i цень, я адчуваю сонца на каменi, што навiс нада мной, яно б'е, малоцiць бы молатам па ўсiм каменнi навокал, i гэта - музыка, неабсяжная музыка поўдня, на сотнi кiламетраў вакол, вiбруюць паветра i камень, хр-р-р, а я, як некалi вельмi даўно, я слухаю гэтую цiшу. Але, гэта тая самая цiша, што сустрэла мяне колькi гадоў назад, калi iхняя варта прыцягнула мяне да iх, на самае сонца, на сярэдзiну пляца, з якога пляскатыя дахi ўздымалiся вiрам угору, пад самую накрыўку блакiтнага неба, што важка ляжала на беразе гэтай лагчыны. Мяне кiнулi на каленi, на дно гэтай белай патэльнi, вочы мне выядалi балючыя соль i агонь, што джгалi адусюль, з усiх сцен, збялелы ад стомы, з вухам, акрываўленым пасля ўдару павадыра, я ляжаў перад iмi, а яны, вялiкiя, чорныя, глядзелi на мяне i маўчалi. Дзень запёкся ў зенiце. Пад жалезнымi ўдарамi сонца неба, да белi распаленая бляха, доўга звiнела ў паветры, i гэта была тая самая цiша, яны глядзелi на мяне, iшоў час, а яны ўсё глядзелi, глядзелi, i я ўжо не мог вытрымлiваць iхнiх позiркаў, i ўсё больш задыхаўся, i нарэшце заплакаў, i тады, раптам, яны павярнулiся да мяне спiнамi i ўсе разам рушылi ў адным напрамку. А я ўсё стаяў, на каленях, i бачыў адно iх блiскучыя ад солi ногi ў чырвоных i чорных вятроўках, што вынырвалi з-пад доўгiх i змрочных халатаў, крыху задзiраючы падол, падымаючы насок, лёгка стукаючы абцасам аб глебу, i калi пляц апусцеў, мяне пацягнулi ў дом фетыша.
Як сёння пад гэтай скалой, калi сонца свiдруе каменную глыбу над маёй галавой, я доўгiмi днямi сядзеў на кукiшках у доме фетыша, крыху вышэйшым за iншыя, абгароджаным плотам з солi, без вокнаў, ахiнутым у iскрысты змрок. Доўгiмi днямi мне прыносiлi пiць толькi мiсу гаркава-салёнай вады i кiдалi, нiбыта курыцы, жменю зерня, якое я збiраў па драбочку. Удзень дзверы былi заўсёды зачыненыя, але цемра ўсё роўна крыху святлела, нiбы неадольнаму сонцу ўдавалася прасачыцца праз тоўстыя салявыя муры. Не было нiякай лямпы, нi каганца, але сунучыся навобмацак уздоўж сцен, я адчуваў пад пальцамi нiзкi сухога пальмавага лiсця, якое ўпрыгожвала пакой, i ўглыбiнi - маленькiя, груба абчасаныя дзверы з ледзь прыкметнаю ручкай. Доўгiмi днямi пазней, калi я ўжо не мог злiчыць нi начэй, нi гадзiн, але зерне мне кiдалi ўжо не менш за дзесяць разоў, i я ўжо паспеў сабе выскрабцi ямiну пад нечыстоты, якiя марна прысыпаў, бо вакол усё роўна тхнула бярложным смуродам, але многа пазней дзверы раптам шырока расчынiлiся, i яны ўвайшлi.