Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
— Хаця бальшыня маіх тэкстаў звязаная з выяўленнем мысліўных інтэнцыяў і таму я, здавалася б, перадусім мусіў бы дбаць пра мысленне, як такое, але насамрэч я хутчэй заваблены самой мовай, а не тым, што імкнуся праз яе выяўляць.
Гэта прагучыць, напэўна, смешна, ды хай сабе: я страшэнна люблю нашу мову. Ёю можна пісаць ні пра што і ні аб чым — і ўсё роўна будзе файна. Апошнімі гадамі, калі паўставала сучаснае беларускае мысленне, зазначылася яшчэ адна вельмі адметная своеасаблівасць беларускай мовы. Выявілася, што ў ёй прытоеныя неверагодна багатыя магчымасці для адцягненага рэфлексавання. Гэтая мова была створаная для
Пры напісанні тэкстаў ніякай дадатковай літаратурай не карыстаюся. Больш за тое, нават калі падчас працы відавочніцца патрэба нешта удакладніць ці пераправерыць, я лянуюся працягнуць руку да паліцы з энцыклапедыямі і слоўнікамі. З гэтага ў маіх тэкстах даволі прыкрых абмылак, бо і сярод рэдактараў хапае такіх самых лайдакоў, як Акудовіч.
«Дзеяслоў»: Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі вашых літаратурных задумаў? Што/ хто найбольш перашкаджае вам у гэтым? Ці ўплывае на вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?
— Што мне спрыяе ў творчасці — дасюль не даўмеўся. А замінае (канцэптуальна) той прыкры факт, што ўвесь час даводзіцца думаць, дзе зарабіць хоць якую нішчымную капейчыну. І таму я раз-пораз мушу адкладваць рэалізацыю наспелых задумаў на нейкае гіпатэтычынае «потым», якое здараецца досыць рэдка. З іншага боку, каб я быў добра заможным чалавекам, дык можа і ўвогуле нічога б не пісаў, а напоўніцу бавіўся цудам жыцця… Хто яго ведае?..
Нічые ацэнкі аніяк не ўплываюць на тое, што я раблю. Мне не складана пралічыць адмоўную рэакцыю блізкіх і дарагіх мне людзей на той ці іншы свой тэкст (або пэўную мясціну ў тэксце), аднак я з гэтага ніколі не рэпрэсую тое, што хоча напісацца. Бачыце, мысленне — гэта перадусім інтэлектуальная мужнасць і, адпаведна, мысляр — не той, хто мае здольнасць мысліць, а той — хто не баіцца мысліць (мысліць часам бывае вельмі страшна)…
Я не перапрацоўваю свае тэксты, нават калі бачу, што і дзе можна было б зрабіць да лепшага. Але калі перадрукоўваю іх для кнігі (ці якой анталогіі), дык здараецца, што сёе-тое падчышчу, скарачу, але раблю гэта без асаблівай ахвоты.
«Дзеяслоў»: Ці задаволеныя вы сваімі творамі? Што ў вас не атрымалася ў творчасці? Чым вы найбольш ганарыцеся? Якія эпізоды сваёй біяграфіі вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?
— Мая ацэнка ўласнай працы цалкам залежыць ад сітуацыйнага настрою. Бывае перачытаю нешта сваё і падумаю: дык, здаецца, ты зусім няблага, хлопец, пішаш (і тады пачынаю дакараць сябе, што пісаў і пішу мала). А ў іншы дзень пачытаю тое самае і зануджуся…
Калі я чым і ганаруся, дык гэта не сваімі тэкстамі, а тым, што браў чынны ўдзел у стварэнні некалькіх дыскурсаў, найперш: а) сучаснага беларускага мыслення; б) постмадэрна…
Перажываць наноў хоць што з былога не маю ніякага жадання. Чалавек і так жыве залішне доўга. Не хапала яшчэ і падвойваць гэтую цягамоціну.
Што да пытання пра звяз біяграфіі з творчасцю… Усе мы палоннікі сваіх біяграфій. Толькі ў творчасці адных падзеі біяграфіі выяўляюцца наўпрост, а ў творчасці другіх — ускосным чынам. Пэўна, сярод шматлікіх і самых розных падзей, што фармавалі мяне як літаратара, найбольш значная —
«Дзеяслоў»: Ці ведзяце вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: «Ні дня без радка»? Ці знаёмае вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся вы з ім і як? Калі «не пішацца», што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?
— Калісьці я вёў дзённік, аднак тое было даўно. Пасля замест дзённіка, як календара падзеяў, пачаў занатоўваць падзеі свайго інтэлектуальнага жыцця, гэта значыць — розныя думкі. Аднак цяпер і такога амаль не раблю, бо нарэшце зразумеў адну вельмі простую рэч: сапраўды арыгінальныя думкі бываюць настолькі рэдка, што калі яны здараюцца — дык іх ужо ніяк не забудзеш.
Мяне ніколі асабліва не турбавала «пішацца» мне ці не. Калі пісалася — пісаў, калі не пісалася — проста жыў. І добра, што не пісалася даволі часта, бо інакш за бясконцай пісанінай пражыў бы жыццё без жыцця.
Пачуцця ляноты я не ведаю, але ў мяне іншая хвароба — паколькі мне заўсёды пісалася цяжка, дык я вельмі хутка незалюбіў пісаць. І таму, натуральна, выкручваюся ад гэтай катаргі як толькі магу. Калі вам на вочы патрапіць якісьці мой тэкст, дык ведайце — гэта ў мяне не атрымалася выкруціцца.
«Дзеяслоў»: Як вы ставіцеся да інтэрнет-літаратуры? Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў вам найбольш блізкі — з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?
— Пра літаратуру ў Інтэрнеце мне цяжка што-кольвек сказаць, бо зазіраю туды гады ў рады. Да таго ж яна яшчэ толькі шукае свае, прыдатныя для дысплея, формы. Пачакаю пакуль знойдзе.
У мяне склалася «кампанія» з некалькіх дзесяткаў літаратараў і філосафаў, усе новыя тэксты якіх я імкнуся прачытаць. І не з прафесійнага абавязку, а з таго, што гэта надзвычай таленавітая «кампанія».
Пра «блізкіх» літаратараў пытанне не да мяне. Бо я цікаўлюся не «блізкімі», а тымі, чыя творчасць цвеліць і развярэжвае маю ўласную творчую ініцыятыву. Тут перадусімі — Фрыдрых Ніцшэ. Сярод беларускіх літа ратараў я першым вылучаю для сябе Янку Брыля. Я ў ціхім захапленні ад яго: і як ад чалавека, і як ад літаратара.
Перачытваць кнігі не люблю. Мне проста не цікава хоць што рабіць у «другі раз».
«Дзеяслоў»: Чаго, на вашую думку, не хапае цяпер беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?
— Сёння беларускай літаратуры не хапае толькі аднаго — чытача. Усё астатняе ў яе ёсць. А калі чагосьці і няма, дык значыць ёй, такой, якая яна ёсць, гэтага і не патрэбна.
Што чакае беларускую літаратуру ў будучыні? Ясная рэч, нічога добрага там яе не чакае. Зрэшты, як і ўсялякую іншую літаратуру. Лепшыя часы літаратуры ў прамінулым (пра гэта ўжо нават апрыкла і самому гаварыць і ад другіх чуць). Але пакуль ёсць людзі, якім падабаецца пісаць тэксты, датуль будзе і літаратура. І ўжо іншая рэч — у якой ролі і ў якім значэнні яна будзе. Трохі ж знайшлося месца коням, хаця функцыянальна з іх аніякай карысці для тэхнакратычнай цывілізацыі. Можа што-небудзь прыдумаюць і для літаратуры. Хаця б з удзячнасці за тое, што яна гэтую цывілізацыю і стварыла.