Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
— Ну, па-першае, гэта толькi нашае правакацыйна-гiпатэтычнае меркаванне, быццам недзе ў спратах Усходу прыхаваны для нас суперкаштоўны фiласофскі камень. Якраз наадварот. Нiчога каштоўнага для сябе ў гэтым сэнсе мы хутчэй за ўсё там не знойдзем, бо хаця мысленне Усходу i мае сваiх філосафаў адсутнасці, але ў ментальнай парадыгме «жоўтага чалавека» праблема Няма ад пачатку была здэактуалiзаваная шэрагам канцэптуальных збочванняў ад цэнтра гэтай праблемы, сярод якiх i любiмая намi iдэя рэiнкарнацыi. Ну скажыце, як можна ўсур’ёз быць заклапочаным наяўнасцю Нiшто, калi цябе наперадзе чакае столькi жыццяў у самых розных формах i станах? Не, калi па вялiкім рахунку, дык гэта толькi наша праблема, у пэўным сэнсе сінанімічная выключна еўрапейскаму феномену пошуку Iсцiны… А па-другое, у кожным разе мы самi мусiм прайсцi свой шлях да Няма без узгляду на здабытую ўжо кiмсьцi веду, прайсцi калi не ў якасцi месii, дык хаця б у якасцi паломнiкаў.
«nihil»: Вынікае, што для вас рух у бок прасторы Няма,
— Зусiм верагодна, што гэта насамрэч так. Месiя iдзе на гару Сінай, каб адтуль аб’явiць свету пра здабытую Iсцiну, а турыст падымаецца тым самым шляхам, каб толькi сказаць самому сабе: я тут быў. Тое самае i з Няма. Магчыма, маё захапленне гэтым феноменам i не мае нiчога iншага на мэце, акрамя таго, што аднойчы мне хацелася б сказаць сабе: я там быў! Пэўна ж не выпадкова я чвэрць стагодздзя займаўся спартовым турызмам, у якiм найвялiкай звабай было прайсцi па тых мясцiнах (перавалах, вяршынах, пустках), па якiх да цябе не ступала нага чалавека.
«nihil»: Якiя постацi з традыцыi беларускага мыслення маглi б знайсцi месца ў гэтай анталогii? Найбліжэйшым да вашага мыслення падаецца атэiстычны філасофскі тэракт Казiмiра Лышчынскага, аднаго з першых вялiкiх нiгiлiстаў Еўропы. Трактат «Пра неiснаванне Бога» ўжо сваёй назвай сугучны вашым «Дыялогам з Богам». Цi з’яўляецца Казiмiр Лышчынскі заснавальнiкам традыцыi беларускага нiгiлiзму?
— Анталогiя нiгiлiзму бачыцца мне своеасаблiвым тунелем пад акiянам Ёсць, спраектаваным пракласцi (цi хаця б прамаркiраваць) праход ад выспы экзістэнцыйнага «мяне няма» да мацерыка анталагiчнага Няма. I таму, як пакуль уяўляецца, вектар гэтага праекта не будзе скiраваны на ўласна «нiгiлiстычныя» тэксты, на тэксты адмаўлення, як прэзумпцыi. Але нiгiлiстычнаму трактату Казiмiра Лышчынскага месца ў анталогii абавязкова знойдзецца, бо гэта падзея не прафаннага, а сакральнага нiгiлiзму, якi адсоўвае ў бок Бацьку ўсiх сімулякраў (Бога), каб Той не засціў вiдарыс Няма…
На вялiкi жаль, ад гераiчнага трактата Казiмiра Лышчынскага ацалелi адно ўрыўкi i таму мне цяжка меркаваць пра падабенствы ягонага супрацiву «хiмеры» (К. Л.) Бога i майго кулачнага бою з ценем Слова. Дый увогуле, я тут хацеў бы пазбегнуць усялякiх параўнанняў, бо лiчу атэiстычны iмператыў Казiмiра Лышчынскага адной з самых буйных iнтэлектуальных (i этычных) iнiцыятываў еўрапейскага нiгiлiзму, якая заўважна вылучалася з шматлiкiх гарэзіяў i атэiстычных авантураў як папярэднiх, гэтак i наступных эпохаў — да з’яўлення Нiцшэ. Пра надзвычайную nihil-актуальнасць гэтага тэксту сведчыць i лёс ягонага аўтара, якому ў 1689 годзе на Старым рынку Варшавы спачатку адсеклi галаву, а затым цела спалiлi на вогнiшчы.
Дарэчы, падвалiны нiгiлiзму закладвалiся якраз у дыскурсе атэiзму (Казімiр Лышчынскi быў пакараны менавiта за атэiзм), i гэта зусiм натуральна, бо сутва нiгiлiзму палягае ў пераадоленнi ўсяго, што канстатуе Ёсць, а гэта значыць i Бога (i найперш Бога), як вялiкага каланiзатара адначасна дзвюх прасторавых татальнасцяў: iманэнтнай i трансцэндэнтнай. У пэўным сэнсе Бог — гэта тое самае татальнае «ёсць» Парменiда, толькi ў манiстычна тэалагiзаваным варыянце…
Але вернемся да Казiмiра Лышчынскага, з фiгурай якога мы гатовыя звязаць запачаткаванне еўрапейскага нiгiлiзму. Пэўна, кожны, хто не палянуецца, зможа ў гэтым месцы папiкнуць нас за квазiпатрыятычны валюнтарызм. Тае бяды. Давайце на некi момант унiкнем i знаку «навуковай карэктнасцi», каб заманiфеставаць прастору Беларусi як сакральны топас глабальных нiгiлiстычных падзеяў ды рушэнняў i адначасна як бацькаўшчыну Вялiкiх Нiгiлiстаў, сярод якiх я далей найперш згадаю папярэднiка Лышчынскага — Мiкалая Капернiка (iснуе версiя, што ягоныя продкi паходзiлi з нашых земляў). Гэта сёння Мiкалай Капернiк уяўляецца толькi стваральнiкам гелiацэнтрычнай сістэмы свету, насамрэч ён перадусiм быў «паўночным ветрам для спелых пладоў» (Нiцшэ), бо змог разбурыць i перайначыць тагачасную ментальную парадыгму ўсяго еўрапейскага чалавецтва. Вышэй я зусiм невыпадкова працытаваў Нiцшэ, якi па мацi паходзiў з «польскага» (як ён сам сцвярджаў) рода Нiцкi. Але няхай «польскi род» Нiцшэ нас лiшне не бянтэжыць, бо ў тую пару кожны, хто нейкiм чынам быў завязаны на Рэч Паспалiтую, лiчыў сябе палякам i таму паэт Алег Мiнкiн, узяўшы псеўданiм Хфедара Нiцкі, магчыма i не шмат памылiўся, стварыўшы алюзiю паходжання Нiцшэ з беларускiх прастораў. Беларускасць Фёдара Дастаеўскага, здаецца, няма патрэбы даводзiць, як i яго прыналежнасць да вялiкiх нiгiлiстаў — за гэта найлепей сведчыць створа-ны iм цэлы шэраг метанiгiлiстычных канцэптуальных пэрсанажаў (Стаўрогiн, Iван Карамазаў, Кiрылаў, Нячаеў, Смердзякоў…) А ёсць жа яшчэ Казiмiр Малевiч з яго дамiнантным для мастацтва ўсяго XX стагоддзя «Чорным квадратам», Iгнат Абдзiраловiч (Канчэўскi) з «лiючайся формай» i канцавым слоганам «творачы зруйнуем», дамок 1-га зьезда РСДРП, скуль разгарнулася на ўсю зямную кулю Вялiкая Рэвалюцыя, Чарнобыль, катэдж у Вiскулях, дзе быў пастаўлены крыж на апошняй у свеце Iмперыi… Урэшце, усяго нiколi не пералiчыш, але каб не выглядаць залiшне сцiплымi, не прамiнем «мяне няма» В. Акудовiча i часопiс «nihil»… Дык цi не з’яўляецца ўся гiсторыя прасторы Беларусi перманентным адмаўленнем усялякага Ёсць, своеасаблiвай лабараторыяй i адначасна палiгонам еўрапейскага нiгiлiзму i цi не варта было б нам перагледзець
«nihil»: Вы згадалi прозвiшча Абдзiраловiча, з якiм сёння часта звязваюць вытокi сучаснага беларускага мыслення. Цi з’яўляецца Ігнат Абдзiраловiч для вас папярэднiкам, кропкай адлiку ўласнага руху?
— Iгнат Абдзiраловiч — скраень рэтраспэктывы сучаснага нацыянальнага мыслення. Далей углыб мы можам казаць ужо толькi пра беларускае мысленне цi проста мысленне, якое адбывалася ў прасторы, што пазней атрымала назву беларускай прасторы. Дык вось, у модусе нацыянальна заангажаванага, беларускамоўнага мыслення Iгнату Абдзiраловiчу з яго блiскучым лiрыка-фiласофскім эсэ «Адвечным шляхам» наканавана для ўсiх ягоных наступнiкаў заставацца «кропкай адлiку», хаця мой уласны мэтафiзічны светагляд складваўся без удзелу гэтага знакавага для беларусаў тэксту, прынамсi, без яго непасрэднага ўдзелу. Але з цягам гадоў я ўсё болей пачынаю цанiць ягоны генiяльны аксюмаран — «лiючаяся форма». У iм такi магутны патэнцыял, столькi разнастайных магчымасцяў (у самых супярэчлiвых ракурсах) для нiгiлiстычнага беларускага мыслення! Дарэчы, калi б я быў уладаром краiны Няма, дык за герб узяў бы «Чорны квадрат» Казiмiра Малевiча, за дэвiз — словы Iгната Абдзiраловiча «творачы зруйнуем», а за iдэалогiю — ягоную ж «лiючуюся форму». У прасторы Ёсць, бадай, нi праз што нельга блiжэй наблiзiцца (выбачаюся за таўталгiю) да Няма, чым праз «лiючуюся форму», гэта значыць, праз тое, што прысутнiчае ў сваёй адсутнасцi i адсутнiчае ў сваёй прысутнасцi. Ды i сама Беларусь, як i ўвесь беларускi шлях, найбольш адэкватна апiсваецца гэтай формулай — лiючаяся форма…
«nihil»: Што такое форма?
— Не ведаю. Але калi свет сапраўды быў створаны з Нiшто i калi яго сапраўды Нехта стварыў, дык уся сапраўдная велiч стваральнiка выявiлася ў той момант, калi ён прыдумаў iдэю формы. У сітуацыi нiшто-нiдзе-ніколі даўмецца да iдэi формы… Гэта неверагодна! Менавiта праз iдэю формы ўвачавіднелася Ёсць, якое аднаму чалавеку з Беларусі сёння карцiць дэканструяваць (хаця б у схеме), каб перакрочыць у адваротным накiрунку той лапiк Ёсць, што быў адсечаны iдэяй формы ад цела Вялiкага Няма.
«nihil»: Мова — таксама форма?
— Ужо ж, напэўна, мова плён той самай iдэi. Болей за тое, па адной, добра вядомай нам версii, якраз мова (Слова) i выгукнула форму гэтага свету, а выгукнуўшы — сталася ягоным Богам… Паводле другой версii, таксама нам добра вядомай, усё адбывалася не так хутка, але прыкладна з тым жа самым канцавым вынiкам. Ад першых асэнсаваных гукаў прачалавека да асобных словаў, сказаў, расповедаў, мiфаў i, тым болей, тэкстаў — прамiнула даволi часу, i ў гэтым доўгiм тэмпаральным прамежку ўзаемадачыненнi i стасункi чалавека з мовай некалькi разоў радыкальна мянялiся. На пачатку мова была ўсяго толькi прыладай чалавека, у пэўным сэнсе гэткай самай як каменная сякера цi касцяная голка — прымiтыўным лакальна-функцыянальным начыннем. Затым мова пакрысе зрабiлася партнёрам чалавека ў яго засваеннi прасторы бытнага (праз гэтае партнёрства чалавек як бы падвоiў сам сябе цi, хутчэй, нават памножыў у колькi разоў, што мела магутны як сацыяльны, так i экзістэнцыйны эфект). Наступны перыяд перамены стасункаў чалавека i мовы пачынаецца з рэвалюцыi Гутэнберга, калi неўпрыкмет мова паменялася з чалавекам месцамi i цяпер чалавек зрабiўся партнёрам мовы… ХХІ стагоддзе мы распачынаем у сітуацыi завяршэння кругабегу праблемы чалавек/мова — чалавек ператварыўся ў лакальна-функцыянальную прыладу мовы…
«nihil»: Што такое мова?
— Пра гэта можна толькi пытацца, але не адказваць… Праўда, не аднойчы я спрабаваў фармуляваць сутву мовы, вось да прыкладу: «Чалавек — ахвяра мовы, ён з немаўляцтва ўблытваецца ў мову, як у павуту. Вялiзны чорны павук мовы, якi ў адной старой кнiзе названы Словам, усё жыццё ссе з чалавека жыццядайную энергiю, пакуль той, ссохлы ўшчэнт, не струпянее». Калі хоць трохі пагуляцца ў гулі з гэтай метафарай, дык тады мы атрымаем адказ на запытанне, якое пасёння застаецца не раз’ясненым: навошта Богу (які ёсць Словам) патрэбны чалавек? (Няўжо адно дзеля таго, каб яго нехта любіў?!) Паводле прапанаванага паэтычнага тропу ўсё выглядае відавочна ды гранічна проста (пасміхнемся — залішне проста). Паколькі вялізны чорны Слова-павук верагодна сілкуецца толькі словамі, а ніхто, акрамя чалавека, болей не здольны іх прамаўляць, дык ён і разводзіць нас як пчолаў, каб мы збіралі яму наедак, бясконца прадукуючы маўленнем боскі нектар…
«nihil»: Калi разгледзець усе канцэпцыi мовы анталагiчна, iх атрымаецца няшмат. Быццёва мова можа цалкам супадаць з быццём, супадаць з iм часткова, цалкам супадаць з нябытам, i супадаць з iм часткова. Пры частковым супадзеннi, мова можа быць перад быццём — традыцыйны, рэлiгiйны, мiфалагічны варыянт (спачатку было слова) — i пасля яго — свецкi, пазітывiсцкi, сучасны варыянт (спачатку ёсць рэчы). Якая з гэтых крайнасцяў вам блiжэй, або ёсць яшчэ адна, менавiта вашая пазіцыя?